Другое цвіценне шклоўскай грэчкі. 21.by

Другое цвіценне шклоўскай грэчкі

16.09.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У Шклоўскім раёне ўбіраюць з палёў грэчку. Нават нягледзячы на тое, што грэчка цяпер зацвіла другім разам, фермеры разлічваюць атрымаць неблагі ўраджай і добра зарабіць на продажы насення.

На полі паблізу вёскі Старая Вадва проста не верыцца, што прыйшла восень. Грэчка пышна цвіце, над полем стаіць гул. Над кветачкамі лятае процьма пчолаў, і, як толькі глушыць матор камбайнер, пчол адразу добра чуваць. Нездарма ў кустах паблізу стаяць вуллі: цёмны грэцкі мёд будзе смачны.

Гэтае поле і камбайна ім належаць фермерскай гаспадарцы "Уласік": фермер Аляксандр Уласік сёлета засеяў грэчкай 85 гектараў, што складае чвэрць ад усёй яго зямлі.

— Спяшаемся ўбіраць, бо прагназуюць дажджы, — тлумачыць фермер. — Шчыра скажу, калі сеялі грэчку — спадзяваліся на лепшы вынік, спачатку нават меркавалі пра рэкордны ўраджай. Не спраўдзіліся надзеі, але і цяпер ніякага страху няма.

— Ніхто не чакаў, што Шклоўшчыну так спаліць, — скардзіцца на ўмовы надвор’я намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Шклоўскага райвыканкама Мікалай Паўловіч, які займаецца справамі раслінаводства. — Нават у паўднёвых раёнах Магілёўшчыны здараліся дажджы, а ў нас — ні кроплі ў спякоту.

Аднак апошнімі тыднямі шклоўскія спецыялісты ў справе сельскай гаспадаркі назіраюць першы раз у сваім працоўным жыцці такую з'яву, як восеньскае цвіценне грэчкі. Прайшлі дажджы, бабіна лета прынесла камфортнае цяпло, і наверсе ўжо пасохлай грэчкі з'явіліся зялёнае лісце і пяшчотныя ружовыя кветачкі.

У руках Мікалая Паўловіча вялізны букет грэчкі:

— Глядзіце, цёмныя расліны з буйнымі крупінкамі — гэта грэчка, гатовая да ўборкі. А вось з новых кветак наўрад ці зерне атрымаецца, будзе толькі пустое.

— Напэўна, калі б цяпло яшчэ пратрымалася з месяц, то быў бы новы ўраджай грэчкі, — разглядаюць расліны і хітаюць галовамі мужчыны. — Хоць за гэты час апала б старая, гатовая да ўборкі...

Таму фермер вырашыў не чакаць, а збіраць грэчку, якая цяпер ёсць. Механізатар Іван Шынкевіч гаворыць, што ўбіраць даводзіцца паціху, каб было меней страт: "Грэчка ад цяпла і вільгаці "закаласілася", а так яна цалкам нармальная".

— У нашай гаспадарцы сярэдняя ўраджайнасць грэчкі будзе 7 цэнтнераў з гектара, але зарабіць на ўраджаі ўдасца, — гаворыць Аляксандр Уласік. — Я пакіну частку сабе на насенне, а астатняе выгадна прадам. Дзяржава вытворцаў падтрымала: закупачныя цэны днямі павялічыліся ў паўтара раза. Цяпер купцоў на грэчку шмат!

Увогуле ў Шклоўскім раёне сёлета трэба ўбраць грэчку з 720 гектараў. Працаваць на палях давядзецца яшчэ як мінімум тыдзень, а ўраджайнасць чакаецца да 10 цэнтнераў з гектара.

— За 6 гадоў, пакуль я займаюся грэчкай, толькі аднойчы пашанцавала атрымаць 20 цэнтнераў з гектара, — расказаў Аляксандр Уласік. — Будзем рыхтаваць насенне на наступны год і спадзявацца, што ў новым сезоне нас не зальюць дажджы і не спаліць сонца. Год на год не прыпадае.

Уся сабраная ў Шклоўскім раёне грэчка будзе прададзеная на насенне: ужо цяпер за 1 тону шклоўцам прапануюць 3 мільёны рублёў. У асноўным грэчку вырошчваюць фермеры, і гэта культура нават пры цяперашняй сціплай ураджайнасці сапраўды прынясе ім выгаду. Мікалай Паўловіч не мае сумневаў:

— Што ж, кожны мог вырошчваць грэчку, але менавіта ў нашым раёне рызыкнулі. Таму цяпер можна і скарыстацца дэфіцытам і зарабіць на дагаворных цэнах. А на будучы год мы пасеем тысячу гектараў грэчкі.

Так, грэчка, як вядома, сёння на слыху. Яна ёсць далёка не ва ўсіх крамах, а самыя настойлівыя пакупнікі, калі знаходзяць тавар, які неўзабаве стаў дэфіцытным, бяруць адразу дзясятак пакункаў. Попыт на грэчку павялічыўся ў некалькі разоў, і ў Магілёве апошні месяц гэтых крупаў прадалі ўдвая болей ад звычайных аб'ёмаў. Праўда, на рынку ў абласным цэнтры грэчку можна набыць абсалютна свабодна: за 1 кілаграм гандляры просяць 5-6 тысяч рублёў.

На Шклоўшчыне не вераць у дэфіцыт грэчкі.

— Не, я лічу, што гэта штучнае напружанне, — гаворыць фермер Уласік. — Ураджай, вядома, не той, на які разлічвалі. Але ён ёсць, і нам хопіць. Прададзім свой ураджай у Беларусі, цэны тут выгадныя. Грэчка ў краіне павінна быць.

— Не трэба хвалявацца, — пераконвае Мікалай Паўловіч. — Ну колькі чалавеку на год трэба грэчкі? Мяркую — кілаграмаў дзесяць. Нават калі павялічацца цэны на гэтыя крупы, хопіць у нас грошай на дзясятак кілаграмаў. У маёй сям'і не спяшаюцца рабіць запасы, каб не разводзіць жукоў на кухні. Ажыятаж скончыцца — удосталь з'явіцца грэчкі на паліцах.

Ілона Іванова.

Фота аўтара.

Шклоўскі раён.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Шклоўскім раёне ўбіраюць з палёў грэчку. Нават нягледзячы на тое, што грэчка цяпер зацвіла другім разам, фермеры разлічваюць атрымаць неблагі ўраджай і добра...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика