Маё жыццё, тваё жыццё

16.09.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У Глыбокім завяршыўся фестываль хрысціянскіх фільмаў Mаgnіfісаt-2010

Вера ў Бога. У сучасным свеце яе захаванне раўназначнае подзвігу. Чамусьці лічыцца, што верыць — несучасна, неактуальна, нямодна. Маўляў, вера здольная змяніць чалавека... Здольная. Але да лепшага: духоўны чалавек — чалавек моцны. Магчыма, гэтага і баялася савецкая ўлада, руйнуючы храмы і забараняючы службы, крыжы і абразы. Але нават забараніўшы вонкава, ты не забароніш тое, што ўнутры. Вера, у адрозненне ад свецкасці, здольная рабіць цуды.

Манахіня, якая працуе ў Індыі з ВІЧ-дадатнымі людзьмі. Габрэй Ішай, які хацеў скончыць жыццё самагубствам, але паверыў у Хрыста. Святар, які завяшчаў свае рагавіцы двум сляпым дзецям... Гэтыя гісторыі праўдзівыя і незвычайна моцныя. І ва ўсіх ёсць агульнае зерне — вера ў Бога. VІ Міжнародны каталіцкі фестываль хрысціянскіх дакументальных фільмаў і тэлепраграм "Mаgnіfісаt", які завяршыўся днямі ў Глыбокім, аб'яднаў пад сваім крылом больш за чатыры дзясяткі стужак. І кожная з іх — гісторыя веры, роздум для чалавека.

Блакадная вера

Стваральнікі фільма "Блакадная вера" атрымалі прыз "За лепшую тэлепраграму". Серыя "Блакадны Ленінград" з фільма "Блакадная вера" прысвечана жыццю праваслаўных вернікаў у блакадным горадзе. Расповед пра асабістыя подзвігі, здзейсненыя на фоне сацыяльных узрушэнняў Другой сусветнай вайны. Жахі блакады і актыўнае рэлігійнае жыццё, якое ўжо была не ў сілах забараніць савецкая ўлада...

Сёстры Габрыэля і Алена (кангрэгацыя Сясцёр Францішканак Сям'і Марыі):

— Кожны фестываль дае сілы для паглыблення ўнутранай духоўнасці. Стужкі рознай тэматыкі, таму ўзмацняемся не толькі духоўна, але і гістарычна. Большасць фільмаў сталі для нас нібы духоўнай медытацыяй — з кожнага можна ўзяць думку, якая застанецца ў душы, дапаможа ў жыцці.

Таямніцы Фацімы

Дзевяноста гадоў таму ў Фаціме Дзева Марыя аб'явілася тром маленькім пастушкам. Яна перадала дзецям тры таямніцы, якія звязаныя з ходам гісторыі ў свеце. Дзве з іх ужо збыліся, змест трэцяй да апошняга часу заставаўся загадкаю. Многія спрабуюць разгадаць яе, але ўсё не так проста, з цягам часу загадка пасланняў робіцца ўсё больш складанай... Фільм-расследаванне італьянскага рэжысёра буйнейшай італьянскай тэлекампаніі "RАІ" Элізабеты Кастанья на фестывалі быў адзначаны адмысловым дыпломам.

— Мая гісторыя пра сакрэты Фацімы ідзе ў глыбіню 1917 года. Можна сказаць, што гэта гістарычна-рэлігійны трылер, — дзеліцца развагамі з карэспандэнтам "Звязды" Элізабета Кастанья. — Гэта зацікавіла мяне, і я спадзяюся зацікавіць гэтым гледачоў.

Даючы ацэнку фестывалю, рэжысёр адзначыла:

— Гэта цудоўна, што ў Беларусі праходзяць такія фестывалі. Іх варта праводзіць хоць бы таму, што яны дазваляюць сутыкацца паміж сабой розным меркаванням. Людзі размаўляюць і супастаўляюць свае думкі. Я вельмі задаволеная, што мне ўдалося паглядзець фільмы з Расіі, Беларусі і Украіны, бо ў Італіі атрымаць уяўленне пра дакументальнае кіно, знятае ў гэтых краінах, дастаткова цяжка. І павінна адзначыць, узровень дакументальных фільмаў, прадстаўленых на фестывалі, дастаткова высокі.

Маё жыццё, тваё жыццё

Гэты фільм — жывое сведчанне сястры манахіні, якая працуе на поўначы Індыі ў вёсцы, закранутай ВІЧам. Шпіталю там няма, а яна дапамагае 250-ці жанчынам, дзецям і старым, і стала сапраўдным блаславеннем для ўсёй вёскі.

Фільм "Тваё жыццё, маё жыццё" рэжысёра Джыджы Калаваналя атрымаў спецыяльны прыз "За раскрыццё тэмы хрысціянскай міласэрнасці".

Рэжысёр Айдас Маркаўскас (Літва):

— У кожным фільме ты знойдзеш дэталь, якую абавязкова забярэш з сабою, кадр ці фразу — няважна, галоўнае, фільм абудзіць нешта ў тваёй душы. У Літве такіх фестываляў няма. Беларускі ж "Mаgnіfісаt" мае вялікую ідэю і вялікую будучыню. Мне як рэжысёру вельмі падабаецца візуальнасць фестывалю: якасць відэа, гук, зручны ў карыстанні сайт. Але перш за ўсё ён павінен быць не для рэжысёраў, а для гледачоў.

Абраз з Жыровічаў. Цудатворнае аблічча

У 1470 годзе Багародзіца з'явілася ў Жыровічах і ў знак сваёй прысутнасці на зямлі пакінула людзям маленькі каменны абразок — памерам з дзіцячую далонь. Жыровіцкі абраз Божай Маці — адзін з найбольш шанаваных у свеце. Падлічыць, колькі людзей вылечылася, молячыся перад цудатворным абліччам Жыровіцкай Багародзіцы, немагчыма. Адных яна збаўляла ад смяротных хвароб, а іншыя пасля наведвання манастыра кардынальным чынам змянялі сваё жыццё. Пра веру, сведчанні і цуды дакументальны фільм рэжысёра Людмілы Клінцовай.

Старшыня журы, галоўны рэдактар часопісаў "Наша вера" і "Аvе Mаrіа" Хрысціна Лялько:

— Парадаваў экуменічны акцэнт фестывалю. Хрысціяне працуюць над агульнымі праблемамі духоўнасці, шукаючы выйсце з сітуацый, у якія трапляе чалавек, незалежна ад канфесіі. Агульнымі намаганнямі праз сродкі мастацтва мы павінны шукаць шлях да Бога, што і з'яўляецца адной з галоўных задач хрысціянскага мастацтва.

— Хрысціянская тэматыка нашых фільмаў сапраўды вельмі блізкая, — дадае польскі рэжысёр Кшыштаф Шуроўскі. — Важная асаблівасць фестывалю ў тым, што ён экуменічны — адкрыты для ўсіх хрысціянскіх канфесій.

Мэта хрысціянскага кіно — шукаць шлях да Бога

— Стан беларускага хрысціянскага кіно паляпшаецца з кожным днём, — адзначае арганізатар і кіраўнік фестывалю Юрый Гарулёў. — Вялікі крок наперад зрабіла праваслаўнае кіно, і сёлета ў кінафестывалі ўдзельнічала некалькі вельмі добрых праваслаўных стужак. Паступова мы рухаемся наперад. Радуе, што расце папулярнасць конкурсу. Напрыклад, пяць рэжысёраў з Італіі даслалі сёлета свае стужкі для ўдзелу ў нашым фестывалі. Гэта рэжысёры з той краіны, якая лічыцца самай аўтарытэтнай у сферы хрысціянскага кіно. Калі б мы не былі вядомымі і паважанымі ў свеце, не было б і гэтых фільмаў.

— Уразіла не толькі геаграфія ўдзельнікаў, а і паглыбленне, пашырэнне спектра праблем, якія закранаюцца ў хрысціянскім кіно, — дадае Хрысціна Лялько. — Гэта сведчыць пра тое, што творцы пачалі думаць пра чалавека, пра хрысціянскія шляхі пераадолення чалавечых слабасцяў.

Кожны чалавек сам выбірае свой шлях: верыць альбо думаць, што Бога не існуе. Парадаксальна, але калі жыццё чалавека ідзе размерана, без штуршкоў і перажыванняў, чалавек пра Бога не задумваецца. Але калі нешта здараецца — мы адразу ўзгадваем пра веру. Пачынаем хадзіць у царкву, ставіць свечкі, маліцца. А паступова разумеем: усё, што было дагэтуль — было толькі нашымі ўцёкамі ад Бога, які заўсёды чакае сваіх блудных авечак. І гісторыі з фільмаў "Mаgnіfісаt" гэта яшчэ раз пацвярджаюць.

Ілья ЛАПАТО.

Глыбокае — Мінск.  

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Глыбокім завяршыўся фестываль хрысціянскіх фільмаў Mаgnіfісаt-2010 Вера ў Бога. У сучасным свеце яе захаванне раўназначнае подзвігу. Чамусьці лічыцца, што верыць —...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика