"Пайшоў дзід у грыбы, а баба ў сунычкы, прыйшоў дзід без штаноў, баба без спаднычкы",
21.09.2010
—
Новости Общества
|
— старэнькая Вольга Сухаверхая, якая прыехала на свята "Покліч Палесся" з Пінскага раёна, ведае вельмі шмат розных прыпевак. І заводзіць іх на ўласцівым толькі пінскім палешукам меладычным дыялекце, які пераклікаецца з украінскай мовай. Прынамсі, тут у кожнага з прадстаўнікоў рэгіёнаў можна было пачуць свае асаблівасці вымаўлення, а тое і зусім незразумелыя словы... А Вольгу Цімафееўну ўжо не спыніць: "Тры дыды тры дыды, палюбілі бабу, а чацвёрты малюсенькі прычапіўся взаду". Пра сэнс можна толькі здагадвацца, хаця быццам бы і зразумела без шматкроп'я. На ўсякі выпадак: "тры дыды" азначае — "тры дзяды".
Тут аб'яднана паганства і хрысціянства Яны, палешукі, вельмі розныя. Адно зразумела: яны зусім не саромеюцца таго, што іх далёка не ўсе "рускамоўныя" разумеюць і пастаянна перапытваюць. Праўда, тыя ж прыезджыя ў Ляскавічы Петрыкаўскага раёна з задавальненнем ласуюцца ўсім, што прыгатавана ў вялікай колькасці на падворках — імправізаваных сядзібах палешукоў з васьмі раёнаў Гомельскай вобласці (Жыткавіцкага, Петрыкаўскага, Нараўлянскага, Мазырскага, Калінкавіцкага, Лельчыцкага, Ельскага, Хойніцкага) і трох — Брэсцкай (Столінскага, Лунінецкага, Пінскага). Калі толькі крышачку паспрабаваць прысмакаў на кожным з падворкаў — і няблага пад'ясі. Але ж вочы разбягаюцца не толькі ад колькасці такіх прысмакаў. Тут прадстаўлены сапраўды самабытныя промыслы, якія, акрамя іншага, маюць і патаемны, сакральны сэнс. Расказвае дырэктар Пруткоўскага сельскага дома культуры Мазырскага раёна Наталля Прус: — Вось шлюбны ўбор з рознакаляровымі стужкамі. Па ім можна сказаць, што дзяўчына заможная і мела маці і бацьку. А вось такую вопратку насіла жанчына, якая карміла немаўлятка. Тут сарочка вышывалася спецыяльнымі абярэгамі — каб захаваць ад сурокаў. Зусім іншы касцюм удавіцы — калі ў вышыванні былі ўведзены яркія чырвоныя кветкі, гэта казала пра тое, што прайшоў пэўны час і яна можа браць новы шлюб. А вось гэта касцюм цяжарнай жанчыны — на ім калючыя ружы з бутонамі — каб захаваць будучую маці і дзіцятка ад сурокаў. Тут аб'яднана паганства (калючая ружа — каб "накалоць" ведзьмаў) і хрысціянства (рукаў вышываўся ружамі ў форме крыжа). Бо для працавітай жанчыны галоўнае — рука. Багата ўпрыгожваліся вышываннем грудзі — каб было шмат малака. Усё зроблена рукамі майстроў з народнага аматарскага аб'яднання нашага Пруткоўскага дома культуры. У мяне ёсць маленькая вышывальшчыца Маша Каменская, тут прадстаўлена і сарочачка, якую яна вышыла сваімі ручкамі. Багатыя традыцыі Палескай зямлі і не вельмі вядомая вялікай грамадскасці гісторыя гэтага краю з яе ўнікальнай самабытнасцю могуць зрабіць фестываль "Покліч Палесся" пэўнай з'явай у культурным жыцці Беларусі. На працягу многіх стагоддзяў на гэтых землях развівалася беларуская этнічная самасвядомасць і складваліся агульнаславянскія этнакультурныя традыцыі. Першая стаянка першабытных людзей таксама знаходзіцца ў гэтым рэгіёне. Прэм'ер-міністр Рэспублікі Беларусь Сяргей Сідорскі адкрывае новы фестываль на Палессі і нагадвае: — Падзеі, апісаныя Іванам Мележам у яго знакамітай "Палескай хроніцы", сталі сапраўднай гісторыяй Палесся. Сёння Палескі край прадстаўлены прыгажэйшымі населенымі пунктамі з сучаснай інфраструктурай. Тут беражліва ставяцца да прыроднай спадчыны, захоўваюць традыцыі сваіх продкаў. Жыхары Палесся заўсёды адрозніваліся шчодрасцю і гасціннасцю, дабратой і працавітасцю. Як пісаў Іван Мележ, "гэта сапраўды цудоўны край і яшчэ больш цудоўныя яго людзі — палешукі". Унікальнасць прыпяцкага Палесся ў тым, што дзякуючы натуральным геаграфічным умовам, матэрыяльнай і духоўнай культуры гэтага краю, дойлідству, фальклору, дыялектам, народна-прыкладному мастацтву захаваліся многія рэліктавыя рысы, якія ўзыходзяць да глыбокай старажытнасці. Фальклорная традыцыя Палесся з'яўляецца своеасаблівым эталонам аднаўлення агульнаславянскага фальклорнага фонду. Менавіта ў палескім рэгіёне і сёння існуюць дахрысціянскія абрады — такія, як "Ваджэнне куста", "Провады русалак" і іншыя. Матэрыяльная культура Палесся прадстаўлена шматлікімі і яркімі лакальнымі асаблівасцямі. Як злавіць удачу за хвост рыбіны Некаторыя з конкурсаў асабліва падабаюцца гледачам, якія практычна адразу ператвараюцца ў актыўных удзельнікаў. Як не паспытаць удачу ў выглядзе жывой рыбіны і не злавіць яе за хвост — сваімі рукамі. Задавальненне ад працэсу атрымліваюць усе, відаць, акрамя ахвяры воднага палявання. Незаў- важна, ад падворка да падворка, ад конкурсу да конкурсу, ад песні да прыпеўкі можна было не раз прайсці паўтара кіламетра ўздоўж канала да Прыпяці, дзе і разгарнулася ўсё дзейства першага фестывалю этнакультурных традыцый "Покліч Палесся". Калі стаміліся, можна было і праехаць — на карэце або дыліжансе — каму што падабаецца. І катар, які з ветрыкам катаў ахвотных па Прыпяці, быў не лішнім, бо людзей прыехала ў Зямля пад белымі крыламі... і моцнымі дубамі Кожны куток Палесся прыгожы па-свойму. Гэта край лясоў, балот (яго яшчэ называюць "лёгкімі Еўропы"). Толькі тут, у Нацыянальным парку "Прыпяцкі" і Белавежскай пушчы, сустракаюцца дубы, якім па некалькі соцень гадоў. Яшчэ адзін маленькі дубок быў пасаджаны ганаровымі гасцямі непасрэдна падчас адкрыцця фестывалю — ён павінен пакласці пачатак своеасаблівай фестывальнай алеі. Парода дрэва выбрана невыпадкова — палескаму фестывалю прагназуюць доўгае і працяглае жыццё. Дарэчы, пераканацца, які дуб трывалы, мог кожны асабіста. Чоўны палешукі традыцыйна выраблялі менавіта са ствала гэтага дрэва — каб хапіла на сто гадоў і яшчэ нашчадкам у спадчыну дасталася. Нашчадкі захавалі гэтае рэдкае сёння майстэрства і дзяліліся яго сакрэтамі з жадаючымі. Можна было і паспрабаваць праплыць на чоўне. Ідэя, якая нарадзілася непасрэдна падчас правядзення фестывалю "Покліч Палесся" — стварыць у Петрыкаўскім раёне этнаграфічную палескую вёску. Яе можна будзе не толькі паглядзець, а і пажыць — ва ўмовах, максімальна набліжаных да старажытнага часу. Прадукт, каментарыі і рэцэпты — бясплатна Каб знайсці іншыя — на фестываль былі запрошаны кіраўнікі амаль 30 турыстычных фірмаў з Мінска, Гомеля і Брэста, якія рабілі свае высновы аб перспектыўнасці развіцця такога эколага-этнаграфічнага кірунку турыстычнай дзейнасці. Адказ на пытанне — чым заманіць турыста — можна было, безумоўна, знайсці на кожным з падворкаў — на любы густ, смак і нават водар. Напрыклад, на тым, што падрыхтавалі гаспадары — Нацыянальны парк "Прыпяцкі" — усім прапанавалі пакаштаваць сапраўднай самагонкі, якая з вялізнага апарата выцякала на вачах гледачоў. Ляснік Кірыла Тарнаўскі даваў прадукт, каментарыі і рэцэпты бясплатна: — Сюды заліваецца вада, пара пайшла па трубе, сюды заліваецца брага. Традыцыйная брага рабілася з соладу. Бралася прарошчанае зерне, потым яно сушылася, малолася — атрымліваўся солад. Можна рабіць і з пшаніцы, і з жыта. Такія вось "прыборы", як гэты, звычайна ўстанаўліваліся ў лесе. Якасць вызначаецца на смак — звычайна не менш за 45-50 градусаў. Фестываляў зашмат не бывае За два дні на галоўнай сцэне свята самабытнай культуры "Покліч Палесся" выступіла амаль тысяча прафесійных і самадзейных артыстаў. Свае традыцыі, мастацтва і промыслы прадставілі дзясяткі населеных пунктаў рэгіёна. Часам здавалася, што тутэйшыя жыхары сышлі з фотаздымкаў пазамінулага стагоддзя. Памятныя прызы і дыпломы ўдзельнікам фестывалю ўручыў намеснік міністра культуры Тадэвуш Стружэцкі: — Фестываляў многа не бывае. Калі яны ладзяцца з канкрэтнай мэтай, калі арганізатары ведаюць, чаго хочуць дасягнуць. Гэты новы фестываль этнакультурных традыцый не павінен паўтараць іншае. Вельмі ўважліва мы павінны падыйсці да таго, каб паказаць самабытнасць і традыцыйнасць. Так, бо яны сёння каштуюць даражэй за ўсё — людзям ва ўсім свеце надакучыла штучнасць. Вельмі хочацца сапраўднасці, а не падробкі. Як адзначыў віцэ-прэм'ер, старшыня аргкамітэта фестывалю "Покліч Палесся" Іван Бамбіза, Палессе наша — унікальнае, такога ў свеце больш няма нідзе: — Мы ганарымся, што ёсць такая цудоўная тэрыторыя, і яна заслугоўвае таго, каб развівацца. Мы хочам падняць эканоміку гэтага краю і на яе базе стварыць добрыя ўмовы для тых, хто тут жыве, і для тых, хто сюды будзе прыязджаць. Для тых, хто хоча ўбачыць унікальную прыроду, адчуць сябе свабодным чалавекам у такім цудоўным кутку палескай зямлі. Мы плануем у будучыні пашырыць геаграфію фестывалю, прыцягнуць да ўдзелу і нашых суседзяў-палешукоў з Украіны, Расіі... Можна завозіць сюды больш турыстаў — тым больш, што ў Нацыянальным парку "Прыпяцкі" для гэтага ёсць усе ўмовы. Вядома, нам патрэбна многа дапрацаваць — магчыма, з прыцягненнем і грамадскасці, і навуковых колаў. Але ж самае галоўнае тое, што этнакультурныя традыцыі Палесся мы павінны захаваць. Трэба, каб падцягваўся бізнэс і вырашалася, якім чынам рэалізоўваць турыстычныя магчымасці рэгіёна. Палессе пакліча зноў і зноў Самая важная падзяка — ад саміх палешукоў, якія на сваёй зямлі даўно не бачылі такога маштабнага свята з вядомымі артыстамі і нават феерверкам. І вераць, што такі фэст стане традыцыйным. Людміла Куневіч прыехала ў Ляскавічы з вёскі Камаровічы — гэта 50 км ад роднага населенага пункта. Кажа, усё спадабалася, усё — вельмі цікава: — Наш народ цудоўны, таленавіты. Мы дома сядзім і нічога не бачым — а тут так хораша. Трэба выбірацца часцей, такое свята не забудзеш доўга. Ірына АСТАШКЕВІЧ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
— старэнькая Вольга Сухаверхая, якая прыехала на свята "Покліч Палесся" з Пінскага раёна, ведае вельмі шмат розных прыпевак. І заводзіць іх на ўласцівым... |
|