Смілавіцкі вінегрэт. Адзін з самых дарагіх мастакоў свету жыў у Чэрвеньскім раёне. 21.by

Смілавіцкі вінегрэт. Адзін з самых дарагіх мастакоў свету жыў у Чэрвеньскім раёне

21.09.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

 Смілавіцкі вінегрэт.
Адзін з самых дарагіх мастакоў свету жыў у Чэрвеньскім раёне.

Гарадскі пасёлак, які раскінуўся ў 30 кіламетрах на ўсход ад Мінска, ці не адзін са старэйшых населеных пунктаў Беларусі. Камяням, ад якіх ён бярэ пачатак, спецыялісты даюць не менш за тысячу гадоў. Аднак у афіцыйных дакументах Смілавічы ўпершыню ўпамінаюцца толькі ў 1483 годзе ў сувязі з будаўніцтвам новай царквы.

Пачатак пачаткаў

Пасёлак не заўсёды насіў гэту назву. У ХV стагоддзі Смілавічы перайменавалі ў Бакшты, таму што ў той час мястэчка належала Бакштанскім. Смілавічы, дарэчы, пабывалі ў руках не аднаго знакамітага роду. Імі валодалі Кезгайлы, Сапегі, Завішы, Агінскія, Манюшкі і Ваньковічы. Адзін з Агінскіх — Марцыян і вярнуў у ХVІІ стагоддзі Смілавічам першапачатковую назву. Ён жа пабудаваў тут замак, акружыў мястэчка валамі і бастыёнамі.

З часоў Манюшкі

Сёння не засталося слядоў велічнай архітэктуры. Але яна паслужыла правобразам для будаўніцтва палацавага комплексу ў XIX стагоддзі, рэшткі якога можна ўбачыць сёння на ўскраіне Смілавіцкага парку. З часоў Манюшкі, які заклаў першы камень новага палаца, тут растуць рэдкія чорная сасна, серабрысты клён, белая шаўкавіца, піхта...Па вялікай бярозе, якая вырасла на страсе былога палаца, можна меркаваць: тут даўно не балявалі. А былі ж часы, калі на яго верандзе збіраліся на каву вядомыя паны, танцаваў у прасторных залах польку і мазурку Напалеон Орда, ствараў галерэю партрэтаў мастак Валенцій Ваньковіч, натхняўся на напісанне знакамітага “Страшнага двара” Станіслаў Манюшка...Радуе, што першыя крокі па аднаўленні сядзібы вядомых магнатаў ужо зроблены. Два гады таму на яе тэрыторыі працаваў міжнародны валанцёрскі лагер: студэнты з Бельгіі, Францыі, Партугаліі і навучэнцы Смілавіцкага аграрнага каледжа, якому зараз належыць палац. Летась Смілавіцкаму палацава-паркаваму комплексу нададзены статус памятніка рэспубліканскага значэння. Значыць, ёсць надзея, што палац не будзе беззваротна страчаны.

Інтэрнацыянальны пасёлак

Ля Волмы-ракіУ згодзе жывуць мужыкі.Жывуць, не сумуюць,Дружбу народаў мацуюць, — піша ў паэме “Смілавіцкі інтэр-нацыянал” мясцовы краязнаўца і паэт Іван Ярашэвіч. Cёння у Смілавічах дружна  жывуць 18 нацыянальнасцей: грузіны, татары, баш-кіры, армяне, малдаване, палякі, літоўцы і іншыя. Значную частку Смілавіч займала Татарская Слабада: татары пачалі сяліцца на ўскраіне Смілавіч у ХV—ХVІ стагоддзях. Доўгі час Смілавічы з’яўляліся тыповым яўрэйскім пасёлкам: у ХІХ стагоддзі, да прыкладу, яўрэі складалі 70 працэнтаў смілавіцкіх жыхароў. Праў-да, значная іх частка — 2000 яўрэяў — была расстраляна падчас Другой сусветнай вайныў рове “Саламянка”. На месцы трагедыі сёння стаіць помнік загінуўшым і ціха шапочуць ліпы, якія пасадзілі ў знак памяці аднавяскоўцы.Смілавічы — дзіўнае месца. Хрысціянскія могілкі тут мяжуюць з мусульманскімі і іўдзейскімі. Жыхары наведваюць праваслаўную царкву, каталіцкую капліцу, храм веры евангельскай ці мусульманскую мячэць, адну з васьмі ў Беларусі. А колькі тут змешаных сямей! Але гэта не перашкаджае жыць людзям у згодзе.Юрый Маслак прыехаў у Смілавічы з Украіны 35 гадоў таму — запускаць новае абсталяванне на гарбарным заводзе — і застаўся, ажаніўшыся на мясцовай дзяўчыне Галіне. Сёння ў Юрыя ўжо дарослыя дзеці, ёсць унук Дзяніс. Па радзіме не прыходзіцца надта сумаваць — у Смілавічах шмат украінцаў.— Збіраемся разам, — расказвае Маслак, — размаўляем на роднай мове, спяваем. Жонка навучылася гатаваць украінскія стравы. І не толькі іх — нават татарскімі прысмакамі нас з дзецьмі частуе: суседзі навучылі.

Маленькі куточак Францыі

У паветры адчуваецца казачны водар кавы, чуецца прыгожая французская мелодыя. Я пераступаю парог залы, куды праводзіць Святлана Хасеневіч, метадыст смілавіцкага Дома дзіцячай творчасці. Атмасфера Парыжа, жалюзі са знешняй выявай папулярнай кавярні, карціны, мальберты... Так і ўяўляеш, як гадоў сто назад збіралася тут адпачываць французская эліта, члены “Парыжскай школы”, знакамітыя ў будучым мастакі, а на той час нікому невядомая моладзь: Пікаса, Шагал, Мадзільяні і іх сябра Хаім Суцін. Дзясятае дзіця ў беднай яўрэйскай сям’і з невялікай беларускай вёскі Смілавічы, ён з дзяцінства непераадольна жадаў маляваць — забаронены для іўдзеяў занятак. Нягледзячы на перашкоды, паступова дамогся свайго: спачатку займаўся ў прыватнай школе Якава Кругера, затым тры гады вучыўся ў Вільні. І нарэшце Парыж! Гады пакут, бадзяння, голаду, хвароб — гэта каштавала таго, каб пра Суціна загаварыў увесь свет, каб яго экспрэсіўныя, вар’яцкія, падобныя да ўрагану карціны вымяраліся на аўкцыёнах мільёнамі долараў, а сярод шчаслівых уладальнікаў яго прац былі Ізабела Раселіні, сем’і Чапліна, выдаўца Галімара, нашчадкі Шагала, Фрэнсіса Форд Копала...Знамянальна, што музей Хаіма Суціна, адкрыты пры садзейнічанні ЮНЕСКА ў лютым 2008 года, размясціўся ў Доме дзіцячай творчасці. Маладым смі-лавіцкім талентам ёсць да чаго імкнуцца.

Паэт, які любіць пчол і гісторыю

Іван Ярашэвіч бясконца можа расказваць пра Смі-лавічы. Гісторык па адукацыі, дырэктар школы па пасадзе, краязнаўца па душы, ён напісаў па краязнаўстве Чэрвеньшчыны не адзін артыкул. Летась выйшла яго кніга “Чэрвеньшчына: гісторыя ў тапонімах”, дзе Ярашэвіч расшыфраваў звыш 200 назваў населеных пунктаў Чэрвеньскага раёна. Зараз у яго новая мэта — “раскрыць” прозвішчы Смі-лавіч і вёсак паблізу. 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гарадскі пасёлак, які раскінуўся ў 30 кіламетрах на ўсход ад Мінска, ці не адзін са старэйшых населеных пунктаў Беларусі. Камяням, ад якіх ён бярэ пачатак,...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика