Сёмае пачуццё Сеня. 21.by

Сёмае пачуццё Сеня

25.09.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Сяргей Сень — асоба каларытная. Гэта зразумела амаль з першых хвілін нашага знаёмства. Сяргей Мікалаевіч — чалавек, які любіць сваю родную зямлю, працуе на ёй аддана і шчыра ды пры гэтым стараецца максімальна прыцягнуць свой розум. Кожную справу першапачаткова агледзіць з усіх бакоў, узважыць, прыкіне, які наватарскі падход да яе можна выкарыстаць, і толькі тады пачынае рэалізоўваць.

Сяргей — карэнны жыхар Белавушы. Пасля заканчэння школы ён паступіў у Брэсцкі навучальна-курсавы камбінат, дзе атрымаў спецыяльнасць фатографа.

Два гады ў войсках сувязі ў Архангельску і непрацяглы час работы фотамайстрам у КБА г. Століна прывялі яго назад у родную вёску, дзе Сяргей пачаў займацца вырошчваннем агародніны, продажам яе і нават вывазам у Маскву. Аднойчы знаёмы прапанаваў паступаць у Жыліцкі тэхнікум, каб атрымаць спецыяльнасць агранома. Сяргей і паступіў. На сваім курсе быў старастам, вучыўся добра.

Тэхнікум закончыў з чырвоным дыпломам, пасля работы загадчыкам фермы ў Магілёўскай вобласці зноў вярнуўся на сваю маленькую радзіму.

Тэорыя перамагла на практыцы

Стварыў сям'ю, калі зразумеў, што самастойна зможа забяспечваць яе неабходным.

А неабходнае давала зямля. У 1998 годзе ён напалову з аднавяскоўцам узяў у арэнду тры гектары зямлі. Тады яны вырошчвалі капусту. Са сваіх 0,25 гектара ранняй капусты ён узяў столькі ж, колькі з двух гектараў бульбы.

Стаў глыбей вывучаць тэхналогію вырошчвання капусты. Працаваць з гэтай культурай спадабалася. Стаў арандаваць зямлю разам з братам. Часта па дапамогу звяртаўся да цешчы. Тады і прапанаваў ёй увайсці ў долю. Працэнт ад выручаных ураджаяў дзялілі на часткі.

У справе задзейнічаны ўсе члены невялікай сям'і Сеняў: жонка Святлана, і нават дванаццацігадовы Максім і васьмігадовы Арцём, а таксама маці і бацька Святланы, яе сястра і муж.

Сяргей першы ў Белавушы паспрабаваў вырошчваць капусту пад спандбондам. Перад пакупкай матэрыялу давялося шмат паспрачацца з роднымі, даказваць мэтазгоднасць затрат. І толькі пасля таго, як ураджай быў зняты на два тыдні раней, яны зразумелі, што іх сямейны аграном меў рацыю.

— Тэорыя перамагла на практыцы, — каментуе жыццёвую сітуацыю Сяргей.

У пошуках спандбонду (у той час быў дэфіцытны тавар) Сяргей пазнаёміўся з прадстаўнікамі праекта СОRЕ-Аgrі.

— Многія мае аднавяскоўцы глядзелі на праект як на магчымасць бясплатна атрымаць насенне, угнаенне. Я ж не прасіў нічога бясплатна. Мне патрэбны былі сродкі ў крэдыт. Тады падлічыў, што на адзін гектар капусты трэба тысяча-паўтары долараў. Праз праграму ўзяў крэдыт. Напачатку невялікі. На наступны год павялічыў яго. Так пакрыху і пачаў развівацца, — расказвае пра этапы свайго станаўлення Сень.

Сёмае пачуццё

Сяргей добра арыентуецца ў рынкавых цэнах, ведае, калі і на колькі павінна падняцца (апусціцца) цана. Напрыклад, сёлета многія з цяжкасцю здавалі капусту па тысячы рублёў, а Сяргей на сваю прадукцыю паставіў цану паўтары тысячы. Тавар у яго заўжды высокай якасці. І ўжо праз некаторы час за яго капустай "стаяла чарга" аптовых пакупнікоў.

А Сяргей, дзякуючы свайму сёмаму пачуццю і пастаянным падлікам, змог атрымаць даход. Самастойна ўзяў у арэнду зямлю. Тры гектары ў першы год не прынеслі ніякага даходу, а пакінулі гаспадара з мінусам у некалькі мільёнаў. Пустазелле не дало культуры нармальна ўрадзіць. І толькі на другі год дагледжаная зямля прынесла добры ўраджай.

Як аграном, Сяргей добра разумеў, што на адной зямлі ён не зможа доўга вырошчваць толькі капусту. Стаў шукаць новую культуру. Паспрабаваў цыбулю. Два гады заняў пад яе 30 сотак. Пасадка, апрацоўка гэтай культуры ішлі ўручную. Вельмі цяжка было. Аднак падлічыў, прыкінуў. Выгадна вырошчваць і моркву, аднак з ёй яшчэ больш работы.

Наватар

Палескі менталітэт і наватарскія ідэі змаглі пераканаць Сяргея зноў узяцца за цыбулю. Сёлета пры вырошчванні культуры ён упершыню прымяняў кропельны паліў у адкрытым грунце для вырошчвання цыбулі. І сама стужка паліву знаходзіцца пад зямлёю.

Сяргей разам са сваёй камандай сканструяваў увесь агрэгат, які ўяўляе сабою дзве сеялкі, што адразу сеюць цыбулю і прыкопваюць палівачныя стужкі.

Дарэчы, у гэтага прадпрымальнага чалавека шмат такіх агрэгатаў, якія ён даводзіць да дасканаласці самастойна.

Купіў трактар з неабходнымі прыладамі для апрацоўкі зямлі. Мае міні-трактар з поўным наборам агрэгатаў. Тэхніку набывае разам са сваякамі. Зараз сямейны СВК Сеня складаецца з трох сем'яў, якія разам апрацоўваюць зямлю і прадаюць ураджай. Сяргей тут за галоўнага. Ён і аграном, і эканаміст, і кіраўнік. Бухгалтэрыю вядзе жонка.

На працягу станаўлення асабістай падсобнай гаспадаркі Сеня былі ўсялякія спосабы кааперавання з аднавяскоўцамі, фермерамі, роднымі. Разам бралі ў арэнду зямлю, разам займаліся ўраджаем. Былі і спробы вырошчваць іншыя культуры. Напрыклад, сёлета Сяргей заключыў дагавор на вырошчванне 15 тон кропу. Здаў 10 тон, бо надвор'е "дапамагло" развівацца хваробам. У планах высадзіць азімы часнок. Адна з брэсцкіх фірмаў павінна з дня на дзень паставіць пасадачны матэрыял. Часнок пасля будзе рэалізаваны ім жа.

Сёлета вырасціў нядрэнную цыбулю — ураджай прыкладна 40 тон з гектара пры таварнасці 97 працэнтаў.

Нядаўна Сяргей Мікалаевіч быў на Гарынскім агракамбінаце. У яго папрасілі тэрмінова прадаць для прадпрыемства цыбулю. Прадаў, ды прапанаваў кіраўніцтву заключыць дамоўленасць: забяспечу вас неабходнай колькасцю асноўных культур, калі дапаможаце зямлі ўзяць гектараў 15.

— Фермерам працаваць лягчэй. З задавальненнем перайшоў бы з катэгорыі "асабістай падсобнай гаспадаркі" ў катэгорыю фермераў. Толькі вось зямлі б мне дзе-небудзь недалёка ўзяць, — разважае Сяргей.

Без праблем

Пытаю аб праблемах, з якімі даводзіцца сутыкацца чалавеку, што працуе на зямлі для забеспячэння сябе неабходным.

— Ды ніякіх праблем. Я не з той катэгорыі людзей, якія скардзяцца, што ім не дапамагаюць. Ва ўсім павінна быць здаровая канкурэнцыя. Каму мне скардзіцца, што не пайшла ў мяне капуста? Задыскаваў яе — і далей працую. Гэта мае праблемы, — чую ўпэўнены адказ.

Калі ўзнікаюць пэўныя цяжкасці з матэрыялам, угнаеннямі, хімічнымі прэпаратамі, Сяргей Мікалаевіч тэлефануе ў мясцовы фонд "Цэнтр падтрымкі сельскага развіцця і прадпрымальніцтва Столінскага раёна". "Хлопцы, дапамагайце," — выраз, які часта чуюць ад яго спецыялісты цэнтра. І дапамагаюць інфармацыяй. Дарэчы, Сяргей з'яўляецца адным з некалькіх кіраўнікоў падсобных гаспадарак, якія сталі заснавальнікамі цэнтра.

Праца з вяскоўцамі

Зараз у Белавушы людзі актыўна капаюць бульбу. Сяргей дапамагае аднавяскоўцам. У яго ёсць капалка, якасць работы якой даволі высокая. Хоць і кошт крыху большы, чым звычайна, але вяскоўцы ўжо на прыкладах пераканаліся, што лепей заплаціць больш, чым пакінуць частку ўраджаю ў зямлі ці дакопваць яго ўручную.

Іншы час дае парады па аграноміі знаёмым. Аднак заўжды з асцярогай: трэба ведаць, каму радзіць, бо іншым часам можаш застацца і вінаватым, хоць былі толькі самыя добрыя намеры. Дае парады тым, хто дапамагае і яму нейкім чынам. А калі чалавек патрабуе кансультацыю, дапамогу толькі ў адзін бок "ты — мне", то гэта ўжо не справа. Абавязкова павінна прысутнічаць "і я — табе".

— Праблема нашых людзей у тым, што яны не гатовыя плаціць за інфармацыю. Хоць іншы раз некалькімі словамі можна выратаваць ураджай, — дзеліцца Сяргей Мікалаевіч.

А сам Сень заўжды за інфармацыю плаціць.

Культура землеўпарадкавання ў Сеня высокая — гэта адзначаюць аграномы раёна. Сяргей актыўна прымае ўдзел у мерапрыемствах па вывучэнні тэхнікі і тэхналогіі вырошчвання агародніны. Нядаўна ў складзе дэлегацыі ўладальнікаў падсобных гаспадарак раёна (арганізатарам паездкі быў Цэнтр падтрымкі сельскага развіцця і прадпрымальніцтва Столінскага раёна) быў на Днях поля, якія прайшлі ў Агрыматка-96 (Мінскі раён), Сігмента (Маладзечанскі раён), Бэйо Задон (Гомельскі раён). Паездкі для абмену вопытам арганізуюцца замежнымі фірмамі. Дэлегацыям прапануецца паглядзець, як наладжана работа на доследных палях. У кожнага бярэ для сябе нешта новае. Напрыклад, нядаўна прымаў удзельнікаў семінараў, што праходзілі на Століншчыне: ён можа многа расказаць пра тэхналогіі, падзяліцца вопытам.

Таццяна СЕГЕН.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сяргей Сень — асоба каларытная. Гэта зразумела амаль з першых хвілін нашага знаёмства. Сяргей Мікалаевіч — чалавек, які любіць сваю родную зямлю, працуе на ёй...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика