Ці стала Германія адной дзяржавай праз 20 гадоў пасля аб'яднання?. 21.by

Ці стала Германія адной дзяржавай праз 20 гадоў пасля аб'яднання?

06.10.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

3 кастрычніка споўнілася 20 гадоў аб'яднання Германіі.Спецыяльны карэспандэнт "Звязды" Глеб ЛАБАДЗЕНКА правёў тыдзень у Берліне, Ляйпцыгу і Потсдаме, каб даведацца, што змянілася за гэты час

З нагоды круглай даты ўрад Германіі запрасіў у прэс-тур журналістаў з 13 краін: Аргенціны, Грузіі, ЗША, Македоніі, Партугаліі, Італіі, Японіі, Пакістана, Гватэмалы, Казахстана, Сербіі і Паўднёвай Карэі. Ад Беларусі быў запрошаны карэспандэнт "Звязды".

Ведаеце, якая паралель не пакідала мяне гэты тыдзень? Заходняя і Усходняя Беларусь. Аднойчы мне давялося рабіць такі рэпартаж — наведаць дзве суседнія вёскі: Рубяжэвічы Стаўбцоўскага раёна і Баравое Дзяржынскага. Да 17 верасня 1939 года першая знаходзілася ў Польшчы, другая — ў Савецкім саюзе. Сапраўдным адкрыццём для мяне стала, што тая мяжа застаецца ў свядомасці старэйшых людзей і цяпер. У размове яны называлі адно аднаго "палякі" і "савецкія", згадвалі мінулыя грахі, даводзілі сваю рацыю, пераконвалі, каму тады жылося лепш. Але з 1939 года мінула семдзесят гадоў, а Германія аб'ядналася толькі 20 гадоў таму. Таму турбота немцаў — што за гэты час розніцу так і не ўдалося пераадолець дарэшты — дарэмная. 20 гадоў — мізэрны прамежак для гісторыі.

У Германіі мы наведвалі розныя дзяржаўныя і грамадскія ўстановы, размаўлялі з чыноўнікамі і актывістамі, сведкамі і ўдзельнікамі гістарычных падзей 1989—1990 гадоў. Арганізатары бліскуча склалі праграму, якая паказала ўсё з самых розных ракурсаў.   У архіве "Штазі" захоўваецца 18 тысяч вось такіх мяхоў з парэзанымі на дробныя кавалачкі дакументамі

Для пачатку коратка нагадаю сутнасць справы. Пасля Другой сусветнай вайны Германія засталася падзеленай на дзве часткі: пракамуністычную ўсходнюю ГДР (якая кантралявалася Савецкім саюзам) і заходнюю ФРГ (якая кантралявалася Амерыкай, Францыяй і Вялікабрытаніяй). За гады існавання мяжы пры спробе ўцячы з Усходу на Захад памежнікі забілі, па афіцыйных звестках, 1068 чалавек, па неафіцыйных — як мінімум удвая болей. Камуністы давялі ГДР да ручкі: у 1989 годзе, калі рухнула Берлінская сцяна, прыбытак грамадзян ГДР складаў 30% ад прыбытку грамадзян ФРГ. Пасля аб'яднання быў падпісаны Пакт Салідарнасці, пасля яшчэ адзін — паводле якіх да 2019 года ФРГ датуе эканоміку былой ГДР, падымаючы яе да прыстойнага ўзроўню (за кошт кожнага грамадзяніна — "падатак салідарнасці" складае 5,5% ад падаходнага падатку). На цяперашні момант прыбытак былых "усходнікаў" павялічыўся да 75-80% ад прыбытку "заходнікаў".

"Ад часу яднання мы скарацілі войска больш чым у 6 разоў"

— Мне 48 гадоў, я жанаты, маю дзіця, у Бундэсверы служу з 1986 года, — нетрадыцыйна для нас прадставіўся падпалкоўнік Гайнэр Брокерман, адказны за сувязі з грамадскасцю і прэсай федэральнага міністэрства абароны Германіі.

Нашая першая сустрэча менавіта ў міністэрстве абароны. 20 гадоў таму перад ім паўстала сур'ёзная праблема — аб'яднаць войскі дзвюх краін, якія сталі адным цэлым. Аспектаў у праблемы было шмат. Тут і абсалютная тэхнічная адсталасць усходняга войска, і тое, што значная частка ўсходніх вайскоўцаў супрацоўнічала з таемнай паліцыяй "Штазі". Ад іх пазбавіліся адным махам.

Пасля 1945 года і да аб'яднання Германіі ў пракамуністычнай ГДР знаходзілася некалькі соцень тысяч савецкіх салдат. На перамовах з Міхаілам Гарбачовым была дасягнутая дамоўленасць аб іх вывадзе. Пасля аб'яднання войскаў колькасць салдат бундэсвера складала 1 мільён 414 тысяч чалавек. З таго часу ідзе сталае скарачэнне: у 2006 войска налічвала ўжо 356 тысяч чалавек, на цяперашні час — каля 217 тысяч. У вялікай ступені гэтае скарачэнне спачатку было абумоўлена чысткай шэрагаў вайскоўцаў ад былых агентаў "Штазі". Не ўсіх, аднак, удавалася вылічыць адразу — таму працэс цягнуўся амаль 10 гадоў. Тэмай для спрэчак і абурэнняў доўгі час было тое, што адстаўныя вайскоўцы з былой ГДР атрымлівалі значна меншую пенсію, чым салдаты бундэсвера. Але цяпер пенсіі зраўняліся — што, зноўку ж, падабаецца далёка не ўсім.

Падпалкоўнік Брокерман распавёў, што задачы войска істотна змяніліся за 20 гадоў.

— Цяпер наша задача — не абарона краіны ў яе межах, гэта адступае на задні план. Дзякаваць Богу, Германія цяпер знаходзіцца ў добрых стасунках з усімі краінамі-суседзямі. Таму задача войска — быць гатовымі да знешняй небяспекі, якая ідзе далёка ад нашых межаў. Як і супрацьстаянне сусветнаму тэрарызму.

У архіве "Штазі" вам ахвотна пакажуць, як выглядала асабістая картка...

У Германіі ідуць гарачыя дэбаты: павінна войска стаць канчаткова кантрактным ці трэба адмяняць тэрміновую службу.

— Цяпер тэрміновая служба складае 6 месяцаў. Сітуацыя такая, што гвалтам ужо ніхто нікога ў войска не цягне. Абмежаванні па здароўі надзвычай шырокія — пры жаданні кожны другі знойдзе ў сябе нешта з гэтага спіску. Аднак пераход на цалкам кантрактнае войска — пытанне выключна эканамічнае, бо яго ўтрыманне абыдзецца дзяржаве даражэй. Але прыклад Францыі, якая ўжо ліквідавала сістэму тэрміновай службы, нас натхняе. Бо прафесійнае войска, хоць і абыходзіцца даражэй, больш якаснае, больш дзейснае...

"Мы штодня сваімі сэрцамі тлумачым, чаму павінны выдаткоўваць гэтыя грошы"

У Міністэрстве ўнутраных спраў я чакаў пачуць расповеды аб працы паліцыі. Але пра гэта пачуў найменш. Высветлілася, што справамі паліцыі займаецца ўрад кожнай з 16 федэратыўных земляў Германіі. Непасрэдна ў МУСе паліцыяй займаецца ўсяго 2 аддзелы. Адзін адказвае за спецназ і супрацьстаянне тэрарызму, другі — за забеспячэнне бяспекі буйных мерапрыемстваў: футбольных матчаў, канцэртаў, фестываляў. А размаўлялі мы ў МУСе збольшага пра праблемы аб'яднання Германіі. Бо штогод урад выбірае па чарзе кожнае міністэрства, якое павінна кантраляваць працэсы яднання, працэсы развіцця былой ГДР.

— За 20 гадоў зроблена вельмі шмат, — кажа мінестэрыял-дырэктар Штэфан Беемельманс. — Адразу пасля ліквідацыі ГДР узровень прыбыткаў насельніцтва складаў 30% ад прыбыткаў грамадзян ФРГ. Цяпер гэтая лічба, хоць і не зраўнялася, але ўзнялася да 75-80%. Пасля аб'яднання мы атрымалі яшчэ 17 мільёнаў грамадзян. І сутыкнуліся з вялікай праблемай: уся прамысловасць ГДР была настолькі адсталай і несучаснай, што патрабавала карэннай мадэрнізацыі. Прычым значная частка прамысловасці была арыентаваная на вытворчасць зброі і ваеннай тэхнікі — і ўсё гэта ў адзін дзень стала непатрэбным...

Спадар Беемельманс тлумачыць, што Пакт Салідарнасці — гэта крок сэрца, а не палітыкі ці эканомікі.

— У мяне часта пытаюцца, колькі каштавала для ФРГ аб'яднанне з ГДР... Сапраўды, гэтая сума вельмі вялікая. Я не падлічваў, але сустракаў у прэсе лічбу ў паўтрыльёна ці трыльён еўра... У такіх справах нельга падлічваць. Мы разумелі, што іншага шляху ўсё адно няма. Мы адзін народ — і мусілі дапамагчы грамадзянам ГДР выкараскацца з прорвы, у якой яны знаходзіліся. Мы кожны дзень сэрцам тлумачым сабе, каму і навошта мы аддаём гэтыя грошы. 20 гадоў таму ў ГДР была папулярная фраза: "Калі заходняя марка не пойдзе да нас, мы пойдзем да заходняй маркі". І сапраўды, людзі ў пошуках лепшай долі пачалі ўцякаць з Усходняй Германіі ў Заходнюю. Каб уратаваць сітуацыю, трэба было неадкладна пачынаць працэс развіцця эканомікі, што было немагчыма без велізарных датацый. Дарогі, будынкі, тэхніка, прамысловасць, інфраструктура... Працэс пераезду людзей удалося ўнармаваць. З 17 мільёнаў усходнікаў на захад пераехалі 3,5 мільёна чалавек. Але паступова з Захаду на Усход пераехалі 2,4 мільёна. Наколькі гэта адныя і тыя ж людзі, сказаць цяжка, бо ніхто спецыяльна не падлічваў. Але з прычыны ўцёкаў мы назіраем тэндэнцыю змяншэння на Усходзе насельніцтва працоўнага ўзросту. Цяпер гэта 45% насельніцтва, але паводле падлікаў адмыслоўцаў, да 2020 года будзе ўсяго 30 працэнтаў... Буйныя фірмы з Захаду так і не пераехалі на Усход. Гэта нерэальна, бо тысячы чалавек не згадзяцца змяняць месца жыхарства...

Мільёны новых пасажыраў

На адной з сустрэч нам распавялі пра новы аэрапорт, які будуецца цяпер у Берліне. Адметна, што гэта будзе трэці аэрапорт нямецкай сталіцы.

Усё праз тое, што два існыя аэрапорты — Шонэфельд і Тэгель — былі арыентаваныя адпаведна на Заходнюю і Усходнюю Германію. Іх магутнасці і ўзровень былі разлічаныя гэткім жа чынам. Аднак за 20 гадоў свабоды цікавасць да Германіі ўзнялася ў разы, таму ўзнікла неабходнасць стварэння новага аэрапорта.

Ідэя з'явілася 20 гадоў таму, адразу пасля аб'яднання. Значны час заняло праектаванне і ўзгадненне. Але цяпер "грубае" будаўніцтва практычна скончанае. Плошча новага аэрапорта і прылеглага комплексу з атэлямі і бізнэс-цэнтрам складзе "2000 футбольных палёў". У новым комплексе створаць 20 тысяч працоўных месцаў. У 2012 годзе, калі аэрапорт адкрыецца, ён будзе здольны прыняць да 27 мільёнаў пасажыраў за год. Паступова гэтая лічба па меры неабходнасці можа павялічыцца да 45 мільёнаў. Для параўнання: аэрапорт Франкфурта сёння прымае да 59 мільёнаў пасажыраў за год, аэрапорт Мюнхена — 32 мільёны... Аэрапорт "Мінск", нагадаю, прымае каля 1 мільёна пасажыраў.

"Даносчыкі натхнёна пісалі ў даносах нават тое, чаго не было"

"Штазі" — сакрэтная паліцыя ГДР. Пасля аб'яднання Германіі службоўцы паспрабавалі знішчыць дакументы — і часткова гэта ўдалося. Калі іх спынілі, то рэшту ахайна сабралі ў архіў "Штазі", каб дакапацца да гістарычнай справядлівасці. З 1991 года і па сёння архіў "Штазі" атрымаў больш за 2 мільёны запытаў ад грамадзян. Яны прагнуць ведаць, хто пісаў на іх паклёпы.

— Цяпер мы атрымліваем каля 80 тысяч запытаў штогод, — кажа Іяхім Фёрстэр, загадчык аддзела выкарыстання дакументаў архіва "Штазі". — Прычым 75% гэтых запытаў — ад людзей, што звяртаюцца ўпершыню. 20 гадоў яны не наважваліся даведацца, хто пісаў на іх паклёпы. Для многіх гэта і цяпер балюча — лепш не ведаць, бо можаш расчаравацца ў самых блізкіх людзях... На нашых вачах адбываліся сапраўдныя трагедыі — калі высвятлялася, што бацькі даносілі на сына, а жонка — на мужа...

Нам цікава, што робяць супрацоўнікі архіва, калі сустракаюць дакументы, якія сведчаць пра злачынствы. Напрыклад, калі пасля лжывага даносу нехта сеў у турму.   Гэты дом стаяў ва Усходнім Берліне, а вокны выходзілі на Захад. Людзі ўцякалі праз вокны, а заходнікі спецыяльна ўсталявалі рэкламны шчыт, каб гэтага не бачылі памежнікі.

— Мы абавязаныя перадаваць звесткі ў пракуратуру толькі калі яны тычацца дзяржаўных злачынстваў, — кажа спадар Фёрстэр. — Тое, пра што вы пытаецеся, — гэта адбывалася кожны дзень, і вельмі шмат! Калі хтосьці напісаў ілжывы паклёп і іншы чалавек патрапіў у турму, — гэта нічога асаблівага для таго часу, на жаль... У нас няма магчымасці ацэньваць усе гэтыя дакументы. Мы толькі шукаем інфармацыю на запыты і выдаём яе. А ўсе ацэнкі даюцца ведамствамі, якія зрабілі запыт. За 20 гадоў здаралася, што нехта апынаўся за кратамі пасля раскрыцця дакументаў. Напрыклад, калі ўдалося даказаць, што чалавек спрычыніўся да забойства. Але гэтыя працэсы ўжо скончаныя. Наколькі я ведаю, цяпер нікога ў турме няма.

Самае цікавае чакае нас у падвале: 18 тысяч мяхоў з парэзанымі на кавалачкі дакументамі, аўдыя- і відэастужкамі. Калі ГДР ужо знаходзілася ў агоніі, службоўцы "Штазі" пачалі тэрмінова знішчаць усе матэрыялы. Гэта працягвалася да студзеня 1990 года. 15 студзеня перад будынкам "Штазі" пачалася чарговая дэманстрацыя. Раз'юшаныя людзі ўвайшлі ў сярэдзіну — і на гэтым дзейнасць "Штазі" была скончаная. Пачаўся працэс ліквідацыі, у наступныя месяцы тысячы супрацоўнікаў дзяржбяспекі былі звольненыя. Так з'явіўся архіў "Штазі", які заняўся апрацоўкай дакументаў. Мяхі з разрэзанымі дакументамі ахайна захоўваюцца ўвесь гэты час. Адмыслоўцы здолелі склеіць з маленечкіх кавалачкаў ужо 400 аркушаў. І з іх стала вядома пра біскупа-шпіёна, пра допінг у спорце, пра артыстаў, пра вядомага на той час паэта, які паклёпнічаў на ўсіх сваіх блізкіх сяброў... Цяпер заканчваецца працэс стварэння камп'ютарнай праграмы, якая будзе састаўляць кавалачкі аўтаматычна. Наперадзе шмат сумных адкрыццяў.

— Усё гэта павінна быць адноўлена, — перакананы Іяхім Фёрстэр. — Бо гэтыя разрэзаныя матэрыялы — надзвычай каштоўныя. Гэта — не здадзеныя ў архіў справы, а тое, што ляжала на пісьмовых сталах у супрацоўнікаў "Штазі", з чым яны актыўна ў той час працавалі. Яны кінуліся найперш знішчаць менавіта тое, што было пад рукой. Для многіх людзей гэтыя матэрыялы вельмі важныя.

Нам паказваюць прыклады архіўных картак з імёнамі стукачоў. Расшыфраваць іх было нялёгка, бо ў "Штазі" была створаная шматступеневая сістэма канспірацыі. З адных картак дакладна вядома, хто быў стукачом — але там толькі мянушкі. На іншых — імёны, але незразумела, хто чым займаўся. Каб супаставіць гэтыя звесткі, спатрэбіліся гады працы.

— Падобная схема дзейнічала і ў савецкай спецслужбе, — кажа спадар Фёрстэр. — Бо пры стварэнні сістэмы шыфравання ў 50-я гады абапіраліся на "пажаданні" савецкага боку, у гэтым бралі ўдзел савецкія афіцэры.

Як кажуць супрацоўнікі архіва, стукач ад стукача істотна розніўся. Некаторыя людзі вымушана супрацоўнічалі, але пры гэтым пісалі даносы без усялякага зместу, якія моцна не шкодзілі людзям. Іншыя натхнёна пісалі нават тое, чаго не было, — і запаўнялі такой інфармацыяй цэлыя тамы. У выніку невінаватыя людзі маглі страціць працу ці нават сесці ў турму...

Нехта з журналістаў запытаўся, колькі ж абыходзіцца Германіі ўтрыманне архіва "Штазі", які, апроч берлінскага цэнтра, мае шэраг рэгіянальных аддзяленняў. Адказ — 240 мільёнаў еўра штогод. Але відавочна, што немцы не шкадуюць гэтых грошай. Яны разумеюць, што на аднаўленне гістарычнай справядлівасці шкадаваць грошы нельга і нават супрацьпаказана.

Глеб ЛАБАДЗЕНКА. Фота аўтара.

Берлін—Мінск.

(Працяг будзе.)

Р.S. <І>Аўтар шчыра дзякуе Амбасадзе Германіі ў Мінску за цудоўную арганізацыю паездкі.  

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
3 кастрычніка споўнілася 20 гадоў аб'яднання Германіі.Спецыяльны карэспандэнт "Звязды" Глеб ЛАБАДЗЕНКА правёў тыдзень у Берліне, Ляйпцыгу і Потсдаме, каб...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика