Сям'я — усяму аснова
06.10.2010
—
Новости Общества
|
Праблемы і перспектывы развіцця беларускай сям'і абмеркавалі жанчыны ў Брэсце Выязное пасяджэнне праўлення грамадскага аб'яднання "Беларускі саюз жанчын" прайшло пасля наведвання яго ўдзельнікамі Кобрынскай дзіцячай вёскі, Брэсцкага абласнога раддома, цэнтра сацыяльнай рэабілітацыі інвалідаў Маскоўскага раёна Брэста, іншых сацыяльных устаноў. Тэмай сходу-абмеркавання жанчыны вызначылі ўвесь спектр пытанняў умацавання сям'і як падмурка стабільнасці і дабрабыту дзяржавы. Тон дыскусіі задала старшыня саюза, старшыня праўлення ААТ "АСБ Беларусбанк", член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Надзея Ермакова, калі адзначыла, што рашэнне грамадскай арганізацыі не можа насіць абавязковы характар для міністэрстваў і ведамстваў, іншых органаў улады, але жанчыны могуць вызначыць, акрэсліць шляхі развіцця і ўдасканалення сацыяльнай палітыкі. А потым гэтую праграму альбо асобныя яе пункты можна "рухаць" у парламент, выканаўчыя органы з тым, каб надаваць ім сілу закона. Тым больш што ў склад праўлення жаночага саюза ўваходзяць шмат дэпутатаў парламента, іншых уплывовых жанчын. І варта адзначыць, нямала цікавых прапаноў, думак, разваг прагучала ў зале Брэсцкага гарвыканкама, дзе праходзіла пленарнае пасяджэнне. Гвалт у сям'і: як ад яго бараніцца? Пра п'яных дэбашыраў, ад якіх церпяць гадамі жонкі і дзеці, гаварылася многа і на ўсіх узроўнях. Гэтая праблема ёсць у розных краінах свету, і ў кожнай з іх свой досвед дапамогі і рэабілітацыі ахвяраў сямейнага гвалту. Нашы сацыяльныя службы даўно білі трывогу і нарэшце атрымалі грошы на ўласную праграму падобнага кшталту. На заходні манер у нас адкрылі так званыя "Крызісныя пакоі" — часовыя прытулкі, дзе жанчына альбо дзеці могуць прабыць нейкі час, атрымаць псіхалагічную дапамогу альбо нават медыцынскую. Такіх пакояў па краіне адкрыта 30. Але вось дзіва: людзі туды не ідуць. За год у 30 пакоях пабывала 90 наведвальнікаў. Гэта значыць, што такая форма нам не падыходзіць: не ўмеюць нашы людзі несці сваё гора напаказ, лепш будуць сядзець дома, цярпець пабоі, прыніжэнні, глытаць слёзы... Мабыць, не прывыклі, не ўсе ведаюць пра новую форму. А можа, нам трэба шукаць нешта іншае. У некаторых краінах ёсць практыка, калі з сям'і забіраюць не ахвяру — пацярпелага, а крыўдзіцеля і трымаюць яго ў свайго роду турме, пакуль ён не перагледзіць свае паводзіны і публічна пра гэта не заявіць. Цалкам верагодна, што такі спосаб больш дзейсны. Адным словам, трэба вывучаць гэтую праблему і шукаць аптымальны варыянт. Стымуляваць нараджэнне другога дзіцяці Цікавае паведамленне зрабіла старшыня Пастаяннай камісіі па навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Антаніна Морава. Сёння каэфіцыент нараджальнасці ў нашай краіне складае 1,4. Гэта значыць, што на адну жанчыну дзетароднага ўзросту прыпадае менш, чым паўтара дзіцяці. Гэтага, як вядома, мала нават для простага ўзнаўлення насельніцтва. Напрыклад, у ЗША каэфіцыент роўны 3,2, у Францыі — 2,5. У нашай краіне дзейнічаюць праграмы падтрымкі сям'і, дзе значны акцэнт зроблены на сям'ю, у якой нарадзілася трое і болей дзяцей. Гэта льготы пры крэдытаванні будаўніцтва жылля і іншыя дапамогі. Але такіх сямей, на жаль, у нас не так многа. Цікава, што па нараджэнні першынца ў новай сям'і наша краіна займае першае месца ў свеце, а па нараджэнні трэцяга дзіцяці — апошняе месца ў СНД. Значыць, прыйшоў час стымуляваць нараджэнне другога дзіцяці. Такім стымулам могуць быць па- датковыя льготы альбо, напрыклад, увядзенне карткі на другое дзіця. Гэта дакумент, па якім са скідкай можна набываць адзенне, абутак, іншыя тавары, калі ў цябе ёсць другое дзіця. У далейшым можа быць перагледжаны і пенсійны ўзрост для маці: чым болей дзяцей, тым раней маеш магчымасць выйсці на пенсію. Паказваць шчаслівую, працавітую сям'ю, а не распусту і гвалт Трэба сказаць, што дасталася сродкам інфармацыі на гэтым форуме і ў хвост, і ў грыву. Многія выступоўцы прама ўказвалі, што сучаснае тэлебачанне разам з інтэрнэтам разбэшчваюць юнае пакаленне. Прыводзіліся звесткі статыстычнага даследавання, з якіх вынікае, што 30 працэнтаў падлеткаў чэрпаюць стэрэатып паводзін у мастацкіх фільмах, 15 працэнтаў — у праграмах кшталту ток-шоу. А хіба ўказаныя перадачы навучаць цаніць сям'ю, паважаць працу як асноўную крыніцу дабрабыту, быць чулым і спагадлівым? Пытанне рытарычнае. Адказ на яго відавочны. І ніхто добра не ведае, як вырашаць праблему. Першы намеснік міністра інфармацыі Лілія Ананіч сказала, што адгарадзіць нашых дзяцей ад сусветнай інфармацыйнай прасторы немагчыма: калі мы адключым пэўныя праграмы тэлебачання, нашы нашчадкі залезуць у інтэрнэт. Таму айчынныя СМІ імкнуцца рабіць свой якасны прадукт так званага гуманістычнага накірунку. Нядаўна ў міністэрстве дасягнута дамоўленасць з мастакамі-плакатыстамі, якія будуць выдаваць сучасныя сацыяльныя плакаты новага ўзроўню. Шчаслівую, здаровую сям'ю, працу, заняткі спортам можна рэкламаваць з дапамогай трапнага плаката. Будуць аб'яўленыя творчыя конкурсы, каб надаць кампаніі дадатковы імпульс. Вышэйшая ступень грамадзянскасці Сапраўды, усынаўленне дзяцей — гэта вышэйшая ступень свядомасці і грамадзянскасці. Людзі, якія ідуць на гэты крок, патрабуюць асаблівай пашаны ўсяго грамадства. У нашай краіне гэтая работа апошнім чынам вядзецца актыўна. І ўжо — можа, для каго-небудзь дзіва — ёсць чарга на ўсынаўленне. Амаль паўтары сотні сямей чакаюць дзіця, якое можа стаць паўнацэнным членам іх маленькай ячэйкі нашага грамадства, паведаміла дырэктар Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення Наталля Паспелава. Гэтыя людзі не просяць грошай, якой-небудзь іншай матэрыяльнай падтрымкі. Але і ў іх ёсць праблемы, напрыклад, з адаптацыяй дзяцей у новых умовах. І ім вельмі патрэбны адпачынак на месяц, а то і два для абодвух бацькоў адразу пасля ўсынаўлення. Адпачынак за свой кошт. Але не ўсе працадаўцы спачуваюць такім бацькам і ідуць насустрач. Застаецца адно, аформіць заканадаўча. Як было ў свой час з дэкрэтным водпускам для бацькоў. Пакуль не ўнеслі ў Працоўны кодэкс слова "абавязаны", здаралася, працадаўцы проста не пускалі мужчыну ў дэкрэтны. Падарыце калоніі цацку Супрацоўнік МУС Валянціна Гладкіх выступіла з канкрэтнай просьбай-прапановай да жаночых арганізацый. Перад сваім выступленнем яна паказала дакументальны фільм пра дзіцячую калонію. Вельмі цяжкая карціна-расповед пра малалетніх злодзеяў, забойцаў, гвалтаўнікоў і пра вытокі іх характараў і паводзін. У дзвюх калоніях нашай краіны адбываюць пакаранне 600 падлеткаў. У абсалютнай большасці з іх бацькі — п'яніцы, злачынцы, бяспутныя маці пакінулі сваіх дзяцей. Адзін з кіраўнікоў калоніі гаворыць з экрана ўсім нам, што праз пэўны час гэтыя людзі вернуцца ў грамадства, таму яно мусіць нейкім чынам клапаціцца пра іх выхаванне, нават калі яны пазбаўленыя волі. Спецыялісты лічаць, што многіх з гэтых дзяцей усё ж можна вярнуць да нармальнага жыцця, зрабіць паўнацэннымі людзьмі. Адным са шляхоў выхавання вязняў у Бабруйскай калоніі лічаць майстэрню мяккай цацкі і лялечны тэатр. Насельнікі калоніі з задавальненнем займаюцца ў гэтых гуртках. Яны з вялікай радасцю выязджаюць у дзіцячыя дамы, калі ім ладзяць такія паездкі, і дораць выхаванцам свае цацкі. Але з мая ў калоніі няма матэрыялу для вырабу цацак. Таму супрацоўнікі і просяць жаночыя арганізацыі Жлобіна, іншых гарадоў, дзе ёсць адпаведныя прадпрыемствы, каб дапамаглі дастаць абрэзкі штучнага футра і ўзнавіць работу гуртка. Яшчэ жаночыя арганізацыі альбо іншыя грамадскія суполкі маглі б арганізаваць пасылкі для зняволеных у дзіцячых калоніях. Пасылкі дазваляюцца законам, але ёсць пэўная частка, падлеткаў, якім ніхто ні разу іх не прысылаў. А для іх гэта сапраўднае свята і сігнал з волі аб тым, што яны некаму патрэбныя. Святлана ЯСКЕВІЧ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Праблемы і перспектывы развіцця беларускай сям'і абмеркавалі жанчыны ў Брэсце Выязное пасяджэнне праўлення грамадскага аб'яднання "Беларускі саюз... |
|