"Давайце будзем людзьмі!"
20.10.2010
—
Новости Общества
|
Артыкул пра сям'ю Амялюсік, надрукаваны ў нумары за 13 кастрычніка, выклікаў эмацыйную дыскусію на нашым сайце. Хтосьці лічыць вінаватымі ў сітуацыі чыноўнікаў, хтосьці кажа, што і сама сям'я неідэальная. Але ясна адно: сітуацыя прымушае задумацца над праблемай суб'ектывізму ў працы камісій, іх паўнамоцтвамі, а таксама трактоўкай закона... Адразу пасля выхаду артыкула ў рэдакцыю патэлефанавала пісьменніца Алена Масла, якая папрасіла надрукаваць свой водгук на сітуацыю. Перада мной "Звязда" за 13 кастрычніка 2010 года. Чытаю і перачытваю "Сітуацыю", разглядаю фотаздымак шматдзетнай сям'і Амялюсік. Згадваю сваіх дзеда Аўгуста і бабулю Алену. У іх сям'і было адзінаццаць дзяцей. Бабуля — двойчы Маці-гераіня. Але гэтыя медалі не ратавалі яе ад рознай кампанейшчыны. Нарадзіўшы малодшага сына, яна мусіла пакідаць яго на старэйшых, а сама бегла ў поле — адпрацоўваць, бо пачалося змаганне з такімі, як яна, "дармаедкамі", трэба было сабе стаж у працоўную кніжку зарабляць... Таму, відаць, бабуля ніколі не хвалілася сваімі медалямі. Казала, што прызнанне заслуг — гэта справы, а не "жалязякі". А яшчэ — бабуля з дзедам заўсёды былі першымі, калі трэба было прыйсці на дапамогу некаму з аднавяскоўцаў: відаць, проста разумелі, што такое цяжка. А тут строгая камісія заспявае ў хаце шматдзетнай сям'і непарадак... Калі ўжо па шчырасці казаць, каб шмат да каго з нас, закручаных на працы ад ранку да вечара, выправілі камісію з праверкай пасярод працоўнага тыдня — спісы аб побытавых беспарадках падоўжыліся б, і сумнявацца не варта! Не менш, чым грошы, шматдзетным сем'ям патрэбна маральная падтрымка. Не дзіваванне, як дзяцей шмат, а прызнанне чалавечага, грамадскага подзвігу бацькоў. Калі ж длубаць тых, каму і так нялёгка, крыўдзіць людзей — можна зламаць, пазбавіць сілаў рухацца наперад. Хочацца верыць, што гэтага не адбудзецца, і сям'я вынесе з прыкрай сітуацыі толькі адзін урок: у жыццёвых нягодах самім ніколі не быць бяздушнымі, бо паспыталі, як кепска бывае ад несправядлівасці. Прадстаўнікам жа камісіі і наогул ахвотным судзіць дазвольце нагадаць вядомае выслоўе: "Голад перажылі — і багацце перажывём". Распесціўшыся ля выгод цывілізаванага камфорту, не ведаючы нястачаў, давайце вытрымаем і выпрабаванне сытасцю і цяплом, не страцім чалавечае аблічча, будзем бачыць побач жывых людзей з іх патрэбамі, адгукацца на іх душой і справай! Давайце проста будзем людзьмі! Алена Масла, пісьменніца, рэдактар часопіса "Бярозка". Тут прыходзяць людзі ў ТВАЮ хату, заглядваюць у ТВАЕ каструлі і распавядаюць ТАБЕ, як жыць. Незасцелены ложак ужо антысанітарыя? А што такое запас ежы? Які ваш запас ежы? А ў якой інструкцыі прапісана, якім гэты запас павінен быць? Такое адчуванне, што нехта напісаў план, маўляў, у нас у раёне 20 сацыяльна небяспечных сем'яў. А як мы будзем іх шукаць — гэта ўжо прыватнасці. Так сорамна стала. Таццяна ...Навошта нам думаць пра хлеб надзённы. Да нас прыйдуць, зазірнуць у кожны куток жылля, правераць халадзільнікі, каструлі, сметніцы, ванныя, туалеты, шафы, тумбачкі... Пакажуць што, чаго і колькі павінна быць, якой якасці, у якой колькасці і ў якім парадку. А калі не будзе, то выбачайце, таварышы бацькі, Вы ствараеце пагрозу жыццю і здароўю сваіх дзяцей. У такім разе дзяржава возьме на сябе "клопат" пра вашых дзяцей! Вы скажаце: "Не маюць права!". Аказваецца, МАЮЦЬ! І не важна, што на самой-та справе і сапраўды не маюць. Вы скажаце: "А як жа Канстытуцыя, Кодэкс аб шлюбе і сям'і?" А вось так. Гэта ўсё "высокія матэрыі", яны наогул і для ўсіх. А канкрэтна для кожнага з нас маецца ІНСТРУКЦЫЯ! І няважна, што кожная камісія выкарыстоўвае гэтую інструкцыю па сваім меркаванні. Важныя вынікі працы. Не было сем'яў у "сацыяльна небяспечным становішчы", а пасля "рэйду" выявіліся. Значыць, дрэнна працуе школа, сельвыканкам. Хаваюцца "абуральныя факты". І самае страшнае тое, што гаворка зусім не ідзе пра маральны бок. Абсалютна не ўлічваецца, якімі растуць дзеці ў сем'ях, якая там пануе атмасфера. І ці сапраўды матэрыяльна забяспечанае, "упакаванае" дзіця вырасце годным грамадзянінам і членам нашага грамадства. Яшчэ большае шкадаванне выклікае тое, што большасць лічыць, што гэта ўсё правільна, што так і трэба рабіць, не разумеючы таго, што заўтра такая ж камісія можа пастукацца ў вашы дзверы. Незалежна ад таго, ці ёсць у Вас праблемы з алкаголем або з Законам, ці няма. Проста трэба будзе праверыць, ЦІ ПРАВІЛЬНА ВЫ ЖЫВЯЦЕ. А калі не, то Вы не вартыя быць бацькамі! Дзяржава — ідэальная сям'я! А ў душы халадок ад усяго... Наталля Вось я не разумею такіх "разумных" людзей. Што азначае "паверце, я са сваім стажам працы адрозню, дзе беспарадак звычайны, а дзе пастаянны!"? Можа, трэба зрабіць у краіне "Камісію па парадку"? Каб заходзілі ва ўсе хаты і правяралі. Лухта!!! Гэта асабістая справа кожнага. Жыццёвыя сітуацыі рознымі бываюць... Аксана Усунуць бы якой чыноўніцы шэсць дзяцей, пасяліць у вясковую хату. Агарод яшчэ б у дадатак. І няхай адна з гэтым усім спраўляецца, пакуль муж на ўсю гэту чараду спрабуе грошай зарабіць. Пэўна, сядзела б і раўла як бялуга, проста не разумеючы, як з усім гэтым справіцца. А не пыхкала б: "Няхай прыбяруцца, мамашка ж у дэкрэтным адпачынку". Я таксама была ў дэкрэтным адпачынку. Сядзела ўсяго з двума, ды ў горадзе, ды з зарплатай мужа трохі больш за мільён. Нават калі два дзіцяці ў хаце — гэта часта непарадак. Пакуль прыбіраеш ды мыеш, малыя разносяць хату. Малодшая проста бярэ і ўсё высыпае пад ногі — гуляецца. Потым лезе ў шафу за адзеннем — прыбіраецца. І колькі ні прасі быць акуратным дзіця 1,5 гадоў, не прабівае. Пакуль у адным куце прыбярэшся — яна ўжо ў другім разбівае поле для гульняў. А тое, што ў мамы шасцярых бракуе часу на ўборку — гэта не злачынства і не нагода запалохваць чалавека. Мільён на васьмярых — "высокі прыбытак"? Ды гэта ж каб пракарміцца, які агарод трэба ўтрымліваць. 300 мяхоў бульбы! Вось няхай інспектар гэтулькі перацягае, а потым яшчэ знойдзе сілу на прыборку. "Наша дзейнасць скіравана на аказанне дапамогі", — кажа камісія. Якой дапамогі? Прыйсці, паразмаўляць, панаязджаць, прысарамаціць? Ды потым яшчэ па ўсякіх радах прафілактыкі цягаць? Выдатная дапамога шматдзетным! Сама У мяне заўсёды ўзнікала ўстойлівае пачуццё недаверу да шматдзетных сем'яў. Нараджаюць шэсць, восем, дзесяць дзяцей, а потым думаюць, што з імі рабіць і як іх карміць. Не чыноўнікі ў нас дрэнныя — такія вось матулі і татулі бесталковыя. Алег Уладзіміравіч Учора мая паўтарагадовая дачушка ела слівы... Хадзіла па хаце і ела, кідаючы на падлогу ўсё, што ёй падавалася лішнім і нясмачным... Спачатку я прыбірала за ёй, потым кінула дурное, любавалася на добры апетыт, які апошнім часам рэдкасць. Пасля такой вячэры падлога была, як нямытая талерка. А ў святле раніцы падлога здавалася нямытай, без перабольшвання, некалькі месяцаў. Памыла я яе, дарэчы, толькі наступным вечарам, бо былі больш важныя, НА МОЙ ПОГЛЯД, справы. Таму калі б з раніцы да нас завітала ТАКАЯ КАМІСІЯ, я, хутчэй за ўсё, была б абвінавачаная ў антысанітарыі... А ў мяне ТОЛЬКІ АДНО ДЗІЦЯ, і ніхто мяне не лічыць дрэннай гаспадыняй і тым больш маці. Я гэта ўсё для чаго напісала. Плануем з мужам траіх дзяцей. А вось пачытаўшы артыкул і каментарыі, задумалася: гэта ж атрымаецца шматдзетная сям'я, якую будуць "КАНТРАЛЯВАЦЬ" такія вось камісіі... Дык каму гэта патрэбна... А з нашымі чыноўнікамі ад адукацыі мне даводзілася працаваць... У каментарыях нехта пісаў пра "кругавую паруку" ў сям'і. Там, паверце, яна мацнейшая... Бо вельмі шмат лішніх людзей, і калі аднаго адштурхнуць, многія павывальваюцца (гэта я вобразна). Дзякуй аўтару за артыкул і тэму для роздуму. Таццяна Для мяне гэта жахліва, калі маці шасцярых дзяцей ставяць на кантроль! Гэта ж дзеці!!! Наўрад ці хто-небудзь знойдзе такую сям'ю, дзе ёсць малыя і дзе паўсюль чысціня, асабліва калі ўсе ездзілі на бульбу... І цяпер што рабіць ім? чакаць наступнага рэйду? Ці яшчэ чаго?! Кацярына Сітуацыя, калі меркаваць па тэксце, дваістая. Можа быць, і былі антысанітарныя ўмовы, а можа быць, камісія проста перастаралася і пудрыць мазгі? Можа быць, маці і хітруе — і дзецьмі мала займаюцца. Але ўсё ж непрыемна, што па нормах закона гэтая жанчына зараз стаіць нараўне з непрабуднымі п'янюгамі, гора-бацькамі. А факт, што ёй збіраліся ордэн даць, і зусім паказальны: адна камісія адчытвае другую — усё скончылася звычайнай валтузнёй чыноўнікаў. Ці, можа быць, ордэна няма і трэба было неяк выкруціцца? Тунцоў Я тут змог бы зрабіць выснову, мабыць, хіба што сам пабачыўшы тую хату. А так дзе ж тут разбярэшся, хто ў чым вінаваты. Антось Бастынец Добра, што ў нашай краіне забаронена вольнае нашэнне агнястрэльнай зброі..... Ад усяго гэтага трохі зашкальвае (ці гэта кроў маіх продкаў-шляхцічаў дае пра сябе знаць). У цэлым падпісваюся пад словамі Наталлі. А ад сябе дадам, што калі гэтыя чыноўнікі жадаюць дапамагаць шматдзетным, то хай дапамагаюць, а не ўказваюць. Яны не спыталі гэтую сям'ю, ці ўсяго ім хапае, ці досыць ім грошай, адзення, прадуктаў, рэчаў. Замест гэтага прыйшлі з праверкай, ці ўсё ў іх ёсць. Таварышы чыноўнікі (спадарамі іх назваць язык не паварочваецца), займайцеся, калі ласка, сем'ямі алкаголікаў. У нас такіх звышдастаткова. А калі прыйшлі ў сям'ю, дзе не п'юць і працуюць, а дзяцей натоўп, то трэба сам сабе пацешыцца, што хоць хтосьці ў гэтай краіне на цвярозую галаву пагадзіўся завесці шмат дзяцей, а ўголас прапанаваць ім дапамогу. Але... Што гэта я распінаюся. Усё адно, што аб сценку гарох. Назіральнік Па-мойму, асноўная праблема нашай дзяржавы ў тым, што часцяком усё робіцца павярхоўна. Ніхто не спрабуе ні ў чым разабрацца. І адзін аргумент "не ў тваю карысць" згуляе яшчэ 300 разоў супраць цябе. Так атрымалася і тут. Банальна, але факт — абставіны мацнейшыя за нас. Бацька працуе рупліва, яго жонка ўвесь час з дзецьмі. Дапамогі ім чакаць асабліва няма ад каго, таму даводзіцца абыходзіцца сваімі "дзіцячымі" сіламі. Тым больш ШТО Ў ГЭТЫМ НІЧОГА ДРЭННАГА НЯМА. Аднак калі цёткі і дзядзькі з пасведчаннямі зрабілі паспешлівыя высновы — значыць, сям'ю на ўлік сацыяльна небяспечных... Ужо калі людзям не вераць — маглі ў найбліжэйшага асяроддзя пацікавіцца, як жывуць дзеці. Не, прасцей павярхоўна. Ды і каго цяпер чужыя праблемы цікавяць?... Луна Не разумею, з-за чаго сыр-бор усчынілі. Калі болей "антысанітарныя" ўмовы не будуць паўтарацца, то сям'ю здымуць з уліку. Патрэбна ж чыноўнікам на штосьці жыць. Вось кагосьці ставяць, кагосьці здымаюць... Колазварот глупства ў прыродзе... Злая Апраўдваецца намеснік старшыні камісіі па справах няпоўнагадовых, што, маўляў, прадстаўляюцца, пасведчанні паказваюць... А маці ж пра ўлік даведалася толькі ў школе! Акт склалі, а бацькоў не азнаёмілі. Гэта нармальна? Ды што казаць, у кожнага з нас дома бывае беспарадак. Думаю, у намесніцы старшыні камісіі па справах няпоўнагадовых таксама бывае. Бывае, і прусы заводзяцца, і мошкі лётаюць, і пыл няма калі працерці, і адзенне дзеці з шафаў павыкідвалі. А тут, як на зло, камісія заяўляецца. І што ты ім дакажаш! Усе ж мы людзі. А вы адразу з актамі, улікамі... Таццяна сям'ю паставілі на кантроль — нічога страшнага ў гэтым няма. Тым больш, кантроль, а не ўлік. А можа, там насамрэч раней было вельмі брудна ў доме і дзеці жылі ў антысанітарыі. Мне такую сітуацыю ўявіць нескладана, сутыкаўся з такімі сем'ямі неаднаразова. І зразумела, што ўсе члены сям'і будуць бараніць адно аднаго. Бо не хочацца дзецям у прытулак. З мамай усё ж лепей у любым выпадку. Але кантроль патрэбны, такая служба апраўданая. Цікава іншае, што большасць людзей не ведае сваіх правоў. Гэтай камісіі можна і не адчыняць дзверы, яны не маюць права заходзіць у жытло без адмысловага ордэра. Тады пытанне да мамы: навошта пусціла камісію ў хату, калі ў цябе там было не прыбрана? А потым апраўдваешся перад імі. То прыбярыся спачатку, а потым пусці і камісію, і суседку, каб не сорамна было, што ў цябе вэрхал у доме. Зьміцер З гэтай лакальнай праблемы вынікае шмат глабальных, такіх праблем, якія датычыцца кожнага куточка краіны. Тое, што такія камісіі патрэбны — спрачацца не трэба, на жаль, пакуль шмат прыкладаў сапраўды страшных сем'яў. Дзецям трэба дапамагаць, але ў канкрэтнай сітуацыі ўзнікае чалавечы фактар. І што "антысанітарыя", а што "нармальна", вырашае заўсёды не паперка з правіламі, а гэтая цётачка з камісіі ці той жа міліцыянер. Цяжка сказаць, што ў гэтым выпадку было насамрэч, усё ж мы не бачым фотаздымкаў стану дому падчас наведвання яго камісіяй, але што дакладна трэба змяняць — павышаць выплаты на кожнае дзіця, тым больш, калі іх шасцёра! Калі б жанчыне хапала тых грошай, якія проста ПАВІННА выплачваць дзяржава штомесяц ёй, як сапраўднаму герою, яна б з радасцю прыбіралася хоць па 10 разоў на дзень. Яўген Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Артыкул пра сям'ю Амялюсік, надрукаваны ў нумары за 13 кастрычніка, выклікаў эмацыйную дыскусію на нашым сайце. Хтосьці лічыць вінаватымі ў сітуацыі чыноўнікаў,...
|
|