Фінансавы крызіс Радосу не перашкода. 21.by

Фінансавы крызіс Радосу не перашкода

02.11.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У курортнай Грэцыі па-ранейшаму ёсць усё!

На паездку на востраў Радос ніяк не паўплывалі грэчаскія забастоўкі. Хоць апошнім часам там пратэстуюць усе. Нават работнікі міністэрства культуры і турызму нядаўна забарыкадзіраваліся ў афінскім акропалі. Галоўную грэчаскую адметнасць турысты маглі хіба разглядаць здалёк. Улады не доўга мірыліся з такім станам справы, і паліцыя пачала штурм акропаля...

На Радосе пра забастоўкі мы чулі толькі ад нашых калег па міжнародным форуме спартыўных журналістаў, якім дабірацца на востраў давялося праз Афіны. Баставалі работнікі аэрапорта грэчаскай сталіцы. Праўда, забастоўка насіла фармальны характар. Гэта значыць, што пасажыраў хоць і з затрымкамі, але перавозілі. Аэрапорт Радоса, які носіць назву Дыагора Радоскага, прымаў турыстаў без затрымак і выдаваў багаж значна хутчэй, чым варшаўскі. Пасля беларускай восені і халоднага кандыцыянаванага паветра ў самалёце пяшчотны міжземнаморскі клімат ахутваў і саграваў прама падчас зыходу з трапу.

Калі ў Мінску з раніцы — -2, то на Радосе ў абед — +30. Хоць кастрычнік і лічыцца тут заканчэннем сезона, пляж усё роўна перапоўнены. Турысты самыя розныя — палякі, англічане, ізраільцяне, грэкі і, вядома, рускія. Бландзінкі, якія прагна падсмажваліся на пляжы да шакаладнага колеру ў любы час дня, калі не прыйдзеш, — гэта так па-руску. Рускіх было больш за ўсё, ці, магчыма, так здавалася, бо яны самыя прыкметныя і шумныя. Ніхто так гучна не абмяркоўваў свае справы на пляжы, не размаўляў па тэлефоне на шэзлонгу побач з басейнам і не задаваў так шмат пытанняў навакольным, як прадстаўнікі нашай усходняй краіны-суседкі. У рэстаране, дзе харчаваліся ўсе госці атэля, мужчына бесцырымонна адарваў мяне ад накладання ў талерку стравы: "Девушка, где вы взяли жареную картошку?" О, як быццам бы нікуды і не з'язджаў.

Суровыя твары нафтавікоў з Цюмені (мы адразу чамусьці так ахрысцілі некаторых нашых суседзяў) пад вечар мякчэлі пад уплывам алкаголю, і ўначы на дыскатэцы гэтыя мужчыны ладзілі такія скокі са сваімі бландзінкамі! Хоць, трэба прызнаць, збольшага "руссо туристо облико морале". Ну хіба яны, схільныя толькі да лёгкага намёку на эпатаж, маглі б стаць прычынай закрыцця дыскатэкі? Нават крыху перабраўшы з алкаголем, яны пакорна давалі сябе завесці сваім спадарожніцам адпачываць у нумар. У адрозненне ад неўтаймоўных англічан. П'яная англійская кампанія, дзяўчаты з якой падалі на роўным месцы, аднойчы да таго разышлася, што вырашыла выканаць на танцпляцоўцы стрыптыз. Хлопец заставаўся ў адных плаўках і спыняцца на гэтым не збіраўся, але падаспела ахова. Музыку выключылі, усіх з дыскатэкі папрасілі...

За год Радос, востраў з прыкладна 100 тысячамі жыхароў, наведвае каля 2 мільёнаў турыстаў. Хоць турызм забяспечвае ўсяго 20 адсоткаў ВУП Грэцыі, на востраве ён асноўная крыніца даходу насельніцтва. Радос мае выдатныя ўмовы для развіцця каля двух дзясяткаў алімпійскіх відаў спорту (і развівае іх) — нам дэманструюць выдатныя базы для падрыхтоўкі, некаторым з якіх наша сталіца можа пазайздросціць. Тым часам большасць алімпійскіх аб'ектаў, якія пабудавала Грэцыя да Алімпіяды-2004, дагэтуль прастойвае і не знайшла свайго прымянення пасля гульняў у Афінах. Увогуле на Алімпіяду Грэцыя выдаткавала ў 5 разоў больш сродкаў, чым планавалася першапачаткова. Толькі ў наваколлі Афінаў было высаджана каля двух мільёнаў дрэў, і да кожнага праведзеная сістэма арашэння, што зусім не танна.

Радос — чацвёрты па велічыні востраў Грэцыі, большая палова насельніцтва якога (каля 60 тысяч) жыве ў аднайменнай сталіцы. Самыя знакамітыя адметнасці — гістарычная частка сталіцы, а таксама старажытны горад Ліндас з другім па велічыні ў Грэцыі акропалем і так званая Даліна Матылькоў, куды з усёй Еўропы злятаюцца вельмі прыгожыя крэпавыя арлекіны. У сталіцу вострава, якая з'яўляецца яшчэ і галоўным портам Дадэканэскіх астравоў, у нас запланавана дзве паездкі. Адна з іх — начная з наведваннем казіно. Пры жаданні і наяўнасці пашпарта (без сведчання асобы ў такія ўстановы не пускаюць) можна было праверыць сваё шанцаванне. Я абрала прагулку па горадзе. Яго гістарычная частка нагадвае магутную крэпасць (у свой час менавіта такую ролю і выконваў гэты горад) з гатычнай архітэктурай. Яна ўключаная ЮНЭСКА ў спіс сусветнай культурнай спадчыны. Пра сучаснасць нагадваюць хіба што яхты — самыя разнастайныя (шыкоўныя і зусім простыя), прышвартаваныя па ўсім узбярэжжы. Сучасныя кварталы, якія з'яўляюцца жылой і адміністрацыйнай часткай Радоса, размешчаныя на поўначы сталіцы. Яшчэ адна адметнасць, пра якую ўсе чулі, — антычная статуя Калоса Радоскага, адно з семі цудаў свету. калісьці яна знаходзілася менавіта ў сучаснай сталіцы вострава. Разбураная падчас землятрусу, яна аднойчы была адноўленая, але праз нейкі час прыродная стыхія знішчыла яе паўторна. Згодна з легендай, яшчэ адно аднаўленне статуі пагражала тым, што востраў павінен быў цалкам пайсці пад ваду. У 2008-м, праўда, з'явіліся праекты аднаўлення Калоса Радоскага — у лазерным варыянце. На гэта патрабавалася 200 мільёнаў долараў, і нават нейкі нямецкі мільярдэр гатовы быў іх патраціць... Але дагэтуль на месцы нагі статуі стаіць усяго толькі калона з аленем наверсе.

Наша размова падчас прагулкі з маім спадарожнікам, адным са спонсараў Нацыянальнага алімпійскага камітэта Украіны Сашам ідзе па напрамку футбол-зборныя-Арцём Мілеўскі. Мы ўзгадваем нядаўні скандал у Кіеве на футбольным матчы Дынама-Кіеў — БАТЭ, калі наш былы суайчыннік, які адмовіўся выступаць за беларускую зборную, пакрыўдзіўся на футбалістаў БАТЭ спачатку на полі, потым у перапынку, калі запасны варатар барысаўскага клуба Гутар нешта яму сказаў... Саша расказвае, што нядаўна ў адным з начных клубаў футбаліст заказаў бутэльку шампанскага коштам у тысячу долараў. А потым выліў яе на дзяўчыну, якая мела неасцярожнасць чымсьці яму не спадабацца (ці наадварот, спадабацца). Гэты факт адразу знайшоў адлюстраванне ва ўкраінскай прэсе. Скандалы пра футбалістаў, у тым ліку і пра капітана кіеўскага "Дынама", у адрозненне ад нас, там справа звычайная.

У атэль нас падвозіць грэчаскі знаёмы Майк, наш інструктар па пляжным валейболе, футболе і баскетболе, і па дарозе мы параўноўваем асаблівасці адпачынку ў Турцыі і Грэцыі. Высвятляецца, што ўсё вельмі падобнае — і гатэлі, і кухня, і пляжы. Праўда, у Грэцыі стаўленне да турыстаў больш прыязнае. Нашы высновы пацвярджае і Майк, які раней працаваў трэнерам па гандболе моладзевай зборнай Турцыі і пакінуў сваю працу з-за стаўлення туркаў да іншаземцаў. "Адносіны да іншаземцаў і ўсяго замежнага ў Турцыі іншыя, чым у еўрапейскіх краінах. А пра адпачынак у нас яны так і кажуць: "А што там рабіць, у той Грэцыі?"

Ехаць трэба хаця б дзеля таго, каб скласці ўласнае меркаванне, дзе лепш. Тое, што ў Грэцыі цябе не чакае падвоху пры набыцці сувеніраў — дакладна. У Турцыі гандляр спачатку глядзіць на руку кліента: ці няма на ёй бранзалета атэля, які азначае "усё ўключана". Наяўнасць бранзалета, а значыць, і больш высокая плацежаздольнасць патэнцыяльнага пакупніка аўтаматычна падымае цану любога тавару ўдвая. На Радосе кошт фіксаваны (часта тавар прамаркіраваны), і ён не ўзрастае ад бранзалета на руцэ. Цэны на сувеніры тым часам даволі высокія. Дакладней, такія, што, перавёўшы кошт на нашы грошы, набываць нічога не хочацца — у нас яно будзе каштаваць не даражэй, дакладна. Упадабаны мной спачатку сярэбраны пярсцёнак за 30 еўра, а гэта каля 120 тысяч, быў усё ж забракаваны, бо ў Мінску за такія грошы можна знайсці і прыгажэйшы. Тое ж самае і з касметыкай. Большасць грэчаскай касметыкі з утрыманнем жамерынаў аліваў — выдатны сувенір блізкім і сяброўкам. Крэм для цела — 9 еўра (прыкладна 36 тысяч) — кошт, як мне падаецца, сувенірны, які зусім не адпавядае прынцыпу "цана=якасць".

Хоць жыхароў Еўрасаюза такія цэны ніколькі не бянтэжаць. Сярэдні заробак у той жа Грэцыі — 800 еўра, у той час як арэнда жылля — у раёне 600. Урачы і юрысты (гэта разам з вайскоўцамі найбольш прэстыжныя там спецыяльнасці) атрымліваюць крыху больш — урач-пачатковец зарабляе ад тысячы еўра. Прадстаўнікі нашых суседніх краін таксама нярэдка ўладкоўваюцца на сезонныя працы ў турыстычнай сферы. Нават без ведання англійскай мовы можна працаваць пакаёўкай, афіцыянтам, барменам... Праўда, у пяцізоркавых атэлях веданне мовы пераважна патрабуюць. Калі пакаёўкі нашага атэля былі пераважна з мясцовых (і размаўляць з кожнай другой з іх на англійскай было бессэнсоўна), то афіцыянткі, аніматары і іншы персанал прадстаўлялі розныя краіны свету і выдатна разумелі англійскую. А некаторыя — нават і рускую. Бармен Наталля, якая не першы сезон працуе ў гэтым атэлі, расказала, што гэта ў канцы сезона з рускамоўнага персаналу амаль нікога не засталося, а ў сярэдзіне тут і расійскіх турыстаў, і тых, хто іх абслугоўваў, было нашмат больш. Дарэчы, амаль цалкам рускамоўны персанал застаўся ў СПА-цэнтры атэля, бо паслугі яго найбольшай папулярнасцю карысталіся ў расійскіх прыгажунь. Вось цэны на некаторыя СПА-працэдуры: серыя 25-хвіліннага масажу — 305 еўра, 55-хвіліннага — 600, нарошчванне пазногцяў — 60 еўра, манікюр — 30 еўра.

Футра на Радосе — асобная тэма. Другая наша паездка ў сталіцу вострава пачалася са знаёмства з гандлёвым агентам, якая бесцырымонна спыніла нас, пачуўшы рускую мову. Мы згубілі 5 хвілін з гадзіны, адведзенай на пакупкі, каб даведацца, што агент — полька па нацыянальнасці, але больш за дзесяць гадоў жыве ў Грэцыі і што "ўсяго за тысячу еўра ў нас можа быць выдатнае футра". За тысячу еўра ў нас можа быць норкавы кажушок і Віцебскай футранай фабрыкі, і для гэтага не трэба ехаць на Радос. Але мой муж — не нафтавік з Цюмені, на жаль, і тысячу еўра на футра мне не выдаткаваў. А рускія ўсё роўна едуць у Грэцыю ў тым ліку і па футры. І на гэтым многія іх суайчыннікі робяць свой бізнэс. Кожны дзень на пляжы да рускамоўных адпачываючых падыходзіў ветлівы хлопец, які называўся гандлёвым агентам і прапаноўваў азнаёміцца з асартыментам... Футры паўсюль — у буціку ў холе нашага атэля, побач з магазінчыкам, што побач з атэлем, але па разумных цэнах трэба пашукаць, зразумела, не там.

Гандаль сувенірамі ў гістарычнай частцы сталіцы Радоса, як і ў Ліндасе, наладжаны выдатна. Цэлыя вуліцы — яны, дарэчы, уяўляюць сумесь візантыйскага, маўрытанскага, сярэднявечнага і элінскага стылю (і чамусьці нагадвалі мне эпізоды са старой савецкай камедыі "Брыльянтавая рука", дзе заблукалі Сямён Сямёнавіч і Казадоеў, асабліва прымушала мяне нервавацца сцэна з памыямі, якія ляцелі ў адчыненыя дзверы проста на вуліцу) — запоўнены сувенірнымі крамамі. Праўда, ледзь не палова тавару — кітайскай вытворчасці. Скажам, крамы з дзіцячымі цацкамі па асартыменце ніяк не адрозніваюцца ад гандлёвых пунктаў на нашых рынках. Нават набыць нічога не ўдалося, бо большасць танных забавак у маёй дачкі ўжо ёсць, ды і навошта везці з Грэцыі кітайскую цацку? Сувенір для дачкі я ў рэшце рэшт купіла — прыстойнага мяккага мядзведзя за 16 еўра ў аэрапорце Радоса ў магазіне "д'юці фры". Праўда, уважліва разгледзеўшы, знайшла надпіс "Mаdе іn Сhіnа".

Нягледзячы на старажытнасць забудовы гэтых вуліц Радоса, складвалася ўражанне, што на верхніх паверхах жывуць самі гаспадары сувенірных крам і тавернаў. Хоць за сценамі і агароджамі мала што можна разгледзець. У памяці засталіся разваліны старога дома, якія я разгледзела за плотам, так за шмат гадоў нікім і не прыбраныя. Яшчэ ў Радосе я бачыла адзіны дом, двор якога ўпрыгожвалі кветкі. У астатнім, што здзіўляла па дарозе з Радоса ў Ліндас, якая складае 50 кіламетраў, — адсутнасць побач з дамамі хоць якой-небудзь нядзікай расліннасці. З нашай страсцю да агародаў так нязвыкла не бачыць побач з дамамі кветак... Адзінае, што нагадвала пра тое, што дом жыве — наяўнасць побач з ім старога, як правіла, аўтамабіля. Не ведаю чаму, але старыя непатрэбныя аўтамабілі са спушчанымі коламі кідаюць там побач з дарогай, нягледзячы на наяўнасць аўтамабільных звалак...

Адпачываць у Грэцыі можна, нягледзячы на фінансавы крызіс, праўда, лепш у пяцізоркавым гатэлі, дзе прыдрацца, праўда, таксама ёсць да чаго (напрыклад, пасцельная бялізна з дзіркамі — маленькімі і бачнымі, калі ўважліва прыгледзецца, але тым не менш), але збольшага ўсё задавальняе. І чысты пляж, і мяккі міжземнаморскі клімат (адпачываць тут можна ледзь не круглы год, 10 месяцаў дакладна, прычым купацца нельга толькі падчас зімовых штормаў, а зімой тут у сярэднім +18) і выдатная кухня — з выбарам супоў, гарніраў, рыбы, вялікай колькасці салатаў з гародніны і свежай садавіны — ад кавуноў і персікаў да яблыкаў і сліў. І, зразумела, напоі, напрыклад, грэчаская гарэлка "ўзо" з лёдам, пасля якой навучыцца танчыць сіртакі — зусім не праблема.

Алена АЎЧЫННІКАВА.

Мінск—Варшава—Радос.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У курортнай Грэцыі па-ранейшаму ёсць усё! На паездку на востраў Радос ніяк не паўплывалі грэчаскія забастоўкі. Хоць апошнім часам там пратэстуюць усе. Нават...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика