Заказалі боты, атрымалі... тапкі. 21.by

Заказалі боты, атрымалі... тапкі

06.11.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Будаўнічы бум у прыватнай гісторыі інвестара элітнай аднапакаёўкі

Больш чым два гады, як сужэнцы Годэры жывуць ва ўтульнай аднапакаёвай кватэры па вуліцы Пляханава ў цэнтры Гомеля. Іх таварыства ўласнікаў нездарма мае назву "Элітны". Чаго яшчэ жадаць, калі маналітны дом (а звонку — быццам толькі яго частка, адзін пад'езд на 34 кватэры, пры гэтым першапачаткова па дакументах будавалася 36) знаходзіцца з аднаго боку ў пяці хвілінах ад прыпынку, з другога — столькі ж да паркавай зоны і ракі Сож. Акрамя таго — месца ціхае, транспарт не перашкаджае.

 

Пашанцавала?

Пенсіянеры, урачы па адукацыі, так не лічаць. Бо на працягу невялікага тэрміну, як яны засяліліся ў гэты дом, ідзе вялікая вайна, у якую ўцягнутыя самыя розныя сілы. Прайшло ўжо некалькі судоў, але гэта не канец справы. А справа ў тым, што мелі яны неасцярожнасць заключыць у снежні 2006 года дагавор аб долевым будаўніцтве жылля з УКП "Упраўленне капітальнага будаўніцтва Гомельскага гарвыканкама". Як і яшчэ 33 грамадзяніны, сярод якіх, між іншым, кіруючыя асобы вядомых у абласным цэнтры прадпрыемстваў і арганізацый. Магчыма, тым, хто толькі марыць пра прыстойнае жыллё, гісторыя ўзаемаадносін з будаўнікамі і чыноўнікамі будзе карыснай  

Яўген Годэр паказвае, якім першапачаткова быў прыямак.

.Склеп у кватэры

Глупства, вы скажаце. А Яўген Годэр убачыў менавіта яго непасрэдна ў сваёй аднапакаёвай кватэры на першым паверсе. Больш таго, гэты склеп плошчай 3,25 метра квадратных быў спачатку ўключаны ў агульную плошчу кватэры. Вядучы інжынер жыллёва-інвестыцыйнага аддзела УКП "Упраўленне капітальнага будаўніцтва Гомельскага гарвыканкама" Ганна Пятрэнка ўжо ў абласным судзе адзначыла, што гэта было памылкай, якую прызналі, аднак толькі пасля пераабмераў кватэры спецыялістамі "Гомельскага агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры". Пра што ў вялікім архіве Годэраў ёсць адпаведная даведка: "плошча гарышчаў, склепаў і падполля ў агульную плошчу кватэры не ўключаецца". Між іншым, у дагаворы на будаўніцтва пра склеп — ні слова. І дадатковага пагаднення таксама не было. Атрымліваецца, што спецыялісты УКБ не ведалі пастановы Камітэта па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 27.07.2004 года №39? А ўзнік склеп, гавораць ва ўпраўленні капітальнага будаўніцтва, згодна з праектам. Праект — святое: парушаць яго ніяк нельга. Чаму ж інвестар, будучы жыхар дома даведаўся пра такі "падарунак" толькі пры засяленні, застаецца тайнай. Дарэчы, некаторыя карыстаюцца склепам і дагэтуль. Годэрам прыйшлося яго засыпаць. І прычына для таго была.

Пакой для веніка і анучы

Згодна з тым жа дагаворам, будаваў Яўген Максавіч сабе кватэру плошчай 51,6 кв. м. А атрымаў — 48,3. Якім чынам у яго знікла больш за 3 метры? Аказваецца, такое магчыма было зрабіць на агульным сходзе будучых ўласнікаў жылля, якія прагаласавалі за тое, каб стварыць службовы пакойчык для гаспадарчых патрэб. Для веніка і анучы. За кошт адной з кватэр. У нашым выпадку, кватэры Яўгена Максавіча з жонкай Азай Пятроўнай. Што і было зроблена. І пра што ён даведаўся толькі тады, калі зразумеў, што яго прыватная ўласнасць чымсьці адрозніваецца ад тых, што над ім. Планіроўкай. У ванным пакоі Годэраў цяпер — вялізнае акно. У гэтай кватэры ўнітаз павінен быў знаходзіцца якраз там, дзе зараз службовае памяшканне. У тых, хто жыве вышэй — планіроўка іншая: згодна з праектам.

— Змяненне праектна-каштарыснай дакументацыі праводзілася без пагаднення са мной, — адзначае Яўген Годэр. — Я пра гэта нічога не ведаў. Нам не далі магчымасці наведваць будоўлю. Таму я не ведаў, дзе мая кватэра і як яна выглядае.

Атрымліваецца, калі склеп пабудаваць — праект змяняць нельга, а калі пакой для анучы — можна?

Такая методыка...

Вядома, чалавек — такая істота, якая прыстасоўваецца да ўсяго. Вось і сужэнцы Годэры змаглі за ўласныя сродкі перабудаваць кватэру так, што яна не здаецца недарэчнай. Пры гэтым яны вымушаныя былі пазбавіцца ад лоджыі і таго ж склепа — усе перабудовы ўзгаднілі па законе. Але ж "дзякуючы" адрэзаным тром метрам у іх знікла памяшканне, якое ў такіх кватэрах з павышанай камфортнасцю мае назву "гардэробнай".

Між іншым, пасля грошы ім вярнулі — 1 млн 159 тысяч 152 рублі. Як кампенсацыю за "адрэзаныя" 3,3 квадратнага метра ў элітным доме. На судзе вядучы інжынер жыллёва-івестыцыйнага аддзела УКП "Упраўленне капітальнага будаўніцтва Гомельскага гарвыканкама" Ганна Пятрэнка растлумачыла, чаму менавіта такая сума была кампенсавана:

— Згодна з методыкай, якая дзейнічае, кошт метра квадратнага вызначаецца зыходзячы з фактычных затрат па доме — прапарцыянальна на плошчу кожнай кватэры. Узяты кошт дома, падзелены на плошчу дома ў цэлым і памножаны на плошчу 48,3 м кв. Пры заключэнні дагавора плошча стаяла 51,6 кв.м. Паводле дакументацыі, якая прайшла экспертызу, плошча была 51,6 кв.м. Па заканчэнні будаўніцтва РУП "Гомельскае агенцтва па дзяржрэгістрацыі і зямельным кадастры" зрабіла абмер плошчы кватэры і плошчы таго склепу, які спачатку быў уключаны. Яны, як я думаю, законна выключылі з плошчы кватэры склеп.

Рэкамендальны каэфіцыент

Яўген Максавіч рэзонна разлічваў, што кватэра на першым паверсе каштуе менш, чым на іншых. І думаў, што ў такой сітуацыі пры ацэнцы яго памяшкання будзе прыменены паніжаючы каэфіцыент. Аднак тут у кожнага свая логіка. У Яўгена Годэра яна такая:

— Па ацэнцы нерухомасці кватэра на першым паверсе заўсёды каштуе на 3-4 тысячы ўмоўных адзінак менш.

У спецыялістаў УКБ логіка іншая:

— Што датычыцца паніжаючага каэфіцыента, гэты пункт носіць рэкамендальны характар, а не абавязковы, — адзначае Ганна Пятрэнка. — Каб прымяніць такія нормы, патрэбна згода інвестараў на пачатковай стадыі. А мы, калі пачыналі будаваць долевы дом, не мелі ўсіх інвестараў. Ісцец уступіў у будаўніцтва, калі дом пачаў ужо будавацца. Увогуле пры масавым будаўніцтве мы гэты каэфіцыент не прымяняем. Звычайна гэты каэфіцыент прымяняюць забудоўшчыкі, якія будуюць адзін дом. Ім гэта выгадна, каб рэалізаваць усе кватэры — каб на верхніх і ніжніх паверхах кватэры былі таннейшыя. Для нас гэта ўскладняе разлікі, а на тэхнічныя характарыстыкі кватэр не ўплывае. У нас такія долевыя дамы, якія будуюцца за асабістыя сродкі, — адзінкавыя. Асноўная колькасць таго, што будуем, — пры дзяржпадтрымцы.

Гэты пункт прыняць да ўвагі павінны і тыя, хто будуе льготнае жыллё. Калі вам "пашчасціла" атрымаць кватэру на першым ці апошнім паверсе, вы за яе заплаціце ў рэшце рэшт столькі ж, колькі і іншыя з аналагічнымі льготамі. А вось калі праз колькі год будзеце сваю ўласнасць прадаваць, то зробіце гэта значна танней за іншых. Таму што зараз цяжка эканамістам УКП "Упраўленне капітальнага будаўніцтва Гомельскага гарвыканкама" рабіць асобныя разлікі для жыхароў першага і апошняга паверхаў.

Былі і іншыя падставы, каб думаць, што кампенсацыя за "адрэзаныя" метры будзе большай. Не спраўдзілася.

І прыямак у прыдачу

Каб чытач уявіў, што такое "прыямак", лепш паглядзець на здымак. Пакуль не ўбачыла, ніяк не магла зразумець. У афіцыйным адказе з таго ж УКП гэтае прыстасаванне з вонкавага боку дома звязанае з выкананнем правілаў пажарнай бяспекі для жылых памяшканняў. Каб Годэрам жыццё яшчэ больш не здавалася малінай, гэты самы прыямак аказаўся якраз пад акном іх жылога пакоя. І першапачатковая яго вышыня была такой, як паказвае Яўген Максавіч. Вельмі зручна ўсім, каму няма чаго рабіць, у акно да іх заглядваць. Яшчэ падлеткі вельмі палюбілі гэтае месца — і прысесці-прылегчы зручна, і смецце ёсць куды кідаць. А пенсіянеры Годэры "атрымлівалі асалоду" ад зносін з моладдзю. Элітны дом — нічога не скажаш! Вялікімі намаганнямі вышыня гэтага збудавання значна зменшылася, але ж да гэтага часу работы з прыямкам не закончаныя.

Нерухомыя пазіцыі?

Свае пакуты спадары Годэры звязваюць з асобай пенсіянера Уладзіміра Паўлавіча Нікіфарава, які ў дакументах спачатку быў прадстаўлены як "старшыня таварыства ўласнікаў", а потым як "старшыня праўлення таварыства ўласнікаў забудоўшчыкаў "Элітны". Яны лічаць, што на гэтую пасаду ён быў абраны незаконна, і цяпер аспрэчваюць гэта ў судзе. Застаюцца ў іх і іншыя цікавыя пытанні. Напрыклад, такое: чаму вялікая частка кватэр у элітным доме дагэтуль не заселена жыхарамі? Або жывуць у іх зусім не тыя людзі, хто лічыцца дольшчыкамі? Годэры агучваюць сваю версію:

— Элітныя кватэры будаваліся тымі, у каго на той момант былі грошы, якія трэба было тэрмінова ўкласці ў нерухомасць — каб потым перапрадаць. Але ж калі пачаўся крызіс, рабіць гэта стала нявыгадна. Вось і чакаюць яны лепшых часоў. Што датычыцца нашай кватэры, мы заказвалі боты, а атрымалі тапкі...

Цяпер сужэнцы Годэры аказаліся ўцягнутымі ў шматлікія судовыя разбіральніцтвы. У тым ліку — па абароне свайго гонару. Адно шкада — ў заблытаных судовых справах і пошуку доказаў сваёй невінаватасці праходзіць жыццё...

Ірына АСТАШКЕВІЧ. Фота аўтара.

 
Теги: Гомель
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Будаўнічы бум у прыватнай гісторыі інвестара элітнай аднапакаёўкі Больш чым два гады, як сужэнцы Годэры жывуць ва ўтульнай аднапакаёвай кватэры па вуліцы...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика