Алімпійская чэмпіёнка і маладая мама Аксана Мянькова:«Паспрабавала кідаць молат. Трэнер сказаў, што атрымліваецца лепш, чым да цяжарнасці»
10.11.2010
—
Новости Общества
|
Алімпійская чэмпіёнка Пекіна ў кіданні молата Аксана Мянькова гэтай восенню стала матуляй. 24 верасня ў яе нарадзілася дачка Арына. Зараз, калі дзяўчынцы больш за месяц і ў Аксаны з'явіўся нейкі бацькоўскі стаж, мы павіншавалі яе з прыемнымі падзеямі і распыталі, як змянілася жыццё алімпійскай чэмпіёнкі. — Аксана, дачка атрымала імя ў спадчыну ад кагосьці з блізкіх? — Не. Мы загадзя вырашылі, што, калі будзе хлопчык, назавём яго Арсеній, калі дзяўчынка — Арына. Мне падабаюцца гэтыя імёны, і мужу таксама. — Узгадайце самы прыемны момант, калі ўпершыню ўбачылі немаўля. — Калі мне яе ўпершыню прынеслі, у мяне адразу навярнуліся слёзы. Мне рабілі кесарава сячэнне, і я, здаецца, цэлую вечнасць чакала, пакуль мяне адпусцяць з рэанімацыі. Вельмі цяжка: ты чакаеш, чакаеш... Ну і калі ўбачыла нарэшце, то расплакалася. — У якім раддоме з'явілася на свет Арына? — У Лаўсанаўскай бальніцы, у Магілёве. — Да вас ставіліся як да "зорнай" пацыенткі? — Ну, зразумела, што ўсе ведалі, — прозвішча ж не схаваеш. Праўда, там, здаецца, да ўсіх матуль адносіны выдатныя. Я ніколі не чула, каб на кагосьці крычалі: "Ідзіце, не перашкаджайце, мамаша!" — Звычайна ўрачы трымаюць у тонусе будучых мам, асабліва, калі справа датычыцца лішняй вагі... — Мне толькі сказалі, што я крыху перабрала вагу. Падчас цяжарнасці я набрала 26 кілаграмаў. Шчыра кажучы, не думала, што так хутка аднаўлюся і скіну лішняе. Увогуле здавалася, што скінуць гэта нерэальна. Але зараз засталося ўсяго пару кілаграмаў. — Чаго больш за ўсё баяліся падчас цяжарнасці? — Зразумела, родаў, як і большасць будучых мам. Здавалася, што я не вытрымаю. Калі мне сказалі, што будзе аперацыя, мне адразу стала лягчэй. — Вы ўжо змірыліся з тым фактам, што праца мамы — гэта 24 гадзіны ў суткі, без перапынкаў і выхадных? — Ведаеце, мне вельмі дапамагае мой муж. Я ўжо трэніруюся, і мне не даводзіцца 24 гадзіны ў суткі сядзець дома. Ноччу да Арыны ўстае муж, у мяне ёсць магчымасць выспацца. Што датычыцца бабуль, то мы папрасілі ў першы ж дзень іх не турбавацца. І адна, і другая бабуля ўзялі адпачынкі на працы, і пачалося... Мы з Алегам папрасілі іх ехаць дадому і вырашылі, што пакуль паспрабуем спраўляцца самастойна. — Што цяжэй: трэніравацца ці быць мамай? — Напэўна, быць мамай. Адказнасць непараўнальная. — Дачка больш падобная на вас ці на мужа? — Яна мяняецца: калі спачатку была больш падобная на мужа, то зараз ні я, ні Алег не знаходзім у ёй нічога свайго. Але нам кажуць, што ўсё наперадзе. — Пасля Алімпіяды вы атрымалі кватэру ў Мінску, але вырашылі застацца жыць у Магілёве? — Па-першае, я так прызвычаілася жыць у Магілёве. Па-другое, тут у нас выдатная база "Алімпіец", дзе нам пабудавалі сучасны сектар для штурханняў. — Раскажыце гісторыю з "падманутымі дольшчыкамі", якімі вы ледзь не сталі. — Патрапалі нам нервы нядрэнна. Наш дом павінны былі здаць яшчэ ў 2008 годзе, але яго дагэтуль яшчэ будуюць. Не ведаю, што там можна будаваць столькі часу? Дом аднапад'ездны на 27 кватэр! Тым больш на тыя сродкі, якія бралі з нас кожны месяц. Не ведаю, куды яны іх укладвалі і зараз укладваюць. Выйсці з гэтага будаўніцтва нам удалося толькі падключыўшы ўсіх, каго можна было: і Міністэрства спорту, і губернатара... Мне так шкада тых людзей, якія будуюць два гэтыя дамы, бо забраць назад свае сродкі вельмі цяжка. У выніку толькі за два дні да таго, як нарадзілася Арына, мы перасяліліся з інтэрната ў кватэру, якую набылі, забраўшы, нарэшце, сродкі з гэтага долевага будаўніцтва. — Абставіць мэбляй новае жыллё паспелі? — Разам з Алегам набывалі мэблю і абстаўлялі яшчэ да нараджэння Арыны. Залу абставіць пакуль не паспелі. Я не веру ў прыкметы, і мы з Алегам загадзя набылі ўсё для Арыны: і каляску, і ложачак, і балдахін, і адзенне. Так што яе пакой быў цалкам гатовы і атрымаўся самым прыгожым. — Вы казалі, што пачалі трэніравацца... — Так, прычым сёння я ўпершыню пасля перапынку паспрабавала кідаць молат. Трэнер сказаў, што атрымліваецца нават лепш, чым да цяжарнасці. Так што ўсё пайшло на карысць. — Гэты год вы плануеце прысвяціць толькі трэніроўкам і аднаўленню? — Хто ведае? Магчыма, удасца падрыхтавацца і выступіць і на сёлетнім чэмпіянаце свету. Алена АЎЧЫННІКАВА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Алімпійская чэмпіёнка Пекіна ў кіданні молата Аксана Мянькова гэтай восенню стала матуляй. 24 верасня ў яе нарадзілася дачка Арына. Зараз, калі дзяўчынцы больш за...
|
|