Цяжкая лёгкая прамысловасць. 21.by

Цяжкая лёгкая прамысловасць

13.11.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Камітэт дзяржаўнага кантролю разгледзеў, наколькі эфектыўна канцэрн "Беллегпрам" выкарыстоўвае дзяржаўныя грошы

Лёгкая прамысловасць Беларусі стваралася ў сярэдзіне мінулага стагоддзя. Вялізныя прадпрыемствы былі разлічаны на эканоміку Савецкага Саюза і яго сыравінную базу. Таму з развалам першага і стратай другога многія прадпрыемствы апынуліся ў вельмі цяжкім стане. У постсавецкі час большасць з іх выжывала за кошт арэнды сваіх залішніх цяпер плошчаў і перапрацоўцы давальніцкай сыравіны. Гэта не давала магчымасці для развіцця, абсталяванне зношвалася і старэла. У 2006 годзе знос актыўнай часткі асноўных фондаў канцэрна "Беллегпрам" складаў 86 працэнтаў. Прадукцыя губляла свае пазіцыі на рынках. За апошнія 10 гадоў толькі на ўнутраным рынку аб'ёмы продажу "Беллегпрама" скараціліся ўдвая.

Але два гады таму ў лёгкай прамысловасці нашай краіны пачаліся некаторыя перамены да лепшага. Арганізацыям "Беллегпрама" была аказана дзяржаўная падтрымка на суму больш за 384 млрд рублёў, у тым ліку 120 млрд на незваротнай аснове. Акрамя таго, 43 арганізацыям былі выдаткаваныя льготныя крэдыты на агульную суму 504 млрд рублёў. Аднак гэтая дапамога была дадзеная на пэўных умовах, выкананнем якіх Дзяржаўны кантроль застаўся незадаволены.

— Мы тут сабраліся не для таго, каб некага адчытаць альбо пакараць, — падкрэсліваў на калегіі, прысвечанай вынікам праверкі канцэрна "Беллегпрам" старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Зянон ЛОМАЦЬ. — Мы сабраліся, каб дапамагчы. Наша задача — выслухаць усіх, ад каго залежыць поспех галіны, і падказаць, што і дзе яшчэ не зроблена альбо робіцца не так.

Прэтэнзіі да канцэрна датычацца невыканання паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця, высокага сабекошту прадукцыі, нізкай эфектыўнасці працы шэрагу прадпрыемстваў, марудных тэмпаў тэхнічнага пераўзбраення і ліквідацыі складскіх запасаў і адсутнасці ўкаранення навуковых распрацовак, на якія таксама былі выдаткаваныя значныя дзяржаўныя грошы.

— ТАА "Дываны Брэста", якому была аказана дзяржаўная падтрымка на суму 102 млрд рублёў, летась мела чыстыя страты ў памеры 8 млрд рублёў, — дакладаў вынікі праверкі начальнік галоўнага ўпраўлення Камітэта дзяржкантролю Віталій ДЗЕРАХ. — "Баранавіцкае баваўнянае аб'яднанне" атрымала 75 млрд рублёў падтрымкі, аднак за 8 месяцаў 2010 года прадпрыемствам не выкананы ніводны з даведзеных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця. Сёння прадпрыемства не мае нават сродкаў для закупкі бавоўны. Пратэрмінованая запазычанасць складае 1,2 млн долараў. ТАА "Камволь", атрымаўшы больш за 10 млрд рублёў падтрымкі, летась мела 9 млрд страт. ТАА "Віцебскі камбінат шаўковых тканін" на 5 месяцаў пазней за агавораныя тэрміны ўвёў у эксплуатацыю турэцкае абсталяванне і на 8 месяцаў пазней — нямецкае, што не проста тармозіць далейшую мадэрнізацыю, але і выклікае дадатковыя выдаткі па вяртанні крэдытаў. Да ліпеня гэтага года арганізацыямі канцэрна не былі выкарыстаныя амаль 30 працэнтаў льготных крэдытаў на мадэрнізацыю вытворчасці. Замест запланаванага зніжэння выдаткаў на вытворчасць прадукцыі, арганізацыі канцэрна летась свае выдаткі павялічылі. Не ўдалося вырашыць і пытанне са складскімі запасамі. На складах прадпрыемстваў на пачатак кастрычніка знаходзілася гатовая прадукцыя на суму амаль у 400 млрд рублёў.

Кіраўніцтва канцэрна пагадзілася, што крытыка Дзяржкантролю цалкам справядлівая, але многія хібы ў развіцці галіны выкараніць за два гады немагчыма. Ёсць і аб'ектыўныя прычыны невыканання ўмоў дзяржпадтрымкі. Напрыклад, імклівы рост кошту на бавоўну.

— Калі ў жніўні 2009 года бавоўну можна было купіць па цане 1100 долараў за тону, у студзені цана была ўжо 1700, то сёння — 3700, — тлумачыў прычыны цяжкага становішча на Баранавіцкім вытворчым баваўняным аб'яднанні старшыня канцэрна Генадзь ВЫРКО. — Запасы на складах "Беллегпрама" маюць сезонны характар. Яны абумоўленыя неабходнасцю накаплення асартыменту адзення да адпаведнага сезона. На швейных, абутковых, трыкатажных прадпрыемствах гэтыя запасы значна ніжэйшыя за нарматывы. Перавышаны нарматывы ў Аршанскага льнокамбіната, запасы якога накопліваліся апошнія 5 гадоў — выконваліся заданні па аб'ёме вытворчасці, але разам з тым выраблялася неліквідная прадукцыя.

Неліквідная прадукцыя Аршанскага льнокамбіната — гэта тканіны, якія выпрацаваныя з льновалакна нізкіх нумароў, больш грубыя і тоўстыя. Акрамя таго, Аршанскі льнокамбінат доўгі час працаваў на паўфабрыкат і пастаўляў прадукцыю на знешнія рынкі, у тым ліку ў Турцыю, дзе адбывалася яе канчатковая апрацоўка і рэалізацыя. У апошнія гады структура рынку змянілася: сёння больш запатрабаваныя тонкія тканіны, для якіх патрабуецца новае валакно.

Тэкстыльная галіна ў Беларусі характарызуецца тым, што выпрацоўка ў натуральным выражэнні на аднаго працоўнага тут у 3-4 разы менш, чым у свеце. Гэта вызначаецца наяўнасцю і якасцю сыравіны і ступенню сучаснасці абсталявання. Апошняя фабрыка Аршанскага льнокамбіната была пабудаваная ў 1947 годзе, з таго часу і да канца 2008 года тэхнічны парк практычна не абнаўляўся. Сёння там мадэрнізаванае абсталяванне па вытворчасці змешаных тканін (з розных відаў валакна), але гэтага, лічыць кіраўніцтва канцэрна, цалкам недастаткова. Таму "Беллегпрам" прапануе карэнную мадэрнізацыю Аршанскага льнокамбіната, якая дазволіць павысіць прадукцыйнасць працы ў 2,5 раза і адпаведным чынам — заробак.

Дзякуючы падтрымцы дзяржавы "Брэсцкія дываны" ўсталёўваюць сёння новыя станкі, і ўся новая прадукцыя гэтага прадпрыемства рэалізуецца. На складах пакуль застаюцца шарсцяныя і паўшарсцяныя вырабы мінулых гадоў, попыт на якія сёння, на жаль, рэзка знізіўся.

За апошні год чысты прыбытак прадпрыемстваў "Беллегпрама" вырас. Летась канцэрн паставіў на экспарт прадукцыю ў Расію, Італію, Германію, афрыканскія краіны.

Распрацаваны план развіцця галіны да 2015 года, які прадугледжвае ўкладанне 2,5 трл рублёў у мадэрнізацыю вытворчасці. У выніку працэнт зносу актыўнай часткі асноўных фондаў будзе зніжаны да 45 (сёння ён складае больш за 60 працэнтаў).

— Як паказвае сусветная практыка, гэта дастатковы ўзровень для таго, каб нармальна працаваць, — запэўніў намеснік старшыні канцэрна "Беллегпрам" Уладзімір АСТРОЎСКІ. — У першую чаргу будзе абнаўляцца наша тэкстыльная галіна, бо гэта — валаўтвараючыя і найбольш капіталаёмістыя прадпрыемствы, і сыравінная база. Аддзелачныя лініі на іх каштуюць да 1,5 млн еўра.

Кіраўніцтва канцэрна падкрэслівае, што цяпер на прадпрыемствах карэнным чынам змяніліся адносіны да вытворчасці. Лёгкая прамысловасць, нарэшце, працуе на пакупніка, а не на павелічэнне аб'ёмаў любой цаной. Пацвярджэннем таму з'яўляецца прадукцыя такіх вядомых брэндаў, як "Элема", "Мілавіца", "Світанак", "Эліз", "Галантэя" і іншых.

Другая праграма, якую ажыццяўляе "Беллегпрам", — па імпартазамяшчэнні. Дзякуючы новаму тэхналагічнаму абсталяванню ў нас у бліжэйшы час павінны з'явіцца ўласная льняная і баваўняная кашульная і касцюмная тканіны (да гэтага былі толькі пасцельная і сталовая). Ужо сёння Аршанскі льнокамбінат распрацоўвае новую тканіну пад "джынс", з якой можна будзе пашыць экалагічнае і практычнае адзенне, што вельмі актуальна, напрыклад, для школьнікаў.

Сёлета канцэрну ўдалося на 38 працэнтаў павялічыць пастаўкі абутку на ўнутраны рынак. Да 2015 года вытворчасць айчыннага абутку павінна вырасці амаль ў 2 разы. На гэта накіраваныя інвестыцыйныя праекты, якія ажыццяўляюць мінскае аб'яднанне "Прамень" і гарбарныя прадпрыемствы.

Сёння канцэрн імпартуе 50 працэнтаў баваўнянай пражы — гэта больш тонкая пража, якая дагэтуль у Беларусі не выраблялася і попыт на якую расце. Менавіта такую пражу дзякуючы новым станкам хутка будуць выпускаць і беларускія фабрыкі.

Прадукцыя прадпрыемстваў "Беллегпрама" дастаткова якасная і канкурэнтназдольная па цане, ёй не хапае толькі добрай рэкламы, лічыць кіраўніцтва канцэрна. Недастаткова рэкламуюць сябе такія вартыя ўвагі спажыўца прадпрыемствы, як "Камінтэрн", "Знамя індустрыялізацыі" і іншыя. А між тым спецыялісты ведаюць, што на віцебскім прадпрыемстве шыюць лепшыя мужчынскія паліто і курткі, якія карыстаюцца попытам у Францыі.

Сёння канцэрнам створана ўласная тавараправодная сетка. Толькі ў Беларусі прадпрыемствы канцэрна маюць 243 фірменныя крамы. "Элема" праз такія прадае да 60 працэнтаў аб'ёмаў вытворчасці, "Світанак", "Брэсцкі панчошны камбінат" — да 35 працэнтаў. Добры вынік тут дае кааперацыя, калі ў фірменных магазінах можна купіць вырабы не толькі аднаго прадпрыемства, але і іншых. Напрыклад, паліто пад касцюм і капялюш пад паліто. На жаль, набыць гандлёвыя плошчы ў прэстыжных раёнах сталіцы і іншых гарадах краіны вельмі складана, скардзяцца ў канцэрне. Нават пры ўсіх ільготах і прэферэнцыях на гэта патрабуецца не менш як год, не кажучы пра значныя фінансавыя выдаткі. Аднак тыя прадпрыемствы, якія пашыраюць сваю тавараправодную сетку, атрымліваюць і аддачу.

На калегіі дзяржкантролю былі вызначаныя меры для вырашэння праблемных пытанняў з закупкай сыравіны, — у прыватнасці, бавоўны. Размова ішла пра стварэнне лагістычнага цэнтра ў Беларусі, які дазволіў бы не толькі забяспечваць нашы прадпрыемствы, але і прадпрыемствы іншых еўрапейскіх краін. Вырашана было прыняць меры па прадухіленні праблем з вырабам айчыннай віскознай ніткі. Разам з тым кіраўніцтва дзяржкантролю звярнула ўвагу на недастатковы кантроль з боку канцэрна над выкананнем умоў дзяржпадтрымкі прадпрыемствамі.

"Бярыце ўладу ў свае рукі і вырашайце ўсе пытанні, у тым ліку заканадаўчыя, "прырабіце ногі" да сваіх пастаноў, больш бывайце на прадпрыемствах, рэгулярна збірайце савет дырэктараў па якасці", — прагучалі рэкамендацыі Камітэта дзяржаўнага кантролю старшыні канцэрна напрыканцы калегіі. Вырашана было таксама штоквартальна праводзіць сумесныя нарады на розных прадпрыемствах "Беллегпрама".

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Камітэт дзяржаўнага кантролю разгледзеў, наколькі эфектыўна канцэрн "Беллегпрам" выкарыстоўвае дзяржаўныя грошы Лёгкая прамысловасць Беларусі стваралася...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика