"Асвятляць уначы асабістыя веснічкі можна за ўласны кошт"
16.11.2010
—
Новости Общества
|
Алена Васільеўна Корань з вёскі Берлеж Пухавіцкага раёна звярталася ў "Звязду" дагэтуль ужо неаднойчы. На гэты раз яе пытанне датычылася вулічнага асвятлення: чаму побач з яе домам не ўстановяць ліхтар? Маўляў, на ўсю невялікую вуліцу дзейнічае толькі два ліхтары — у пачатку і ў канцы, прычым, адзін гарыць увесь час, а другі чамусьці адключаецца пасля апоўначы. Мы спрабавалі патлумачыць, што тут дзейнічаюць пэўныя сацыяльныя стандарты на ўстаноўку ліхтароў (чытачка ж сама прызнавала, што вуліца — невялікая, і па ёй не праходзіць ажыўленая аўтатраса). Вядома, адключаюць ліхтары дзеля эканоміі, а калі адзін з іх не гасне, магчыма, штосьці здарылася з рэле. Аднак нават пасля нашай парады звярнуцца ў сельскі Савет заяўніца засталася незадаволенай, хоць ёй там, наколькі стала зразумелым, патлумачылі тое ж самае. "А мы што — не людзі?", — працягвала ў чарговы раз даводзіць нам заяўніца. Цяпер ужо рэдакцыя была вымушана патэлефанаваць у Блужскі сельскі Савет. Як і чакалася, пачулі відавочнае: вуліца малая, ліхтары ўстаноўленыя ў яе пачатку і ў канцы, адзін з іх гарыць пастаянна толькі на ўездзе. Каля кожнага дома (а ўслед за заяўніцай тое ж пытанне могуць задаць і яе суседзі) паставіць слупы з лямпачкамі нерэальна. — Аднак, калі ў чалавека існуе нейкая свая прычына асвятляць асабісты двор, гаспадарчыя пабудовы на ім або веснічкі з вуліцы, калі ласка — ёсць цалкам законная прапанова электрасетак для такіх грамадзян. Гэта калі ад асабістага лічыльніка выводзіцца лямпачка на двор, — заўважылі ў сельскім Савеце. — Гарэць па жаданні чалавека яна можа хоць кругласутачна, аднак — за кошт домаўладальніка. Тарыф па аплаце спажытай электраэнергіі дзейнічае ў гэтым выпадку звычайны, як і пры аплаце за асвятленне ў самім доме. Мы прапануем такі варыянт людзям, якія незадаволеныя тым, што побач з іх домам няма ліхтароў. Аднак, як паказвае практыка, калі грамадзяне даведваюцца, што электрычнасць давядзецца аплачваць са сваёй кішэні, ахвотных пайсці на такі крок не знаходзіцца. Сяргей РАСОЛЬКА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Алена Васільеўна Корань з вёскі Берлеж Пухавіцкага раёна звярталася ў "Звязду" дагэтуль ужо неаднойчы. На гэты раз яе пытанне датычылася вулічнага...
|
|