Аляксей Тарбін: "Сумы кантрактаў хакеістаў адпавядаюць вынікам, і гэта радуе"
17.11.2010
—
Новости Общества
|
Кіраўніцтва мінскага хакейнага "Дынама" расказала, за што штрафуюць гульцоў Пакуль у Кантынентальнай хакейнай лізе працягваецца 10-дзённы перапынак, у нашым "Дынама" не стамляюцца падводзіць вынікі выступлення клуба на стартавым адрэзку, які ўключаў 25 матчаў. І сапраўды, клубнаму кіраўніцтву ёсць чым ганарыцца: упершыню за тры сезоны ў КХЛ мінскае "Дынама" не праваліла пачатак сезона і мае пакуль выдатныя шанцы на плэй-оф. Акрамя таго, пакуль абышлося і без гучных трэнерскіх адставак — Марэк Сікора на сваім месцы, і ацэнку (у тым ліку і яго працы) даў в.а. генеральнага дырэктара клуба Аляксей Тарбін. — Трэнерскі штаб дастойна робіць сваю працу. Усе нашы дамовы Марэк Сікора выконвае. А тое, што была ў "Дынама" серыя паражэнняў, то тут мы разумеем, што ў хакеі здараецца ўсякае. "Махаць шашкай" у той момант — нават думкі такой не было ў нас, — даў ацэнку Аляксей Тарбін. Сталічнае "Дынама" — клуб, які напалову складаецца з легіянераў. Аляксей Тарбін расказаў, якія бытавыя пытанні прыходзіцца вырашаць, каб дагадзіць прыезджым хакеістам. — Ёзэф Штумпэл прывёз у Мінск сваю сям'ю. У яго трое дзяцей. Усіх нам давялося ўладкоўваць у школу. Роберт Эш плануе прывезці сям'ю, бо, паводле яго асабістых назіранняў, у Мінску, у адрозненні ад Масквы і Піцера, на вуліцах шмат дзяцей. З сям'ёй тут плануе жыць і Петр Сікора. Мы задавальняем усе пажаданні хакеістаў, — расказаў в.а. генеральнага дырэктара. Петр Сікора будзе адзіным новым легіянерам, як пацвердзіў Аляксей Тарбін: — Мы хацелі б узмацніцца беларускімі гульцамі. Пакуль нікога з легіянераў набываць не збіраемся. Калі набываць, мы павінны падумаць, каго яны заменяць. Мы задаволеныя тым, што запрасілі Петра Сікору. Прызнаюся, спачатку, мы не былі ўпэўненыя ў яго выніковасці, былі сумненні наконт траўмы. Але Петр паабяцаў, што, калі адбудзецца рэцыдыў траўмы, ён сам пакіне клуб. Яшчэ ён абяцаў шмат забіваць і зарабляць шмат ачкоў... Раскрываць суму кантракта з чэшскім нападаючым кіраўніцтва "Дынама" не стала. У НХЛ, у "Мінесоце", дзе яшчэ летась выступаў Петр Сікора, яго зарплата складала 1,6 мільёна долараў. Але будзем мець рацыю, калі выкажам меркаванне, што "Дынама" наўрад ці прапанавала 33-гадоваму чэху столькі ж. Аляксей Тарбін адзначыў, што ніякіх прэтэнзій да легіянераў па неапраўдана высокіх заробках у яго няма: — Тыя, на каго мы разлічвалі і ў каго адпаведна большая сума кантракта, больш выкладваюцца і маюць лепшыя вынікі. Сумы кантрактаў адпавядаюць вынікам, і гэта радуе. Дарэчы, балельшчыкі "Дынама" ўбачаць Петра Сікору ўжо ў бліжэйшых гульнях: — У матчы з чалябінскім "Трактарам" хакеіст хутчэй за ўсё выйдзе на лёд. Марэк Сікора на трэніроўках ставіць яго ў звяно з Платам. І Плату, што цікава, гэта надае дадатковы імпульс і ўпэўненасць, — падзяліўся Аляксей Тарбін. Кантракт з Петрам Сікорай разлічаны на 3 гады, але гэты тэрмін можа быць скарочаны. Яшчэ адзін вядомы хакеіст, які ў хуткім часе, магчыма, з'явіцца ў "Дынама", — беларус Міхаіл Стэфановіч, які зараз выступае за "Таронта". — Мы дамовіліся з "Таронта" пра ўмовы. Яны даюць нам Міхаіла на правах арэнды. Але пакуль мы ўзялі паўзу. У два бліжэйшыя тыдні канчатковае рашэнне будзе прынята. Як расказаў Аляксей Тарбін, гульцоў "Дынама" не толькі заахвочваюць фінансава. Хакеіст можа быць і пакараны. — Штрафы — адзін са спосабаў дысцыплінарнага ўплыву. За неапраўданае выдаленне, напрыклад. Але калі ў наступнай гульні хакеіст выправіўся і каманда атрымала вынік, мы адмяняем штраф. І гэта дзейнічае! Гулец таксама можа быць пакараны за адмову ад медыцынскага агляду, за невыкананне патрабаванняў трэнера і яшчэ некаторыя парушэнні. А вось за адмову салігорскага "Шахцёра" прымаць хакеістаў, якія "сасланыя" ў фарм-клуб, дамова з гэтым клубам была скасаваная. Замест "Шахцёра" фармам стала мінскае "Юнацтва": — Канфлікту ў нас не было з "Шахцёрам". Была дамова, у адпаведнасці з якой мы маглі камандзіраваць гульца ў фарм-клуб. Але "Шахцёр" сказаў, што ім гэта нявыгадна і не патрэбна. Дамову скасавалі па абаюднай згодзе. Кантракты з Дзямковым і Развадоўскім скасаваныя па той прычыне, што яны гуляюць за "Шахцёр", прыносяць яму ачкі. А бюджэт мінскага "Дынама" разлічаны толькі на заработную плату гульцоў гэтай каманды. "Юнацтва" не супраць, каб мы да іх гульцоў адпраўлялі. Качаткова накіравалі, Окса будзе там гуляць. "Юнацтва" ідзе нам насустрач, яны далі нам на прагляд гульцоў — Шэлега, Бараўкова. Шэлега мы падпісалі, за Бараўковым пакуль назіраем, — расказаў Аляксей Тарбін. Напрыканцы в.а генеральнага дырэктара падвёў вынік: — Я задаволены, што ў камандзе нармальная атмасфера, што яна вытрымала ўдары, адным з якіх быў выезд у Бабруйск. Гульцы адэкватна аднесліся да няўдач. Прыемна, што павялічылася наведвальнасць на "Мінск-Арэне", туды сталі прыходзіць дзеці, жанчыны. Я задаволены, што на выездзе каманду суправаджае каля сотні балельшчыкаў. Прыемна, што ў камандзе прагрэсуюць беларускія хакеісты, а галоўны трэнер знаходзіць да іх падыход і верыць у іх. Алена АЎЧЫННІКАВА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Кіраўніцтва мінскага хакейнага "Дынама" расказала, за што штрафуюць гульцоў Пакуль у Кантынентальнай хакейнай лізе працягваецца 10-дзённы перапынак, у нашым...
|
|