"Мы не стаялі на месцы". 21.by

"Мы не стаялі на месцы"

30.11.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Да Усебеларускага сходу

Больш за 300 прапаноў для сацыяльнай сферы вылучылі ў Магілёўскай вобласці пры абмеркаванні праграмы развіцця на наступную пяцігодку

27 лістапада ў Магілёве адбыўся абласны сход дэлегатаў ІV Усебеларускага народнага сходу. Ад Магілёўскай вобласці ва Усебеларускім сходзе будуць браць удзел 350 дэлегатаў. Усе яны, у залежнасці ад сферы дзейнасці, падзяліліся ў мінулую суботу на секцыі, і ў кожнай з іх удзельнікі абмеркавалі праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця, падвялі вынікі за мінулыя гады і вылучылі свае прапановы на будучае.

Дэлегаты, якія прадстаўлялі сацыяльную сферу і грамадскія арганізацыі, прыйшлі да высновы, што адбылося павышэнне якасці жыцця людзей. Гэтаму ёсць канкрэтныя доказы: напрыклад, больш чым на год павялічылася ў сярэднім працягласць жыцця людзей, дзіцячая смяротнасць панізілася да ўзроўню еўрапейскай, павялічылася нараджальнасць. На гэта перш за ўсё звярнулі ўвагу медыкі.

Загадчык рэанімацыйна-анестэзіялагічнага аддзялення Магілёўскай абласной бальніцы Аляксей Марачкаў адзначыў, што ў беларускай медыцыне цяпер ужываюцца самыя сучасныя тэхналогіі і апараты, дзе патрабуецца значная колькасць якасных расходных матэрыялаў. Звычайна яны каштуюць немалых грошай і закупляюцца ў замежжы за валюту. Таму магілёўскі медык прапанаваў супрацоўнічаць прадпрыемствам і навуковым установам у сферы вытворчасці расходных матэрыялаў для сферы аховы здароўя. Такое імпартазамяшчэнне, паводле слоў Аляксея Марачкава, дазволіць паменшыць выдаткі на медыцыну, дасць штуршок для развіцця айчыннай медыцынскай прамысловасці, створыць новыя працоўныя месцы для людзей.

У абмеркаванні выступоўцы адзначылі поспехі ў дзяржаўнай маладзёжнай палітыцы: больш за 8 тысяч маладых жыхароў Магілёўскай вобласці скарысталіся правам на атрыманне льготнага крэдыту для пабудовы жылля, а ўвогуле маладыя сем'і рэгіёна атрымалі ад дзяржавы фінансавую дапамогу на суму больш за 5 мільярдаў рублёў. Адна з праблем, на якую маладыя людзі прапануюць сёння звярнуць увагу, — гэта арганізацыя працаўладкавання студэнтаў і навучэнцаў у вольны час. Моладзь хоча зарабіць грошы ды прайсці школу жыцця ў працоўных калектывах.

Загадчык кафедры педагогікі Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. Куляшова і старшыня жаночага савета гэтай навучальнай установы Таццяна Старавойтава першым разам паедзе на Усебеларускі сход.

— Я вельмі хвалююся, гэта вялікая адказнасць, — шчыра сказала Таццяна Аляксееўна. — Таму што на сходзе давядзецца абмяркоўваць важныя пытанні, якія датычацца сістэмы адукацыі, маладзёжнай палітыкі, станаўлення сям'і.

Таццяна Старавойтава сказала з трыбуны абласнога сходу, што яна вельмі хоча, каб яе студэнты не проста атрымлівалі добрую педагагічную адукацыю, але каб яны яшчэ і мелі матывацыю працаваць, вучыць дзяцей.

— Настаўнік — гэта ад Бога, а ўсе астатнія прафесіі — ад настаўніка.Так няхай ідуць у школу пісьменныя настаўнікі, якія любяць дзяцей!

Намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка другім разам будзе браць удзел ва Усебеларускім сходзе.

— Мы ганарымся поспехамі, якіх дасягнулі за гэты час, — сказаў ён. — Мы не стаялі на месцы ні ў адной сферы. Працавала эканоміка, нягледзячы на ўсе цяжкасці на нашым шляху. І жыццё паказала, што праграмныя дакументы, якія былі прыняты на ІІІ Усебеларускім народным сходзе, былі вывераны дакладна, і мы дасягнулі пастаўленых паказчыкаў. Гэта дае ўпэўненасць, што новая максімальная планка ў праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця, якую мы будзем прымаць на ІV сходзе, будзе дасягнутая ў эканоміцы, і на гэтым трывалым базісе будзе пабудавана сацыяльная палітыка дзяржавы.

Валерый Малашка выступіў вядучым у секцыі, якая абмяркоўвала праблемы ў сацыяльнай сферы. Абмеркаванне пачалося ў працоўных калектывах і працягнулася ў канферэнц-зале Магілёўскага аблвыканкама. "Мы сёння акумулюем і сістэматызуем усе прапановы, і цяпер іх у нашым агульным спісе ўжо больш за 300", — паведаміў куратар сацыяльнай сферы вобласці.

— Я хачу пажадаць дэлегатам, каб усю палітру эмоцый і тую масу інфармацыі, якія яны атрымаюць на Усебеларускім сходзе, данесці ў свае рэгіёны і працоўныя калектывы, — сказаў Валерый Малашка. — Для таго, каб заразіць людзей аптымізмам і ўпэўненасцю. У гэтым залог нашых поспехаў, далейшых эканамічных перамог.

У пяцігодцы, якая цяпер завяршаецца, паводле папярэдніх звестак, тэмп росту прамысловасці ў Магілёўскай вобласці складзе больш за 180 %. У наступнай пяцігодцы асаблівую ўвагу абласныя ўлады будуць надаваць развіццю інавацыйных вытворчасцяў, выкарыстанню навукаёмістых тэхналогій. У прыватнасці, падрыхтаваны 32 інавацыйныя праекты з агульным аб'ёмам фінансавання больш за 800 мільярдаў рублёў.

Ілона Іванова.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Больш за 300 прапаноў для сацыяльнай сферы вылучылі ў Магілёўскай вобласці пры абмеркаванні праграмы развіцця на наступную пяцігодку 27 лістапада ў Магілёве...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика