Батарэі халодныя, а ў кватэры... цёпла. 21.by

Батарэі халодныя, а ў кватэры... цёпла

30.11.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Калі энергаэфектыўнае домабудаванне стане ў Беларусі не эксперыментам, а нормай?

Адзін з жыльцоў першага ў горадзе над Нёманам і другога ў рэспубліцы эксперыментальнага энергаэфектыўнага дома па вуліцы Дзяржынскага, 23 б нядаўна, калі ўключылі ацяпленне, запытаўся ў дырэктара інстытута "Гроднаграмадзянпраект" Уладзіміра Дзяшко: " Што здарылася? Чаму батарэі халодныя? Можа, яны запаветрыліся? Але тады чаму ж у кватэры цёпла?"

Ніякага збою ў сістэме цеплазабеспячэння няма, супакоіў жыльца Уладзімір Іосіфавіч. Батарэі, як прынята лічыць у падобных выпадках, не запаветрыліся, а былі, скажам так, адключаныя аўтаматыкай энергазберагальнай сістэмы, якая адказвае за падачу цяпла ў кватэру. У выніку цяпла паступае ні многа і ні мала, а менавіта столькі, колькі трэба для камфортнага пражывання. І пры гэтым гаспадары кватэры самі рэгулююць цеплавы рэжым у кожным з пакояў, ды і на кухні таксама. А значыць, рэальна ўплываюць на эканомію энергарэсурсаў, зацікаўленыя ў гэтым.

Але якім жа чынам у кватэры нармальная цеплавая сітуацыя пры халодных батарэях? Гэта мы патлумачым ніжэй. А цяпер адзначым, што такіх дамоў у Беларусі пакуль раз, два і ... Не проста мала — мізэр у маштабах краіны. І няўжо гэтага хопіць? Чаму энергаэфектыўнае домабудаванне, у адрозненне ад многіх еўрапейскіх краін, у нас так марудна прабівае сабе дарогу ў жыццё? Што патрабуецца для таго, каб дом па вуліцы Дзяржынскага быў у краіне не "экзотыкай", а нормай? І што рабіць з даўно існуючым, вельмі затратным па энергаспажыванні жылым фондам?

Свае меркаванні на гэты конт выказвае дырэктар інстытута "Гроднаграмадзянпраект" Уладзімір ДЗЯШКО.

Наша даведка

Энергаэфектыўным прынята лічыць дом, дзе аптымізаваныя ўсе энергетычныя працэсы. Эфект эканоміі цяпла ў такіх будынках дазваляе хутка акупіць затраты на прымяненне энергазберагальных тэхналогій. Найбольшых поспехаў у гэтай справе дасягнулі краіны Заходняй Еўропы і Скандынавіі, дзе ўжо пройдзены этап першапачатковых распрацовак, доследнай эксплуатацыі і вядзецца практычна масавае будаўніцтва такіх стандартных будынкаў. На рынку ўжо дастаткова матэрыялаў і кампанентаў інжынерных сістэм для ўзвядзення энергаэфектыўных дамоў, і па гэтай прычыне яны не надта даражэйшыя за звычайныя. Акрамя таго, у Даніі, Германіі, Фінляндыі і іншых еўрапейскіх краінах дзейнічаюць спецыяльныя мэтавыя дзяржаўныя праграмы па прывядзенні ўсіх аб'ектаў ранейшай забудовы да энергаэфектыўнага ўзроўню. Пры гэтым усяляк стымулююцца энергазберагальныя меры пры будаўніцтве і рэканструкцыі аб'ектаў.

У пяць-шэсць разоў менш

спажывае цеплавой энергіі ў параўнанні з асноўнай масай жылля ў рэспубліцы энергаэфектыўны дом па вуліцы Дзяржынскага, 23 б у Гродне. І прыкладна ў 2—2,5 раза менш, чым у сучаснай стандартнай забудове.

Ініцыятарам будаўніцтва гэтага 69-кватэрнага дома стаў інстытут "Гроднаграмадзянпраект". Прычым упершыню ў сваёй гісторыі інстытут, у сценах якога народжаныя дзясяткі праектаў жылых дамоў, прадпрыемстваў, школ і іншых аб'ектаў, узяў на сябе функцыі і генпраекціроўшчыка, і заказчыка, выступіўшы, па сутнасці, галоўным менеджарам у працэсе будаўніцтва — ад пачатку і да канца. Ды і жыльцы — гэта ў асноўным работнікі "Гроднаграмадзянпраекта", якія спасцігаюць новыя тэхналогіі домабудавання не толькі ў службовых кабінетах, але і ва ўласных кватэрах.

— Першы ў краіне энергазберагальны дом быў пабудаваны на вуліцы Прытыцкага ў Мінску. Мы многае там перанялі і ў цесным партнёрстве з рэспубліканскім прадпрыемствам "Інстытут НІПТІС імя Атаева" на чале з дырэктарам Уладзімірам Піліпенкам пайшлі далей, у кірунку яшчэ больш эфектыўнага цепласпажывання, — расказвае Уладзімір Дзяшко. — Тым больш што наш дом не з буйнапанэльных канструкцый, як у сталіцы, а з дробнаштучных сценавых матэрыялаў. Таму ў нас было больш магчымасцяў павялічыць тэрмічнае супраціўленне вонкавай сцяны будынка, што мы і зрабілі. Цепласпажыванне па доме, па нашых разліках, за першы год эксплуатацыі (дом здадзены летась у верасні) склала 39 кілават-гадзін на квадратны метр жылля. Такім чынам, тэарэтычныя распрацоўкі пацвердзіліся фактычным вынікам. Прычым трэба мець на ўвазе, што дом быў не зусім, як мы кажам, прасохлы і ўвесь мінулы асенне-зімовы перыяд доўжыліся "мокрыя" працэсы. Цяпер жа, пасля гадавой эксплуатацыі будынка, спякотнага лета вільготнасць у вонкавых сценах, ды і ва ўсіх загароджваючых канструкцыях стабілізавалася, і, спадзяёмся, гэтай зімой атрымаем яшчэ лепшыя вынікі. Разлічваем, што спажыванне цеплавой энергіі будзе ў межах 30 квт-г на квадратны метр у год. Гэта нават не сярэдні, а выдатны паказчык, на ўзроўні падобнага шматкватэрнага жылля ў Еўропе.

За кошт чаго "Гроднаграмадзянпраекту" гэтага ўдалося дасягнуць?

— Па-першае, у перыяд будаўніцтва прымянілі павышанае тэрмічнае супраціўленне агароджваючых канструкцый знадворных сцен, вокнаў, перакрыццяў, падвалаў, — тлумачыць Уладзімір Іосіфавіч. — Прычым дыферэнцыравана, каб цепласпажыванне не залежала ад выгаднага ці нявыгаднага размяшчэння кватэры — у тарцы альбо ўнутры дома, на верхнім ці ніжнім паверсе. Гэта фактар не толькі энергаэфектыўнасці, але і сацыяльнай справядлівасці, бо цяпер няважна, хто якое жэрабя перад засяленнем выцягнуў. Аплата за цяпло залежаць будзе не ад месцазнаходжання кватэры, а толькі ад плошчы.

Акрамя таго, у гэтым доме задзейнічалі рэкуперацыю. Менавіта рэкуператары "даюць адказ" на вышэйзгаданае пытанне аднаго з жыльцоў, чаму ў кватэры цёпла нават пры халодных батарэях.

Наша даведка

Рэкуператар — гэта механізм, які выконвае функцыю энергазберажэння. Дзякуючы яму халоднае паветра, якое падаецца ў памяшканне, награваецца за кошт цеплаабмену з адпрацаваным паветрам, якое адтуль выдаляецца.

— Рэкуперацыя дасць гадавую эканомію не менш за 30 кілават-гадзін на квадратны метр жылля, вяртаючы назад каля 80-85 працэнтаў цяпла, — зазначае Уладзімір Дзяшко. — Рэкуператары ўстаноўлены на лоджыі кожнай кватэры. Прычым сістэма рэкуперацыі зблакаваная з пакватэрным ацяпленнем. І ў выпадку, калі тэмпература ў кватэры павышаецца (дапусцім, тэмпература выдаляемага паветра складае 25 градусаў), аўтаматычна адключаецца сістэма ацяплення. І за справу падтрымання належнага цеплавога рэжыму бярэцца паветра, якое награецца пры дапамозе рэкуператара. Плюс сапраўдная асалода ад пастаянна свежага паветра, бо працуе механічная прымусовая вентыляцыя з яго фільтраваннем. Мала таго, устаноўленыя ў доме рэкуператары вельмі карысныя ў пераходны перыяд, калі ўжо халаднавата, аднак ацяпленне яшчэ не ўключана: ёсць паветраны электранагравальнік, які дазваляе падтрымліваць у кватэры камфортную тэмпературу.

А вось што думаюць на гэты конт самі жыхары, спецыялісты інстытута "Гроднаграмадзянпраект".

Валянціна САКАЛОВА, галоўны спецыяліст па электратэхніцы:

— Па месцы майго ранейшага пражывання, калі я 30 гадоў таму засялялася, снег ляжаў каля самага дома. А цяпер пры любых маразах снегу практычна няма: не толькі таму, што некалькі змяніўся клімат, але і па той прычыне, што нашы дамы больш за палову спажываемай энергіі губляюць у атмасферу. Іншая справа — у энергаэфектыўных будынках з сістэмай рэкуперацыі. Мая знаёмая летась устанавіла ў сваёй стаматалагічнай паліклініцы рэкуператар і да 15 снежня... не ўключала ацяпленне. І ў нашым доме карысць відавочная. Асабліва мне падабаецца, што ёсць магчымасць самім уплываць на мікраклімат у кватэры.

Павел ШАФРАНОВІЧ, інжынер-цеплатэхнік, старшыня жыллёва-будаўнічага кааператыва ў доме па вуліцы Дзяржынскага, 23 б:

— У многіх дамах, калі надыходзіць восень і запускаецца ацяпленне, адбываецца перагрэў сістэмы. Адпаведна, адчыняюцца форткі і цяпло вылятае на вуліцу. У нашым жа доме, па-першае, вельмі добра працуюць агульнадамавыя рэгулятары цяпла — перагрэву ўжо няма. А па-другое, у кожнага жыхара ёсць магчымасць рэгуляваць падачу цяпла ў сваю кватэру і трымаць тэмпературу, якую захоча. Сістэма ацяплення працуе надзейна, збояў пакуль не было.

Вось, дарэчы, вынік праведзенага намі тэсціравання ў адной з кватэр. Тэмпература на вуліцы ў той момант была плюс 6 градусаў, у кватэры — плюс 22. А паветра з вуліцы за кошт утылізацыі цяпла паступала ў кватэру з тэмпературай плюс 20. Такім чынам, пры звычайным праветрыванні, адчыняючы фортку, мы страчваем 16 градусаў цяпла, а ў нашым выпадку — толькі 2.

Алег ГРУШЭВІЧ, інжынер-праекціроўшчык:

— Вулічнае паветра не заўсёды падыходзіць для кватэры. Яно можа быць, як гэтым летам, занадта гарачым, альбо, калі зіма суровая, — вельмі халодным. А рэкуператар робіць паветра заўсёды аптымальным: пры высокай тэмпературы — ахалоджваецца, пры халодным надвор'і — можа награвацца. У любым выпадку паветра заўсёды камфортнае, свежае і няма патрэбы перыядычна адчыняць вокны. Акрамя таго, паколькі пастаянна працуе механічная вентыляцыя паветра, практычна выключана магчымасць кандэнсацыі вільгаці і з'яўлення цвілі на сценах, што сёння носіць масавы характар. Пры гэтым я ў сваёй кватэры рэгулюю падачу цяпла ў кожнае памяшканне. Напрыклад, у дзіцячым пакоі рэгулятар працуе на больш высокую тэмпературу, у кухні — на больш нізкую.

Максім ЗІНАВЕЦКІ, кіраўнік групы ў аддзеле геадэзіі:

— Цяпер для нашай сям'і, бадай, галоўны плюс — гэта заўсёды свежае паветра ў кватэры (колькі б людзей там ні знаходзілася), недахоп якога адчуваўся, калі жылі ў інтэрнаце. А значыць, рэкуперацыя працуе не толькі на эканомію энергарэсурсаў, але і на аздараўленне чалавека.

Вельмі станоўчыя ўражанні ад энергаэфектыўнага дома і ў першага намесніка старшыні Гродзенскага гарвыканкама Аляксандра ЦЫБУЛЬНІКАВА. Пры гэтым ёсць рэальныя магчымасці скараціць розніцу паміж коштам квадратнага метра ў такіх дамах і стандартных.

Трэба падтрымаць забудоўшчыкаў энергаэфектыўнага жылля

У мінулым годзе была прынята пастанова ўрада Беларусі аб будаўніцтве энергаэфектыўнага жылля. Аднак сур'ёзнасць гэтай праблемы, якая напрамую звязана не толькі з камфортным пражываннем канкрэтных людзей, але і з энергетычнай бяспекай краіны, на думку Уладзіміра Дзяшко, пакуль яшчэ ў нашым грамадстве не ўсвядомлена. Мы працягваем будаваць даволі затратныя ў энергетычным плане будынкі, хоць ужо ёсць вопыт не толькі Заходняй Еўропы, але і ўласны.

— Што трэба зрабіць, каб такія дамы, як на вуліцы Дзяржынскага ў Гродне, былі не спецыяльнымі, эксперыментальнымі, а сталі нормай, будаваліся ў масавым парадку? Патрэбен заказ, — лічыць Уладзімір Дзяшко. — Той скептычны настрой у дачыненні да энергаэфектыўнага домабудавання, які быў у некаторых спецыялістаў, у тым ліку будаўнічага профілю, і тых, хто працуе ў сістэме заказчыкаў, сёння ўжо, мабыць, сышоў на нуль. За год эксплуатацыі нашага дома жыльцы пераканаліся, што ўсё нармальна, энергазберагальнае абсталяванне працуе надзейна. І ўсе, ад каго залежыць развіццё гэтай справы на будаўнічым рынку, павінны пераканацца. Таму трэба даваць заказы праекціроўшчыкам. Вядома, такія дамы пакуль што трохі даражэйшыя. Рэкуперацыя на сённяшні дзень павялічвае кошт квадратнага метра жылля на 6-7 працэнтаў, альбо на 130 тысяч рублёў. І з-за гэтага ўсё тармозіцца.

Аднак у інстытуце "Гроднаграмадзянпраект" падлічылі, што за кошт зэканомленага цяпла (пры ўзроўні сусветных цэн на газ) гэтае ўдаражанне можна акупіць за 6-7 гадоў. І пры гэтым трэба памятаць, што да 80 працэнтаў (у залежнасці ад раёна) цяперашняга кошту цеплавой энергіі цяпловырабляючым прадпрыемствам датуецца дзяржавай.

— Дык, можа, трэба накіраваць гэтыя датацыі адразу ў выглядзе дапамогі на тую ж рэкуперацыю, а не спальваць лішняе паліва, не браць лішнія кубаметры газу ў Расіі, не перапампоўваць лішнія тоны вады па трубах? Ці, можа, варта скарыстацца вопытам Масквы, дзе для зацікаўленасці жыльцоў у будаўніцтве энергаэфектыўных дамоў іх на пяць гадоў вызваляюць ад аплаты камунальных паслуг? — разважае Уладзімір Дзяшко.

Даволі значны рэзерв скарачэння кошту энергаэфектыўных будынкаў — у кошце адпаведнага абсталявання.

— сённяшні дзень камплектуючыя і для рэкуператара, і для вузла кіравання сістэмай ацяплення ў асноўным імпартныя — Швецыя, Германія, Расія, Кітай, — зазначае Уладзімір Дзяшко. — Каб выканаць задачу будаўніцтва ў краіне 10 мільёнаў квадратных метраў жылля ў год, — а неабходна будаваць толькі ў энергаэфектыўным выкананні, — нам трэба будзе мець 100 — 120 тысяч рэкуператараў. І ў Беларусі дастаткова прадпрыемстваў, дзе можна асвоіць, паставіць на паток і іх масавую вытворчасць, і іншых камплектуючых. Тады энергазберагальнае абсталяванне будзе ў разы таннейшае, чым у нашым доме.

Пры сусветных цэнах на газ тэрмашуба будынкаў акупляецца за адзін — два гады

— Мы будуем каля 7 мільёнаў квадратных метраў жылля. А на абслугоўванні ў камунальшчыкаў цяпер больш за 100 мільёнаў квадратных метраў старога жыллёвага фонду, які пры сучасных падыходах да энергазберажэння не вытрымлівае ніякай крытыкі, — лічыць Уладзімір Дзяшко. — Маштабы гэтай праблемы мы ў інстытуце не бачылі, пакуль не набылі цеплавізар, з дапамогай якога мінулай зімой вывучылі сітуацыю са стратамі цяпла ў жылых дамах, пабудаваных за апошнія 50 гадоў. Вынік проста шакіруючы. У параўнанні з дамамі, пабудаванымі па нормах 2006 года, цепластраты праз сцяну ў старых цагляных будынках у чатыры разы большыя. А панэльныя дамы 116-й серыі страчваюць яшчэ больш. Гэта азначае страты 200 кілават-гадзін альбо 0,17 Гкал энергіі за ацяпляльны сезон праз адзін квадратны метр сцяны. Сапраўды, як кажуць у народзе, грэем вуліцу. І таму першачарговая задача — масава займацца цеплавой рэабілітацыяй усяго жылога фонду. І не толькі жылля, але і аб'ектаў аховы здароўя, дзіцячых садкоў, школ, бытавых карпусоў прамысловых прадпрыемстваў і іншых.

Згодна з разлікамі інстытута "Гроднаграмадзянпраект", тэрмашуба будынкаў у горадзе над Нёманам акупляецца за тры — пяць гадоў. Аднак калі ўлічыць сусветныя цэны на газ, то яна акупіцца ўжо за адзін-два гады! Такога жылля толькі ў Гродне 5 мільёнаў квадратных метраў, і шляхам іх цеплааховы можна зэканоміць да 450 тысяч Гкал энергіі, што раўнацэнна расходу 65 мільёнаў кубаметраў газу. Гэта, падкрэслім, толькі ў адным з абласных цэнтраў. А па краіне ў цэлым?

— У рамках падрыхтоўкі да Усебеларускага народнага сходу ўношу такую прапанову, — гаворыць Уладзімір Дзяшко. — Калі мы ўжо падышлі з новым жыллём да чаргі 2007 года, то ці не больш мэтазгодна спыніцца на дасягнутых тэмпах, а ўкладанні капіталу і ўсе намаганні накіраваць на цеплаабарону існуючага жылога фонду? І, разам з гэтым, другое пытанне: можа, датацыі насельніцтву і камунальным службам лепш накіроўваць зноў жа на ўцяпленне жылля? Бо тэрмін акупляльнасці атрымліваецца ніжэй за нарматыў у два-чатыры разы! Дарэчы, рэкуперацыю можна прымяніць і для старых будынкаў. Мяркую, там рэкуператары проста абавязковыя, асабліва калі праводзіцца капітальны рамонт дома.

Дарэчы, цеплаахова старых будынкаў можа быць таксама, як і будаўніцтва энергаэфектыўных будынкаў, больш таннай, лічыць Уладзімір Дзяшко:

— Пакуль мы выкарыстоўваем для вытворчасці пенапласту сыравіну расійскую альбо ўкраінскую, расходуем валюту. А навошта? Адзін кампанент можа быць выраблены на гродзенскім "Азоце", другі, са спальваемых адходаў вытворчасці — на магілёўскім прадпрыемстве "Хімвалакно". Аднак справа стаіць на месцы.

...Тым часам інжынерная служба інстытута "Гроднаграмадзян- праект" рыхтуецца да будаўніцтва другога энергаэфектыўнага дома — зноў жа ў якасці не толькі праекціроўшчыка, але і заказчыка. Ужо на 120 кватэр, прычым не толькі для сваіх супрацоўнікаў, але і іншых гараджан. Уладзімір Дзяшко не сумняваецца, што з улікам ужо набытага вопыту другі дом па пытаннях энергаэфектыўнасці пераўзыдзе першы. У прыватнасці, яшчэ больш удасканаляць канструкцыю сцен, каб мінімізаваць цеплавыя страты. Верагодна, задзейнічаюць і яшчэ больш эфектыўныя рэкуператары, ды і іншыя тэхнічныя рашэнні.

Хто, дзе, калі і ў якіх маштабах падтрымае гродзенцаў?

Уладзімір ЛОГАШ,

інжынер-будаўнік, у мінулым — загадчык аддзела будаўніцтва Гродзенскага абкама КПБ,

Барыс ПРАКОПЧЫК.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Калі энергаэфектыўнае домабудаванне стане ў Беларусі не эксперыментам, а нормай? Адзін з жыльцоў першага ў горадзе над Нёманам і другога ў рэспубліцы...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика