Паляванне на інвестыцыі. 21.by

Паляванне на інвестыцыі

30.11.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Як завабіць нямецкую лань у беларускую пушчу?

Гэта цікавае і дакладнае паляўнічае параўнанне інвестыцый з лясной ланню, якая палохаецца кожнага шоргату, я пачуў шмат гадоў таму ў Боне — тагачаснай сталіцы ФРГ. Тады, на другім годзе незалежнасці Беларусі, у Германію на чале з першым намеснікам прэм'ер-міністра Міхаілам Мясніковічам прыехала вялікая дэлегацыя прадстаўнікоў дзелавых колаў — амаль сотня чалавек. Гэта былі пераважна генеральныя дырэктары вядучых прадпрыемстваў, амаль усе кіраўнікі буйных камерцыйных банкаў, міністры і намеснікі міністраў. Былі і прадстаўнікі сярэдняга бізнэсу, але мала. Калі параўноўваць з сённяшнім днём, то дэлегацыя прыбыла не вельмі падрыхтаванай, нягледзячы на яе салідны склад. Бо досведу работы напрамую з замежнымі партнёрамі было мала. Ды і адкуль яму ўзяцца?

Я асвятляў гэтую паездку і добра памятаю, што перамовы вяліся ў асноўным у рэжыме запрашэння і агітацыі: давайце, укладвайце грошы ў нашу эканоміку, не пашкадуеце. А будзеце доўга думаць — спозніцеся, іншыя зоймуць ваша месца, казалі нашы прадстаўнікі. Немцы ўважліва і ветліва слухалі, задавалі канкрэтныя пытанні наконт будучых прыбыткаў, тое-сёе ўдакладнялі, але не спяшаліся з абвяшчэннем інвестыцыйнага наступу на Беларусь. Вось тады на заключным мерапрыемстве адзін сталы і паважаны ў нямецкім дзелавым асяроддзі бізнэсмен параўнаў інвестыцыі з ланню. Даў зразумець, што трэба шмат папрацаваць, каб іх прыцягнуць у краіну.

Пасля Беларускага інвестыцыйнага форуму ў Франкфурце-на-Майне тую паездку ўспрымаеш як яго своеасаблівую першую рэпетыцыю. Бо цяпер наша дэлегацыя прывезла на форум не адзін дзясятак складзеных і разлічаных строга ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі інвестыцыйных праектаў і прапаноў. За гады незалежнасці мы шмат чаму навучыліся, у тым ліку і ў нямецкіх партнёраў.

"Беларускі" немец Клаус Байер

Сярод тых, хто не адзін год спакваля, крок за крокам ускосна рыхтаваў глебу для форуму ў Франкфурце-на-Майне — "беларускі" немец Клаус Байер і яго сябры-суайчыннікі па германа-беларускім эканамічным клубе. Першыя часы гэта было грамадскае аб'яднанне па інтарэсах, цяпер гэта зарэгістраваны ў ФРГ саюз. Ён аб'ядноўвае 90 чалавек — у асноўным прадстаўнікоў вялікага бізнэсу Германіі, якія хто даўно, а хто нядаўна працуюць у нашай краіне.

У Беларусь Клаус Байер трапіў, можна сказаць, выпадкова. У Германіі быў аб'яўлены конкурс на пасаду дырэктара з нямецкага боку ў Мінскі міжнародны адукацыйны цэнтр, які сёння носіць імя прэзідэнта ФРГ Іаганеса Рау. Нагадаем, гэта сумеснае прадпрыемства Мінгарвыканкама і Дортмундскага адукацыйнага цэнтра. Прэтэндэнтаў на пасаду ў Мінск было нямала, але супыніліся на Байеры. Сярод яго пераваг было і тое, што ён родам з былой ГДР, там вывучаў рускую мову. Усходнія немцы, як вядома, блізкія да нас па менталітэце.

Там, у Ене, закончыў універсітэт. Меў вялікі досвед работы за мяжой, добра валодаў праблематыкай пераходу планавай сацыялістычнай эканомікі да рынкавай. Нават стварыў уласнае адукацыйнае прадпрыемства для ўсходніх немцаў — у Германіі веды таксама сфера бізнэсу. Ахвотнікаў вучыцца прадпрымальніцтву было шмат, і справы ў Байера ішлі добра. І як потым ён прызнаўся новым беларускім сябрам, яму няпроста далося рашэнне пераехаць у Мінск. Але гэтая прапанова вельмі зацікавіла Клауса, ён пагадзіўся. Гэта быў 1995 год.

А праз год немцы, якія знаходзіліся ў Беларусі ў доўгатэрміновай камандзіроўцы (пераважна прадстаўнікі слынных фірмаў і банкаў), прапанавалі яму ўзначаліць іх грамадскае і нефармальнае тады аб'яднанне, якое ўмоўна назвалі нямецкім эканамічным клубам. Ён ужо дзейнічаў каля двух гадоў, але з часам стала відавочна, што на чале яго патрэбны чалавек з наборам асаблівых вартасцяў і сувязямі ў калідорах улады Мінска. І зноў кандыдатура Байера аказалася падыходзячай. Чаму? На гэтае пытанне я папрасіў адказаць аднаго з тых, хто ведае Байера амаль з першых дзён яго знаходжання на нашай зямлі, — Віктара Балакірава, цяперашняга дырэктара Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра з беларускага боку.

— Па першае, гэта абаяльны і ветлівы чалавек, прыроджаны дыпламат, які здольны наладжваць кантакты з патрэбнымі для справы людзьмі, умее надалей падтрымліваць сувязі. Па-другое, ён высокаадукаваны спецыяліст, валодае, я сказаў бы, сучасным эканамічным мысленнем і чуццём, шырокім даляглядам, — гаворыць Віктар Фёдаравіч.

Кансультант урада

Гэтыя здольнасці Байера былі заўважаны і беларускім бокам, дакладней, супрацоўнікамі Савета Міністраў краіны. Клауса Байера як старшыню клуба запрасілі ў Кансультатыўны савет па замежных інвестыцыях пры ўрадзе. Крок, на першы погляд, даволі дзіўны, бо галоўнай мэтай клуба з'яўляецца абарона інтарэсаў нямецкіх прадпрыемстваў у Беларусі. Іх прадстаўнікі нярэдка сутыкаліся з чыноўніцкім непаразуменнем, незразумелай і абуральнай для заходніх бізнэсменаў валакітай. Гэта з аднаго боку. А з другога, абгрунтаваныя прэтэнзіі вядомых нямецкіх кампаній давалі падставу для перамен у працэсе стварэння лепшых умоў для інвестараў, ліквідацыі штучных бар'ераў. Ёсць прыклады, калі па ініцыятыве клуба прымаліся адпаведныя рашэнні.

— Мы ўжо шмат гадоў актыўна працуем у савеце, у прыватнасці, у рабочай групе па фарміраванні станоўчага эканамічнага іміджу Беларусі за мяжой. Дарэчы, сам факт існавання клуба ўжо рэклама для Беларусі. Для іншых інвестараў гэта прыклад таго, што ў вашай краіне можна працаваць, калі ў ёй ёсць такое аб'яднанне. Дзякуючы непасрэднаму дыялогу з вашым урадам мы можам у меру сваіх магчымасцяў садзейнічаць паляпшэнню інвестыцыйнага клімату, — гаворыць Клаус Байер. Натуральна, перш чым укласці многамільённыя інвестыцыі ў той ці іншы сегмент нашай эканомікі, уладальнікі вялікіх грошай абавязкова параяцца з тымі фірмамі, якія ўжо даўно працуюць у Беларусі. Будзьце ўпэўнены, тыя скажуць сваю праўду пра нас. І хацелася, каб гэта заўсёды была прыемная для нас інфармацыя.

— Калі нейкая паважаная замежная кампанія скажа, што ў яе няма праблем у Беларусі, бізнэс паспяхова развіваецца, то гэта будзе лепшай рэкламай вашай краіны для інвестараў, — кажа Клаус Байер. На яго думку, з часам падстаў для такіх слоў усё больш. За тыя 15 гадоў, што ён узначальвае клуб, многае ў заканадаўстве краіны, падатковай сістэме памянялася ў лепшы бок. Праўда, адбываецца гэта не так хутка, як хацелася б, але ўсё ж рух наперад ёсць. І гэта галоўнае. Напрыклад, ужо шмат законаў адаптаваны да міжнародных нормаў, прыведзены ў адпаведнасць з сусветнымі стандартамі. Значна менш стала бюракратычных перашкод. У гэтым заслуга ўрада, лічыць Клаус Байер. Ён успамінае, што раней уся працэдура рэгістрацыі была надзвычай складанай, цяпер яна істотна спрошчана. Сістэма падаткаабкладання была проста жахлівай, цяпер яна стала прасцей, хоць тут яшчэ ёсць над чым працаваць. Значна паменела відаў дзейнасці, якія неабходна было ліцэнзаваць.

— Куды менш стала масавых праверак. Бо быў час, калі амаль штодзень з'яўляліся на парозе ўсё новыя кантралёры. У гэтыя станоўчыя змены ёсць і наш сціплы ўнёсак, — гаворыць Клаус Байер.

Клуб — даніна традыцыям

Для дасягнення пэўных мэт аб'ядноўвацца ў саюзы, у тым ліку і эканамічнага кірунку — даўняя нямецкая традыцыя, карані якой у сярэднявеччы. З тых часоў набыты вялікі досвед дзейнасці саюзаў самага рознага характару. У традыцыях нямецкай эканомікі ствараць свае саюзы і за мяжой. Таму клуб у Мінску — і даніна традыцыям, і надзённая справа сённяшняга дня. У 1994 годзе ідэю яго стварэння падтрымалі прадстаўнікі кампаніі БААСФ, Комерцбанка, Люфтганзы, Цэйса, іншых сусветнавядомых фірмаў.

Асноўны інтарэс членаў клубаў просты і зразумелы для беларускіх уладаў: іншаземцы хочуць працаваць у спрыяльных умовах. Што можа зрабіць і робіць клуб? Для ўсведамлення і асэнсавання глыбіні пэўнай праблемы яго члены збіраюцца на штомесячныя сходы. Яны праводзяцца без фармальнасцяў, у форме клубных вечарын. Галоўнае — якасны ўзровень абмеркавання. Гэтыя пасяджэнні праходзяць у адкрытым рэжыме — на іх рэгулярна запрашаюцца прадстаўнікі беларускіх ведамстваў і арганізацый. Пры гэтым выбар тэмы чарговай сустрэчы падказваюць члены клуба.

Сёлета бадай аднадушна яны прапанавалі грунтоўна абмеркаваць такую перспектыўную на будучыню тэму, як бізнэс ва ўмовах Мытнага саюза. На той сустрэчы ў маі выступаў як асноўны дакладчык першы намеснік старшыні Мытнага камітэта, які пастараўся дакладна адказаць на ўсе пытанні членаў клуба. А днямі яго госцем стаў намеснік міністра замежных спраў Андрэй Еўдачэнка. Таксама адбылася цікавая і змястоўная гутарка. Сёлета абмяркоўвалі з інфармаванымі прадстаўнікамі дзяржаўных органаў тэмы падаткаабкладання і цэнаўтварэння. У клуба ёсць кантактная асоба ва ўрадзе — віцэ-прэм'ер Андрэй Кабякоў, з якім Клаус Байер мае магчымасць аператыўна звязвацца. Дзякуючы такой сувязі і ўвазе з боку ўрада ўдаецца вырашаць праблемы, якія ўзнікаюць. Ва ўрадзе, заўважае Клаус Байер, заўсёды гатовыя нас выслухаць і дапамагчы.

Дні нямецкай эканомікі

Менавіта ў час клубных вечарын у 2007 годзе нарадзілася ідэя праводзіць "Дні нямецкай эканомікі ў Беларусі". Адной з іх мэт стала прыцягненне ўвагі замежнага бізнэсу, асабліва германскага, да нашай краіны як да эканамічна перспектыўнага рэгіёна. І сёлета ў кастрычніку ўжо прайшоў чацвёрты такі дзень. Ён быў цалкам прысвечаны развіццю дзелавога партнёрства ў энергетыцы. Мінск тады наведала прадстаўнічая дэлегацыя дзелавых колаў ФРГ. Яе візіт быў ухвалены бундэстагам і ўрадавымі структурамі Германіі. У склад дэлегацыі ўвайшлі не толькі менеджары сусветнавядомых нямецкіх фірмаў, але і прадстаўнікі сярэдняга і малога бізнэсу.

Яму ўтульна сярод нас

Я спытаў Клауса Байера: чым адрозніваюцца дзелавыя людзі Захадняй і Усходняй Еўропы? Раней першыя хацелі правесці ўдалую здзелку, зарабіць вялікія грошы і потым жыць у сваё задавальненне. Прадстаўнікі Захаду часцей за ўсё галоўнай мэтай сваёй дзелавой дзейнасці ставяць задачу наладзіць перспектыўны бізнэс на глыбокую перспектыву. Цяпер Клаус Байер часткова памяняў гэтае меркаванне. Ён усё часцей сустракае ў нас людзей, якія маюць намер доўга і стабільна працаваць на рынку, пакінуць свой бізнэс у спадчыну. На яго погляд, у нас з'яўляецца ўсё больш прадпрымальнікаў, якія думаюць стратэгічна. Гэтыя людзі — лепшыя партнёры для замежных інвестараў, паміж імі хутчэй наладжваецца давер, узаемапаразуменне, з імі хочацца сябраваць.

Дарэчы, сярод здольнасцяў Клауса Байера беларускія сябры адзначаюць талент кухара. Яго стравы заўсёды смачныя. Імі ён любіць частаваць сяброў, якіх у яго шмат, ды і жонка Клауса — беларуска. Гэта стала яшчэ адной, калі не самай важнай, прычынай для таго, каб застацца жыць і працаваць у Беларусі пасля заканчэння тэрміну яго дырэктарства ў Мінскім адукацыйным цэнтры. Зараз ён засяроджаны на выкананні абавязкаў старшыні клуба. Работы там хапае. Але ён працуе з жаданнем. Ці сумуе па радзіме? Так. Але да яе недалёка. А каб сустрэцца з землякамі, дастаткова наведаць клубную вечарыну. Так што, у нашай краіне ён адчувае сябе ўтульна.

Леанід Лахманенка.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Як завабіць нямецкую лань у беларускую пушчу? Гэта цікавае і дакладнае паляўнічае параўнанне інвестыцый з лясной ланню, якая палохаецца кожнага шоргату, я пачуў...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика