Новая славянская Еўропа з цэнтрам у Мінску. Чаму б і не?. 21.by

Новая славянская Еўропа з цэнтрам у Мінску. Чаму б і не?

30.11.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У Мінску ў прэс-цэнтры "Дома прэсы" адбылася сустрэча з журналістамі вядомага расійскага аналітыка і палітолага, старшыні назіральнай рады Інстытута дэмаграфіі, міграцыі і рэгіянальнага развіцця, старшыні Руху развіцця Расіі Юрыя Крупнова. Хоць ён жорстка адстойвае геапалітычныя інтарэсы сваёй краіны, разам з тым яго падыходы і погляды на перспектывы будаўніцтва Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі істотна адрозніваюцца ад пазіцыі многіх пракрамлёўскіх экспертаў. У прыватнасці, выклікаюць цікавасць прапановы і ідэі наконт спалучэння патэнцыялаў абедзьвух дзяржаў у імя будучыні іх народаў.

Час ствараць новую вялікую краіну

Зразумела, гэтая ідэя палітолага гучыць фантастычна, асабліва на фоне стану сучасных няпростых адносін палітычнага кіраўніцтва Расіі і Беларусі. Але на думку Юрыя Крупнова, у нас няма іншай альтэрнатывы. Яго непакоіць, што сёння далейшае існаванне Саюзнай дзяржавы ў Маскве разглядаецца пэўнымі назіральнікамі і ўплывовымі чыноўнікамі як даволі праблематычнае і пазбаўленае глыбокай перспектывы. Часта можна чуць меркаванні аб тым, што развіццё Саюзнай дзяржавы зайшло ў тупік, што яна хутка знікне, бо ўжо пройдзены так званы "пункт невяртання" да былых адносін і г. д. Такія высновы Юрый Крупноў мякка назваў неадэкватнымі. Бо, па яго словах, разваліць СССР удалося вельмі хутка — дурная справа няхітрая. А каб стварыць хаця бы паміж дзвюма новымі краінамі паўнавартасны саюз, рэальную Саюзную дзяржаву, спатрэбіцца не адно дзесяцігоддзе. І нягледзячы на часовыя цяжкасці, яна будзе створана. Гэта важная ўмова для выжывання постсавецкіх краін, упэўнены палітолаг.

На яго думку, сёння геапалітычная сітуацыя вельмі жорсткая, яна ў пэўным сэнсе нагадвае сітуацыю 1941-45 г.г. Бо гаворка ідзе пра тое, ці здолеем мы — Расія і Беларусь, захаваць сябе як унікальныя цывілізацыі. Таму выбар невялікі: ці мы ствараем Саюзную дзяржаву, ці будзем уцягнуты ў іншыя цывілізацыі, іншыя геапалітычныя суб'екты і паступова там растворымся, асімілюемся. І так можа здарыцца, што неўзабаве вялізарная Расія апынецца маленькай у параўнанні з іншымі гіганцкімі саюзамі, сказаў Юрый Крупноў.

З гэтай нагоды ён падзяліўся змрочным прагнозам: у бліжэйшыя год-два нас чакае некалькі сур'ёзных узрушэнняў. Адсюль яго выснова: Расія і Беларусь павінны забыць часовыя спрэчкі, крыўды, непаразуменні і разам супрацьстаяць верагодным глабальным непрыемнасцям. У прыватнасці, разбуральным фінансавым і эканамічным выклікам. Бо вялікая верагоднасць другой хвалі сусветнага крызісу. А таму цяпер асноўная мэта Саюзнай дзяржавы — стварэнне новай мадэлі эканомікі, якая не будзе падобная ні на беларускі сацыялізм, ні на расійскі капіталізм. Абедзве гэтыя мадэлі маюць свае плюсы і мінусы, але яны па аб'ёму вытворчасці новай вартасці неадэкватныя нават задачам забеспячэння і павышэння якасці і ўзроўню жыцця насельніцтва. Бо страшна ўявіць, што будзе ў Расіі, калі раптам абваляцца цэны на нафту і газ, кажа палітолаг.

Важным адрозненнем новай саюзнай эканомікі павінны стаць вялікія праекты, якія адначасова стануць і новымі нацыянальнымі эканамічнымі сістэмамі. Яны дазволяць істотна павысіць нацыянальнае багацце кожнай краіны. Ім трэба будзе засяродзіцца на вытворчасці звышвартасці. Напрыклад, у савецкія часы такім праектам стала засваенне надзвычай багатых вуглевадародамі нетраў Цюменскай вобласці. Увогуле, звышзадача новай вялікай краіны — выхад у сусветныя эканамічныя лідары. І гэта рэальна, лічыць расійскі госць, бо сёння ў свеце ніхто не стварае новую эканоміку, нават Кітай.

На погляд Юрыя Крупнова, на жаль, мы ўсе не да канца разумеем гістарычнае значэнне і ролю Саюзнай дзяржавы. А між іншым, сам факт яе існавання гаворыць шмат пра што. У прыватнасці, ён дае ўнікальныя магчымасці для постсавецкай рэінтэграцыі. Хаця, з іншага боку, ён назваў фантастычна неабгрунтаванымі прэтэнзіі абодвух бакоў да Саюзнай дзяржавы. Трэба адзначыць, што Юрыя Крупнова як аналітыка вылучае імкненне зазірнуць далёка за сучасныя палітычна-эканамічныя далягляды. Ён не выключае ўзнікнення новай славянскай цэнтральнай Еўропы з цэнтрам у Мінску. Чаму б і не? Гэта будзе супастаўнае з Еўрасаюзам новае магутнае эканамічнае ўтварэнне, да якога далучыцца і Украіна.

Трэба адзначыць, што пытанне аб рэінтэграцыі постсавецкай прасторы даволі часта задаюць Юрыю Крупнову. У Мінску ён таксама даў разгорнутае тлумачэнне сваіх падыходаў. Нам рэінтэграцыя неабходна ў першую чаргу для таго, каб у бліжэйшыя 10 гадоў стварыць новую вялікую краіну, назву якой яшчэ ніхто пакуль не ведае. Як і тое, якой будзе яе структура, формы ўзаемадзеяння. Ды і не ў назве сутнасць, лічыць Юрый Крупноў. Важнай рысай новай вялікай краіны стане захаванне нацыянальных суверэнітэтаў. Але "збіраць" такую краіну неабходна — гэта патрабаванне часу. У якасці платформы для яе стварэння на постсавецкай прасторы можа і павінна стаць Саюзная дзяржава Расіі і Беларусі, яе практычны, у тым ліку і негатыўны, досвед. Адмова ад гэтага стане ў пэўным сэнсе бядой для іх народаў.

"Труба" атручвае свядомасць расіян

Юрый Крупноў спыніўся на тым, што замінае гэтай справе. Самы вялікі праціўнік рэінтэграцыі, як гэта не дзіўна, само насельніцтва Расійскай Федэрацыі. Не ўлада, а менавіта насельніцтва. Такой вось цікавай думкай падзяліўся з намі маскоўскі палітолаг. На яго погляд, у свой час галасаванне за Ельцына гэтаму яркае пацвярджэнне. Народ тады думаў, што захавае сваю самабытнасць, але рэальна ўсім хацелася займець "трубу" і жыць нябедна каля яе. Прычым жыць лепш, чым іншыя і без асаблівых намаганняў. Таму насельніцтва Расіі было наўмысна ці між волі зацікаўленае ў развале СССР. Расіянам захацелася шляхам абвяшчэння незалежнасці скінуць з сабе ўскраіны. Ускраіны разглядаліся мінімум як няпрофільныя актывы. А самыя актыўныя прыхільнікі гэтай ідэі называлі былыя савецкія рэспублікі утрыманцамі, якія дзесяцігоддзямі аб'ядалі бедных расіян. І сёння ў Расіі такія настроі і выказванні даволі жывучыя і распаўсюджаныя. Падобныя разважанні, прызнаўся Юрый Крупноў, ён чуе ўжо на працягу 20 гадоў ад самых розных людзей, у тым ліку і чыноўнікаў высокага рангу.

"Труба", а дакладней, яе валютны вуглевадародны змест, пакуль перамагае ў свядомасці значнай часткі насельніцтва Расіі. З пункту гледжання геапалітычных рэалій такая, па словах палітолага, "шкурная" пазіцыя загадзя пройгрышная. У гэтым сэнсе дагэтуль моцнае імкненне сядзець каля "трубы" і нікога не дапускаць да яе, працуе супраць Расіі, яе саюза з Беларуссю. З пункту гледжання такой эканомікі зразумелымі становяцца велізарныя дэмаграфічныя страты Расійскай Федэрацыі — за апошнія 20 гадоў зніклі 23 тысячы населеных пунктаў. Працягваецца гіганцкае матэрыяльнае расслаенне насельніцтва, заняпад асобных рэгіёнаў, узніклі канфлікты з Беларуссю. А тэхналагічна-прамысловага прарыву няма. У прыватнасці, станкабудаўнічая галіна моцна адстала ад замежных канкурэнтаў. Вельмі марудна ідзе работа па ператварэнні расійскага рубля ў адну з рэзервовых сусветных валют, адзначае палітолаг.

Таму 2011 год можа стаць ці працягам сямейных "разборак" Расіі і Беларусі на палітычнай кухні. ці момантам ісціны для Саюзнай дзяржавы, пачаткам іх цывілізацыйнага геапалітычнага наступлення. Дзеля агітацыі за апошняе Юрый Крупноў і прыехаў у Мінск.

Леанід Лахманенка.

 
Теги: Курсы валют
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Мінску ў прэс-цэнтры "Дома прэсы" адбылася сустрэча з журналістамі вядомага расійскага аналітыка і палітолага, старшыні назіральнай рады Інстытута...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика