Выбар за намі. 21.by

Выбар за намі

01.12.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

За кулісамі

На сайце Агульнанацыянальнага тэлебачання запіс праграмы "Выбар" за 29 лістапада яшчэ не паказвалі. А я бачыла гэтую праграму не з канапы ў сваёй кватэры, а з тэлестудыі, у якой адбываўся прамы эфір. Праграма была прысвечана дзіцячым дамам сямейнага тыпу як альтэрнатыве інтэрнатных устаноў для дзяцей-сірот. Журналіста "Звязды" калегі з тэлебачання запрасілі ў сувязі з серыяй артыкулаў, прысвечаных сям'і Новікаў са Смаргонскага раёна (5.12.2008, 23.04.2009, 08. 05. 2009).

Новікі былі запрошаны на інтэрактыўнае ток-шоу ў якасці гасцей. Журналісту "Звязды" таксама абяцалі даць слова, хаця і папярэджвалі, што не гарантавана. Са "словам" не атрымалася, затое імя роднай газеты на роднай мове прагучала, і бадай што, гэта больш важна. Бо прагучала яно з вуснаў вельмі годнага чалавека — Алены Новік, маці вялікай сям'і, у якой выхоўваюцца ўсыноўленыя і прыёмныя дзеці. Алена заўважыла, што толькі дзякуючы "Звяздзе" мясцовыя ўлады нарэшце выдаткавалі грошы іх дзіцячаму дому сямейнага тыпу на набыццё мэблі. Але хочацца засяродзіць увагу не на заслугах "Звязды" ў вырашэнні той ці іншай канкрэтнай праблемы, а на тэме перадачы і на тым, што засталося за кадрам.

"Я не займаю чыйсьці бок, але калі дзяржава вырашае расфарміраваць дзіцячыя дамы і школы-інтэрнаты і робіць першы крок, значыць, павінны быць і ўпэўненыя, дакладныя, прадуманыя другія, трэція і г.д. крокі, — рэзюмаваў пасля эфіру ў сваім відэаблогу вядучы праграмы "Выбар" Сяргей ДАРАФЕЕЎ. — Гэта значыць, патрэбна і фінансавая дапамога дзіцячым дамам сямейнага тыпу, і псіхалагічная, і г.д.".

"Выбар", які адбыўся ў апошні панядзелак, не ставіў сваёй задачай некага сутыкаць, напрыклад, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу і інтэрнаты або бацькоў-выхавацеляў і мясцовых чыноўнікаў. Задача была — агучыць праблемы, каб усім разам, у тым ліку і пры актыўным удзеле грамадства, іх вырашаць.

"Мы спрабуем звязаць улады самага рознага ўзроўню і простых людзей, — падкрэсліў Дарафееў. — Каб гэтая камутацыя адбылася, каб дыстанцыі паміж імі не было. Спрабуем разам вырашыць праблемы, бо і ў тых, і ў другіх адны, наколькі я разумею, мэты і задачы".

Аднак звязаць пакуль не надта атрымліваецца. Не ведаю, як гледачу з экрана, але мне як удзельніку, няхай і пасіўнаму, здалося, што некаторыя чыноўнікі прыйшлі не абмяркоўваць жыццёвыя праблемы, з якімі сутыкаюцца дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, а абараніць сябе і сваю структуру. "Мы закрылі столькі-та дзіцячых дамоў, — казалі яны, — і закрыем усе, калі задача такая пастаўлена". Яны нават папярэдне паглядзелі заробкі гасцей, каб паведаміць лічбу, якая здзівіла саміх бацькоў-выхавацеляў, і зняць усе пытанні наконт таго, наколькі, як выказваецца Дарафееў, прадуманыя наступныя крокі па закрыцці дзіцячых дамоў. Ад гэтага было і сумна і смешна.

Замяшчальных сем'яў у нашай краіне становіцца больш, натуральна, што і праблемы, з якімі гэтыя людзі сутыкаюцца, а таксама якія яны выклікаюць самой сваёй наяўнасцю, усё больш закранаюць наша грамадства. Але пакуль мы ўсе — не толькі чыноўнікі, але само грамадства — не зменім сваіх адносін як да дзяцей-сірот, так і да замяшчальных сем'яў, праблемы гэтыя будуць толькі расці.

Узгадваю, як калісьці, шмат гадоў таму, сутыкнулася з дзіцячым домам сямейнага тыпу, у якім бацькі-выхавацелі не справіліся са сваімі абавязкамі. Яны проста зламаліся. Не пацягнулі. Але тады не пісаць пра гэта мяне не прасілі, а МАЛІЛІ... бацькі-выхавацелі іншага дзіцячага дома сямейнага тыпу, якія цалкам заслугоўвалі да сябе павагі. Маўляў, справа новая, кволая, не нашкодзьце! Сёння бацькі-выхавацелі пра свае праблемы гаварыць гатовыя, бо чакаюць дапамогі ў іх вырашэнні. Але ці гатовыя іх сумесна вырашаць (не абараняцца, не апраўдвацца, не ўхіляцца і не нападаць, а менавіта дапамагаць вырашаць) нашы выканаўчыя і заканадаўчыя органы ўлады?

Праблемы тычацца і забеспячэння, і судовай практыкі па вяртанні дзяцей да біялагічных бацькоў, і грамадскага меркавання, і кантролю, і суправаджэння выпускнікоў...

Падчас тэлеперадачы было закранутае пытанне пра дзяцей-інвалідаў, дзяцей з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця. "Пачынаем аддаваць у сем'і і такіх", — запэўніваюць чыноўнікі. Але пасля эфіру Алена Новік пытаецца: "Чаму наша дзіця-інвалід пенсію атрымлівае ў памеры 10 працэнтаў, а такое ж дзіця ў прыёмнай сям'і — 100?" І чуе ў адказ, што закон такі.

Дзіўна было чуць і пра тое, што бацькі-выхавацелі не павінны выдаткоўваць свае заробкі на забеспячэнне прыёмных дзяцей. Што яны, калі такое ўсё ж атрымалася, могуць гэтыя сродкі вярнуць. На практыцы ж, ведаю на прыкладзе ўсё тых жа Новікаў, ды і іншых сем'яў, пра якія пісала, такое магчыма толькі ў дзіцячых вёсках ды ў "спецыяльных жыллёвых памяшканнях", на забеспячэнне якіх у мясцовым бюджэце прадугледжаныя выдаткі. Тыя ж сем'і, якія жывуць ва ўласных дамах, за свае грошы купляюць прыёмным дзецям і мэблю, і ежу, і робяць рамонты...

"Ці можам мы папрасіць у райвыканкама пральную машынку?" — спытала Алена Новік у прадстаўніцы Міністэрства адукацыі ў калідоры тэлестудыі. "Калі тая, што яны вам куплялі раней, знасілася, то так", — адказала спецыяліст. "Дык ніхто нам ніколі не купляў, мы ўсё куплялі самі," — дзівіцца маці адзінаццаці дзяцей. "Але ж вас павінны былі забяспечыць!"

Дык у тым і справа, што ў нас на паперы ўсё прыгожа, статыстыка таксама часам радуе, але ў жыцці людзі часта аказваюцца адзін на адзін са сваімі праблемамі і са сваім выбарам. І глытаюць толькі папрокі кшталту: "Самі ўзялі дзяцей, ніхто не прымушаў!"

Дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, як любая замяшчальная сям'я — пытанне вельмі складанае, далікатнае і патрабуе высокай увагі і адказнасці. Але пакуль наша грамадства не перастане з падазронасцю ставіцца да такіх сем'яў, як Новікі і Трыфанавы (героі "Выбару"), пакуль мясцовыя ўлады самі не пачнуць прапаноўваць такім сем'ям дапамогу, дадатковыя паслугі, каб бацькі не выгаралі, не стамляліся, каб у іх хапала сіл і здароўя на такую складаную справу, да таго часу ўся гэтая праграма па закрыцці дзіцячых дамоў будзе знаходзіцца пад пагрозай дыскрэдытацыі. Нам патрэбны адкрыты і канструктыўны дыялог на гэтую тэму. Няхай ён будзе складаны. Апошняя праграма "Выбар" — адна са спроб такога дыялогу. Важна, каб спробы працягваліся.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На сайце Агульнанацыянальнага тэлебачання запіс праграмы "Выбар" за 29 лістапада яшчэ не паказвалі. А я бачыла гэтую праграму не з канапы ў сваёй кватэры, а з...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика