Зямлю чакае малы ледавіковы перыяд?. 21.by

Зямлю чакае малы ледавіковы перыяд?

03.12.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

За апошнія сто гадоў сярэдняя тэмпература паверхні нашай планеты вырасла на 0,74 градуса Цэльсія. Паводле прагнозаў Міжурадавай групы экспертаў па змяненні клімату, у бліжэйшыя 200 гадоў рост тэмпературы складзе ў сярэднім 0,2 градуса Цэльсія за дзесяцігоддзе, а да канца ХХІ века тэмпература Зямлі можа павысіцца на 1,8- 4,6 градуса (у залежнасці ад канкрэтнага сцэнара развіцця сусветнай эканомікі і грамадства). У глабальным пацяпленні прынята вінаваціць парніковыя газы, але такую думку падзяляюць не ўсе навукоўцы. Нехта, напрыклад, тлумачыць гэта энергетычнымі працэсамі самой Зямлі, у прыватнасці, змяненнем хуткасці абарачэння планеты. Ёсць і такія, хто ўвогуле лічыць, што эра глабальнага пацяплення скончылася і чалавецтва чакае новы малы ледавіковы перыяд.

Расійскі астрафізік Хабібула Абдусаматаў прагназуе яго пачатак у 2014-2015 гадах. Паводле яго слоў, гэта адбудзецца з-за скарачэння свяцільнасці Сонца. Свяцільнасць нашай зоркі падае і расце цыклічна на працягу 200 гадоў, сцвярджае астрафізік. Цяперашняе падзенне свяцільнасці пачалося ў 90-х гадах мінулага стагоддзя. Да 2014-2015 гадоў мы будзем знаходзіцца ў пераходным перыядзе, які праявіцца нестабільнасцю клімату, а потым пачнецца паніжэнне тэмпературы. Да 2055-2060 гадоў сярэдняя планетарная тэмпература апусціцца прыкладна на 1-1,5 градусы. Паўторыцца сцэнар, вядомы ў гісторыі як "Маўндэраўскі мінімум" (1645-1715 гады). Тады замерзлі рэкі ў Парыжы і Лондане, у Галандыі скавала лёдам каналы. Жыхары Грэнландыі вымушаны былі пакінуць свае дамы. Ад глыбокага пахаладання пацярпелі Фінляндыя і Швецыя. Пры наступленні новага малога ледавіковага перыяду зімы стануць больш суровымі, снег будзе ляжаць доўга. Верагодна наступленне ледавікоў на Паўночную Грэнландыю...

Дык чаго ж нам у рэшце рэшт чакаць: пацяплення ці пахаладання? Па каментары мы звярнуліся да галоўнага навуковага супрацоўніка Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі, акадэміка прафесара Уладзіміра ЛОГІНАВА.

— Хоць пэўнае павышэнне тэмпературы на працягу апошніх 150 гадоў зафіксавана, у цэлым праблема глабальнага пацяплення клімату яшчэ і сёння застаецца дыскусійнай. Справа ў тым, што ў апошнія гады хуткасць росту глабальнай тэмпературы крыху запаволілася, тады як хуткасць росту ўтрымання парніковых газаў (якіх лічаць асноўнай прычынай пацяплення) у атмасферы ўзрасла.

Увогуле, у прыродзе і канкрэтна ў тэмпературы наглядаюцца "скачкі", калі за кароткі тэрмін тэмпература рэзка змяняецца і потым даволі доўга застаецца на новым узроўні. Такое неаднойчы здаралася і раней.

Паводле тэорыі пацяплення клімату, у кірунку ад экватара на поўнач тэмпература павінна павялічвацца і сваіх максімальных значэнняў дасягаць на полюсе. Але гэтага не назіраецца. Мы бачым, што рост тэмпературы прасочваецца толькі дзесьці да 60-га градуса паўночнай шыраты, а потым пачынаецца рэзкае падзенне. За кошт чаго гэта адбываецца — пакуль не зразумела.

Даследчык Майкл Ман сцвярджаў, што пацяпленне клімату, якое назіраецца на працягу апошняга тысячагоддзя, з'яўляецца самым моцным у гісторыі планеты. Але тады немагчыма патлумачыць рост тэмператур антрапагенным фактарам: у Сярэднявечча яшчэ не было індустрыялізацыі, адпаведна — і значных выкідаў парніковых газаў. Многія навукоўцы сёння падвяргаюць сумненню высновы Мана. Ёсць падставы меркаваць, што і раней (у раннім Сярэднявеччы, Х-ХІІ стагоддзях) былі перыяды яшчэ больш адчувальнага пацяплення клімату, чым наглядаецца цяпер. У Англіі ў пачатку ХVІІІ стагоддзя тэмпература за 30 гадоў вырасла на 1,5 градусы па Цэльсію. Гэта больш, чым наглядаецца цяпер.

Не трэба недаацэньваць ролю Сусветнага акіяна ў фарміраванні клімату. Запас цяпла ў трохметровым слоі акіяна раўняецца цеплаёмістасці ўсёй атмасферы, але хуткасць пераўтварэння энергіі ў атмасферы ў шмат разоў перавышае хуткасць такой трансфармацыі ў акіяне. Акіян марудна назапашвае цяпло і з'яўляецца інэрцыйным асяроддзем. Напрыклад, Паўночная Атлантыка ў значанай ступені аказвае ўплыў на клімат не толькі Еўропы, але і ўсяго Паўночнага паўшар'я. Паўночная Атлантыка з'яўляецца энергаактыўнай вобласцю глабальнага значэння: яна займае 11 працэнтаў плошчы паверхні Сусветнага акіяна і аддае ў атмасферу 19 працэнтаў усяго цяпла, якое паступае на Зямлю. Такім чынам, Паўночная Атлантыка кантралюе колькасць цяпла ў атмасферы над сярэднімі і высокімі шыротамі Паўночнага паўшар'я, а натуральныя шматгадовыя ваганні цеплавога і дынамічнага рэжымаў Сусветнага акіяна і атмасферы пераўзыходзяць мяркуемыя сучасныя глабальныя антрапагенныя змяненні клімату.

Мы пакуль не можам дакладна патлумачыць, чаму павялічыўся паток экватарыяльнага цяпла ў акіяне, але сам гэты факт пацверджаны (магчыма, уся справа ў згаданых вышэй аўтавагальных працэсах). Павялічэнне патоку экватарыяльнага цяпла аўтаматычна выклікала павелічэнне цеплаўтрымання водаў цячэння сістэмы Гальфстрым, што ў сваю чаргу абумовіла памяншэнне ледавітасці Арктычнага басейна, раставанне лёду. Калі растае лёд, пачынаецца апрасненне водаў акіянаў і замаруджванне глыбіннай канвекцыі (халодныя воды "запіраюцца" ў верхнім слоі акіяна). Утвараюцца нетыповыя ўмовы, якія перашкаджаюць Гальфстрыму існаваць у нармальным рэжыме. Ён затарможваецца, хуткасць плыні памяншаецца, і цёплых водаў паступае менш. Адпаведна ў Паўночным паўшар'і пачынаецца пахаладанне клімату.

Падобныя з'явы назіраліся ў 60-х гадах, калі адбылася "Вялікая салёнасная анамалія". З-за апраснення водаў Сусветнага акіяна Гальфстрым не мог функцыянаваць належным чынам, і таму зімы 1962-1963, 1966-1967 і 1968-1969 гадоў у Паўночным паўшар'і былі суровымі.

Адсюль вынікае, што варыянт набліжэння "малога ледавіковага перыяду" цалкам верагодны. Але не пагаджуся з тымі, хто прадракае ЗНАЧНАЕ пахаладанне ў самай блізкай перспектыве, У БЛІЖЭЙШЫЯ ГАДЫ. На тое, каб прыпыніўся Гальфстрым, спатрэбіцца не год, не два, і нават не дзесяць. Гэта даволі марудны працэс.

Змены, што адбываюцца з сістэмай Гальфстрым, адчувае і наша Беларусь. Мы правялі параўнаўчы аналіз — як змянялася тэмпература ў нас на працягу кожнага дня года за апошнія 40 гадоў. Аказалася, што найбольшы рост тэмператур назіраўся ў канцы студзеня—пачатку лютага і ў ліпені-жніўні. Атрымліваецца паўгадавая хваля ў змяненні тэмператур, якая амаль дублюе графік змянення адвекцыі цяпла цячэннем Гальфстрым. Прасцей кажучы, чым больш цяпла прыносіць Гальфстрым, тым хутчэй расце тэмпература на працягу апошніх 30-40 гадоў ў тым ліку і на Беларусі, якая не мае прамых выхадаў да акіяна. Акіян і сістэма Гальфстрым у значнай ступені мадулююць велічыню росту глабальнай тэмпературы.

У прыродзе не існуе працэсу, які б развіваўся выключна лінейна, строга ў адным кірунку, у прыродзе ўсё цыклічна. Клімат на працягу гісторыі Зямлі мяняўся шмат разоў, і ў значна большай ступені, чым цяпер. Гэтыя прыродныя цыклы маглі быць звязаны і з арбітальнымі параметрамі нашай планеты, і з тэктонікай, і шмат з чым яшчэ. Цыклічнасць заўсёды была, ёсць і захаваецца.

Таму ніякія халады не будуць доўжыцца вечна. Усе мы са школы памятаем, што на полюсе холадна, а на экватары цёпла. Але не ўсё так проста. Вечна назапашвацца на полюсе холад не можа. Холад "скідваецца" па пэўным мерыдыяне. На гэты раз не пашанцавала нам — такое скідванне адбылося якраз на нашым 30-м мерыдыяне, мы адчуваем прыток халоднага арктычнага паветра. Але неўзабаве ўсё нармалізуецца. Навукоўцамі вызначана цыклічнасць занальных патокаў, гэта 2-3 тыдні. Дзякуючы цыклічнасці існуюць хвалі цяпла і холаду, якія змяняюць адна адну.

Увогуле, даць адэкватны прагноз надвор'я можна толькі на непрацяглыя перыяды. Шэраг даследчыкаў нават вызначыў "мяжу прадказальнасці", якая зноў жа складае 2-3 тыдні. Праўда, ёсць навукоўцы, якія грунтуюць свае прагнозы на цыклах устойлівасці кшталту цыкла сонечнай актыўнасці.

На Сонцы, сапраўды, адзначаюцца 11-гадовыя, квазівекавыя, квазідвухсотгадовыя і больш працяглыя цыклы. І калі б клімат падпарадкоўваўся выключна гэтай цыклічнасці, то прагназаваць змены надвор'я мог бы нават неспецыяліст, праблем з прадказаннем надвор'я і клімату не ўзнікала б. На самой справе, сонечная актыўнасць — гэта толькі адзін з фактараў уздзеяння на клімат, але не адзіны.

Яшчэ 40 гадоў таму я вылічыў індэкс свяцільнасці сонечнага дыска (яркасць светлых утварэнняў на Сонцы — факелаў, цёмных утварэнняў — плямаў і светлых кольцаў вакол іх). Склаў карту яркасці сонечнага дыска на пэўныя гады сонечнай актыўнасці. Аказалася, што ўсе актыўныя ўтварэнні — і факелы, і плямы, і кольцы — маюць плошчу прыблізна 1-2 працэнты ад агульнай плошчы сонечнага дыска. Звесткі, атрыманыя са спадарожнікаў, пацвердзілі, што змяненні свяцільнасці сонечнага дыска (сонечнай пастаяннай) складаюць каля 0,1 працэнта. Варыяцыі гэтыя невялікія, таму прыток энергіі на Зямлю істотна не мяняецца. Нездарма ў астрафізіцы існуе велічыня — сонечная пастаянная. Насамрэч, яна змяняецца, але вельмі незаўважна. Напрыклад, у 11-гадовым цыкле максімальна яна можа змяніцца на адну дзясятую працэнта. За 5 мільярдаў гадоў (колькі існуе наша Сонца) сонечная пастаянная змянілася дзесьці на 25 працэнтаў. Некалькі мільярдаў гадоў таму Сонца было больш цьмянае, чым сёння, але пры гэтым клімат нашай планеты быў значна больш спякотным. Прычына — уплыў іншых, больш магутных фактараў (змяненне газава-аэразольнага складу атмасферы, большая блізкасць протакантынента да экватара і г.д.). Калі ж лічыць, што асноўную ролю ў фарміраванні клімату Зямлі іграе Сонца, то ў той час, калі Сонца было цьмяным, клімат Зямлі павінен быў быць халодным. Але гэта не так. Тагачасная сярэднегадавая тэмпература была вышэйшай за сённяшнюю на 5-8 градусаў. Такім чынам, адной толькі сонечнай актыўнасцю патлумачыць змяненні клімату нельга.

Адзін з метадаў прагназавання клімату — метад аналогій. Напрыклад, па многіх характарыстыках 2010 год вельмі падобны на 1972. Тады таксама фіксаваліся анамаліі тэмператур — летам на 4-5 градусаў вышэй за норму, з-за доўгатэрміновай засухі гарэлі лясы ў Паволжы. Восень была на дзіва цёплай. Але тады цёплым быў і снежань. Магчыма, і цяпер мароз спадзе і ўсталюецца цёплае надвор'е. Не былі марознымі студзень і люты 1973 года. Зыходзячы з метаду аналагаў, цяперашняя зіма можа быць цёплай. Але ўлічваючы той факт, што ў нас наглядаецца апрасненне водаў Сусветнага акіяна, у прынцыпе зіма можа быць і халоднай. Адназначнага адказу тут даць не атрымаецца.

Запісала Інга МІНДАЛЁВА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
За апошнія сто гадоў сярэдняя тэмпература паверхні нашай планеты вырасла на 0,74 градуса Цэльсія. Паводле прагнозаў Міжурадавай групы экспертаў па змяненні...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика