Сацыяльныя выдаткі набяруць "вагу". 21.by

Сацыяльныя выдаткі набяруць "вагу"

08.12.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Сяргей ГРЫБ

Мадэрнізацыя айчыннай эканомікі немагчымая без павышэння ўзроўню і якасці жыцця грамадзян нашай краіны — такую думку выказаў віцэ-прэм'ер урада Уладзімір Патупчык падчас работы секцыі прадстаўнікоў аховы здароўя, фізкультуры і спорту ў рамках ІV Усебеларускага народнага сходу. Як нагадаў віцэ-прэм'ер, на працягу наступных пяці гадоў мы павінны ўвайсці ў лік першых 50 краін па ўзроўні развіцця чалавечага капіталу. Дарэчы, варта заўважыць: паводле ацэнак ААН, па гэтым паказчыку па выніках мінулага года Беларусь займала 68 месца, а па выніках года бягучага мы можам палепшыць уласны рэйтынг яшчэ на 7 пазіцый.

Дзе зарплата, там спецыялісты

Укладанні ў развіццё эканомікі — справа, безумоўна, важная. Разам з тым, адзначыў віцэ-прэм'ер, у краіне традыцыйна не застаюцца па-за ўвагай сацыяльныя праграмы. Сёлета ўдзельная вага выдаткаў на сацыяльную сферу ў кансалідаваным бюджэце складзе больш чым 53 працэнты — гэта 19,2 трлн рублёў. Аднак ужо ў 2011 годзе гэты паказчык павялічыцца адразу да 27 мільярдаў. Прычым фінансаванне базавых галін узрасце на 40 працэнтаў.

— Апроч таго, адной з галоўных умоў мадэрнізацыі эканомікі з'яўляецца павелічэнне зарплаты, — зазначыў Уладзімір Патупчык. — Выдаткі на гэта таксама ўзрастуць. Бо зразумела: толькі так можна заахвоціць людзей да працы, а таксама — замацаваць у краіне кваліфікаваныя і спрактыкаваныя кадры.

"Жыллёвае пытанне" для студэнтаў знікне

Той факт, што Беларусь можа рыхтаваць па-сапраўднаму кваліфікаваных спецыялістаў, прызнаны ва ўсім свеце. Па індэксе ўзроўню развіцця адукацыі мы апярэджваем такія краіны як Швейцарыя, Чэхія, Германія, Польшча, Расія, Японія, Ізраіль, Вялікабрытанія. Нездарма айчынны дыплом мае высокія каціроўкі. За апошнія пяць гадоў колькасць замежных студэнтаў у беларускіх ВНУ ўзрасла амаль удвая — практычна да 10 тыс. чалавек.

У той жа час, падкрэсліў віцэ-прэм'ер, айчынныя ВНУ павінны надаваць большую ўвагу павелічэнню свайго інавацыйнага патэнцыялу — гаворка аб працягу стварэння навукова-тэхнічных паркаў і інавацыйных цэнтраў. Задача ж нумар два — прывесці падрыхтоўку кадраў у адпаведнасць з рэальнымі патрэбамі рынку. Так, вызначана: да 2014 года доля выпускнікоў з вышэйшай інжынерна-тэхнічнай адукацыяй павінна дасягнуць 28 працэнтаў, а доля спецыялістаў па камунікацыях, правазнаўцаў і эканамістаў — зменшыцца да 30 працэнтаў. Такім чынам, тут мы павінны выйсці на ўзровень Еўропы.

Таксама значны напрамак — вырашэнне сацыяльных праблем навучэнцаў. У прыватнасці, Уладзімір Патупчык паведаміў: да 2012 года ёсць намер у асноўным зняць усе пытанні з забеспячэннем інтэрнатамі іншагародніх студэнтаў ВНУ ў сталіцы.

Сіротам трэба мець сям'ю

Адукацыя — яшчэ і выхаванне. Аднак практыка сведчыць: часам гэтая тэма з'яўляецца актуальнай не толькі для навучэнцаў. Адной з сапраўды вострых праблем апошняга часу заставалася так званае сацыяльнае сіроцтва ці сіроцтва пры жывых бацьках. Праўда, малюнак тут змяняецца.

Паводле слоў Уладзіміра Патупчыка, больш жорсткія падыходы да гора-бацькоў даюць плён. Колькасць бацькоў, якія пазбаўляюцца сваіх правоў, зменшылася на 40 працэнтаў, а колькасць адмоў ад дзяцей — адразу ўтрая. Амаль на 2 тысячы чалавек скарацілася і колькасць дзяцей, што засталіся без бацькоўскай апекі.

— Адметна, што сёння з 26 тысяч такіх дзяцей каля 70 працэнтаў знаходзіцца ў апякунскіх сем'ях, у прыёмных бацькоў і ў дзіцячых дамах сямейнага тыпу, — заўважыў віцэ-прэм'ер. — Прычым сямейныя формы выхавання сірот будуць падтрымлівацца і надалей.

Галоўны рэзерв — паліклініка

Рост нараджальнасці, пэўнае павелічэнне сярэдняй працягласці жыцця, замаруджванне тэмпаў скарачэння насельніцтва — вось вынікі цяперашняй праграмы дэмаграфічнай бяспекі. Разам з тым казаць пра значныя поспехі тут пакуль заўчасна — колькасць жыхароў Беларусі працягвае скарачацца. У сувязі з гэтым бліжэйшым часам плануецца разгледзець дадатковыя меры па падтрымцы сем'яў, і ў тым ліку з тым, каб зарыентаваць сем'і на нараджэнне другога дзіцяці. Аднак не менш значны напрамак — і зніжэнне ўзроўню смяротнасці.

Уладзімір Патупчык адзначыў: дзякуючы ўкладанню сродкаў у сучасныя тэхналогіі айчынная медыцына зрабіла вялікі крок наперад. У Беларусі з 5-10 да 75 працэнтаў павялічыўся паказчык выжывання дзяцей з анкагематалагічнымі захворваннямі, медыкам удаецца захоўваць немаўлят, якія нарадзіліся з вагой крыху больш за 500 грамаў, у краіне ўжо робяцца звышскладаныя аперацыі па перасадцы сэрца, печані, падстраўнікавай залозы. Па сутнасці, выпадае казаць: неабходнасць накіравання нашых грамадзян на лячэнне за мяжу паступова зводзіцца да мінімуму. Больш за тое, сёлета айчынная медыцына павінна аказаць паслугі на суму каля 15,5 млн долараў іншаземцам.

— Аднак пры гэтым нельга не прызнаць, што не можа задаволіць статыстыка па смяротнасці ад інфарктаў, інсультаў, анкалогіі, — кажа Уладзімір Патупчык. — І галоўны рэзерв для паляпшэння сітуацыі — нашы паліклінікі. Таму ў якасці асноўных напрамкаў на бліжэйшыя пяць гадоў вызначана тэхнічнае пераўзбраенне паліклінік, укараненне высокіх медыцынскіх тэхналогій у рэгіёнах, а таксама вырашэнне ці не найбольш вострага "кадравага пытання".

Сур'ёзныя планы датычацца і фармацэўтычнай галіны. На працягу наступных пяці гадоў усе вытворчасці краіны павінны быць сертыфікаваныя на адпаведнасць патрабаванням стандарту GNР. Гэта дазволіць павялічыць экспарт айчынных лекаў удвая. А доля беларускіх лекавых сродкаў у агульным аб'ёме спажывання на ўнутраным рынку складзе як мінімум 50 працэнтаў.

Кожны 100-тысячнік будзе з палацам

Скідваць з рахункаў ролю аховы здароўя ні ў якім разе нельга. Аднак для зніжэння ўзроўню смяротнасці і інваліднасці не менш важны і іншы напрамак — прафілактыка хвароб. І ў тым ліку праз фізкультуру і спорт. Дарэчы, падлічана: укладанне 1 долара ў развіццё масавага спорту дае амаль 10-разовую эканомію на медыцынскіх выдатках.

— Цяпер у Беларусі налічваецца 25,8 тысячы разнастайных фізкультурна-спартыўных аб'ектаў, і павелічэнне іх колькасці дае канкрэтныя вынікі: за апошняе дзесяцігоддзе колькасць грамадзян краіны, якія займаюцца спортам, павялічылася ўтрая — да 1,5 млн чалавек, — падкрэсліў Уладзімір Патупчык. — Аднак гэтага яшчэ недастаткова. Таму ўжо распачынаецца новы праект — па будаўніцтве палацаў спорту ў кожным горадзе з насельніцтвам больш за 100 тыс. чалавек. І, дарэчы, у Беларусі такіх населеных пунктаў — трынаццаць.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мадэрнізацыя айчыннай эканомікі немагчымая без павышэння ўзроўню і якасці жыцця грамадзян нашай краіны — такую думку выказаў віцэ-прэм'ер урада Уладзімір...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика