Сыграць Гамлета... на адной табурэтцы
11.12.2010
—
Новости Общества
|
На чым трымаюцца народныя тэатры? Для людзей з вёсак і малых гарадоў, якія звычайна бавяць час ля тэлевізара, спектаклі народнага тэатра — сапраўдная падзея. Не ўсе ж могуць дабрацца да сталіцы ці хоць абласных цэнтраў, дзе працуюць прафесійныя трупы. А тут і акцёры да болю знаёмыя, і п’есы зразумелыя, і квіткі танныя. Чым жывуць народныя тэатры? Што ставяць і для каго? З якім рэквізітам выступаюць? І які прыбытак прыносяць? Карэспандэнт “НГ” распытала ўдзельнікаў і арганізатараў адкрытага абласнога фестывалю народных тэатраў “Бярэзінская рампа”. Акцёры без адукацыі Ідэя фестывалю, шчыра прызнацца, падгледжаная... у гісторыі. Калісьці ў савецкія часы існавала “Рампа сяброўства”, на якую збіраліся самадзейныя тэатры з Прыбалтыкі, Расіі і Беларусі. Калі перад кіраўніцтвам Бярэзінскага раёна паўстала пытанне аб візітнай картцы раёна, вырашылі вярнуцца да гэтага праекта. “Бярэзінская рампа” праводзіцца з 1997 года раз у два гады. Сёлета яе ўдзельнікамі сталі сем аматарскіх тэатраў Мінскай вобласці. Хоць прэтэндэнтаў было значна больш.— Тое, што мы ўбачылі на фестывалі, можна назваць сапраўды высокім мастацтвам, — расказала старшыня журы народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч. — Таленавітыя акцёры, цікавыя рэжысёрскія рашэнні, актуальныя тэмы! А як прымаюць спектаклі гледачы! Гэты фестываль не проста свята для горада і яго жыхароў. Але яшчэ дзяржаўны экзамен для тых людзей, якія працуюць у іншых месцах, але паспяваюць хадзіць на рэпетыцыі і, як сапраўдныя акцёры, аддаюць душу сваім гледачам. Без “наваротаў” За тры фестывальныя дні ў Бярэзінскім доме культуры пабывала каля 3000 чалавек. Білеты на адкрыццё “Рампы” былі раскуплены яшчэ за тры дні да пачатку фестывалю. “Як у добрыя савецкія часы”, — настальгуюць арганізатары.— У нас заўсёды аншлагі, — расказвае рэжысёр Бярэзінскага народнага тэатра Мікалай Пытляк. — Бо мы бачым, што неабходна людзям. І рэпертуар падбіраем адпаведны. Простым людзям не патрэбна мудрагелістая п’еса з нейкімі “наваротамі”. Аматарскі тэатр — гэта класічны стандартны тэатр, тое, што людзі глядзяць, разумеюць і за што шчыра дзякуюць. Як толькі ў народным тэатры прэм’ера — ляцяць з усяго наваколля. Цяжэй публіку на зорак эстрады сабраць. Узроставы “вінегрэт” Няма ў народных тэатраў праблем і з акцёрамі. “Проста паломніцтва”, — жартуюць рэжысёры. Паспрабаваць свае акцёрскія здольнасці спяшаюцца і студэнты, і пенсіянеры: трэба ж нечым заняць свой вольны час! Трупы народных тэатраў — ад 10 да 40 чалавек.— Усё залежыць ад рэжысёра, як утрымаць такі вялікі калектыў, як яго зацікавіць, якую працу даць, — расказвае рэжысёр заслужанага аматарскага “Тэатра Уршулі Радзівіл” Нясвіжскага раённага цэнтра культуры і вольнага часу Яўген Валабоеў. — Вымушаны браць дзве п’есы і весці іх дублем. Ці ставіць вялікі спектакль. Кожны месяц мы паказваем адну-дзве п’есы. Маё галоўнае патрабаванне да артыстаў: тэатр павінен набіраць прафесіяналізм. Для гэтага мы павінны пастаянна працаваць і выходзіць да гледача. Інакш і талент, і пастаноўка паміраюць. Талент не купіць Касцюмы, дэкарацыі, рэквізіты... Здаецца, без гэтага немагчымы ні адзін спектакль. Але адкуль народнаму тэатру ўзяць на ўсё грошы?— Калі вы ідзяце ў краму, вы ведаеце, колькі грошай у вашай кішэні. З гэтага і зыходзіце, — тлумачыць рэжысёр Яўген Валабоеў. — Артысты народнага тэатра павінны проста добра рабіць сваю працу, каб гледачы прыйшлі і заплацілі грошы, якія пасля можна выкарыстаць і на рэквізіты, і на касцюмы. Напрыклад, наш тэатр за месяц — дзве пастаноўкі — зарабіў тры мільёны беларускіх рублёў. А, ведаеце, ёсць нават такая сучасная плынь — “бедны тэатр”. Можна нават Гамлета сыграць на адной табурэтцы. Але трэба выкласціся так, каб глядач ахнуў. Галоўнае не грошы, выяўленыя ў рэчах, а акцёры! Артысты-непрафесіяналы іграюць так, як умеюць: шчыра, проста, па-сямейнаму і па-народнаму. Яны зарабляюць не грошы, а эмоцыі і падзякі тых, хто іх разумее і чакае. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На чым трымаюцца народныя тэатры? Для людзей з вёсак і малых гарадоў, якія звычайна бавяць час ля тэлевізара, спектаклі народнага тэатра — сапраўдная падзея.
|
|