Лазар Богша ХХІ стагоддзя, альбо Калі рамяство становіцца мастацтвам. 21.by

Лазар Богша ХХІ стагоддзя, альбо Калі рамяство становіцца мастацтвам

15.12.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Ён — чалавек просты і сціплы з выгляду, зямны і дабрадушны. Так адразу і не скажаш, што гэта той самы вядомы майстар, які з 1993 па 1997 гг. адрадзіў Крыж Еўфрасінні Полацкай, (а пасля стаўратэку для крыжа і раку святой), і пра якога напісана нават у школьных падручніках па гісторыі Беларусі. І хоць Мікалай Кузьміч мае безліч ганаровых званняў і ўзнагарод, ды ўсё ж у размове трымаецца па-свойску: жартуе, уздымае надзённыя прафесійныя і чалавечыя праблемы.

Днямі ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску адбылося адкрыццё выставы Мікалая Кузьміча "Ювелірыка", якая будзе працаваць да 15 студзеня. Назву, дарэчы, прыдумаў пісьменнік Уладзімір Арлоў, даўні сябар мастака-ювеліра і эмальера. Аб'ядноўвае іх Полацкая зямля, якая для Уладзіміра Арлова — малая радзіма, а для Мікалая Кузьміча — творчы лёс. Зараз ён працуе над лампадамі для полацкага манастыра.

"Ювелірыка" — назва недарэмная. Каля 140 адзінак ювелірных вырабаў Мікалая Кузьміча — гэта сапраўды паэзія. Брошкі, падвескі, завушніцы, шпількі, абразкі і эмалі маюць такую вытанчаную форму і колер, такія эмацыйныя душэўныя назвы, што ўспрымаць іх утылітарна — проста як аксесуары, дэкаратыўныя аб'екты — немагчыма. "Успамін пра вясёлку" — серыя вясёлых стракатых эмаляў; "Рэха стагоддзяў" — стыльныя падвескі, стылізаваныя пад даўніну; падвескі "Вырай" — сінія-сінія і з чароўнымі птушачкамі, дарэчы, улюбёнымі элементамі майстра; эмалі, прысвечаныя Грунвальдскай бітве і прыродзе роднай зямлі... Думаю, любая прыгажуня была б рада займець у сваёй калекцыі каштоўнасцяў такую вось аўтарскую мастацкую працу. Толькі за ўпрыгожаннямі самага славутага беларускага ювеліра чэргі, як ён сказаў, чамусьці не стаяць... Чаму?

— У Беларусі няма арт-рынку, — лічыць майстар. — А ў такіх умовах вельмі складана сфарміраваць нашы з пакупніком стасункі...

Аднаўленне Крыжа Еўфрасінні Полацкай — гэта тая наканаванасць, якая звязала Мікалая Кузьміча са старажытнай візантыйскай перагародчатай эмаллю. Майстар адрадзіў гэтую складаную тэхніку ХІІ стагоддзя, якая раней была тэхнікай вырабаў выключна для першых асобаў у дзяржаве. Сёння мастак стварае ў гэтай тэхніцы свае ўласныя працы. Але па шэрагу прычын ён, на жаль, не мае магчымасцяў перадаваць іншым свае ўнікальныя веды. Веды, гэтыя, дарэчы, дасталіся майстру не проста так. Ён доўга не мог разгадаць загадку старадаўняй тэхнікі: сучаснымі тэхналогіямі падчас працы над Крыжам ён карыстацца не меў права, таму шукаў рэцэпт тэхнікі сам эксперыментальным шляхам. Веды прыйшлі раптоўна і загадкава: у сне.

— Падчас працы над Крыжам Еўфрасінні Полацкай вы нават хадзілі ў паломніцтва ў Святую зямлю. Праца над Крыжам неяк змяніла вашае жыццё?

— Я не магу сказаць, як яна змяніла маё жыццё... Здаецца, як жыў, так і жыву. Я сам з веруючай сям'і, мая маці была верніцай. Кожны чалавек імкнецца стаць больш чыстым і добрым, не рабіць дрэнных учынкаў — я ў гэтым толькі ўмацаваўся.

— Чым складаная тэхніка візантыйскай эмалі?

— Самая галоўная складанасць — гэта тое, што няма пераемнасці, школа страчана. Была пераемнасць традыцый у ІІІ, ІV, VІІ, ХІІ стагоддзях, а потым знікла... Цяпер, вядома, для мяне гэтая складанасць ужо неактуальная. У тэхніцы гарачых эмаляў я працую 15 гадоў. Але калі я пачынаў працу над Крыжам у 1993 годзе, было вельмі складана. Наогул, часы былі страшныя. Тады ж яшчэ за дачыненні да рэлігіі і за краты маглі пасадзіць...

— Ці перадаяце вы каму-небудзь сваё майстэрства?

— Ювеліраў вельмі шмат. У кожным раённым цэнтры ёсць ювелір. Бо гэта рамесная праца. Але складаную тэхніку старажытнай візантыйскай перагародчатай эмалі я не магу нікому перадаць, на жаль... Бо для гэтага патрэбна заканадаўчая база. А яе няма. Я жыву ў Брэсце і працую з каштоўнымі металамі як індывідуальны прадпрымальнік. Па нашым заканадаўстве я не магу сабе ўзяць ніякага наёмнага чалавека ў "чаляднікі", так сказаць, каб навучыць яго сваёй тэхніцы.

— Вас натхняе беларуская прырода?

— Рэч нават не ў прыродзе, а ў стане, які ты перажываеш, дапусцім, улетку: навальніца, спякота. Усе мае працы — гэта стан маёй душы: тое, што адчуваю, тое і ствараю.

Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ.

На фота: брошка. Старажытная візантыйская эмаль. 2002.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ён — чалавек просты і сціплы з выгляду, зямны і дабрадушны. Так адразу і не скажаш, што гэта той самы вядомы майстар, які з 1993 па 1997 гг. адрадзіў Крыж Еўфрасінні...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика