Каб хлопец быў багатым, а дзяўчына — прыгожай. 21.by

Каб хлопец быў багатым, а дзяўчына — прыгожай

21.12.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Адразу пасля родаў нованароджанага абавязкова купалі, а парадзіху добра парылі. Амаль што паўсюдна вытрымлівалася традыцыя трайнога ачышчэння парадзіхі: каб яна тройчы (тры дні запар) папарылася ў лазні, прычым адным і тым жа венікам. Калі роды былі цяжкімі, парадзіха заставалася ў лазні ўсе тры дні: у яе была магчымасць добра выпарыцца, а затым управіць жывот і залатнік (пуп), каб не было грыжы і не балела сярэдзіна. Дзеля гэтага павітуха брала гліняны гаршчок і ставіла яго на пуп парадзісе. Яшчэ і сёння такім чынам народныя лекары правяць спіну ("упраўляюць залатнік").

 У адпаведнасці з народнымі ўяўленнямі, вельмі небяспечнымі для нехрышчонага дзіцяці з'яўляюцца кантакты з чужымі людзьмі, якія могуць сурочыць немаўля. З гэтай нагоды павітуха брала з сабой у лазню невялічкі абраз (звычайна прысутнасць у лазні абразоў ці крыжоў катэгарычна забаранялася), якім хрысціла ўсе вуглы і печку, а ў час купання дзіцяці клала яго побач і паўтарала словы ахоўнай малітвы: "Анёлы з табой, ахоўнікі з табой". Каб дзіця не баялася сурокаў, бабка акурвала яго ладанам, апырсквала святой вадой.

 Так, пры першым купанні дзіця трымалі тварам на захад. У ваду клалі розныя святаянскія травы і прадметы: дзевяць вугольчыкаў, невялічкую манету, бурштын, некалькі крышталікаў солі. Калі купалі дзяўчынку, то ў ваду далівалі малако, каб была прыгожая, белая з твару; хлопчыку далівалі піва, каб ён быў дужым і адважным.

 Калі хацелі мець спакойнага, стрыманага, разважлівага памочніка, то першай налівалі ваду са студні. Засцерагаліся першым наліваць кіпень, каб сын не быў ганарыстым, паспешлівым, "гарачым".

 Ваду, у якой купалі хлопца, вылівалі пад яблыньку (каб багатым быў, каб працягваў свой род), а ваду, у якой купалі дзяўчынку, — пад вішню (каб была прыгожай, "краснай"). Як жа дзіўна замыкалася жыццёвае кола чалавека праз прызму кантактаў з Прыродай: пасля смерці бацькі сын ішоў у сад і высякаў самую пладаносную яблыню (іначай увесь сад загіне ў бліжэйшыя тры гады); калі памірала маці, то ў садзе высякалі вішню.

 Самае галоўнае, на чым засяроджвала ўвагу бабка-павітуха, — усе першыя дзеянні ў дачыненні нованароджанага выконвалася на правы бок або справа: першы раз, як спавівалі, трэба пакласці на правы бок, першы раз прыкласці да матуліных грудзей з правага боку і г.д. Вельмі хацелі, каб дзіця стала "праўшуком".

 Пасля таго як дзіця пакупалі, бабка распачынала "правіць" яго: моцна сціскала галаву, каб яна была роўнай і круглай; выцягвала або, наадварот, сціскала нос, каб не быў доўгім і шырокім; туга спавівала ногі, каб не былі крывымі. Акрамя гэтага, павітухі выконвалі і больш складаныя рытуальна-абрадавыя дзеянні. Каб дзіця не хварэла "на крыксы", яго (пасля абмывання) загортвалі ў палатно, перавязвалі лыкам і клалі ў чырвоны кут.

 Вопытныя бабкі-павітухі прыкмячалі кожную дэталь, звязаную з момантам нараджэння дзіцяці. Напрыклад, калі дзіця нараджалася тварам уніз, павітуха ўжо разумела, што яно доўга не пражыве; меркавалі, што жыццё будзе кароткім і ў дзяцей, якія адразу ж пасля нараджэння "не падалі голасу". Калі дзіця народзіцца з доўгімі валасамі, то пражыве кароткі век, будзе маларухомым. Дзіця, якое нараджаецца напярэдадні вялікага свята, будзе непрыгожым і неразумным. Існавала перакананасць, што калі дзіця народзіцца сінім або белым, яно доўга не пражыве, а вось калі чырвоным — будзе жыць доўга і шчасліва, але мець сярдзіты нораў. Калі ў дзіцяці густыя бровы, яно можа вырасці хітрым і хлуслівым.

Аксана Катовіч, Янка Крук.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Адразу пасля родаў нованароджанага абавязкова купалі, а парадзіху добра парылі. Амаль што паўсюдна вытрымлівалася традыцыя трайнога ачышчэння парадзіхі: каб яна...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика