Псіхіятрычная бальніца ў Гайцюнішках - адзіны ў Беларусі дом-крэпасць
21.12.2010 10:50
—
Новости Общества
|
Псіхіятрычная бальніца ў Гайцюнішках - адзіны ў Беларусі дом-крэпасць Хочаце пабачыць адзіны ў Беларусі дом-крэпасць? Тады вам — прамая дарога ў псіхіятрычную бальніцу! І не спяшайцеся крыўдаваць. Напраўду — у адзіным у Беларусі доме-крэпасці 1613 года цяпер размяшчаецца такая медыцынская ўстанова. І гэта — сапраўднае шчасце для гэтага помніка архітэктуры. У той час, калі дзясяткі іншых палацаў і сядзіб стаяць у руінах, крэпасць у Гайцюнішках падтрымліваецца ў цудоўным стане! А зусім нядаўна медыкі зрабілі тут рамонт, у значнай ступені вярнулі крэпасці былую веліч. Адкуль у Воранаўскім раёне, на самай мяжы з Літвой такі цуд? Збудаваў яго Пётр Нонхарт, галандскі дойлід, які напрыканцы ХVІ стагоддзя быў прызначаны галоўным архітэктарам Вільні — а ў Гайцюнішках вырашыў атабарыцца (хоць да Вільні 50 км.). Паколькі Нонхарт спецыялізаваўся на абарончых пабудовах, сваё жытло "па інерцыі" змураваў, як сапраўдную крэпасць. Ды так удала, што шведы не змаглі ўзяць яе падчас вайны!.. ...Яшчэ пару гадоў таму тут была строгая памежная зона, вас маглі запраста аштрафаваць за нелегальнае знаходжанне ў ёй. Цяпер Памежны камітэт, на шчасце, значна звузіў плошчу зоны. Пабачыць шматлікія помнікі архітэктуры стала прасцей! І, хоць дазвол па-ранейшаму трэба, цяпер усё лягчэй. Аплачваеце па месцы жыхарства невялікую мыту (каля 7 тысяч на год), запісваеце тэлефон патрэбнага памежнага атрада — і перад паездкай інфармуеце, што ў пэўны перыяд будзеце знаходзіцца тут. Па сутнасці, дазвольны прынцып замянілі на заяўленчы — што спрасціла жыццё многім вандроўнікам. ...Псіхіятрычная бальніца ў Гайцюнішках — аб'ект асаблівай аховы. Бо, апроч медыцынскай установы ў крэпасці на 50 ложкаў, ёсць яшчэ суседняе аддзяленне за калючым дротам, дзе ўтрымліваюцца злачынцы, якія прызнаныя псіхічна хворымі, — пад аховай міліцыі на прымусовым лекаванні. Нягледзячы на гэта, на прахадной вас сустрэнуць вельмі ветліва і прыязна. — Турысты? Праходзьце, турыстам мы заўжды рады — ёсць што паказаць, чым пахваліцца! Толькі я вас запішу ў сшытак, стараемся адсачыць геаграфію турыстаў! Ахоўніца запісвае і тлумачыць, што фатаграфаваць можна ўсё, акрамя аддзялення з аховай. Усё ж такі спецаб'ект. Больш за тое, у сам дом-крэпасць можна ўвайсці, пахадзіць па першым паверсе, дзе знаходзяцца адміністрацыйныя пакоі. Тут жа можна пабачыць стэнд з гісторыяй крэпасці, багата аздоблены здымкамі. Бадай, гэта першая псіхіятрычная бальніца, дзе вам захочацца затрымацца!.. Прывітаць гасцей выходзіць галоўны ўрач Маргарыта Кудзян. — Вельмі радуюся заўжды, калі прыязджаюць госці, цікавяцца нашым домам-крэпасцю!.. Калі цікава, магу крыху распавесці яго гісторыю... Сядаем у кабінеце галоўнага ўрача. — Калі дачка Нонхарта выйшла замуж за пана Храптовіча, маёнтак пайшоў у пасаг, — пачынае аповед спадарыня Маргарыта. — Але яны тут не жылі, выехалі ў іншае месца. І пазней маёнтак адышоў лютэранскаму прыходу. Яны здавалі яго ў наём розным сем'ям, сярод якіх — Путкамеры (тыя самыя, звязаныя з Міцкевічам), Остэн-Сакены, Шрэтэры (Шротэры)... Калі мы займаліся аднаўленнем, знайшлі розныя звесткі наконт уладальнікаў дома. Дарэчы, падчас рамонту мы рабілі шурфы на сценах (гэта абавязковая працэдура). Толькі ўявіце — адмыслоўцы засведчылі, што канструкцыі страцілі сваю функцыю ўсяго на 30%, захаванасць цэглы — 70%! За 400 гадоў!!! Уявіце толькі — гэтыя 400 гадоў дом стаяў нават без водаадводаў! Можна смела сказаць, што многія пазнейшыя збудаванні, нават савецкага часу, прыйшлі ў аварыйны стан за шмат меншы прамежак часу... Непадалёк знаходзіцца лютэранская капліца-пахавальня, збудаваная ў 1633 годзе, у якой спачыў некалі сам Пётр Нонхарт з жонкай. Ягоныя парэшткі і зараз тэарэтычна знаходзяцца недзе пад капліцай. Хоць жыхары Гайцюнішак згадваюць, што за савецкім часам у крыпту дужа любілі хадзіць "на экскурсію" каму не лянота. У выніку там мала што і засталося... Так выпала, што ўсе наступныя гаспадары маёнтка пасля Нонхарта былі менавіта лютэране, якія таксама спачывалі пасля ў капліцы. Капліца збудавана з цэглы і камення толькі часткова, сярэдзіны сцен запоўнены глінаю. У выніку, калі пасля прыходу камуністаў людзям забаранілі маліцца і капліцу закінулі, у хуткім часе прадзіравіўся дах, і вада з ападкамі за лічаныя гады знішчылі практычна ўсю капліцу... Сёння там стаяць паўтары сцяны... Тым не менш, на руінах вісіць шыльда, што гэта — каштоўнасць, знаходзіцца пад аховай дзяржавы. Але — на шыльдзе значыцца, што гэта... "Сядзіба Ваньковічаў ХІХ ст." Відавочна, што проста пераблыталі, калі вешалі. — За перыяд, калі змянялася шмат гаспадароў пасля Нонхарта, дом мала выкарыстоўваўся як жытло, — кажа Маргарыта Кудзян. — Часцей за ўсё тут былі гаспадарчыя памяшканні. На старых здымках і малюнках можам бачыць, што некаторыя вокны былі проста забітыя дошкамі... Аднак апошні ўладальнік, пан Рымша, паводле ўспамінаў, нават спрабаваў займацца нейкай рэстаўрацыяй. Прынамсі, крыты ганак, які мы бачым сёння, прыбудаваў менавіта ён сто гадоў таму. Таксама ёсць звесткі, што Рымша накрыў дом гонтай (праўда, здымкі гэтага не пацвярджаюць), размясціў у крэпасці выдатную бібліятэку, замовіў наборы мэблі з нейкай рэдкай хвоі... Што за замак без містыкі і прывідаў? Спадарыня Маргарыта, як прадстаўнік дакладнай навукі, верыць у гэта з усмешкай. Але кажа, дзівосныя рэчы сапраўды бываюць. — Калі мы рабілі рамонт, здымалі слой старой тынкоўкі. На адной з вежаў была жоўтая пляма. Думалі: бывае, 400 гадоў, можа, вільгаць якая ці што. Знялі тынкоўку — кладка выдатная, плесені няма. Патынкавалі нанова, зрабілі водаадвод — вільгаці быць не павінна. Праз нейкі час пляма праступіла зноў! У чым сакрэт? Магчыма, дом, як губка, усмактаў раней вільгаць — і цяпер аддае? А можа, што іншае?.. Дарэчы, ёсць звесткі, што некалі ў доме-крэпасці былі фрэскі, якія не захаваліся... — Можа, проста кожны замак павінен мець свайго Бабая? — пытаюся ў спадарыні Маргарыты. — Я лічу, што ў нас Бабай — добразычлівы, з вельмі станоўчай энергіяй! Напэўна, добрыя людзі і добрыя будынкі жывуць доўга. Я ў гэтым замку праводжу вельмі шмат часу, бывае, што і суткамі — калі дзяжурства. І мне тут добра, адчуваю нейкую незвычайную лёгкасць... Спадарыня Маргарыта любіць распавядаць, чаму шведы не змаглі ўзяць дом-крэпасць. — Тут, вядома, вялікая заслуга Нонхарта: сцены паўтара метра таўшчынёю, на першым паверсе раней былі выключна байніцы замест вокнаў, там размяшчаўся гарнізон. Аднак ёсць і іншыя прычыны: замак знаходзіцца пасярод балот, якія 400 гадоў таму былі ўвогуле непраходнымі. Грунтовыя воды і сёння стаяць надзвычай высока. Шведы папросту не змаглі падкаціць да замка гарматы. А без гармат у іх нічога не атрымалася! Пасля Другой сусветнай вайны ў замку была школа механізатараў, бальніца адчынілася тут у 1956 годзе. Ведаеце, падчас размовы з Маргарытай Кудзян мяне не пакідала думка: каб гэтая жанчына-ўрач ды так захаплялася гісторыяй, так любіла сваё, так разбіралася ў архітэктуры!.. — На пасадзе я працую ўжо 10 гадоў, а ўвогуле ў нашай лякарні — больш за дваццаць. Скончыла Гродзенскі медінстытут. Муж таксама лекар — яго размеркавалі сюды, я паехала следам. Вядома, спачатку была роспач — з цудоўнага Гродна ехаць працаваць на вёску!.. Не хапала тэмпу жыцця, стасункаў... А цяпер я задаволеная, што так атрымалася. Я знайшла сябе тут! А чаму я так захапляюся гісторыяй гэтага месца, гэтага будынка?.. Я лічу, што жыць на гэтай зямлі і не любіць, не ведаць, не шанаваць яе — немагчыма, недапушчальна! Тым больш, калі гаворка ідзе пра такі ўнікальны помнік архітэктуры!.. Праўда, калі я пачынала працу, пра гісторыю помніка тут ведалі мала што. Я зацікавілася, пачала шукаць звесткі. І зразумела, што гэта — сапраўдны дыямент беларускай архітэктуры!.. Таму і марыла прывесці замак у належны выгляд, надаць яму былую веліч. Паўнацэннай рэстаўрацыі не атрымалася, бо гэта вымагае значных сродкаў. Але, стараючыся не нашкодзіць, да аднаўлення помніка падышлі максімальна далікатна. Замянілі дах, паставілі на вежы вытанчаныя шпілі-крыжы, патынкавалі, вярнулі вокнам былую форму... Для людзей, у якіх абвастрыліся псіхічныя захворванні, тэрмін утрымання ў замку — не больш за 40 дзён. А вось тыя, каго суд прызнаў злачынцам, могуць жыць тут гадамі. Не магу не спытацца ў Маргарыты Георгіеўны, ці часта пацыенты буяняць. — Што вы, такое здараецца вельмі рэдка! Я вам патлумачу як урач, што такое можа здарыцца тады, калі чалавек адчувае няўпэўненасць і страх ад таго, што ён не ведае, што з ім будзе. У нас вельмі моцная сістэма псіхаадукацыі і інфармацыі, якую мы выпрацавалі на практыцы. Калі чалавек трапляе ў бальніцу, першае, што мы робім, — паказваем яму фільм, дзе падрабязна распавядаецца і дэманструецца, як ён будзе тут жыць, якія ён мае правы, што абавязаны выконваць, які будзе расклад дня, як будуць праходзіць спатканні са сваякамі, якія можа прымаць пасылкі, колькі ён тут будзе, як ён адсюль выйдзе. Мы таксама вельмі ўдзячныя Мінздароўя, бо за апошнія гады зроблены вялікі крок наперад — цяпер з пацыентамі працуе не толькі псіхіятр, але і псіхолаг, і псіхатэрапеўт. Эфект палепшыўся ў разы! Маргарыта Кудзян робіць што можа і нават больш. Мала таго, што аднаўляе замак, дык яшчэ ў мінулым годзе яе бальніца атрымала трэцяе месца па азеляненні сярод медыцынскіх устаноў Гродзеншчыны. Гэта цудоўна, калі ўрач, прафесіянал, так ставіцца да гісторыі, да нацыянальнай памяці. Маргарыта Георгіеўна марыць, каб памяць заснавальніка дома-крэпасці была ўшанавана належным чынам. Каб капліца, дзе спачывае Пётр Нонхарт, была адноўлена. Ці хоць бы "акультурана" — для гэтага неабходна спілаваць парослыя наўкол дрэвы, пачысціць тэрыторыю, усталяваць мемарыяльны валун. Адной спадарыні Маргарыце не справіцца. Яна спадзяецца на дапамогу і разуменне мясцовых улад. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Хочаце пабачыць адзіны ў Беларусі дом-крэпасць? Тады вам — прамая дарога ў псіхіятрычную бальніцу! І не спяшайцеся крыўдаваць. |
|