"Я ўпала на нячышчаным тратуары, ці магу патрабаваць кампенсацыі ад ЖЭСа?"
22.12.2010
—
Новости Общества
|
Настасся Занько Зіма прыносіць нашым чытачам непрыемныя "сюрпрызы", пра якія яны не прамінаюць запытацца ў "Жылплошчы". Шмат на якія пытанні падчас прэс-канферэнцыі з журналістамі адказаў Анатоль Шагун, начальнік упраўлення камунальнай гаспадаркі і энергетыкі Міністэрства ЖКГ. Прыводзім частку з іх. — Калі я ішла па нячышчаным слізкім тратуары, упала і зламала нагу. Ці магу я патрабаваць кампенсацыі ад ЖЭСа? Наталля, <І>Мінск. — Можаце. Калі вы лічыце, што ЖЭС не выканаў сваіх службовых абавязкаў і таму вы атрымалі траўму, то можаце падаваць у суд. Варта толькі сабраць доказы, і цалкам магчыма атрымаць кампенсацыю, — адказвае Анатоль Шагун. — Якімі сумесямі зараз пасыпаюцца нашы дарогі? Ці ёсць новыя распрацоўкі? І наколькі гэтыя сумесі бяспечныя для здароўя? Настасся, вёска Шчамысліца, Мінскі раён. — У нас прымяняюцца сёння, у асноўным, два рэагенты. Гэта звычайная пясчана-саляная (сумесь пяску і тэхнічнай солі, у асноўным, калійнай), а таксама супрацьгалалёдная сумесь "чыстая соль" — (тэхнічны хлорысты калій). І тая, і іншая сумесь мае свае дадатныя якасці з пункту гледжання папярэджання траўматызму і слізкасці. А таксама адмоўныя з пункту гледжання ўздзеяння на навакольнае асяроддзе і тэхніку. Прымяняюць іх практычна па ўсёй тэрыторыі краіны, — гаворыць спадар Шагун. — З новых распрацовак сёння можна назваць супрацьгалалёдны хіміка-фрыкцыйны антыкаразійны матэрыял. Гэта сумесь з прымяненнем даламітавай мукі. Ён добры тым, што мае меншы, чым у пясчана-салянай сумесі, дыяметр зярняткаў. А калі меншы дыяметр зерняў, то пры руху аўтамабіляў адпаведна меншая карозія. Ёсць і айчынныя распрацоўкі супрацьгалалёдных матэрыялаў, штосьці можна набыць і імпартнае. Але тут пытанне ў кошце матэрыялу. Наконт здароўя... Нашы сумесі адобраныя Міністэрствам аховы здароўя. Яны адпавядаюць санітарным правілам і нормам. — У нас двор завалены снегам. Яго чысцяць рэдка. На скаргі ў ЖЭС толькі разво- дзяць рукамі, маўляў, не хапае дворнікаў. Раней ім давалі жыллё, і людзі з большай ахвотай ішлі. Можа, вярнуць такую практыку? Кацярына, Магілёў. — Тут сітуацыя не паўсюль аднолькавая. Наняць працоўных па комплекснай прыборцы ў раёнах — праблем амаль няма. Па буйных гарадах такая праблема ёсць, — пацвярджае Анатоль Шагун. —Яна звязана з тым, што праца рабочых па комплекснай прыборцы некваліфікаваная. І адпаведна заработная плата не можа быць вельмі высокай. І таму са штатам праблемы і ўзнікаюць. Наконт службовага жылля. Тое, што было ў савецкі час, сёння гэта — пройдзены этап, да якога ўжо не вярнуцца. — Ці магчыма пры капітальным рамонце паставіць пакватэрныя лічыльнікі цяпла? Ігар, г. Пінск. — Толькі ў адну сваю кватэру паставіць лічыльнік цяпла вы не зможаце. Патрэбна перарабляць сістэму цеплазабеспячэння ўсяго дома. У нас сёння ўсе дамы старой пабудовы былі запраектаваны з вертыкальнай разводкай трубаправодаў па стаяках (напрыклад, з падвалу праз кухню наверх і праз суседні пакой уніз). Таму калі нават тут і паставіць лічыльнік, то ён будзе лічыць колькасць цяпла на ўсе кватэры. Для індывідуальнага ўліку патрэбна гарызантальная сістэма ацяплення. То бок стаяк і ад яго гарызантальна разыходзяцца ўсе прыборы ацяплення. Пры капітальным рамонце стаіць задача ўхіліць згубленыя эксплуатацыйныя якасці. Г.зн. рамантуецца дах, мяняюцца трубаправоды і г.д. Рэканструкцыя пры капітальным рамонце праводзіцца вельмі рэдка. Таму, па крайняй меры, пакуль пераход на індывідуальныя прыборы ўліку — справа праблематычная. — Па дарозе на працу я штодня праходжу каля пяціпавярховіка з ледзяшамі на карнізах. Прызнацца, гэта страшна — не дай Бог, на галаву зваліцца. Хто іх павінен прыбіраць? Рэната, г. Ваўкавыск. Прыбіраць ледзяшы — задача жыллёва-камунальных службаў. Як паведаміў спадар Шагун, ствараюцца нават спецыяльныя брыгады па ачыстцы дахаў ад ледзяшоў. — Такія брыгады ёсць і ў раённых арганізацыях ЖКГ. Супрацоўнікі брыгад павінны быць падрыхтаваны да працы на вышыні і мець спецыяльны допуск. Летась мы прыцягвалі ўсю тэхніку, якую мелі. Прыцягвалі нават прамысловых альпіністаў, — распавядае Анатоль Шагун. — Хутка прыбраць усе ледзяшы, якія ўтварыліся за колькі дзён адлігі, тэхнічна немагчыма. Гэта справа, у залежнасці ад маштабу, да тыдня. Але важна своечасова агарадзіць такія небяспечныя месцы. І гэта таксама павінны рабіць жыллёва-камунальныя арганізацыі. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Я ўпала на нячышчаным тратуары, ці магу патрабаваць кампенсацыі ад ЖЭСа?"
|
|