Мясніковіч прызначаны прэм'ер-міністрам Беларусі
29.12.2010 00:00
—
Новости Общества
|
Мог быць яшчэ пры Кебічу Сяргей Сідорскі ўсё ж пакінуў крэсла прэм’ер‑міністра. Праз сем гадоў пасля прызначэння. Столькі пры Лукашэнку прэм"ерам не быў ніхто. Сідорскага шмат і заўзята крытыкаваў Лукашэнка. На публічных нарадах ён зрываў голас на свайго прэм’ер‑міністра, той жа толькі маўчаў, звесіўшы ўніз галаву. Звальняць Сідорскага Лукашэнка не адважваўся, асабліва ў крызісныя перыяды. Усё ж Сідорскі правераны баец. Цяпер фармальна другім чалавекам у дзяржаве стане Міхаіл Мясніковіч. Прадстаўнік наменклатуры, які апошнія дзевяць гадоў быў у фактычнай высылцы ў Акадэмію навук.Мясніковічу ужо 60 гадоў. Ён пенсіянер. Сваю кар’еру ўраджэнец Нясвіжчыны пачынаў у жыллёва‑камунальнай гаспадарцы. Быў міністрам у гэтай сферы падчас перабудовы. Мясніковіч з"яўляўся асобай блізкай да Вячаслва Кебіча. Кандыдат у прэзідэнты Кебіч у 1994 годзе нават абяцаў Мясніковічу пасаду прэм’ер‑міністра, але выбары прайграў. Мясніковіч не разгубіўся, перайшоўшы ў каманду пераможцы. Ва ўрадзе Лукашэнкі ён стаў віцэ‑прэм’ерам. А ўжо пасля адстаўкі Леаніда Сініцына заняў ганаровае месца кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, дзе і працаваў аж да наступных прэзідэнцкіх выбараў. Менавіта Мясніковіча называюць адным з архітэктараў перамогі Лукашэнкі ў 2001 годзе. Новае ж месца працы Мясніковіча было абсалютна нечаканым — старшыня прэзідыума Акадэміі навук. Інакш як высылку гэта разглядаць было немагчыма. Тым не менш, за час працы на гэтай пасадзе пачалася рэалізацыя амбіцыйных і грашовых праектаў, як АЭС, касмічны спадарожнік, ці сіліконавая даліна. Асаблівага ціску на іншадумцаў у сценах Акадэміі таксама не назіралася.У хуткім часе Мясніковіч зноў змог дабіцца ўплыву на Лукашэнку. Яго часта паказвалі побач з кіраўніком дзяржавы, сам Лукашэнка нярэдка звяртаецца да Мясніковіча падчас нарад. Вяртанне Тозіка Істотна абноўленымі выглядае спіс віцэ‑прэм’ераў. Захаваў сваю пасаду толькі першы намеснік прэм’ер‑міністра Уладзімір Сямашка. Затое пазбавіліся сваіх пасад Андрэй Кабякоў, Іван Бамбіза, Віктар Бура і Уладзімір Патупчык. Іх месцы занялі менш вядомыя людзі. Напрыклад, галоўны інспектар па Мінску Анатоль Калінін. Сяргей Румас змяніў месца старшыня праўлення «Белагрампрамбанка» на віцэ‑прэм’ерскае.Яшчэ адным віцэ‑прэм’ерам стаў Валеры Іваноў. Былы старшыня гарвыканкаму ў Шклове. Пасля парламенцкіх выбараў 2008 года ён перабраўся ў Мінск у палату прадстаўнікоў. Ездзіў на пасяджэнні ПАРЕ ў Страсбург. Але доўга засядзецца ў гэтай сінекуры Іванову не далі. Адправілі ў дапамогу Барысу Батуру па Мінскай вобласці. Цяпер вось новае павышэнне. Цікава, што вяртаецца з Кітаю Анатоль Тозік. Ён будзе курыраваць сацыяльную сферу. Яшчэ да «кітайскай камандзіроўкі» Тозік узначальваў КДК. Радзькову падзяка за выбары Былы міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў стаў першым намеснікам у Адміністрацыі прэзідэнта. Ён прыйшоў на месца Наталлі Пяткевіч. Дарэчы, у спісах новых прызначэнцаў Пяткевіч няма. Гэта могуць быць і асабістыя чыннікі, і прафесійныя. Радзькова ж відавочна ўзнагародзілі за правядзенне прэзідэнцкай кампаніі. Менавіта ён узначальваў штаб Лукашэнкі. Макей сваю пасаду захаваў. Застаўся на працы ў Адміністрацыі і юрыст Валеры Мацкевіч. А вось месца Леаніда Анфімава заняў Андрэй Кабякоў (гэта эканамічны блок). Сам Анфімаў без працы таксама не застаўся. Яго прызначылі намеснікам старшыні камітэту дзяржкантролю. Змяніўся і кіраўнік КДК. Пра адстаўку Зянона Ломаця казалі ўсе, але песімістычныя прагнозы наконт прызначэння на яго месца Віктара Шэймана не спраўдзіліся.Новым галоўным кантралёрам стаў Аляксандр Якабсон , які напрацягу многіх гадоў верай і праўдай служыў Лукашэнку на пасадзе старшыні Гомельскага аблвыканкаму. Зімоўскага прыбралі Новым старшынём на Белтэлерадыёкампаніі стаў Генадзь Давыдзька. Былы актор і дырэктар Нацыянальнага тэатру імя Янкі Купалы. У 2004 годзе ён стаў дэпутатам палаты прадстаўнікоў. Апошнім часам Давыдзька яшчэ вядзе праграму «Времечко» на тэлеканале «Лад». Ёсць спадзеў, што пры Давыдзьку беларускай мовы на тэлебачанні можа стаць болей. Зімоўскі ж апошнім часам паводзіў сябе вельмі разняволена. Ён не асабліва падбіраў словы падчас інтэрв’ю ці запісаў у блогу. Нярэдка гэта вылівалася ў сутычкі з тымі ж чыноўнікамі, як было з Наталляй Пяткевіч.На гэта ўвагу звярнуў нават Лукашэнка. Шмат каму гэта магло не падабацца. Тым не менш, Зімоўскі заставаўся верны ўладзе. Новыя кадравыя прызначэнні таксама агаляюць адсутнасць рэзерву кадраў. Нейкіх нечаканасцяў не адбылося. Незамянімых людзей няма. Спачатку ты працуеш у Адміністрацыі, потым віцэ‑прэм’ерам, потым у КДК. Ці наадварот, розніца неістотная. Адзіны эфект ад гэтага, каб не застойвалася вада. Пасады занялі вядомыя ўсім людзі. Таму чакаць змены курсу не выпадае. Лукашэнка проста ператасаваў наяўную ў сябе калоду. Зміцер Панкавец *** Працоўную дзейнасць пачаў у 1972 г. інжынерам техотдела інстытута "Мінскпраект". У 1985-1986 гадах - сакратар Мінскага гаркама КПБ. У 1986-1990 - міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі БССР. У 1990-1991 гадах - намеснік старшыні Савета Міністраў БССР, старшыня Дзяржкамітэта БССР па эканоміцы і планаванню. У 1991-1994 гадах - першы намеснік старшыні Савета Міністраў Беларусі, у 1994-1995 гадах - намеснік прэм"ер-міністра Беларусі. У 1995-2001 гадах - быў кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта, памочнікам прэзідэнта па асобых даручэннях.З кастрычніка 2001 года быў быў старшынёй Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. *** Сідорскі пратрымаўся на пасадзе прэм"ера найдаўжэй з усіх яго папярэднікаў за часамі незалежнасці. Прэм"ер-міністрам ён быў прызначаны 10 ліпеня 2003 г. Усяго ад 1991 г. у Беларусі было шэсць кіраўнікоў урада: Вячаслаў Кебіч (18.09.1991 — 21.07.1994), Міхаіл Чыгір (21.07.1994 — 18.11.1996), Сяргей Лінг (18.11.1996 — 18.02.2000) (в.а. да 19.02.1997), Уладзімір Ярмошын (18.02.2000 — 01.10.2001), Генадзь Навіцкі (01.10.2001 — 10.07.2003), Сяргей Сідорскі (10.07.2003 — 27.12.2010). Падзяліцца навіной:
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Лукашэнка ператасаваў старую зацёртую наменклатурную калоду.
|
|