Чаркіна працавала на "Крышталі", Шкварко ніколі не быў на мясакамбінаце, а сярод Віхроў шмат бландзінаў. 21.by

Чаркіна працавала на "Крышталі", Шкварко ніколі не быў на мясакамбінаце, а сярод Віхроў шмат бландзінаў

31.12.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Што будзе на навагоднім стале ў Чаркіных ды Шкварко? Ці стаіць у кватэры Ёлкіных ёлка? Якім чынам у людзей з прозвішчамі — сімваламі Новага года — праходзіць свята і складваецца жыццё? Пра гэта карэспандэнты "Звязды" высвятлялі ў жыхароў сталіцы.

Гарэлкіну называлі самагонкінай

— Ой, а вы ведаеце, я непітушчая, — засмяялася ў тэлефонную трубку Надзея Гарэлкіна. — Я сама працую тавараведам у краме канфіскаваных тавараў. Ёсць там і алкаголь таксама, але мяне гэта не спакушае. Толькі вось любяць жартаваць, то "Самагонкінай" назавуць, то "Водкінай". А прозвішча маё па мужу. Ён сам з Амура, што ў Расіі. Таму прозвішча дакладна не беларускае.

— Год прайшоў досыць складана. Напэўна, як і ў многіх беларусаў, — кажа Надзея. — Усякае здаралася. Але веру ў лепшае.

Надзея Гарэлкіна мае двух дзяцей і ў Дзеда Мароза разам з мужам папрасіла двух унукаў.

— Сто гадоў з мужам на дваіх размянялі, а ўнукаў няма, — тлумачыць сваю просьбу Надзея Гарэлкіна.

Будзем спадзявацца, што род Гарэлкіных яшчэ працягнецца на зямлі беларускай.

— А дзе вы мой нумар тэлефона знайшлі? — здзіўляецца Ганна Чаркіна.

— З тэлефоннага даведніка.

— От жа, бач! — не верыць Ганна Канстанцінаўна. — А пра што вам расказаць? Ну, працавала я на заводзе "Крышталь", на складзе да гэтага года, пакуль муж інвалідам не стаў. Так што сімвалічна ўсё з маім прозвішчам. Як прозвішча паўплывала? Звычайна на якіх-небудзь сустрэчах пра мяне быў адзін тост: "Вып'ем чарку за Чаркіну!"

— А самі якія тосты казалі?

— Ой, так і не ўспомніць. Да тостаў рыхтуюся звычайна, а так экспромтам рэдка атрымліваецца...

На Новы год на стале Чаркіных абавязкова будзе што і ў чарку, і пасля чаркі.

— Стол падрыхтуем як звычайна. Нейкай экзотыкі і штукарства не плануем, — кажа Ганна Канстанцінаўна.

Як кажуць у народзе, да чаркі ў народзе прынята ўжыць і шкварку.

Валянцін Пятровіч Шкварко кажа, што яму з яго прозвішчам досыць утульна. Не, ён не працуе на мясакамбінаце, яго праца нават не звязаная з прадуктамі.

— Я інжынер-механік. Ваенны, — сціпла адказвае Валянцін Пятровіч. — На прозвішча не скарджуся. Неяк так негатыўна на жыццё не ўплывае.

Па словах Валянціна Пятровіча, прозвішча яму засталося ў спадчыну ад украінцаў. Дзядуля і бабуля яго былі адтуль. А з прозвішча Шкварко не смяяліся ніколі.

— А як жа паздзекуешся тут, калі ўсе Шкварко больш за 120 кг, — гаворыць Валянцін Пятровіч. — Асабіста я 143 кг важу, так што з мяне асабліва не пакпіш.

Пра тое, што наступны год звязаны з яе прозвішчам, Марыя Трус даведалася ад мяне.

— Ой, а і праўда мой год, — зарагатала жанчына. — Як толькі маё прозвішча не тлумачылася: і бялізна, і баязліўка...

Як высветлілася, Марыя Васільеўна больш за 30 год адпрацавала на заводзе, а пасля адзінаццаць год адрывала кантрольныя часткі на білетах у Беларускім моладзевым тэатры.

— Я ўсе спектаклі на памяць ведала, — расказвае Марыя Васільеўна. — Да мяне нават пасля акцёры падыходзілі і пыталі: ці правільна, ці не сфальшывілі чаго. Больш за ўсё Жураўля любіла... Зараз тэатр на рамонце, а я пакуль не працую. Але вельмі сумую... У нас быў такі сяброўскі калектыў, у рэстарацыі ўсе святы адзначалі, не звяртаючы ўвагі на тое, акцёр ты ці просты супрацоўнік...

Бягучы год для Марыі Васільеўны быў шчаслівым.

— Нарадзілася ў мяне праўнучка, — кажа жанчына. — Цяпер во маю чацвярых унукаў ды адну праўнучку. Хай бы і наступны год быў такім.

Ну не лютуюць лютыя!

Цікава, а які характар у чалавека, які носіць прозвішча Люты? Сяргей, які адказаў на званочак, сказаў , што прозвішча ніякім чынам на яго характар не ўплывае. І дарэмна людзі, якія даведваюцца пра яго, імкнуцца ставіцца пэўным чынам: ну не лютуюць людзі з такім прозвішчам! І наогул нічым не адрозніваюцца ад іншых людзей, і навагоднія святы сустракаюць не на двары, а як усе за накрытым сталом. Хіба што жыць з "халодным" прозвішчам крыху весялей. Узімку да іх навакольныя праяўляюць асаблівую увагу. Напрыклад, Сяргей жартуе, што, калі вучыўся ў школе, кожны дзень на працягу месяца на дошцы пісалі яго прозвішча, а ў канцы абвяшчалі: "прыйшоў канец Лютаму".

— Мы больш любім вясну, — прызнаецца Вера Віхор. — Вядома, мы не баімся завірух і холаду: мы ж віхры! Хоць як маразы, так і пару, калі хлюпае пад нагамі і капае з дахаў, вельмі не любім, дзеткі - віхры ў такое надвор'е хварэюць. У зіме падабаецца прыгажосць — калі дрэвы ў шэрані, свеціць сонейка і ўсё як у казцы зіхаціць.

І хоць напачатку Віхрам падалося, што нічога такога асаблівага ў іх жыцці няма, усё ж знайшліся пэўныя зімовыя зачэпкі. "Часам бывае такое, што спачатку ўсё ідзе ціха, мірна, а пасля як наваліцца адно на другое, як закружыцца, заверціцца — хоць разарвіся на некалькі кавалкаў! А па характары мы ўсе добрыя. Сярод Віхроў многа бландзінаў, а яшчэ мы вылучаемся доўгажыхарствам (так, дзядуля, які родам з Украіны, пражыў 110 гадоў!). І ў новым годзе жадаем людзям такога здароўя, як у людзей-маржоў, што не баяцца зімой купацца".

— А вы ведаеце, што ваша прозвішча звязана са снегіром?—цікаўлюся ў Сяргея Гіля.

— Цікава, першы раз чую. А мне падабаюцца гэтыя птушкі, шкада, што зараз іх не бачна. Хоць маё прозвішча даволі вядомае, персанальнага вадзіцеля Леніна так звалі, у школе мне гэта нават з падручніка зачытвалі. І яшчэ прозвішча маё даволі распаўсюджанае. Я часта сустракаў людзей з такім жа прозвішчам, і ёсць пэўныя рысы, характэрныя для ўсіх Гіляў. Я гэта заўважаю і ў сваяках, і ў знаёмых з такім прозвішчам. Мы за справядлівасць. Здавалася б, іншы раз можна проста змаўчаць, але мы не хаваем сваіх думак, праўду рэжам у вочы, і за гэта пакутуем. Напрыклад, паўгода таму я, калі заўважыў, што крыўдзяць жанчыну, з якой разам працаваў, заступіўся за яе, хоць тыя разбіранні мяне ніяк і не тычыліся... У выніку я зараз без працы. А працаваў я на заводзе халадзільнікаў.

— Дык можа, зіму любіце?

— Ненавіджу! Затое люблю прыроду. І люблю падарожнічаць, толькі не так, як снягір. Мне стандартная, шэрая Еўропа нецікавая, больш маніць Усход — там, дзе цёпла, дзе ёсць нешта экзатычнае, дзе яскравыя фарбы, нешта далёкае, казачнае.

Жадае ж Сяргей Гіль усім у новым годзе быць добрымі, паблажлівымі, вучыцца разумець людзей.

У Ёлкіных у гэтым годзе не будзе стаяць ёлка. Не было яе і ў мінулым. Хоць, калі дзеці былі маленькія, навагодняе дрэва тут заўсёды стаяла. А яшчэ ў сям'і Ёлкіных не любяць штучных ёлак.

Як рыхтуецца да свята Каляда?

— Мы вельмі добра ставімся да традыцый беларускага народа, свят нашых. Калі-нікалі размаўляем на беларускай мове, пішам прывітанні. На вечарынцы, па святах нас просяць: "Скажыце на сваёй мове", — бо ўсе размаўляюць на рускай, а мы на беларускай, — расказвае Людміла Каляда і зачытвае мне паштоўку-віншаванку, якую падпісала на беларускай мове. — А Каляды мы святкуем, у мяне яшчэ і дзень нараджэння на іх прыпадае, прыходзяць дзеці, мы бліны пячом. Калядаваць не ходзім, бо не ўмеем спяваць, а як малыя былі, дык калядавалі. Праўда, мы жылі ў гарадскім пасёлку, там асабліва калядаваць не прынята. Было нават, я марыла: вось бы ў якую глухую вёску на свята патрапіць.    "Каляды пякуць бліны"

Дарэчы, Людміла Мікалаеўна да пенсіі працавала загадчыцай дзіцячага садка, і заўсёды прыходзіла паглядзець, як малыя зімовыя святы адзначаюць.

— А мне так падабаецца, калі гучыць беларуская мова, — дзеліцца жанчына.— Сын за мяжу ездзіў і кажа, што сорамна, што ў нас на роднай мове не гавораць, песень не ведаюць. Як прыгожа на беларускай мове размаўляе міністр культуры! Вось бы і адукацыю так рабілі... Хацелася б, каб больш было праграм на роднай мове і каб тэлевядучыя па-беларуску размаўлялі. Каб больш было песень на роднай мове, і не папсовых, а меладычных, прыгожых, якія кранаюць, хвалююць. Каб у нас нараджаліся Коласы і Купалы. Каб моладзь гаварыла на роднай мове, ляпіла яе.

Што будзе на стале на калядным стале ў Куцці?

— Год, як памёр мой муж, і цяпер мне не да свят. А раней калядкі мы заўсёды адзначалі і куццю на стол ставілі, — адказвае Клаўдзія Куцця. — Мне гэта прозвішча дасталася ад мужа, і скажу вам, добры быў чалавек. Мы з ім 47 гадоў разам пражылі, цікава з ім было, спакойна, ён заўсёды за мяне заступаўся. Наогул па сваяках мужа гляджу, што ўсе людзі з гэтым прозвішчам нядрэнныя, шчырыя. І жадаю ўсім здароўя. Няхай будзе мір і сяброўства, як на ўзроўні сваяцкім, суседскім, так і між народамі.

Чаму Каты прабіўныя?

— Дапамажыце вызначыцца, дык чый будзе год, Ката ці Труса? — цікавімся ў Алы Кот.

— А вам хто больш падабаецца?

— Кот, ён жа пад бокам. А Трус дзесьці далёка бегае.

— Няхай людзі самі выбіраюць. А мне ўсё роўна, бо калі замуж выходзіла, такой цікавасці да гараскопаў не было і я не надаю гэтаму значэння. Дарэчы, муж хацеў узяць маё прозвішча. У мяне было латышскае прозвішча Юргес. Ён так мяне кахаў, што пагаджаўся з усім, што я рабіла. Але я падумала: як жа гэта мужчына будзе на жаночым прозвішчы? І таму стала Катом. У мяне пяць дзяцей. Ніхто з іх не жаліўся, што цяжка з такім прозвішчам. Мы адзін аднаго ў сям'і ласкава называлі коцік, каток. Гэтак жа звалі маіх дзетак і ў школе. Так, адна дачка добра малявала (сёння яна мастачка, піша абразы), другая добра пела, запявалай усюды была, ва ўсіх мерапрыемствах удзельнічала (сёння служыць актрысай у лялечным тэатры). Дык іх і называлі ў школе кошачкамі. Яшчэ двое сыноў — ваенныя. А трэцяга вы напэўна ведаеце, — акцёр Анатоль Кот.

— Дык можа вашы дзеткі па творчых спецыяльнасцях пайшлі, таму што ставіліся да іх усе ласкава, любілі іх?   Анатоль Кот да Новага года падрыхтаваны?

— Думаю, гэта не з-за прозвішча, а з-за крыві, каго ў нас у родзе толькі няма — і немцы, і палякі, яўрэі, беларусы і латышы. І ўсе мае дзеці вельмі розныя. Толік вельмі на немцаў падобны — можа таму, калі ён працаваў у Германіі, яго любілі і прымалі за свайго. А вось сястра яго падобная на палячку, такая гжэчная. Увагі я ім удзяляла шмат, урокі рабіла. Нават сачыненне пісала за сына. Яму ўсё за сачыненні настаўніца тройкі ставіла. І вось калі я напісала, ён прыходзіць, кажа: "Во, і табе тры". На лыжах каталіся. Пазбіраем усіх, саначкі адны за другія пачапляем і паедзем, весела было. Шмат часу праводзілі ў лесе, збіралі па 10 вёдраў буякоў, журавін, грыбоў было многа. Адна знаёмая казала, што так уставаць не хочацца, каб у лес ехаць. Але глядзіць у акно: усе Катовы дзеці пабеглі, малы малога меншы...

У Ратамку ездзілі на конях катацца, у Стайкі, на возера купацца, у бадмінтон і іншыя гульні гулялі — карацей, з дзецьмі мы займаліся. І працавалі шмат. Я хацела, каб мае дзеці былі не горш, чым тыя, у каго адно-двое. А то, ведаеце, многія думаюць, што вялікія сем'і саплівыя, брудныя. З Польшчы мы прывезлі сукенкі, у якіх каўнерыкі і манжэты адшпільваюцца. Неяк стаіць класны кіраўнік, абгаворвае, што дзеці ў школе брудныя. Я пачынаю апраўдваць: што з малых возьмеш. А настаўніца мне: "А чаму ж тады вашы дзеці такія чысценькія?". Энергіі ў мяне было шмат. Але і дзеці цудоўныя. Старэйшаму было 3, другому дзіцяці год і 7 месяцаў, калі я нарадзіла трэцяга. Дык вось трохгадовае дзіця няньчыла таго, якому год і 7. Я разам іх выпускала на вуліцу і не баялася, хоць у нас перад домам ішла дарога, па якой машыны ездзілі. І ўсе казалі, што ні ў кога такіх дзяцей няма, як у Ката.

Нашы дзеці былі не сквапныя. Я дзецям сказала, каб ні ў кога не бралі цукерак. І колькі ім ні прапаноўвалі — не бралі. Калі купім цукеркі, дзялілі ўсім роўна, ніхто лішняга не возьме. З намі жыла бабуля, якая сваю цукерку клала пад падушку. Я ў яе пытаюся: "Мама, цяжка табе? Дзеці ж шумяць увесь час?" А яна ў адказ: "Хто старога так пацалуе, як не дзеці?". Яна Толіку дасць цукерку, а ён і рукі ёй пацалуе, і пагладзіць, і так ужо лашчыцца!

Хоць усякага было. Калі пятаму дзіцяці быў год, я вымушаная была выйсці на працу, а садка нам не далі, месца не было. Неяк прыходжу дамоў раней, гляджу, а дзіцё маё гадавалае на сабаку спіць (у нас была аўчарка), старэйшыя ж дзеці гуляць пабеглі. Сабака стаў, бок выгнуў, бо баліць, і на старэйшых гаўкае, што на яе так доўга малую пакінулі.

Кватэру нам не хацелі даваць. Мы жылі ў двухпакаёўцы, я, муж, пяць дзяцей і маці. Спальня была ўся ложкамі застаўленая, а ў зале круглы стол, і ўсе дзеці там урокі рабілі.

Пайшла ў райвыканкам высвятляць пра нашу чаргу. І як на мяне там мужык пачаў крычаць! Я нават не магла зразумець чаму. А ў яго, высветлілася, дзень непрыёмны. І ўяўляеце, я стаяла з дзевяцігадовым дзіцем на руках, трымаць малую цяжка, а ён мне нават сесці не прапанаваў. І роў, ажно з пенай ля рота. І я тады кажу: "Пайду нараджу яшчэ аднаго і сяду на Круглай плошчы. Як людзі ідуць загінулым у вайне пакланяцца, няхай і мне кланяюцца, што я столькі дзяцей на свет пусціла і пакутую.

— А ці б пажадалі вы людзям мець многа дзяцей?

— Шкадую, што яшчэ двое не нарадзіла. Толік кажа: "Мама, давай жыць усе разам". А я згодная, толькі кажу ім, што вашы жонкі будуць незадаволеныя. Дзеці ў нас вельмі камунікабільныя, любяць вялікую кампанію, вельмі дружныя, увесь час цікавяцца адзін у аднаго, ці патрэбна якая дапамога. Дык і іншым такога жадаю. І няхай з усімі будзе Бог і ўдача, шчасце і здароўе!

Дарэчы, калі мы набіралі тэлефонныя нумары, мы не ведалі, з кім звяжамся. Нумары проста бралі з даведніка і тэлефанавалі на ўдачу, каму патрапіцца. І кожны званочак — такі пазітыў. Кожны званочак — нечы лёс і чыйсьці настрой. Можа, і вы працягнеце нашу гульню? Набярыце тэлефонны нумар! Любы. І абмяняйцеся з чалавекам, які вам адкажа, святочнымі віншаваннямі. А можа, вы патрапіце якраз да таго, каго сёння няма каму віншаваць. Падзяліцеся сваім добрым настроем.

Алена Дзядзюля, Настасся Занько.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Што будзе на навагоднім стале ў Чаркіных ды Шкварко? Ці стаіць у кватэры Ёлкіных ёлка? Якім чынам у людзей з прозвішчамі — сімваламі Новага года — праходзіць свята...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика