Як капіталізаваць свабодныя сродкі?. 21.by

Як капіталізаваць свабодныя сродкі?

06.01.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Аб дэвальвацыйных чаканнях, перспектыўных і выгадных насельніцтву спосабах "звязаць" яго свабодныя грошы наш карэспандэнт гутарыць з незалежным беларускім эканамістам, членам Грамадска-кансультацыйнага савета пры Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Леанідам Заікам.

— У нас час ад часу ў насельніцтва абвастраюцца так званыя дэвальвацыйныя чаканні. Яшчэ напрыканцы кастрычніка і ў лістападзе "знаўцы" валютнага рынку зноў пачалі палохаць народ блізкай і непазбежнай дэвальвацыяй, прадказваць фантастычны ўзлёт курса долара. Ваша меркаванне?

— Я даўно заўважыў, што аб дэвальвацыі часцей і больш усяго гавораць людзі, у якіх не так ужо і шмат свабодных грошай. І чым іх менш, тым больш гучна яны разважаюць на тэму валютных курсаў, робяць часам неверагодныя прагнозы.

— Дык што такое дэвальвацыя і чым яна небяспечная?

— Ну гэта толькі не нейкая там стыхійная навала, якая нішчыць сабе налева-направа народныя зберажэнні. Ніхто з эканамістаў вам не скажа адназначна, што дэвальвацыя — гэта дрэнна. Яна ў першую чаргу метад эканамічнай палітыкі. Заўважу, пры разумным выкарыстанні даволі эфектыўны метад. Многія краіны яго спецыяльна выкарыстоўваюць. У прыватнасці, ЗША. Кітайцы — не. Яны жорстка трымаюць курс свайго юаня. Увогуле правядзенне дэвальвацыі ў свой час дазволіла многім краінам пазбегнуць сур'ёзных фінансавых і эканамічных непрыемнасцяў. Не буду стамляць прыкладамі.

— У чым сэнс станоўчай, калі можна так сказаць, дэвальвацыі?

— Дзякуючы паніжэнню курсу нацыянальнай валюты айчынныя экспарцёры атрымліваюць дадатковыя перавагі для прасоўвання сваёй прадукцыі на замежных рынках. У нас, напрыклад, дэвальвацыя выгадная для трактарнага завода, "Белкалія", МАЗа, завода халадзільнікаў, нафтаперапрацоўчых заводаў і іншых арыентаваных на экспарт прадпрыемстваў. Хоць цана на іх тавары ў доларах ці еўра застанецца нязменнай, яны істотна выйграюць у рублях. Таму ў большасці краін свету існуе лобі экспарцёраў, якое выдатна зарабляе на дэвальвацыі нацыянальнай валюты. Скажам, расійскія нафтавыя кампаніі могуць зарабляць мільярды толькі на адным працэсе дэвальвацыі. З іншага боку, ад яе церпяць імпарцёры, бо яны вымушаны выдаткоўваць больш рублёў на замежную валюту для набыцця сыравіны, марской рыбы, экзатычнай садавіны і гародніны.

— Леанід Фёдаравіч, скажу шчыра: мне дэвальвацыя не даспадобы. У свядомасці шырокіх колаў насельніцтва дэвальвацыя — гэта рост курсу долара і еўра да рубля, а значыць, і цэн на вельмі многія тавары і паслугі. У народзе так і кажуць: вырас долар — скокнулі цэны. Чаго яны скачуць услед за "амерыканцам"?

— А таму што вельмі многія вялікія і малыя прадпрыемствы, асабліва гандлёвыя, можна сказаць, "косяць" пад дэвальвацыю. Іх кіраўнікі і гаспадары вельмі хуценька перапісваюць лічбы на цэнніках у бок павелічэння. Прычым часта зусім не прапарцыянальна росту курсу долара. Здаралася, што цана на хадавы тавар за некалькі дзён падвойваецца. Калі пакупнікі пачынаюць абурацца, то і ў адказ: што рабіць, долар скокнуў. Такая вось хітрая цанавая палітыка. Хоць часцей за ўсё ваганні курсу долара і еўра тут не пры чым. Вось у гэтым пераважна штучным росце цэн на многія тавары галоўная непрыемнасць ад дэвальвацыі для насельніцтва. А з-за яе могуць падаражаць толькі імпартныя тавары. Аднак калі дружна ўздымаюцца цэны на каўбасу, якая амаль уся вырабляецца з мясцовай сыравіны і на мясцовых мясакамбінатах, то ўзнікае пытанне: чаму? Што ў нашай каўбасе такога ўжо імпартнага? Харчовыя дабаўкі? Таксама нешта падобнае здараецца і з цэнамі на малочную прадукцыю. На мой погляд, дэвальвацыя не павінна істотна ўплываць на цэны на тавары айчыннай вытворчасці. Аднак, на жаль, пакуль уплывае. А не павінна.

— А калі ўздымаюцца цэны на імпартныя энерганосьбіты — газ і нафту?

— І нават гэта не павінна сур'ёзна адбівацца на сабекошце прадукцыі беларускай вытворчасці. Бо новы кошт энерганосьбітаў у росце цаны айчыннага тавару максімум складзе ад 10 да 13 працэнтаў. І хопіць усё ківаць на шматпакутныя газ і нафту, а тым часам пад шумок размоў аб дэвальвацыі нажывацца за лік радавых спажыўцоў. Растуць цэны на выкапні — зніжайце энергаёмістасць і матэрыялаёмістасць вытворчасці адзінкі прадукцыі. А то ў нас атрымліваецца, што доля зарплаты ў валавым нацыянальным прадукце складае прыкладна 15 працэнтаў. Астатняе — матэрыяльныя выдаткі. Як эканаміст, я мушу сказаць, што гэта вельмі высокі паказчык. Яго трэба як мага хутчэй і рашуча зніжаць.

— Кіраўнікі Нацбанка неаднойчы заяўлялі, што сёння ў нас няма патрэбы ў правядзенні дэвальвацыі. Але тым часам мы назіраем усплёскі попыту насельніцтва на замежную валюту. Адкуль гэтыя хвалі павышанай цікаўнасці да долара і еўра?

— Людзі яшчэ не забылі 2 студзеня 2009 года, калі была раптоўна праведзена аднаразовая дэвальвацыя беларускага рубля. Наступствы той падзеі працягваюць уплываць на свядомасць часткі насельніцтва. Так, нам сёння кажуць, што гэта не паўторыцца, што тая акцыя была абумоўлена патрабаваннямі Міжнароднага валютнага фонду, хоць Нацбанк меў намер праводзіць паступовую дэвальвацыю на працягу некалькіх месяцаў. Тым не менш, напрыклад, у кастрычніку насельніцтва набыло на 317 мільёнаў амерыканскіх долараў больш, чым здала ў абменныя пункты. Зразумела, свой пэўны ўнёсак у цяперашнюю актыўнасць на валютным рынку зрабіла істотнае павышэнне заработнай платы. Насельніцтва дадатковыя сродкі накіроўвае ў валютныя зберажэнні.

— Зарплаты і далей будуць расці. Як сёння выгадней "звязаць" свабодныя грошы насельніцтва, каб яны не ціснулі на валютны рынак краіны? Каб было выгадна і людзям, і дзяржаве?

— Ведаеце, сёння шмат забяспечаных людзей салідныя сродкі размеркавалі ў доларах, еўра, расійскіх рублях, нехта ўжо ў юанях. Інакш кажучы, людзі імкнуцца не трымаць усе яйкі ў адным кошыку. І правільна. Можна яшчэ параіць трымаць грошы ў залатых ці сярэбраных мерных злітках Нацыянальнага банка. Так робіць усё больш заможных людзей. Увогуле насельніцтва актыўна набывае золата. Лічбы яго продажу растуць, Нацбанк рэалізаваў некалькі тон золата. З ім паспяхова канкурыруе срэбра, якое летась было нават больш папулярным, чым золата. У 2010 годзе насельніцтву і прадпрыемствам было рэалізавана каля паўтары тоны сярэбраных зліткаў.

— А як яшчэ дзяржава можа "звязаць" свабодныя грошы, каб яны не стваралі інфляцыйныя перадумовы?

— Нерухомасць — ужо надзейна засвоены нашымі суайчыннікамі шлях засваення грошай. Многія тысячы сем’яў уклалі грошы ў якасны рамонт кватэры ці дома, будаўніцтва новага жылля. Зараз варта ісці далей — дапамагчы людзям капіталізаваць свабодныя сродкі ці, іншымі словамі, укласці папяровыя грошы ў даходныя акцыі прыбытковых прадпрыемстваў, набыццё зямлі, часткі офісных будынкаў. Карацей, перавесці грошы з разраду накапленняў у капітал. Прычым частку дзяржаўнай маёмасці прыватызаваць за чэкі "Маёмасць", а частку прадаць за грошы. Але толькі не аддаваць бяздумна прадпрыемствы ў малавядомыя прыватныя рукі, не прадаваць іх з малатка замежным дзялкам з цьмянай рэпутацыяй і велізарнымі грашыма малазразумелага, мякка кажучы, паходжання. Няхай нашы заводы і фабрыкі рэарганізуюць, пераводзяць у прыватную ўласнасць самі іх рабочыя і інжынеры. І не даверыць гэту выключна адказную справу толькі чыноўнікам. Так менш будзе злоўжыванняў і наступных сацыяльных канфліктаў. Як гэта зараз адбываецца на поўдні Расіі, дзе начальнікі раённага ўзроўню шляхам складаных маніпуляцый з зямлёй сёння ператвараюцца ў доларавых мільянераў. Да рэалізацыі зямлі трэба падыходзіць абачліва. Можна прадаваць не саму зямлю, а права яе гаспадарчага выкарыстання. Напрыклад, тэрмінам на 20 гадоў для адкрыцця малога бізнэсу. Скажам, у зоне Нарачанскіх азёр пад шашлычную ці пункт пракату рыбацкага інвентару і г.д. Гэта, між іншым, досвед кітайскіх таварышаў, якія не прадаюць зямлю навечна, а рэалізуюць яе на пэўны перыяд для гаспадарчага выкарыстання.

Увогуле я лічу, што нашы новыя прэм'ер-міністр і яго намеснікі разумеюць, што грошы трэба "звязваць". Калі мы прададзім толькі адзін працэнт акцый нафтаперапрацоўчых заводаў насельніцтву, то шмат грошай "звяжам". Калі нешта замінае, то давайце правядзём грамадскае абмеркаванне праблемы, разгледзім усе плюсы і мінусы такой прыватызацыі. Але відавочна адно: у сацыяльна арыентаванай рыначнай эканоміцы грошы не павінны быць лішнімі — іх трэба задзейнічаць, каб кожны рубель працаваў на карысць і грамадзяніна, і краіны. Мы можам "звязаць" вялікую колькасць грошай продажам гарадской уласнасці, часткі адміністрацыйных будынкаў. Скарацілі міністэрства ці ведамства — прадайце будынак.

— Апошнім часам шмат размоў ідзе аб прыватызацыі МАЗа і продажу буйнога пакета акцый расійскаму КамАЗу...

— Дарэчы, на нядаўняй прэс-канферэнцыі пасол Расійскай Федэрацыі Аляксандр Сурыкаў паведаміў, што ў гаспадароў КамАЗа ёсць жаданне аб'яднаць яго актывы не толькі з МАЗам, але і з заводамі, якія выпускаюць камплектуючыя да іх машын. Гэта, на думку пасла, дазволіла б павысіць канкурэнтаздольнасць прадукцыі МАЗа і КамАЗа. А пункт погляду беларускага боку на маючую адбыцца буйную здзелку пакуль ясна і канкрэтна ў нас не агучаны. Вось і паўзуць чуткі аб нейкіх планах прадаць расійскім алігархам адзін з лепшых нашых заводаў. Я думаю, што частку акцый МАЗа варта было б рэалізаваць і беларусам.

— Дык што б вы сказалі тым, хто прадракае ўжо ў канцы студзеня рэактыўны ўзлёт курсу долара?

— Не трэба нагнятаць дэвальвацыйныя настроі і чаканні. Я не бачу пакуль сур'ёзных прычын для рэзкіх ваганняў курсу беларускага рубля ў рамках вызначанага Нацбанкам калідора плюс-мінус 8 працэнтаў. Нагадаю, летась калідор складаў плюс-мінус 10 працэнтаў. Але могуць назірацца (ёсць падставы гэтак думаць) ваганні курсаў долара і еўра, у прыватнасці, зніжэнне апошняга...

Гутарыў Леанід Лахманенка.

 
Теги: Курсы валют
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аб дэвальвацыйных чаканнях, перспектыўных і выгадных насельніцтву спосабах "звязаць" яго свабодныя грошы наш карэспандэнт гутарыць з незалежным беларускім...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика