Анёлак з Краіны цудаў, альбо Што адбываецца ў кніжцы, якую дачыталі?. 21.by

Анёлак з Краіны цудаў, альбо Што адбываецца ў кніжцы, якую дачыталі?

11.01.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Ёлка стаяла прыбраная, тата ўрачыста замацаваў на вершаліне зорачку. Мама зрабіла багаты стол. Усё, як належыць прыстойнай сям'і. Прыгожа апранутыя дзеткі ў радочак паселі на канапе — кожны падрыхтаваў вершык ці песню, як таго патрабуюць правілы, і быў гатовы выступіць перад Дзедам Марозам. Так рабілі спакон веку: кожны агучваў сваё жаданне, атрымліваў жаданае. Праўда, з кожным годам прыдумваць жаданні было ўсё цяжэй, вось як на гэты раз. Але ўсё адно чакалі новага года і яго пасланца. Але той чамусьці марудзіў, не адчыняў дзверы хаты, каб свята напоўніла яе ціхім шчасцем. Хоць у іх казачнай краіне так было заўсёды.

Малыя прыслухоўваліся да гукаў: ці не ідзе хто? Але погляд мамы з татам быў скіраваны на гадзіннік. Стрэлкі яго нібыта прыляпіліся да аднаго моманту, застылі на нейкім імгненні паміж старым і новым гадамі. Яны не рушылі далей. Але свечкі амаль дагарэлі. Як такое можа быць? Нешта здарылася... Тата з мамай трывожна пераглядаліся: у іх казцы такога не магло быць, таму што аднойчы і назаўсёды дабро перамагло зло і з таго часу героі перажывалі толькі добрыя і светлыя пачуцці, а цуды не сыходзілі з іх жыцця.

— Можа, гэта нейкі зусім нечаканы цуд, і Дзед Мароз рыхтуе асаблівае віншаванне? — тата вырашыў удакладніць інфармацыю ў казачным бюро. Ён паведаміў назву казкі і чакаў абгрунтаванага адказу.

— Ну як дзеці ўсё роўна... — уздыхнула ў адказ каардынатарка казачных праектаў. — Вы думаеце, вы ў яго адны? Ён жа Дзед Мароз, ён жа Санта Клаус, ён жа Святы Мікалай... Вас шмат, а ён адзін. Уяўляеце, колькі ў яго адрасоў? Таму ён з некаторых часоў прыходзіць толькі да тых, дзе патрэбныя сапраўдныя цуды, дзе ўсё яшчэ недасканала. А ў вас жа ўсё даўно цудоўна і прыгожа, усе мары збыліся, ні ў кога ніякіх жаданняў няма. Дык чаго вы яшчэ хочаце?

— Дык гэта значыць, што ён больш ніколі не прыйдзе? — не мог паверыць тата. — Выбачайце, але ў нас жа Новы год не наступіць і мы застанемся ў мінулым... Што рабіць у такім выпадку?

— Гэта значыць толькі адно: ваша казка скончылася. Нехта дачытаў і закрыў кніжку. Адпачывайце, пакуль зноў хтосьці не зацікавіцца і не разгорне яе.

Тата з мамай супакоіліся: усё ідзе па законе казкі. Яны паклалі дзетак у ложак, цмокнуўшы іх у шчочкі, паведамілі, што на гэты раз галоўны цуд будзе раніцой пасля абуджэння. Патушылі свечкі і ўлегліся спаць — соладка і, магчыма, доўга.

Спакой ахінуў хату. Усе мірна пасопвалі ў сваіх ложках. І толькі адно малое ніяк не магло заснуць: няўжо гэта справядліва, калі дзеці застаюцца без святочнай казкі? І хто пасля гэтага будзе казаць, што ў іх усё добра? Малое ўжо падумала заплакаць, як праз шчыліну паміж фіранкамі літаральна яму ў вочкі зазірнула зорачка. Яна была такая яркая і настойліва-радасная, што адганяла ўсе непатрэбныя думкі. Малое адкінула коўдру і пасунулася да акна. Нешта дзіўнае адбывалася навокал: на палянцы, вакол галоўнай ёлкі, вадзілі карагоды суседзі па казках. Цудоўныя феі спявалі песні — іх гукі станавіліся ўсё гучней. Феерверкі расквечвалі неба. "Вось дык свята, вось дзе Новы год, і без нас", — засмуцілася малое. І ў гэты момант тая самая зорка на небе яму падміргнула. "Як жа я хачу, каб казка працягвалася..." — падумала малое. І ў гэтае імгненне зорка ўспыхнула і імкліва кінулася ўніз. "Ой... Тата, напэўна, моцна расстроіцца, што з-за мяне на адну зорку ў небе стала менш. Што цяпер будзе?!. А калі яна з якой-небудзь Вялікай Мядзведзіцы? Ці хоць бы Малой... Як жа змогуць знайсці гэтыя сузор'і? А калі яна — Венера, святло якой нараджае новыя казкі?.. Трэба яе вярнуць на месца", — малое глянула на тых, што радаваліся за акном, ні пра што не здагадваючыся. І шмыганула да дзвярэй.

Боцікі, куртка, шапка, шалік... Люстэрка таямніча пазірала на маленькую істоту. А тая рашуча рушыла да выхаду: пасля таго, як знаёмая Аліса пабывала ў Залюстроўі, яно ўжо не асабліва вабіла. Пайсці туды — толькі час згубіць, а тут жа за дзвярыма чакае дапамогі зорка.

Святочная ноч сапраўды здавалася светлай. Вуліца — такой жа жывой, як і ўдзень. Малое ішло ад адной хаты да другой і дзівілася. Вось воўк і заяц разам заводзяць песні. Дзяўчынка ў чырвоным капялюшыку частуе святочным пірагом любімую бабулю. Там — тата Карла разам з Карабасам глядзяць і радуюцца, якімі зоркамі сталі іх любімыя лялькі на чале з Бураціна. Тут — шахматная каралева наладзіла дыскатэку для ўсяго каралеўства і цяпер нават пешкі ходзяць як хочуць. А вось усе жыхары чароўнай Нарніі з любоўю ўзгадваюць ільва Аслана, які заснаваў іх краіну і падарыў ім надзею. Нават у хаце Бабы Ягі поўна людзей — яна наладзіла атракцыён "катанне ў ступе" і больш не адчувае сябе адзінокай. Значыць, Дзед Мароз прыходзіў! Гэта ж ён зрабіў святочны цуд, калі ва ўсіх усё добра, ніхто нікога не крыўдзіць, усе дапамагаюць адзін аднаму. Гэта ён даў магчымасць паверыць, што дабро ў казках здольныя ствараць іх насельнікі, і ўсё насамрэч залежыць ад таго, наколькі моцна яны гэтага хочуць.

Малое глядзела і думала, што цуды, напэўна, немагчыма заказаць і атрымаць па разнарадцы. Іх немагчыма прадказаць і чакаць у пэўны момант — бо якія ж гэта цуды? Але яны здараюцца — з тымі, хто ў іх верыць. І яны могуць быць зусім не такімі, якімі мы іх уяўлялі. Нам здаецца, што ў казкі ёсць толькі адзін раз і назаўжды прыдуманы канец, але заўсёды бываюць варыянты... Якая дзіўная была тая зорка, што дапамагла гэта зразумець. Вось дык цуд! Хіба не дзеля гэтага цуду яна падала з неба? Малое ўсміхнулася, бо зразумела: яны з зоркай насамрэч усю гэтую ноч імкнуліся адно да аднаго.

Ля самай апошняй хаты, што стаяла на ўскрайку вуліцы, было ціха. Здалёк падавалася, што там ніхто не жыве. Аднак яе акаляла цёплае святло, дарожку выслалі празрыстыя промні. Яны вырываліся ад акенца і здаваліся такімі надакучлівымі, што амаль... знаёмымі. Малое пастукалася ў дзверы. Не было ніякіх сумненняў, хто там чакае.

Зіхатлівы камячок адчыніў дзверы і ўсміхнуўся:

— Ты хацеў казку? Калі ласка! Так не бывае, каб нехта застаўся без свята, калі яно вельмі патрэбна.

Малое здзівілася. У памяці прайшоў увесь апошні вечар, тата з мамай, браты з сястрычкамі, вершыкі і песенькі, якія яны рыхтавалі. Трэба ж бегчы, усіх пабудзіць і сказаць пра святочны цуд!

— Не спяшайся. Іх казка скончылася. Твая толькі пачалася. Цяпер яна будзе жыць асобна ў гэтай хаце. Гэта пра цябе напішуць новую кніжку, таму што твая няўрымслівая цікаўнасць і надзея зрушыла час. Гэта для цябе пачаўся новы адлік. Да цябе прыйшоў Новы год, будзем знаёмыя...

Яны сядзелі і размаўлялі ўсю ноч. Маленькі, толькі што народжаны Новы год — і чыстае сэрцам малое чалавечага роду. Той, у каго немагчыма паверыць, і тая істота, якая ўмела верыць, калі гэта здавалася немагчыма. Малое зразумела, што да некаторых у пэўныя моманты можа прыходзіць стары Дзед Мароз, калі нічога ўжо не паправіш, акрамя як цудам. А некаторыя чыстыя сэрцам, самі таго не ведаючы, могуць сустрэць яго маленькага нашчадка-анёльчыка. Малое даведалася, што зорка, якая прынесла яму Новы год, згарэла на зямлі, але замест яе абавязкова народзіцца новая. Бо колькі яшчэ жаданняў такіх жа няўрымслівых малых прыйдзецца здзяйсняць — не хопіць зорак, калі яны не будуць нараджацца зноў. Закон прыроды. Закон жыцця. Закон цуду.

Ларыса ЦІМОШЫК.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ёлка стаяла прыбраная, тата ўрачыста замацаваў на вершаліне зорачку. Мама зрабіла багаты стол. Усё, як належыць прыстойнай сям'і. Прыгожа апранутыя дзеткі ў...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика