Дырэктар фонду «Гомельаблмаёмасць» Кацярына Зенкевіч: "Акцыянерныя таварыствы ствараюцца не дзеля змены шыльды"
28.01.2011
—
Новости Общества
|
На аўкцыёнах па продажы аб'ектаў дзяржаўнай (рэспубліканскай і камунальнай) уласнасці ў Гомельскай вобласці летась было прададзена 348 аб'ектаў, што на 118 больш, чым у 2009 годзе. Кошт прададзеных аб'ектаў склаў Br10, 8 млрд (гэта ў 2,3 раза больш, чым у 2009 годзе). Дырэктар Гомельскага абласнога тэрытарыяльнага фонду дзяржаўнай маёмасці Кацярына Зенкевіч рассказала, што ўсяго ў мінулым годзе арганізацыяй было праведзена 123 аўкцыёны, на якіх было выстаўлена на продаж больш за 700 збудаванняў. — Найбольшым попытам на аўкцыёнах карысталіся аб'екты нерухомасці, якія прадаюцца за адну базавую велічыню. 200 з 235, якія выстаўляліся на продаж, былі рэалізаваны. Гэта на 114 адзінак больш, чым у 2009 годзе. Найбольш актыўна ў гэтую працу ўключыліся Хойніцкі, Буда-Кашалёўскі і Рэчыцкі райвыканкамы. У мінулым годзе некалькі актывізавалася праца па перадачы маёмасці ў бязвыплатнае карыстанне пад рэалізацыю канкрэтных інвестпраектаў і стварэнне дадатковых рабочых месцаў. Калі за два папярэднія гады (2008-2009) было перададзена 37 аб'ектаў, якія не выкарыстоўваліся, то ў 2010 годзе — 51. Напрыклад, чатыры такія аб'екты КСУП "Чалюшчавічы" Петрыкаўскага раёна былі перададзены ў сярэдзіне мінулага года ў бязвыплатнае карыстанне СТАА "Біясол". У развіццё прадпрыемства ўжо ўкладзена 1,5 млрд рублёў, створана 5 працоўных месцаў. У бліжэйшыя дні гэтае прадпрыемства па вытворчасці паліўных гранул пачне працу. Тут будзе створана яшчэ 15 працоўных месцаў. — Раскажыце, калі ласка, як на Гомельшчыне выкарыстоўваецца дзяржаўная маёмасць? — Агульная плошча будынкаў і збудаванняў камунальнай уласнасці ў Гомельскай вобласці складае больш за 15 млн кв. метраў. З яе больш чым 91 % выкарыстоўваецца ўладальнікамі маёмасці самастойна, 5 % здаецца ў арэнду, 3,8 % — не выкарыстоўваецца. І апошняя лічба — зона нашай асаблівай адказнасці. Летась у Гомельскай вобласці ўключаны ў гаспадарчы абарот 743 аб'екты, якія не выкарыстоўваюцца, 464 — знесены, 174 — прададзены. Па колькасці ўцягнутых у гаспадарчы абарот такіх аб'ектаў у нас лепшы паказчык у рэспубліцы. Гомельская вобласць знаходзіцца ў лідарах і па ўключэнні ў гаспадарчы абарот аб'ектаў, якія не выкарыстоўваюцца, рэспубліканскай уласнасці. Аналізуючы ўцягванне ў гаспадарчы абарот аб'ектаў камунальнай уласнасці за апошнія 3 гады, хачу адзначыць станоўчую дынаміку павелічэння ўдзельнай вагі ў рэальным уцягванні на 9 %, памяншэння ўдзельнай вагі аб'ектаў, якія зносяцца, на 14 працэнтных пунктаў. — Дзяржаве па-ранейшаму выгадна прадаваць будынкі, няхай і ў непрыдатным стане, за адну базавую велічыню? — Асноўная доля прададзеных на аўкцыёнах 348 (з 706) збудаванняў — гэта будынкі камунальнай уласнасці. Іх прададзена 290 на суму 8,4 млрд рублёў, у тым ліку 193 за адну базавую велічыню. Вялікая частка аб'ектаў набывалася для арганізацыі невялікіх вытворчасцяў, фермерскіх гаспадарак, таму найбольшым попытам карысталіся аб'екты за адну базавую велічыню — 66,3% ад усіх прададзеных. Такі спосаб продажу найбольш прымальны ў сельскай мясцовасці, дзе часта адсутнічае попыт. Хоць у нас ёсць некалькі прыкладаў, калі на таргах ахвотныя значна павялічвалі кошт. Напрыклад, пры пачатковай цане продажу 35 тыс. рублёў, будынак цялятніка ў Буда-Кашалёўскім раёне быў прададзены за 2,3 млн рублёў, будынак склада ў Жлобіне — за 6,1 млн рублёў, будынкі завода фруктовых кансерваў і склада гатовай прадукцыі ў аграгарадку Акцябр — за 56,6 млн рублёў, лазня ў вёсцы Прыбар Гомельскага раёна — за 75,6 млн рублёў. Такім чынам, калі мы прадаём маёмасць за адну базавую велічыню, то паскараем тэрміны ўключэння будынка ў гаспадарчы абарот. У мінулым годзе пачасціліся выпадкі, калі пераможцы аўкцыёнаў 2009 года, пашыраючы свой бізнэс, набываюць чарговую маёмасць. Будынак у вёсцы Грушаўка Нараўлянскага раёна быў прададзены ў 2009 годзе, а новая вытворчасць адкрылася ў жніўні 2010 года. Рамонт быў праведзены за 10 месяцаў, устаноўлена абсталяванне па перапрацоўцы адходаў драўніны. Цяпер тут вырабляюць брыкеты для ацяплення, створана 10 працоўных месцаў. А ўласнік маёмасці для пашырэння сваёй вытворчасці летась набыў на аўкцыённых таргах за адну базавую велічыню яшчэ адзін будынак у тым жа Нараўлянскім раёне. Многія аб'екты, прададзеныя ў 2008—2009 гадах, ужо працуюць. У мадэрнізаваным будынку былога дзіцячага сада ў вёсцы Азяраны Рагачоўскага раёна зараз цэх па перапрацоўцы мясной прадукцыі, дзе працуе 5 чалавек. У будынку былога раствора-бетоннага вузла ў Калінкавічах арганізавана вытворчасць пенапласту, створана 7 рабочых месцаў. Калі лічыць з 2007 года, на базе прададзеных камунальных аб'ектаў нерухомасці ў Гомельскай вобласці створана больш за 700 працоўных месцаў, прыцягнута інвестыцый на суму каля 21 млрд рублёў. — Кацярына Анатольеўна, многія з буйных прадпрыемстваў за апошні час перажылі рэфармаванні, сталі акцыянернымі таварыствамі. Навошта ўсе гэтыя пераўтварэнні? — У адпаведнасці з пастановай урада і рашэннямі Гомельскага аблвыканкама, гаррайвыканкамаў летась рэфармавана 63 арганізацыі дзяржаўнай уласнасці. Увогуле ж за тры гады на Гомельшчыне створана 82 ААТ з агульнай колькасцю працоўных 35,2 тыс. чалавек. Наша вобласць у лідарах па колькасці рэфармаваных рэспубліканскіх і камунальных прадпрыемстваў. Акцыянерныя таварыствы ствараюцца не дзеля змены шыльды. Змена арганізацыйна-прававой формы — першы крок да прыцягнення інвестыцый, пры неабходнасці — да стварэння інтэграваных карпаратыўных структур (кластараў, холдынгаў). А значыць, гэта — структурная перабудова эканомікі вобласці на іх аснове. У Гомельскай вобласці ў мінулым годзе створаны холдынг "Гомельская мяса-малочная кампанія", у склад якога ўвайшлі 8 акцыянерных таварыстваў. Завяршаецца работа па стварэнні ювелірнага холдынгу на базе адкрытых акцыянерных таварыстваў "Гомельскае ВА "Крышталь", "Белювеліргандаль" і ЗАТ"Белгран". Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на наступную пяцігодку вызначана мэта рэфармавання адносін уласнасці. Гэта — павышэнне эфектыўнасці работы прадпрыемстваў, скарачэнне аб'ёмаў іх дзяржаўнага субсідзіравання, павелічэнне прытоку прамых замежных інвестыцый. — Трэба меркаваць, працэс пераўтварэнняў толькі распачаты і многія прадпрыемствы вобласці набудуць новую назву і статус? — У Гомельскай вобласці зацверджаны пералікі арганізацый, якія падлягаюць пераўтварэнню ў ААТ на 2011—2013 гады. У сёлетнія планы ўключана тры прадпрыемствы абласной і 10 — гарадской і раённай уласнасці. Зараз урадам распрацоўваецца аналагічны план пераўтварэння ў ААТ рэспубліканскіх прадпрыемстваў, у тым ліку прамысловых гігантаў краіны, размешчаных на тэрыторыі нашай вобласці. Работа па стварэнні адкрытых акцыянерных таварыстваў дазваляе выкарыстоўваць магчымасць прыцягнення інвестыцый шляхам продажу дзяржаўных пакетаў акцый стратэгічным інвестарам. У вобласці на 1 студзеня 2011-га ў камунальнай уласнасці знаходзяцца акцыі 163 гаспадарчых таварыстваў, у 127 з іх (78%) доля дзяржавы складае ад 50 і больш працэнтаў. У сувязі з гэтым летась мы правялі аўкцыёны і конкурсы па продажы акцый таварыстваў "Жлобінскае аўтатранспартнае прадпрыемства" на суму 1,1 млрд руб. і "Мазырпіва" на суму 0,48 млрд руб. на ўмовах прыцягнення сёлета інвестыцый у памеры не менш як 0,5 млрд руб. У бліжэйшы час будуць сфарміраваны пералікі ААТ, акцыі якіх падлягаюць адчужэнню ў 2011 годзе. Гэта не азначае, што мы заклікаем да бяздумнай прыватызацыі, але каштоўныя паперы не павінны ператварацца ў "мёртвы" капітал. Продаж акцый і нявыкарыстаных аб'ектаў з'яўляюцца адной з крыніц паступленняў у бюджэт. І гэта — выніковасць нашай працы ў частцы кіравання і распараджэння дзяржаўнай маёмасцю. Летась агульная сума паступленняў у бюджэты ўсіх узроўняў ад выкарыстання і продажу дзяржаўнай маёмасці склала больш за 35 млрд рублёў, што амаль у 2 разы больш чым за 2009 год. У мясцовыя бюджэты паступіла 24,3 млрд рублёў, што ў 2,6 раза больш, чым за 2009 год. — Поспехі, пра якія вы расказалі, абумоўлены ў тым ліку і рэкламаваннем вашай дзейнасці ў самых розных сродках масавай інфармацыі — напрыклад, электронных... — Сапраўды, у 2010 годзе ў поўным аб'ёме пачаў функцыянаваць наш сайт, які дазволіў размяшчаць розную інфармацыю па ўсёй сферы маёмасных адносін. У снежні на сайце была адкрыта "гарачая лінія" і кожны аўторак жыхары вобласці мелі магчымасць задаваць свае пытанні кіраўніцтву фонду. Гэтую практыку мы працягнем і сёлета. Дарэчы, на 2011 год запланавана вялікая праца. Трэба зарэгістраваць больш за 2 тысячы аб'ектаў нерухомасці, уцягнуць у гаспадарчы абарот значную колькасць нявыкарыстаных аб'ектаў, рэфармаваць 13 прадпрыемстваў камунальнай уласнасці, працягваць ажыццяўляць эфектыўны продаж аб'ектаў нерухомасці і пакеты акцый адкрытых акцыянерных таварыстваў. Ірына АСТАШКЕВІЧ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На аўкцыёнах па продажы аб'ектаў дзяржаўнай (рэспубліканскай і камунальнай) уласнасці ў Гомельскай вобласці летась было прададзена 348 аб'ектаў, што на 118 больш,...
|
|