Савет вам ды любоў. Да культуры
28.01.2011
—
Новости Общества
|
Дзяржава вырашыла раіцца з грамадствам у культурных пытаннях
— Што рабіць з мастацтвам, якое радыё і тэлеканалы не асабліва любяць ставіць у эфір? Магчыма, для іх стварыць асобны канал "нефармат"? — Якімі помнікамі кніжнай культуры Беларусь можа быць прадстаўлена ў свеце? — Ці будзе асаблівая дзяржаўная праграма па ўшанаванні памятных дат і важных для Беларусі імёнаў? — Ці будзе прафесійны тэатр у Полацку і іншых гарадах, дзе ёсць патэнцыйная тэатральная публіка? — Як дзяржава можа падтрымаць беларускую мову — галоўную культурную адметнасць нашай краіны?... Першае, устаноўчае, пасяджэнне Рэспубліканскага грамадскага савета па справах культуры і мастацтва. Эмоцыі зашкальваюць. Яшчэ не паспелі агучыць усе пытанні, якія збіраецца разглядаць гэты огран, як ужо пайшлі прапановы. Актыўнае ў нас грамадства. Напэўна, таму, што любіць культуру. Нічога дзіўнага: яна тут фарміравалася і гартавалася стагоддзямі. Цяпер тое, што ёсць, важна не згубіць. Прытым не страціць будучую культуру, грунт якой закладваецца сённяшнямі рашэннямі. Адказнасць — на пакаленні. Магчыма, таму дзяржава вырашыла параіцца ў гэтым з грамадствам. Упершыню кожны, хто мае свой погляд на айчынную культуру і канкрэтныя прапановы, можа быць пачуты. Нават калі яго імя няма ў спісе ўдзельнікаў савета, збіраюцца распрацаваць такі механізм яго злучэння з грамадскай супольнасцю, каб кожную слушную прапанову прыняць да ведама. Савет — гэта не статычны орган, гэта рада, дзверы ў якую адчынены для ўсіх тых, хто неабыякавы да сферы культуры.Ініцыятыва фарміравання гэтага савета належала дзяржаўнаму органу кіравання, які адказвае за сферу культуры — Міністэрству культуры. Рашэнне прымалася Саветам Міністраў нашай краіны. У Рэспубліканскі грамадскі савет уваходзяць прадстаўнікі эліты беларускага мастацтва, народныя артысты СССР, народныя артысты Беларусі, заслужаныя дзеячы культуры і мастацтва, таксама прадстаўнікі творчай моладзі, прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў нашай краіны. Павел Латушка, міністр культуры, патлумачыў задачы савета: — Для нас важна было мець зрэз грамадскай думкі ў галіне культуры. У перыяд развіцця нашай дзяржавы назапашаны вялікі досвед развіцця культуры. Зразумела, што культура застаецца жывым арганізмам. Нам здаецца, што наступае чарговы этап яе развіцця ў Беларусі. Таму вельмі важна пашыраць узаемаабмен думкамі, інфармацыяй паміж грамадскасцю, культурнай інтэлігенцыяй нашай краіны і дзяржавай, Саветам Міністраў у дадзеным выпадку, дзеля таго, каб атрымліваць сапраўды з першых крыніц інфармацыю аб тым, што варта рабіць далей, што варта змяніць, што варта ўдасканаліць. Мы плануем абмяркоўваць важныя праблемы нашай культуры, пачынаючы ад аховы гісторыка-культурнай спадчыны. Гаварыць пра тое, што ўвогуле культура — гэта фактар, які праходзіць праз усё наша жыццё ад нараджэння і на працягу жыцця кожнай асобы. Мы лічым важным паглядзець на справы творчай моладзі, падумаць, як яе падтрымаць. Асобная тэма — культура ў рэгіёнах нашай краіны. Бо алімпа прафесійнага мастацтва без рэгіянальнай культуры ўявіць сабе яе немагчыма. Вельмі важным з'яўляецца прасоўванне нашай культуры па-за межамі Беларусі. Развіццё кінамастацтва, тэатральнае мастацтва і іншыя віды — гэта ўсё пытанні вельмі важныя сёння. Гэта не значыць, што нічога не адбываецца ў гэтых сферах, што няма развіцця. Але абмен думкамі, інфармацыяй у сучасным зменлівым свеце вельмі важныя. Мне здаецца, вельмі важна зразумець, што сёння наступіў этап нашай культуры, калі мы павінны працаваць на свядомасць нашых грамадзян, каб рэальна, аб'ектыўна ўспрымаць сённяшнюю беларускую культуру як унутры краіны, так і спрыяць яе прасоўванню, ствараць станоўчы імідж нашай культуры за межамі Беларусі. Мяркую, што ў працэсе нашай працы з'явіцца больш новых ідэй і падыходаў. Неабходна сканцэнтраваць усе намаганні чалавечага і фінансавага рэсурсу на нашу працу па ўмацаванні станоўчага іміджу беларускай культуры. Пасяджэнні савета мяркуюць праводзіць 2-3 разы на год. Адначасова будзе працаваць пастаянная рабочая група савета, спецыяльныя рабочыя групы па секцыях, па кірунках мастацтва. Калі будзе патрэба, будуць створаны часовыя рабочыя групы, якія больш дэталёва абмяркуюць важныя пытанні і будуць уносіць іх ужо падрыхтаванымі на разгляд рэспубліканскага грамадскага савета па справах культуры і мастацтва. Дзеля чаго? Каб само грамадства магло ўплываць на фарміраванне асноўных кірункаў дзяржаўнай палітыкі ў галіне культуры, удзельнічаць у выпрацоўцы мер па яе рэалізацыі. Каб культурная ініцыятыва з месцаў не патанула ў штодзённых клопатах і мерапрыемствах. Каб кожны творца ці зацікаўлены глядач і слухач мог удзельнічаць у падрыхтоўцы прававых актаў у галіне культуры. Таму ў склад савета ўвайшлі кіраўнікі ўсіх грамадскіх арганізацый, якія існуюць у сферы культуры — усяго 68 прадстаўнікоў нашай культурнай эліты. Міністр культуры Беларусі Павел Латушка прывітаў удзельнікаў Савета словамі Максіма Багдановіча: "... Каб стаць бліжэй душы роднага народа, лепей наталіць яе духоўную смагу і сапраўды ўзяцца за вялікую працу — развіццё беларускай роднай культуры". Нездарма для першага пасяджэння абралі Мірскі замак, які адкрыўся пасля рэстаўрацыі. — Стварэнне Мірскага замка ў мінулым сведчыць аб узроўні развіцця нашай нацыі пяць стагоддзяў таму. Аднаўленне яго ў ХХІ стагоддзі — добры прыклад развіцця самасвядомасці беларускай нацыі сёння, — адзначыў Павел Латушка. — Сёння культура з'яўляецца дзейсным інструментам у духоўным выхаванні грамадзян нашай краіны. Няма сумненняў, што беларуская культура — самабытная, мае багатую культурную спадчыну, у нас шмат таленавітых мастакоў, музыкантаў, акцёраў, рэжысёраў... Беларуская культура з'яўляецца часткай еўрапейскай культурнай прасторы, яна ўносіць важкі ўклад у сусветную культуру. Адметнасць беларускай культуры ў яе еўрапейскасці. А еўрапейскасць падкрэслівае яе беларускасць. Мы ўзбагаціліся культурнымі здабыткамі нашых суседзяў з усходу і захаду, стварылі свой уласны падмурак. Мінулае дае падмурак сучаснаму развіццю. Нам не трэба ствараць легенду ўласнай гісторыі. Дастаткова падняць рэальна існуючы культурна-гістарычны пласт і на гэтай аснове працягваць будаўніцтва сучаснай беларускай культуры. Наша культура шматпланавая, неадназначная і цікавая. Міністр агучыў асноўныя планы, якія пазначаны ў асобнай праграме "Культура Беларусі на 2011-2015 гг." Яна была прынятая ўпершыню на ўрадавым узроўні. Мэта: павышэнне сацыяльнай і эканамічнай эфектыўнасці культуры. Планаваць можна шмат, але любыя планы выконваюцца канкрэтнымі людзьмі. Ва ўстановах культуры сёння працуе больш за 63 тысячы спецыялістаў. У сістэме Міністэрства культуры налічваецца 9000 устаноў культуры, з іх рэгіянальных — 8900. Кожны мае сваё ўяўленне пра развіццё культуры і погляд, на што варта звярнуць увагу. Барыс Святлоў, рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў: — Як выхаваць асобу, якая б культурна ставілася да культуры? Кожны час фармулюе гэтае пытанне па-новаму. У нашых сучасных варунках яно можа гучаць ужо не "З кім вы, майстры культуры?", а такім чынам: "Ці з майстрамі культуры вы, выдатнікі адукацыі?" Да гэтых разважанняў мяне падштурхоўвае стан спраў з эстэтычным выхаваннем і мастацкай адукацыяй у апошні час. Да пачатку 90-х гадоў Беларусь была лідарам у мастацка-эстэтычным выхаванні ў былым СССР. Мы першыя ўвялі курс "Сусветная мастацкая культура". Роля агульнаадукацыйных школ у мастацка-эстэтычным выхаванні вельмі важная. Але пасля таго, як у 2008 годзе былі зацверджаны новыя вучэбныя планы, сітуацыя з вывучэннем прадметаў мастацка-эстэтычнага цыкла змянілася. Значна зменшылася колькасць гадзін на вывучэнне прадметаў "музыка" і "выяўленчае мастацтва". Быў увогуле скасаваны прадмет "айчынная і сусветная мастацкая культура". Гэта негатыўна адбілася на якасці мастацка-эстэтычнага выхавання. Падыход "няма прадмета — няма праблемы" вельмі небяспечны. Таму што мы выхоўваем будучыню, якая можа аказацца наогул "па-за культурай". Аляксей Дудараў, старшыня Саюза тэатральных дзеячаў: — Я спадзяюся, што Савет будзе насіць кансультатыўны, рэкамендацыйны, але ні ў якім выпадку не дэкаратыўны характар. Рэч у тым, што мы, тыя, хто займаецца культурай і мастацтвам, можа, больш адчуваем, што адбываецца і што патрэбна, сваім жыццём спасцігнулі, што важна для чалавека. Таму да асоб, якія непасрэдна ў культурным працэсе, трэба ўважліва прыслухоўвацца тым, хто вызначае дзяржаўную палітыку і накіроўвае грашовыя сродкі. У нас багата што плануецца для тэатра. У Мінску цяпер немагчыма знайсці шэраг тэатраў — яны на рамонце. Ёсць перспектыва, што да 2014 года яны вернуцца ў абсталяваныя па апошнім слове тэхнікі залы. Толькі трэба пільна сачыць, што ў гэтых адрамантаваных будынках будзе ўнутры. Таму што будынак — цела, але душа тэатра — творчасць. Яна галоўная, бо цела без душы не жыве. Анатоль Бутэвіч, намеснік старшыні Рэспубліканскага грамадскага савета па справах культуры і мастацтва: — Савет можа акамуляваць тое, што ў грамадстве выспявае, і далучаць да спраў культуры ўсіх зацікаўленых. Калі на нашым савеце часам будуць гучаць праблемныя пытанні і негатыўныя адзнакі, то не таму, што мы не разумеем, што дзяржава рабіла і робіць для таго, каб культура і мастацтва развіваліся. Наша зацікаўленасць у тым, каб было лепш, яна грунтуецца на тым, што ўжо было зроблена. Нам трэба шукаць разам сродкі, людскія рэсурсы, якія б маглі палепшыць справы. Кажуць, што наша грамадства старэе, бо мала дзяцей нараджаецца. Але наша спадчына сёння практычна ўся "на пенсіі". Не па сваім статусе, а па ўзросце. І дзякуй Богу, што гэтыя ветэраны сёння працягваюць працаваць на нашу карысць. Многія з іх да гэтага часу, нягледзячы на тое, што маюць па 800 гадоў, як Каложа, працягваюць сваё служэнне грамадству. Дык можа, нарэшце, грамадства зразумее, што павінна аддаваць належнае ім, ветэранам. Важная не толькі заканадаўчая і фінансавая падтрымка, а змена нашых адносін да помнікаў культуры. Таму што ў многім наша стаўленне да помнікаў змушае іх знікаць. Адам Мальдзіс, прафесар: — Мы аднавілі Мірскі замак, на падыходзе Нясвіжскі палац. Але што далей? На мой погляд, трэба ўзнімаць гонар Навагрудка, таму што гэта першая каранаваная сталіца Вялікага Княства Літоўскага. Мне здаецца, што ўслед за Нясвіжам і Навагрудкам павінны быць Ружаны. Праўда, Ружанскі палац ужо нібыта пачалі аднаўляць, але пачалі з брамы ад флігеля. Не тыя будынкі, дзе быў палац, дзе быў тэатр, дзе была карцінная галерэя, знакамітая ва ўсёй Еўропе. Пасля 1832 года ў Санкт-Пецярбург былі вывезены творы з Ружанаў — каля 300 тысяч. Хутчэй за ўсё, трэба пачынаць з таго будынка, які можа сапраўды атрымаць увагу як з Усходу, так і Захаду. Таму што гэтыя карціны былі перавезены ў Санкт-Пецярбург і асабіста адзначаны Мікалаем І, чаго ніколі не было: ён загадаў некаторую колькасць карцін у "Эрмітаж" перадаць і іншыя ўстановы, а частку (асабліва жаночыя партрэты) спаліць. Сапегаўская галерэя была прысвоена праз царскі ўрад незаконна. Таму можна паспрабаваць штосьці вярнуць. З дапамогай нашчадкаў славутых радоў мы можам шмат што вярнуць з Пецярбурга, Варшавы. Каб адраджаць у будынках, якія існуюць у рамках беларускага "залатога кальца", пра якое мы доўга гаворым, якое мае намер аб'яднаць Мір, Нясвіж, Навагрудак, Ружаны і Гродна ў турыстычны маршрут. Пытанні спадчыны будуць бадай першачарговымі, якія збіраецца разглядаць савет. Ларыса ЦІМОШЫК. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дзяржава вырашыла раіцца з грамадствам у культурных пытаннях — Што рабіць з мастацтвам, якое радыё і тэлеканалы не асабліва любяць ставіць у эфір? Магчыма, для іх...
|
|