Не плюй у калодзеж!. 21.by

Не плюй у калодзеж!

02.02.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Калодзеж даволі часта станавіўся своеасаблівым удзельнікам як каляндарных, так і сямейна-родавых абрадаў.

   У славян быў шырока распаўсюджаны наступны звычай: пасля вяселля нявеста павінна была ўпершыню набраць вады з калодзежа ў прысутнасці гасцей — такім чынам, адбывалася яшчэ адно яе абрадавае "ўжыўленне" ў сям'ю мужа. Прычым госці павінны былі ўсяляк перашкаджаць ёй, не пускаць да калодзежа. На Беларусі існавала правіла: калі нявеста ўпершыню брала ваду ў калодзежы сваёй новай сям'і, то яна павінна была пакласці на зруб невялікі кавалачак вясельнага каравая і кінуць у калодзеж манету. Для таго, каб сямейную пару ніхто не разлучыў, у дзень вяселля закрывалі замок, ключ ад якога кідалі ў калодзеж.

   На Каляды калодзеж станавіўся цэнтрам дзявочай варажбы. Напрыклад, у ноч на Раство Хрыстова дзяўчына закрывала калодзеж на замок, ключ клала пад падушку і загадвала, каб у сне "суджаны прыйшоў вады папіць".

   У памінальныя дні калодзежы былі месцам, куды абавязкова прыносілі крыху рытуальнай ежы. Часам яе нават кідалі ў калодзеж, часцей — пакідалі на ўсю ноч на зрубе калодзежа. Часам ён выступаў і як "рытуальная магіла". Калі ў сям'і не "гадаваліся" дзеці, бабка-павітуха "закрывала" смерць на замок, які клала ў труну з памерлым дзіцем, а ключ кідала ў калодзеж. А на Тройцу, як і ўсе пабудовы ў гаспадарцы, калодзежы ўпрыгожвалі зелянінай, вянкамі з кветак і траў. Лічылася, што калодзеж, які мае сувязь з "тым" светам, здольны пазбаўляць ад хвароб і выконваць жаданні. Асаблівай лекавай сілай валодала калодзежная вада напярэдадні Раства Хрыстова (6 студзеня), Хрышчэння (18 студзеня), Стрэчання (14 лютага). Вадой, узятай у гэты дзень ранкам, мыліся, паілі хворых, купалі дзяцей і г. д.

   Ваду, узятую з калодзежа "па ўсіх" правілах, замаўлялі і лячылі ёю сурокі. У калодзеж кідалі рэчы, на якія "адсылалі" свае немачы — напрыклад, гарох, зерне ячменю (пры лячэнні "ячменю" на вачах) і г. д.

   Вада, узятая не з аднаго, а з некалькіх калодзежаў, лічылася асабліва гаючай. Так, знахары, якія выкарыстоўвалі калодзежную ваду, прасілі браць яе з трох, сямі ці дванаццаці калодзежаў. Лічылася, каб павялічыць колькасць малака ў каровы, яе неабходна напаіць вадой з трох калодзежаў. Для выпечкі вясельнага каравая ваду таксама бралі з сямі калодзежаў.

   Цікава, але цудадзейнымі якасцямі валодала і трава, якая расла побач з калодзежам. Яе давалі як корм хатняй жывёле для пладавітасці.

   У славян шырока распаўсюджана павер'е, што ў кожным калодзежы жыве дух-ахоўнік — калодзезнік. Каб задобрыць яго, адзін раз на год — у Ільін дзень (2 жніўня) раніцай, калі бралі першае вядро вады з калодзежа, на дно вядра клалі лісце мяты. На Юрая Зімовага (9 студзеня) "слухалі" ваду ў калодзежы. Калі яна была спакойная — чакай цёплую зіму, калі ж з калодзежу даносіліся гукі — трэба было спадзявацца на моцныя маразы і завеі.

   У народнай культуры калодзежы і вада з іх заўсёды былі надзелены статусам святасці. Лічылася, што калодзежы знаходзяцца пад аховай Багародзіцы і святой Параскевы Пятніцы. Нездарма казалі: "Не плюй у калодзеж, давядзецца вады напіцца". Гэты фразеалагізм можна разумець як у пераносным, так і ў прамым сэнсе.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Калодзеж даволі часта станавіўся своеасаблівым удзельнікам як каляндарных, так і сямейна-родавых абрадаў.    У славян быў шырока распаўсюджаны...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика