Дваравыя пабудовы. Вароты. 21.by

Дваравыя пабудовы. Вароты

05.02.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Вароты — частка агароджы падворка, праз якую выязджалі з двара і вярталіся назад. Сімволіка варотаў у традыцыйнай культуры ўсходніх славян вельмі блізкая да ўяўленняў аб ролі дзвярэй у хаце і іншых гаспадарчых пабудовах. Яны сімвалізавалі сакральную мяжу паміж "сваім" і "чужым" светам. Вароты сталі тым рытуальным каналам сувязі, праз які наладжваліся паўсядзённа-побытавыя і спецыфічна-абрадавыя сувязі са знешнім светам. Яны служылі надзейным абярэгам ад знешняга негатыўнага ўздзеяння на дамачадцаў і гаспадарку.

   У паўсядзённым жыцці вароты трымалі зачыненымі. І толькі ў выключных выпадках іх, наадварот, на пэўны час адчынялі: калі ў хату прыходзіла бяда, звязаная са смерцю чалавека.

   Вароты сталі своеасаблівым рытуальным месцам як для гаспадароў падворка, так і для аднавяскоўцаў. На варотах мацавалі абразы, свечкі. Калі праходзілі міма, то абавязкова хрысціліся. Напрыклад, у дзень першага выгану хатняй жывёлы на пашу (а гэта, як правіла, адбывалася на Юр'я) да варот мацавалі ікону святога Георгія Перамаганосца, якая знаходзілася там на працягу ўсяго святочнага дня — да таго часу, пакуль жывёла не вернецца дадому вечарам.

   На варотах, гэтаксама як і на дзвярах, на Вадохрышча малявалі крыжы, на Купалле да іх мацавалі вянкі, у якасці абярэгаў уторквалі нож, серп або іншыя вострыя прадметы.

   Асаблівую ўвагу варотам надавалі на Тройцу. Да слупоў мацавалі галінкі бярозы, а самі вароты ўпрыгожвалі кветкамі і рознакаляровымі стужкамі.

   Упрыгожвалі вароты і ў час вяселля. На каньку мацавалі "вясельнае дрэўца" або некалькі невялічкіх елачак, кветкі, стужкі, вянкі і гірлянды з кветак і галінак хваёвых дрэў.

   Знакам грамадскага асуджэння і пакарання дзяўчыны, якая саграшыла (мела пазашлюбныя адносіны), было вымазванне варот дзёгцем.

   Падчас некаторых рытуальных дзеянняў трэба было пагрукаць у вароты, нарабіць шуму-грому. Лічылася, чым больш будзе шуму, тым хутчэй збудзецца задуманае. Так, на Каляды моцна грукалі ў вароты, запрашаючы Мароз пакаштаваць куццю — галоўную рытуальную страву. У засушлівыя дні аб вароты разбівалі гліняныя гаршкі.

   Пры зачыненых варотах адбываўся вясельны гандаль паміж дружынай жаніха і нявесты — "выкуп нявесты".

   Вароты адчынялі падчас цяжкіх родаў, а таксама калі цяжка паміраў хто-небудзь з дамачадцаў. Аналагічныя дзеянні выконваліся і ў царкве. Каб дапамагчы душы (у выпадку смерці) прадстаць перад Творцам, у храме адчынялі "царскія вароты".

   У варотах распальвалі "ачышчальнае" вогнішча ў Чысты чацвер, на Вялікдзень, у Юр'еў дзень. Распальвалі агонь і ў дзень вяселля, каб вясельны поезд пераехаў праз полымя і спаліў усё нядобрае, што магло прыстаць да яго па дарозе.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вароты — частка агароджы падворка, праз якую выязджалі з двара і вярталіся назад. Сімволіка варотаў у традыцыйнай культуры ўсходніх славян вельмі блізкая да...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика