Цудоўнае адраджэнне
08.02.2011
—
Новости Общества
|
Царквы такой формы няма болей нідзе ў Еўропе. Ад былых прыгажосці і велічы “двара Сваротвы”, якія дайшлі да нас праз акварэлі Напалеона Орды, не засталося нічога. Толькі муры старой царквы выстаялі, ды і яны паступова рабіліся непрыкметнымі, зарастаючы бур’яном. Ніхто з месцічаў ніколі не думаў, што тут нейкім чынам ускалыхнецца памяць пра даўніну, нейкі помнік яе дачакаецца свайго адраджэння. І, напэўна, гэтага б не адбылося, каб не энтузіяст-падзвіжнік святар Пачапаўскага прыхода протаіерэй Георгій Сапун. Праз стагоддзі Памянёнай царкве больш за 250 гадоў. Ад маёнтка Сваротва, на жаль, захавалася толькі вялікая дубовая алея. “Двор Сваротва з воласцю Сваротаўскай” пазначаны ў метрыках ВКЛ яшчэ з 1498 года. У розны час памесцем валодалі магнаты Юдзіцкія, Тызенгаўзы. У пачатку ХІХ стагоддзя гаспадарамі Сваротвы становяцца Незабытоўскія. Апошняй гаспадыняй “двара” мясцовыя жыхары называюць пані Грудзінскую. Яна засталася ў памяці месцічаў як руплівіца дабрачыннасці, не забывала бедных, хворых, дапамагала вясковай школе.Але пасля 1939 года Сваротаўскі маёнтак напаткала такая ж доля, як і многія суседнія. Яго разбурылі, разнеслі па цэгле, па каменьчыку. Калі б не малюнкі Напалеона Орды, ніхто цяпер не даведаўся б, як выглядаў той маёнтак. У гонар Святой Тройцы А ў першай чвэрці ХVІІІ стагоддзя ўладальнікам Сваротвы стаў Мікалай Аўсяны, выбітны грамадска-палітычны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага. Ён меў званне палкоўніка-лейтэнанта і з 1736 года займаў высокі ўрадавы пост. Вось гэты Мікалай Аўсяны і пабудаваў у 1747 годзе царкву ў імя Святой Тройцы, унікальную па сваёй архітэктуры. Драўляны храм узвялі на месцы старой капліцы. Ён меў форму правільнага трохкутніка. Храм вянчалі чатыры купалы з крыжамі: большы ў цэнтры і тры меншыя — па вуглах.Такой формы царквы няма болей нідзе ў Еўропе. Паводле адной з версій, рашэнне зрабіць храм трохкутным прадыктавана яго назвай — Свята-Троіцкі. Але цэркваў у гонар Святой Тройцы ў нас колькі хочаш, і ніводнай — з трох сцен. Узняты з попелу ...У вайну храм згарэў. І больш за 60 гадоў сцены-руіны яго зарасталі дрэвамі, кустоўем і пакрысе разбураліся. Але дзякуючы нястомнай працы святара суседняга Пачапаўскага прыхода Георгія Сапуна пачалося адраджэнне царквы. Айцец Георгій спачатку аднавіў царкву ў вёсцы Пачапава, цяпер адзін з найпрыгажэйшых храмаў Баранавіцкага раёна. Потым узяўся за пошук фундатараў для сваротаўскай царквы. І 19 ліпеня 2009 года архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Стэфан асвяціў храм. На службу ў Сваротву быў прызначаны айцец Антоній Маргун, нядаўні выпускнік Мінскай духоўнай семінарыі. Са сваёй маладзенькай матушкай Ліліяй з дапамогай прыхаджан, фундатараў-землякоў яны патроху добраўпарадкуюць і абсталёўваюць стары новы храм. І вось ужо ўнутры невялікая кампактная царква, залітая сонечным святлом, выглядае як цацачка. Рэаліі вёскі Тутэйшыя бабулькі, з кім давялося пагутарыць, пра мясцовага святара гавораць з найвялікшай пашанай. А ён, наведаўшы перад Ражджаством тых, хто не можа прыйсці нават да споведзі і прычасця, упэўніўся, што прыхаджан было б болей, ды многія проста фізічна не могуць пераадолець дарогу да царквы. Такія рэаліі жыцця сучаснай вёскі.Пытаю, як малады святар і яго жонка прыстасаваліся да вясковага жыцця, яны ж абое гараджане, нарадзіліся і выраслі ў Баранавічах. Матушка найперш адзначае, што яны ўдзячныя за дом. Сям’і выдзеліла хату мясцовая гаспадарка, цяпер гэта вытворчы ўчастак “Пачапаўскі” ААТ “Дружба”.— Сваё жыллё многае значыць, — працягвае гаспадыня. — Ужо прызвычаіліся, маем свой агарод. Усе нашы родныя заўважаюць прыгожую тутэйшую прыроду, чыстае паветра, цішыню... Трохкутная сваротаўская ўнікальная цэркаўка цяпер адлічвае другі год сваёй навейшай гісторыі. На гадавіну асвячэння храма сабралася столькі людзей, што з цяжкасцю памясціліся ў яго сценах. Хрэсны ход, як і саму службу, узначаліў уладыка Стэфан. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Царквы такой формы няма болей нідзе ў Еўропе. Ад былых прыгажосці і велічы “двара Сваротвы”, якія дайшлі да нас праз акварэлі Напалеона Орды, не засталося нічога....
|
|