Чаму хворых прымушаюць "лячыцца" ў калідорах паліклінік?. 21.by

Чаму хворых прымушаюць "лячыцца" ў калідорах паліклінік?

16.02.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

"Хацелася б даведацца ў кіраўнікоў сталічнай сістэмы аховы здароўя, чаму ўрачы ў паліклініках упарта не жадаюць ставіць пацыентам дыягназ "грып"? Нават цяпер, калі ў паліклініках ад наплыву хворых няма дзе ўпасці яблыку? — з такім пытаннем на "гарачую" лінію "Звязды" звярнулася мінчанка Наталля Акуліч. — Як увогуле ўрач можа адрозніць грып, скажам, ад адэнавіруснай інфекцыі? Чаму хворых людзей з дыягназам "ВРВІ" прымушаюць праз дзень наведваць паліклініку? Наколькі я разумею, хваробу трэба "вылежаць" дома — для выздараўлення неабходны строгі ложкавы рэжым. А як можна вылечыцца, калі цябе даводзіцца ўвесь свой час "бавіць" у паліклініцы? Талонаў у рэгістратуры не даюць, таму ў чарзе да ўчастковага ўрача можна правесці не адну гадзіну, плюс чэргі ў лабараторыю, на флюараграфію і гэтак далей. Няўжо ўрачы самі не задыхаюцца ад такіх нагрузак? З дыягназам "грып" даюць хоць пяць дзён правесці дома, каб падлячыцца. А з дыягназам "ВРВІ" лепш, напэўна, хадзіць на работу, чым "дзяжурыць" пад кабінетам тэрапеўта ў паліклініцы... І яшчэ адно пытанне: ці можна без тэмпературы, але з цэлым "букетам" прастудных сімптомаў прэтэндаваць на атрыманне бальнічнага?"

— І сапраўды, нярэдка вызначыць, ахвярай якога віруса (грыпу, парагрыпу, адэнавіруса і г.д.) стаў пацыент, вельмі праблематычна. Сімптаматыка захворванняў вельмі падобная: высокая тэмпература, боль у мышцах, галаўны боль і гэтак далей. Гэта можа быць і змешаная інфекцыя. Дакладны дыягназ можна ўстанавіць толькі лабараторным метадам, аднак ахапіць усіх лабараторнай дыягностыкай немагчыма, ды ў гэтым і сэнсу няма, — паведаміла журналісту "Звязды" начальнік упраўлення лячэбна-прафілактычнай дапамогі Камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Наталля ПРЭДКО. — Згодна з Інструкцыяй аб парадку выдачы лісткоў непрацаздольнасці, пры амбулаторным лячэнні ўрач пасля асабістага агляду хворага можа выдаць лісток непрацаздольнасці тэрмінам да 6 каляндарных дзён (адразу на 6 каляндарных дзён або па частках, калі патрабуецца частае назіранне за хворым). Прычым для таго, каб атрымаць "вызваленне ад работы" на 6 дзён, без неабходнасці наведвання паліклінікі, зусім неабавязкова быць хворым менавіта на грып. З дыягназам "вострая рэспіраторная вірусная інфекцыя" таксама можна атрымаць бальнічны адразу на 6 дзён. Але ў кожным канкрэтным выпадку рашэнне застаецца за ўчастковым тэрапеўтам.

Як запэўніла Наталля Прэдко, адсутнасць тэмпературы пры захворванні на прастуду не можа быць падставай, каб адмовіць пацыенту ў выдачы лістка непрацаздольнасці. Згодна ўсё з той жа інструкцыяй, часовая непрацаздольнасць узнікае пры захворваннях (траўмах), крызісным стане, абвастрэннях хранічных захворванняў, калі ажыццяўленне працоўнай дзейнасці хвораму недаступна ці супрацьпаказана. Інакш кажучы, падставай для выдачы бальнічнага з'яўляецца не само захворванне, а непрацаздольнасць, якую, у першую чаргу, і вызначае ўрач. Тэмпература — гэта толькі адзін з сімптомаў прастуднага захворвання. І не ва ўсіх хворых прастуда абавязкова суправаджаецца павышэннем тэмпературы. Таму ўрач павінен ацэньваць сукупнасць усіх клінічных праяў.

Калі ўчастковы ўрач адмаўляе ў выдачы лістка непрацаздольнасці, а пацыент лічыць, што мае на яго права, трэба звяртацца да загадчыка аддзялення ці намесніка галоўнага ўрача па медыцынскай экспертызе і рэабілітацыі.

Надзея НІКАЛАЕВА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Хацелася б даведацца ў кіраўнікоў сталічнай сістэмы аховы здароўя, чаму ўрачы ў паліклініках упарта не жадаюць ставіць пацыентам дыягназ "грып"? Нават...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика