Дзівосныя скарбы Наталлі Ермаловіч
18.02.2011
—
Новости Общества
|
Мастачка з Дзяржынска творыць цуды з гліны, навучае дзяцей свайму майстэрству і лічыць сябе чалавекам шчаслівым
За апошнія пару гадоў газета “Голас Радзімы” паведамляла пра розныя культурныя падзеі ў жыцці Дзяржыншчыны, да якіх мела дачыненне гэтая жанчына. Стварэнне дакументальнай кнігі пра вёску, адраджэнне тэатра батлейкі пры сярэдняй школе ў Вялікім Сяле, пленэр з удзелам расійскіх мастакоў… І не толькі гэтыя клопаты Наталлі Мікалаеўны заслугоўваюць увагі. Яна, між іншым, лічыць сябе чалавекам шчаслівым. Бо жыве ў свеце мастацтва, быццам акрылена творчай працай, прыносіць карысць і радасць людзям. Наталля Ермаловіч — з Дзяржынска родам, пасля заканчэння Беларускага політэхнічнага інстытута тут і жыве. Архітэктар па адукацыі, па прызванні — педагог. Доўгі час працавала ў Дзяржынскай школе мастацтваў разам з мастаком Уладзімірам Шчарбіным. Многія з выпускнікоў школы, дарэчы, сёння ўжо вядомыя мастакі, керамісты, сярод іх і Андрэй Мяцельскі. Творы выхаванцаў пабывалі на шматлікіх замежных і айчынных выставах, аўтары адусюль атрымлівалі ўзнагароды. А ў гонар трох таленавітых вучняў школы, у тым ліку лаўрэата Спецфонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі Максіма Мяснікова, у Іерусаліме, у Біблейскім садзе, былі пасаджаны тры дрэўцы. Работы вучняў Наталлі Ермаловіч прадстаўляліся, атрымлівалі ўзнагароды — там адзначалася і яна сама — на выставах у Маскве і Уладзіміры, у Вільнюсе, гарадах Бітала (Македонія), Эвара (Партугалія), Цэле (Славенія) і шэрагу гарадоў Беларусі. Яшчэ дзяўчынкай Наталля засвойвала асновы выяўленчай культуры ад бацькі, Мікалая Антонавіча. Дапамог ісці ў свет мастацтва і яе траюрадны брат Юры Карачун — мастак, мастацтвазнаўца, ён дваццаць гадоў быў дырэктарам Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. Архітэктурная закваска ў Наталлі Ермаловіч таксама моцная, яна смела эксперыментуе з прасторай, аб’ёмам. Любоў да “рукатворнай адчувальнай формы”, як яна гаворыць, павяла ў керамісты, да працы з глінай, а любоў да дзяцей — у педагогі. У творах Наталлі ўражвае незвычайная свабода лепкі, яны выклікаюць глыбокія асацыяцыі. Лепшыя з твораў разляцеліся па прыватных зборах калекцыянераў ЗША, Францыі, Ізраіля і іншых краін, засталіся толькі на фотаздымках. А ёй і не шкада: мастаку ж заўсёды цікава, каб яго творы “ішлі ў людзі”. Яшчэ адзін клопат Наталлі Мікалаеўны — стварэнне асветніцкага і культурна-экалагічнага цэнтра ў вёсцы Вялікае Сяло, недалёка ад Дзяржынска. Там шмат ужо зроблена. Побач са школай, старэйшай на Дзяржыншчыне, у драўляным будынку месціцца Цэнтр народнай творчасці. Там Наталля Ермаловіч гаспадыня. І ўжо можна пабачыць шмат унікальных рэчаў з даўняга сялянскага побыту: абразы, прылады працы, куфар, калаўроты, вырабы мясцовых умельцаў... Дарэчы, расшукваць і набываць экспанаты Наталлі Ермаловіч актыўна дапамагаюць мясцовыя жыхары, асабліва школьнікі. Там ужо ёсць печ для абпальвання керамікі, працуюць розныя гурткі. У добраўпарадкаванні музея ёй дапамагае і вядомы майстар-гадзіншчык Андрэй Мартынюк. А тэрыторыю пры музеі, школе ўжо ўпрыгожваюць кампазіцыі з валуноў, апрацаваных скульптарам Віталем Чарнабрысавым. Ён жа высек з каменя і ўсталяваў у цэнтры вёскі крыж на месцы разбуранай у 30-я гады царквы. Наталля Ермаловіч плануе збудаваць побач з крыжам і каплічку — паказвала мне яе макет — у памяць продкаў, што загінулі пад час мінулых войнаў. Мясціны, у якіх цяпер шчыруе таленавітая жанчына, дзівосныя: непадалёк — зона зімовага адпачынку “Якуцкія горы”, рукой падаць да гары Дзяржынскай-Святой, найвышэйшай у Беларусі. Побач з вёскай шуміць гай рэдкай у нас карэльскай бярозы і шматлікія крынічкі выбіваюцца з-пад зямлі, бягуць ручаямі ў рэчку Перакульку. Упэўнена Наталля Ермаловіч: з цягам часу тут будзе шмат турыстаў і Цэнтр народнай творчасці яны ніяк не абыдуць бокам. Ужо цяпер сюды на пленэры ахвотна едуць мастакі. У прыватнасці, прывозіць выхаванцаў з Гомеля выдатны мастак-педагог Васіль Сідарэнка. Сам з абмежаваным слыхам, ён атрымаў мастацкую адукацыю ў Санкт-Пецярбургу, цяпер кіруе ўзорнай студыяй пры гомельскім Доме культуры глухіх, выкладае ў мастацкай школе ў класе для вучняў з абмежаваным слыхам. У летні час у Вялікім Сяле ветліва сустракае гэтыя творчыя дэсанты Наталля Ермаловіч. Дзеці адпачываюць, з задавальненнем малюць навакольныя пейзажы. Для кожнага з юных мастакоў знойдзецца ў яе ласкавае слова, добрая парада, цеплыня душы. Дарэчы, і двух сыноў яна цудоўна выхавала: Мікалай стаў архітэктарам, Аляксей — інжынерам. Лявон Целеш Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мастачка з Дзяржынска творыць цуды з гліны, навучае дзяцей свайму майстэрству і лічыць сябе чалавекам шчаслівым
|
|