У Сакольнічах зіма сустрэлася з летам
18.02.2011
—
Новости Общества
|
У Сакольніцкім навучальна-педагагічным комплексе "Дзіцячы сад — сярэдняя школа", што ў Крычаўскім раёне, дзеці і настаўнікі разам правялі народны абрад Грамніцы. Гэтая навучальная ўстанова спецыялізуецца на адраджэнні і захаванні нацыянальных традыцый. Правядзенне народных свят у школе — традыцыя Сакольнічаў. У свяце бралі ўдзел усе школьнікі, а гледачамі сталі іх бацькі. Усе ўдзельнікі апранулі яркія народныя строі і паказалі, як сустракалі свята спаткання зімы і лета ў беларускай сялянскай сям'і. Абрад запальвання вялізнай грамнічнай свечкі — гэта стварэнне добрага абярэга ад хвароб і сурокаў. Са свечкай трэба абысці хату і хлеў, каб былі здаровыя людзі ў сям'і і жывёла ў гаспадарцы. А потым на свята прыйшлі госці, якія спявалі і танцавалі. Песня "Тут лета, там зіма" спадабалася ўсім. Хлопцы запрасілі дзяўчат на танец "Зялёны гай". Старадаўнія абрады і песні школьнікі з Сакольнічаў запісваюць у навакольных вёсках. Школьнае свята абавязкова завяршаецца застоллем: смачнасці гатуе да агульнага стала кожная сям'я. Гэта традыцыйныя беларускія сялянскія стравы: дранікі, калдуны, бліны, сала, пальцам пханая каўбаса. Напой — квас, як сімвал яднання роду. Пасля святочнага абеду зноў зацягнулі вясёлыя песні... На такіх народных святах у Сакольніцкай школе адчуваецца атмасфера адзінства: настаўнікі і дзеці гавораць, што яны робяць сапраўды ад душы. А Грамніцы пасярод зімы і халадоў нагадалі людзям пра надзею на хуткую вясну і лепшыя часіны, якія абавязкова прыйдуць з цяплом. Ілона ІВАНОВА. Фота аўтара. Крычаўскі раён. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Сакольніцкім навучальна-педагагічным комплексе "Дзіцячы сад — сярэдняя школа", што ў Крычаўскім раёне, дзеці і настаўнікі разам правялі народны абрад...
|
|