Ад самоты лечыць песня
19.02.2011
—
Новости Общества
|
Даўно хачу расказаць пра тое, якім чынам мы, немаладыя ўжо жыхары невялікага і вельмі прыгожага гарадка Слаўгарад, навучыліся ствараць сабе і блізкім добры настрой, бачыць у жыцці больш светлага — гэта так патрэбна... Год таму раптоўна пайшоў з жыцця мой муж. Я засталася адна, бо сыны жывуць у іншых месцах. Не трэба нікому расказваць пра стан чалавека, у якога нечакана змяніўся ўвесь жыццёвы расклад — разгубленасць, адзінота, роспач, часам адчай. Суседка мая Марыя Нікіфараўна настойліва раіла пабываць на сустрэчах удзельнікаў клуба "Ветэран", дзе нямала такіх жа адзінокіх людзей, як і я. Пры клубе працуе вакальны ансамбль "Ліся, песня". Запрашалі мяне туды і раней, але пры жыцці мужа ўсё не знаходзілася часу. Між тым песні люблю з маладосці. Паспявалі раз, другі... Розныя песні — і ранейшыя, ды і цяпер нямала цудоўных мелодый. І душа пачала паступова адагравацца, адтайваць, захацелася зноў жыць цікава, змястоўна. Узначальвае наш клуб і ансамбль цудоўны чалавек — Валянціна Антонаўна Свірыдзенка, якая раней працавала сакратаром гарадскога Савета дэпутатаў. Людзі любілі да яе хадзіць — заўсёды давала талковыя парады, дапамагала. За гэта Валянціну Антонаўну і цяпер вельмі паважаюць, а яна, як і раней, стараецца і ўмее дапамагчы тым, каму дапамога патрэбная. А музычны кіраўнік у нас — Мікалай Паўлавіч Белавусаў — добразычлівы, чулы, далікатны чалавек. І таленавіты — піша прыгожыя вершы і музыку. У рэпертуары нашага ансамбля ёсць песні пра наш цудоўны Слаўгарад. Ёсць і "Гімн ветэранаў", які напісаў Мікалай Паўлавіч на словы мясцовага паэта, ветэрана вайны Фелікса Уладзіміравіча Шкірманкова. Белавусаў — прафесійны музычны работнік, і як толькі яго пальцы кранаюць гузічкі баяна — ліецца такая музыка, што нашы жанчынкі маладзеюць душой, святлеюць і прыгажэюць іх твары, блішчаць вочы. І заспяваць можа Мікалай Паўлавіч — як мы жартуем, салаўі тады адпачываюць. Удзельнікі ансамбля ў мінулым — людзі розных, часам вельмі адказных, прафесій і пасадаў. Усе мы любім свой горад, сваю краіну, сваіх блізкіх і каханых. Знаходзім падтрымку ў кіраўніка аддзела культуры райвыканкама Марыі Васільеўны Баранавай, дырэктара гарадскога цэнтра культуры і народнай творчасці Марыі Генадзеўны Жураўлёвай. З іх дапамогай выязджалі ў вёскі і проста на палі падчас жніва, дарылі людзям радасць. Хачу ўсім, хто аказаўся ў няпростай сітуацыі, параіць: не замыкайцеся ў сваіх перажываннях, шукайце аднадумцаў, кантактуйце, спявайце — атрымаеце там зарад энергіі, бадзёрасці, дабрыні, што не трэба будзе ісці ў аптэку па лекі. Захочацца жыць і жыць — і спяваць, вядома. Валянціна БУТНЯКОВА. г. Слаўгарад. г. Слаўгарад.Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Даўно хачу расказаць пра тое, якім чынам мы, немаладыя ўжо жыхары невялікага і вельмі прыгожага гарадка Слаўгарад, навучыліся ствараць сабе і блізкім добры...
|
|