Мова... Жывая і мёртвая
19.02.2011
—
Новости Общества
|
...Голас у тэлефоннай трубцы быў вельмі рашучы: чалавек, падобна, гатоў быў сказаць усё!.. Не перапыняла. І ён казаў: што сам — на пенсіі, але працуе вартаўніком у парку (?), што падчас дзяжурстваў чытае ўсё, што трапіцца пад руку, у тым ліку і нашу газету, што ў нумары (за 15 лютага) двойчы перачытаў, што такое нацыя паводле рускага і беларускага слоўнікаў і не ўбачыў розніцы (нагадаю: паводле першага — "исторически сложившаяся устойчивая общность людей, возникшая на базе общности языка, территории, экономической жизни и психическога склада, проявляющегося в общности культуры". Паводле другога: "гістарычная супольнасць людзей, якая склалася падчас фарміравання агульнасці іх тэрыторыі, эканамічных сувязяў, мовы, культуры, псіхалагічных рыс")... Што яму асабіста "па барабану", дзе, на якім месцы стаіць мова, што не трэба "сотрясать воздух" ды трымацца за яе, як сляпы за плот, што мы ўжо даўно маглі б перайсці на рускую і не тлуміць мазгі сваім дзецям, што беларуская калі патрэбна — то хіба кучцы нацыяналістаў... І... (ну нарэшце): — Што вы там маўчыце? Няма чаго сказаць, так? — Ёсць... Было б каму слухаць. ...Той год запомніўся вяселлем: замуж выходзіла хрэсніца (сірата). Турбот было — з галавой. Само сабой у маладых (з запрашэннем гасцей, строямі, пошукамі тамады і музыкі, фота- і відэа-"здымшчыкаў", сцэнарам...); само сабой у іх родных (з залай, кухняй, падарункамі, грашыма), само сабою — у нас... Бо ну вельмі ж хацелася, каб вяселле (не здарма ж, мусіць, кажуць: якое яно, такое і жыццё) было прыгожым, каб запомнілася — найперш маладым — не толькі танцамі-гулямі ды напіткамі-наедкамі... Хацелася, каб яны зразумелі, асэнсавалі, ШТО адбылося ў іх жыцці, наколькі гэта важна — для іх і іхніх сем'яў, наколькі адказна... Данесці гэта з дапамогай звычайных слоў здавалася немагчымым. Доўга шукалі нейкія незвычайныя... Сваю вясельную "прамову" пачалі са старога анекдота. Вечар, значыць, сям'я. Бацька на канапе пры тэлевізары. Там навіны... Сын, злавіўшы штось вухам, кажа яму, што вось словы "прэзідэнт", "прэм'ер-міністр", "КДБ" ды да іх падобныя ён чуе часта, а што за імі стаіць — пакуль што не ведае. "Дык гэта ж проста, — узяўся тлумачыць бацька, — у любой краіне, у любой дзяржаве ўсё гэтак, як і ў сям'і. Вось возьмем нашу: у ёй ёсць я — прэзідэнт, галава, якая ўсім кіруе, ёсць маці — прэм'ер-міністр, які вядзе ўсе гаспадарчыя справы, ёсць бабуля — яна ж міністр унутраных спраў, ёсць дзядуля — старшыня КДБ..." — "А мы? Мы з сястрычкамі хто?" — запытаўся малы. "Вы, дзеткі — народ... Зразумеў?" — запытаўся бацька. "Ну вядома ж!" — узрадаваўся малы. Але назаўтра... Ён жа тэлефануе бацьку на працу і плача, кажа: "Татка, тут да нашага прэм'ер-міністра прыйшоў прэзідэнт суседняй дзяржавы, яны зачыніліся ў кухні — немаведама што там робяць. КДБ з міністрам унутраных спраў спяць, а народ перажывае, народ хвалюецца..." Бяседнікі, відаць, уявілі гэту карціну, бо доўга і дружна смяялася. Пасля чаго, ну вядома ж ахвотна, паднялі чаркі — за стварэнне новай сям'і, новай дзяржавы. І... усталі, бо тут жа загучаў яе гімн (прыгожы вальс, пад які, пяць гадоў правучыўшыся ў адной групе, гэтыя двое такі ўбачылі адзін аднаго!)... І заапладзіравалі, бо з'явіўся... дзяржаўны сцяг — два непарыўна счэпленыя сэрцайкі на невялічкім дрэўку. А следам — маладой сям'і ўручылі сімвалічныя ключы ад "агульнай тэрыторыі" (пакойчыка ў доме матулі). І канверт з грашыма — для пачатку ўрэгулявання эканамічных сувязяў. Усё? Як быццам! Грамада, вядома, гатова была выпіць — за найвышэйшыя пасады, якія, пачынаючы з сённяшняга дня, будуць займаць маладыя, за пяшчоту і любоў, у якіх будзе расці іх народ... За бесклапотны сон старшыні КДБ і міністра ўнутраных спраў... Але ж не! Прынамсі, пакуль. Бо не сказана самае галоўнае... Пра яго здалёк, праз пытанні. Першае: "Ці можа сям'я (дзяржава) жыць, неяк абыходзіцца без сваёй уласнай тэрыторыі — без жытла? Хор галасоў: "Можа!" (Тут жа, дарэчы: "Хто абыходзіўся?" — лес рук, бо ці не ўсе спачатку жылі калі не ў розных гарадах і пакоях інтэрнатаў, то ў бацькоў альбо на здымных кватэрах). Пытанне другое: "Ці можа сям'я (дзяржава) жыць, абыходзіцца без дастатку?" Зноў жа хор галасоў: "Цяжка...", "Не хацелася б...". "Не дай ім Бог", але ж найгучней — сцвярджальнае — "Можа!" (Бо ці не ўсе...) Тады — трэцяе: "Ці можа сям'я (дзяржава) жыць, не знаходзячы агульнай МОВЫ, не маючы паразумення? Над сталамі павісла паўза, потым ціхае, яснае — "Не". (Толькі адзін чалавек сказаў: "Я ж жыву...". Але і ён, паглядзеўшы ў той бок, дзе сядзела жонка, праз паўзу "плюнуў": "Хіба ж гэта жыццё?!"). Высновы былі відавочнымі, але ж на ўсякі выпадак мы іх агучылі: гэта значыць, пажадалі маладым да скону берагчы самае галоўнае — свой гімн, свой сцяг і агульную мову. ...Вартаўнік з парку казаў, што трэба ўсім перайсці на агульную рускую і не "тлуміць мазгі". Але ж (і дзякаваць Богу!) у гэтай дзяржаве не ўсе "адрачэнцы", не ўсе Іваны, якія не помняць радні: нейкая сіла, нягледзячы ні на што, прымушае бацькоў вазіць сваю малечу ў беларускія садкі і школкі — трымацца менавіта свайго, спаконвечнага... Што да... Не, не чужога... У гісторыі нашых гарадоў быў цікавы перыяд: жылыя дамы — гадамі, паўсюль —узводзіліся з батарэямі, убудаванымі ў сцены. Атрымлівалася, вядома ж, прыгожа! Вядома ж, па-свойму, зручна (можна было, дарэчы, спіну пагрэць, як каля печкі, шпалеры лягчэй паклеіць...). А тое, што цяпло ідзе на два бакі (у тым ліку палова(!) на вуліцу), дык хто ж на гэта зважаў тады? Лічыльнікаў у кватэрах не было і ў паміне, столькі грошай з пенсій, з зарплат за камуналку не бралі, трывожных размоў пра цэны на газ ніхто і не чуў... Гэта потым многае змянілася — мы (і ў сваёй сям'і, і ў сваёй дзяржаве) сталі лічыць і думаць, сталі, як сякеру пад лаўкай, шукаць мясцовыя віды паліва. Прычым тут яны? Як быццам ні-пры-чым. Але ж... Любая — і сям'я, і дзяржава — любіць, калі да яе звяртаюцца з просьбамі, калі ў яе нешта пазычаюць-купляюць, калі цэняць яе скарбы, калі найгалоўнейшы з іх — мову — лічаць прыгажэйшай і лепшай (нават за родную!) і карыстаюцца. Аднак — заканамернае пытанне — як карыстаюцца? Адкуль гэтыя "дзярэўня", "парань", "жэншчына", "сярэнь"? І... дакуль? Мо хопіць?... Такі паварот нікому нават не сніцца, але ж... Калі мы краіна — асобная, суверэнная і сапраўды незалежная, то трэба мець сваю і агульную для ўсіх мову, сваю агульную тэрыторыю, свае эканамічныя сувязі... Што да таго вяселля, да той новастворанай сям'і, то ў яе ці не ўсё гэта цяпер ёсць: узаемаразуменне (галоўнае!), хай невялічкая, купленая з дапамогай бацькоў і крэдыту, але кватэрка, праца і — дзякаваць Богу — нават "народ" (у асобе адной дачушкі). Яна (Я́на) з цікавасцю ставіцца да французскай мовы, якую нядрэнна ведае бацька, да англійскай, якой досыць дасканала (хоць толку з таго...) валодае маці, да беларускай (гэта ў яе — адна з замежных), якую гады ў рады, але чуе ад нас. А размаўляе яна па-руску. Што да гэтага дадаць? хіба два радочкі з таго ж тлумачальнага слоўніка: "Жывая мова — мова якога-небудзь існуючага народа, якая ўжываецца як сродак зносін". "Мёртвая мова — старажытная мова, на якой ужо не гавораць". Валянціна Доўнар. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
...Голас у тэлефоннай трубцы быў вельмі рашучы: чалавек, падобна, гатоў быў сказаць усё!.. Не перапыняла. І ён казаў: што сам — на пенсіі, але працуе вартаўніком у...
|
|