Бліны — сімвал сонца
23.02.2011
—
Новости Общества
|
З лёгкай рукі некаторых этнографаў ХХ ст. у навуковых працах знайшла пашырэнне думка пра тое, што галоўная страва Масленіцы — бліны — сімвалізавала сабой абуджэнне сонца. З гэтым меркаваннем можна пагадзіцца толькі часткова, таму што культ Сонца не быў дамінуючым у складаным комплексе святочных рытуальна-абрадавых дзеянняў. Калі ж улічыць, што ў структуры Масленіцы значнае месца займалі "пахавальныя" гульні, то міжволі напрошваецца думка аб тым, што бліны перш-наперш былі абрадавай стравай памінальных трызнаў. Якраз ад масленічных святкаванняў бярэ пачатак добра вядомы фразеалагізм "першы блін камяком". Яшчэ раніцай, калі гаспадыня выпякала самы першы блін, яна клала яго на асобны сподак і ставіла ў чырвоны кут пад абразы. Вечарам жа, як толькі трэба было распачынаць трапезу з нагоды ўшанавання памяці продкаў, гаспадар адносіў раніцай прыгатаваную "даніну" на гарышча і ставіў каля акенца. Калі гаспадар вяртаўся да стала, усе прысутныя паварочваліся да абразоў, і пачыналася малітоўная частка рытуалу. Уголас усе дамачадцы чыталі "Ойча наш", "Багародзіцу", памінальную малітву. Пасля гэтага дамачадцы ціха і пачціва садзіліся за стол у адпаведнасці з правіламі стагоддзямі выпрацаванага этыкету. Мужчынская палавіна сям'і садзілася каля сцяны, жаночая — насупраць. Маці падавала бацьку куццю, той чэрпаў тры лыжкі і перадаваў гаршчок далей. Кожны з прысутных, уключаючы дзяцей, павольна, не спяшаючыся, з падкрэсленым адчуваннем годнасці паўтараў распачаты бацькам рытуал. Аднак зразумела, што ўсе з нецярплівасцю чакалі галоўных прысмакаў святочнай вячэры, асабліва бліноў, якія можна было макаць у смятану, масла, у патэльню са скваркамі. Вядома ж, не абыходзілася без рытуальнай чаркі і працяглых успамінаў пра тых, аб кім жывая людская памяць утрымлівала ўжо напалову сапраўдныя і напалову легендарныя падзеі. На трэці дзень "ахвяру" памерлым родзічам — той самы блін — аддавалі птушкам, каб яны пачаставаліся самі і, паляцеўшы ў вы-рай, перадалі продкам прывітанне ад тых, хто не забыўся пра свой род. Лічылася, калі на Масленіцу напячы бліноў больш за ўсіх, то ў хаце "паселіцца" шчасце. Бліны, якія выпякалі на Каляды, сімвалізавалі багаты ўраджай у наступным годзе. Каб у гаспадарцы былі добрыя коні, валы, каровы, авечкі і г.д., у дзень ушанавання святога Уласа гаспадыня выпякала аладкі. Бліны, якія называлі "богавымі анучамі", пяклі на Ушэсце. На Спаса пяклі блінцы з мукі новага ўраджаю і абавязкова з макам, арэхамі і яблыкамі. Бліны, якія выпякалі на Пакровы, павінны былі "запекчы" ўсе куты ад зімовай сцюжы і вятроў. Пяклі бліны на вяселлі. Цешча частавала блінамі зяця, калі ён прыязджаў да родных жонкі на "пярэзвы". Дбайная гаспадыня ведала: нельга есці першы блін — ён прызначаўся продкам (жывому гэты блін стане камяком у горле). Аказваецца, што і апошні блін, які яна выпякала, таксама патрабаваў асаблівай увагі. Лічылася, "каб заўжды хата была багата", апошні блін трэба пакінуць на патэльні. Аксана Катовіч, Янка Крук. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З лёгкай рукі некаторых этнографаў ХХ ст. у навуковых працах знайшла пашырэнне думка пра тое, што галоўная страва Масленіцы — бліны — сімвалізавала сабой... |
|