Клопат пра спадЧЫННІКІ
01.03.2011
—
Новости Общества
|
Нашу самую вялікую каштоўнасць у краіне — гісторыка-культурную спадчыну — ахоўвае асобны закон. Новы ўступіў у сілу ў 2006 годзе. Але час так бяжыць, што сёння наспела неабходнасць унесці папраўкі ў дзейны закон. Спецыялісты па ахове спадчыны Міністэрства культуры сумесна са спецыялістамі Нацыянальнага цэнтра заканадаўчай дзейнасці разам разглядалі прапановы наконт магчымых паправак у яго. На што яны павінны паўплываць? — Сістэма аховы спадчыны павінна быць больш эфектыўнай, — лічыць Ігар Чарняўскі, начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры РБ. — У многіх раёнах спецыялістаў такіх няма, альбо тыя, хто намінальна вызначаны займацца гэтай справай, не могуць выконваць сваю функцыю (працуюць у іншых установах, музеях, бібліятэках...). Абсурдная сітуацыя, калі ў адным з раёнаў Магілёўскай вобласці пытаннямі аховы спадчыны займаецца тэхнік 2-й катэгорыі гаспадарчай групы аддзела культуры. Так сталася, што ў некаторых раёнах пастараліся пазбавіцца да гэтых адзінак наогул, як у адным з раёнаў Гродзенскай вобласці. ...На нашу думку, сістэма аховы спадчыны была б больш эфектыўнай, калі б мы вярнуліся да тэмы інспекцый па ахове спадчыны. Закон 1992 года закладваў стварэнне дзяржаўнай інспекцыі, але гэтая ідэя не была ажыццёўлена цалкам. Хвалюе прафесіяналізм навукова-праектных, праектных, вытворчых арганізацый. Так атрымалася, што сёння практычна любая праектная арганізацыя, любы трэст, ПМК, будаўнічае ўпраўленне маюць права займацца ў тым ліку і рэстаўрацыяй, калі выйграе тэндар. Тэндарная практыка — гэта вельмі добра і правільна, але, напэўна, падчас адбору арганізацый на правядзенне рэстаўрацыйных работ трэба ўлічваць, ці ёсць там спецыялісты патрэбнай кваліфікацыі з пэўным вопытам работы. Тэрміны, кошт гэтых работ нават не такія, мабыць, важныя, як наяўнасць канкрэтных спецыялістаў. Вопыт і Мірскага замка, і Нясвіжскага палаца выявіў гэтую праблему. На Нясвіжскім замку памяняліся з 2004 года 3 генпадрадныя арганізацыі. Таму што дзве папярэднія арганізацыі проста не адпавядалі па сваім характары, па магчымасцях правядзення работ на такіх унікальных аб'ектах. Але зрухі ёсць: пры падтрымцы Міністэрства культуры на архітэктурным факультэце БНТУ створана спецыялізацыя "Архітэктар-рэстаўратар". У Беларусі — праблема з будаўнічымі матэрыяламі для рэстаўрацыйнай сферы. Існуе шмат заўваг. Напрыклад, недзе выкарыстоўваюць стандартную плітку, таму што іншую не выпускаюць. Але пакрысе пачынаюць падбіраць, каб паказаць пэўны характар горада. Мы зрабілі свае заўвагі. Напрыклад, у Мінску, дзе метад выкладвання пліткі каля ратушы не падыходзіць для яе тэрыторыі. У нас практычна не выпускаецца дахоўка. Мы бачым на многіх будынках металадахоўку, што ніякім чынам не падыходзіць да гістарычных будынкаў. У нас не выпускаецца сталярка. Ніхто не гаворыць, што не трэба рабіць шклопакеты, але можна ўстаўляць шклопакеты ў аконныя запаўненні, якія адпавядаюць па характары гістарычнаму вобразу. У Гродне ўжо знайшлі спосаб гэта рабіць... Дзяржава і мясцовыя органы ўкладаюць дастаткова вялікія сродкі ў рэстаўрацыю і ахову спадчыны. На 2011 год 18 аб'ектаў рэстаўрацыі фінансуюцца толькі праз рэспубліканскі бюджэт. Але не трэба і спяшацца з рэстаўрацыяй, лепш рабіць яе якасна. Мы не выключаем такой сітуацыі, што Нясвіжскі палац будзе працаваць ужо як музейная ўстанова, але адначасова будзе працягвацца рэстаўрацыя нейкіх элементаў. Нават цікава, калі наведвальнік можа азнаёміцца з рэстаўрацыйным працэсам. Летась пачалася буйная работа на касцёле Божага цела ў Нясвіжы. Спаса-Праабражэнская царква ў Полацку ХІІ стагоддзя — працяг работ, тут ужо не толькі аднаўляем жывапіс, а трэба думаць пра архітэктурнае аблічча. Паводле праграмы "Культура Беларусі", на бліжэйшыя пяць гадоў вызначаны 34 аб'екты рэстаўрацыі. Зараз мы павінны ўнесці ва ўрад праграму дзеянняў "Замкі Беларусі" да 2018 года (38 замкаў). Гэта не толькі самі замкі, але і замчышчы, якія трэба добраўпарадкаваць і ўключыць у сферу турысцкай дзейнасці. Як Мядзельскі замак — хто яго ведае? Ці замак у Лоску. Ёсць шэраг аб'ектаў кансервацыі: Крэўскі, Навагрудскі, Гальшанскі замак. Стары замак у Гродне — адзіны ў Беларусі каралеўскі замак. Ружанскі палац мы далучаем да гэтых аб'ектаў, таму што ён паўстаў на аснове замка — павінны аддаць належнае роду Сапегаў, з якога паходзіў аўтар Статута Вялікага Княства Літоўскага. — Галоўная задача — знайсці для гістарычных аб'ектаў уласніка, — лічыць Валянціна Макарава, прадстаўнік Мінаблвыканкама. — Добры прыклад — сядзіба ў Суле Стаўбцоўскага раёна. Мы перадалі рэшткі гэтага аб'екта таварыству з абмежаванай адказнасцю. Сёння за кошт інвестара адноўлены атэль, канюшня, адкрыты манеж, добраўпарадкавана тэрыторыя. Інвестараў не столькі, як хацелася б. Па Мінскай вобласці ўключана ў план падобных дзеянняў 16 аб'ектаў, для трох мы знайшлі інвестара. У асноўным гэта гістарычныя сядзібы. ( Усяго па Беларусі 46 аб'ектаў, якія павінны быць перададзены ва ўласнасць.) Наша заканадаўства дазваляе гэтыя аб'екты перадаваць за адну базавую велічыню. — Інвестары ў Мінску працуюць больш актыўна, — гаворыць Наталля Радчанка, якая прадстаўляе Мінскі гарвыканкам. — У 2010 годзе на аб'ектах гістарычнага цэнтра горада было асвоена 107,2 мільярда рублёў, з іх большая частка — пазабюджэтныя інвестыцыі і крэдытныя рэсурсы банкаў (80 мільярдаў). У горадзе Мінску існуе праблема — фасады будынкаў, асабліва ў забудове 50-х гадоў мінулага стагоддзя. Кватэры гэтых дамоў знаходзяцца ў прыватнай уласнасці. Часта людзі, не ведаючы, што дом — помнік архітэктуры, пачынаюць мяняць воблік: ставяць шклопакеты, якія не падыходзяць ні па колеры, ні па форме сталяркі. Зараз прынята рашэнне гарвыканкама, дзе будзем імкнуцца заклікаць уласнікаў, каб прывялі вокны да ладу, каб выгляд іх быў аднолькавым. Ёсць нават судовыя справы... — Павінна быць рэальная адказнасць, — дадае Ігар Чарняўскі. — Па Мінску складзена некалькі пратаколаў. Некаторыя людзі аштрафаваны паводле Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. У Клецкім раёне некаторых фермераў прыводзілі ў суд, калі было парушана заканадаўства. Але па некаторых справах, якія разглядаліся пракуратурай, чамусьці не знайшлі складу злачынства. У Клецкім раёне вёска Янавічы: знішчаны драўляны свіран ХІХ стагоддзя ў складзе сядзібнага комплексу — няма складу злачынства!.. Адказнасць панёс нейкі "стрэлачнік", але не той, хто распараджаўся. Але адказнасць павінна наступаць і за ўтрыманне, якае вядзе да пагаршэння тэхнічнага стану такіх аб'ектаў. Я не выключаю, што ў Гомельскай вобласці будуць такую справу падымаць: гістарычны комплекс кінуты на волю лёсу пры наяўнасці гаспадара. Альбо ў гістарычным цэнтры Мінска было знішчана 24 метры культурнага пласта па вуліцы Фрунзэ. Два гады вялося следства — не выяўлена складу злачынства... Мы не крыважэрныя людзі, нам хацелася б, каб усё рабілася па згодзе і ў рамках закона. Ларыса ЦІМОШЫК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Нашу самую вялікую каштоўнасць у краіне — гісторыка-культурную спадчыну — ахоўвае асобны закон. Новы ўступіў у сілу ў 2006 годзе. Але час так бяжыць, што сёння...
|
|