У "Сацыяльную сетку" "Оскар" не трапіў
01.03.2011
—
Новости Общества
|
А фільмам года стала гісторыя пра брытанскага караля-заіку Георга VІ "Кароль гаворыць!" У Галівудзе адбылася 83-я штогадовая цырымонія ўручэння прэміі "Оскар". Рэвалюцыі ў асяродку кінаакадэмікаў, як і летась, не адбылося — фільм "Сацыяльная сетка" аб тым, як чалавек фактычна змяніў свет, саступіў галоўную ўзнагароду стужцы пра тое, як брытанскі кароль Георг VІ здолеў перамагчы заіканне, пераадолеў страх публічных выступаў і павёў нацыю на вайну супраць Германіі. Усяго ж намініраваны на 12 "Оскараў" фільм "Кароль гаворыць!" узяў 4 статуэткі, у тым ліку за лепшую мужчынскую ролю (Колін Ферт), лепшы арыгінальны сцэнарый (Дэвід Сайдлер) і лепшую рэжысуру (Том Хупер). Хупер са сцэны падзякаваў сваёй маці за ідэю фільма — паводле слоў рэжысёра, менавіта яна ў 2007 годзе, вярнуўшыся дадому са спектакля аб тым, як аўстралійскі лагапед лячыў заіканне каралю Вялікабрытаніі, прапанавала сыну зрабіць з гэтага кінапраект. "Мараль гэтай гісторыі — слухайце сваю маму", — падвёў выснову рэжысёр. Таксама 4 узнагароды сабраў фантастычны трылер Крыстафера Нолана "Пачатак", а ў карціны пра стварэнне сацыяльнай сеткі Fасеbоосk "Сацыяльная сетка" Дэвіда Фінчара ў выніку ўсяго 3 "Оскары" — падобна на тое, што часы рэкордных збораў прызавых статуэтак мінулі незваротна. Прыз за лепшую жаночую ролю 2010 года ўзяла Наталі Портман (фільм "Чорны лебедзь") — упершыню ў сваёй кар'еры, хоць намініравалася на "Оскар" у гэтай катэгорыі актрыса ўжо двойчы. За лепшыя мужчынскую і жаночую ролі другога плана адзначаны Меліса Лео і Крысціян Бэйл — абодва за фільм "Баец" і абодва ўпершыню. Лепшым мультфільмам па выніках мінулага года амерыканскія кінаакадэмікі прызналі "Гісторыю цацак: Вялікія ўцёкі" — стужка з унушальным бюджэтам у 200 мільёнаў долараў сабрала ў пракаце звыш 415 мільёнаў і стала летась самай касавай. Залатая статуэтка за мастацкае афармленне і лепшыя дэкарацыі прысуджана карціне "Аліса ў краіне цудаў", і гэтая ж стужка адзначана за лепшы дызайн касцюмаў. Дарэчы, самыя цярплівыя з беларусаў, хто дачакаўся прамой трансляцыі цырымоніі "Оскар" у эфіры Першага канала, змаглі ацаніць не толькі ўборы і жарты вядучых — Джэймса Франка і Эн Хатаўэй, — але таксама трыумфальны выхад на сцэну 94-гадовага Кірка Дугласа, чые бацькі, між іншым, — выхадцы з Беларусі. З'яўленне Дугласа, які ўручаў адну з узнагарод, карыстальнікі сацыяльнай сеткі Twіttеr назвалі "адным з самых прыемных сюрпрызаў усяго шоу". ...А напярэдадні цырымоніі "Оскар" у Лос-Анджэлесе ў 31-ы раз традыцыйна былі ўручаны "Залатыя маліны" — за антыдасягненні ў кінаіндустрыі. Сёлета тут была ўведзена новая намінацыя — "Горшы фільм у 3D". Ім стаў "Уладар стыхій" Найта Ш'ямалана. Гэты фільм, а таксама "Сумеркі. Сага. Зацьменне" сталі лідарамі па колькасці намінацый. Горшым акцёрам быў названы Эштан Катчэр — за ролі ў стужках "Кілеры" і "Дзень святога Валянціна". А за горшую жаночую ролю "Залатымі малінамі" былі адзначаны адразу чатыры актрысы — гераіні "Сэксу ў вялікім горадзе-2" Сара Джэсіка Паркер, Сінція Ніксан, Кім Кэтрал і Крысцін Дэвіс. Вікторыя ЗАХАРАВА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
А фільмам года стала гісторыя пра брытанскага караля-заіку Георга VІ "Кароль гаворыць!" У Галівудзе адбылася 83-я штогадовая цырымонія ўручэння прэміі... |
|