Жыццё паміж землятрусамі і цунамі. 21.by

Жыццё паміж землятрусамі і цунамі

15.03.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Нататкі відавочцы мірнага і адносна бестурботнага існавання Японіі да землятрусу 11 сакавіка 2011 года — самага жорсткага і разбуральнага па наступствах у гісторыі краіны.

Дробныя землятрусы ў Японіі — з'ява хоць і малапрыемная, але звыклая, бо пастаянная, амаль штодзённая. З ёй мы сутыкнуліся літаральна ў першую гадзіну знаходжання ў краіне. Калі раніцай пасля амаль 10-гадзіннага пералёту з Масквы, пасля пагранічных і мытных працэдур у міжнародным такійскім аэрапорце Нарыта мы нарэшце селі ў мікрааўтобус, я хутчэй для падтрымкі размовы спытаў у перакладчыцы: аб чым так заклапочана балбоча па радыё дыктар? Мы пачулі ў адказ: раніцай адбыўся невялікі землятрус у адной прэфектуры. Самым цікавым быў не змест інфармацыі, а тое, якім тонам гэта было сказана, — спакойным, абыякавым і без цені хвалявання. Відаць, здзіўленне адлюстравалася на нашых тварах, бо перакладчыца ўдакладніла: землятрусы ў нас амаль кожны дзень, прызвычаіліся. Галоўнае, каб яны не былі моцнымі. І ў наступныя дні мы чулі аб землятрусах, якія мелі месца, але самі іх не адчувалі. Некаторыя з нас нават жартавалі, што, маўляў, увозім з сабой дадому няпоўныя ўражанні аб краіне. Гэты забыты эпізод прыгадаўся цяпер, калі вялікая бяда прыйшла ў гэтую прыгожую і самую тэхналагічную краіну свету.

Прызнаюся, мне прыемна час ад часу бачыць па тэлевізары тыя мясціны і гарады, якія некалі наведваў, дзе меў рэдкую магчымасць проста так бясклопатна бавіць час у няспешных прагулках. Успаміны ахопліваюць цябе, ты міжволі нібы зноў там. Напрыклад, на галоўнай такійскай гандлёвай вуліцы Гінза, непадалёку ад якой мы жылі амаль тыдзень. Сёння тэлесюжэты з Японіі нібы фрагменты поўнага жахаў фільма-катастрофы. Чамусьці ўспомнілася, як з гонарам японцы паказвалі нам нядаўна ўзведзены на беразе акіяна адзін з лепшых у свеце "Дыснэйлэндаў". І што цікава, ганарыліся яны не самым сучасным тэхнічным і электронным абсталяваннем яго атракцыёнаў і відовішчаў, а тым, што ва ўмовах вялікай дарагоўлі зямлі ў прыгарадах Токіа яны адваявалі частку тэрыторыі пад "Дыснэйлэнд" на беразе акіяна. Інакш кажучы, апрацаваныя і спрасаваныя бытавыя цвёрдыя адходы сталіцы насыпалі ў ваду, пакуль не ўтварылася даволі вялікая пляцоўка пад будаўніцтва забаўляльнага цэнтра. Што цяпер з тым "Дыснэйлэндам"? Ці вытрымаў ён удар цунамі, ці не забраў назад акіян сваю тэрыторыю? Хутчэй за ўсё, так, калі меркаваць па маштабах каласальных разбурэнняў берагавой лініі вострава Хансю.

Хоць акіяну, Зямлі, як здаецца, няма за што помсціць людзям, якія жывуць тут многія стагоддзі. Калі ў нас толькі пачыналі нешта рабіць для захавання экалагічнай раўнавагі, то ў Японіі мы на свае вочы ўбачылі вельмі прадуманае і ашчаднае стаўленне да прыроды. На падтрымку экалагічнай бяспекі, захаванне біяразнастайнасці навакольнага асяроддзя выдаткоўваліся велізарныя сродкі. І не дзіўна — былі ў краіне грошы. Паездка ў Японію нашай дэлегацыі таварыства дружбы "Беларусь-Японія" адбылася ў тыя гады, калі гэта далёкая загадкавая і нават у нечым таямнічая для нашых людзей краіна знаходзілася на піку працвітання і эканамічнай магутнасці. Японія тады была галоўным фінансавым цэнтрам планеты і другой пасля ЗША прамысловай развітай дзяржавай з неверагодным экспартным патэнцыялам. Кітай толькі пачынаў тады "раскручвацца" ў гэтым сэнсе.

  Сёння нельга без болю і смутку глядзець па тэлебачанні на каласальныя разбурэнні горада-цуду Сендая, чуць аб вялікіх ахвярах — сотнях, калі не тысячах яго жыхароў. Кадры, знятыя з верталёта, нагадваюць ландшафты нібы пасля ядзернага налёту. А Сендай —- асаблівы японскі горад. Тут мы ўбачылі ўжо здзейсненыя ідэі і падыходы, якія меркавалася потым укараняць у іншых гарадах. У Сендаі, калі казаць лаканічна, адпрацоўвалася на практыцы мадэль горада будучыні. Тут укараняліся і адпрацоўваліся новыя тэхналогіі і падыходы, каб стварыць камфортнае асяроддзе для жыцця чалавека ў згодзе з прыродай. Прычым мэрыя рашуча стаяла на яе баку. Ну хіба не дзіва, што ў рацэ, якая цячэ праз цэнтр горада, рыбак-аматар пры нас вылавіў фарэль? Гэта рыба, як вядома, жыве толькі ў чыстай вадзе. Вось яшчэ цікавы прыклад. Мэрыя забараніла будаўніцтва на ўскрайку Сендая прадпрыемства, бо яго з'яўленне выклікала б 100-працэнтную пагрозу знікнення пэўных відаў вельмі рэдкіх раслін і насякомых (калі не блытаю, матылёў). А для нас тады гэта здалося смешнай і недарэчнай прычынай.

Сендай быў галоўнай мэтай нашага візіту. Ён — пабрацім Мінска. Абодва гарады рэгулярна абменьваюцца дэлегацыямі грамадскасці. У свой час, калі пасля развалу СССР мы перажывалі значныя цяжкасці з забеспячэннем бальніц і клінік неабходным абсталяваннем і прэпаратамі, мэрыя Сендая аказала нам істотную гуманітарную дапамогу. У прыватнасці, запрасілі да сябе дэлегацыю Мінска, каб на месцы абмеркаваць маштабы і тэрміны паставак дапамогі. Частку яе, дарэчы, сучаснае медыцынскае абсталяванне, атрымаў Мінскі дыягнастычны цэнтр. Потым у Сендаі прайшлі стажыроўку мінскія медыкі. Мінчан заўсёды цёпла сустракалі ў Сендаі, з задавальненнем паказвалі свой прыгожы, светлы і вельмі ўтульны горад, яго славутасці. Нам нават прадставілі магчымасць частку выхаднога дня правесці на гарадскім камфартабельным пляжы, пакупацца ў акіяне — тады прывабным і цёплым. І хто б тады мог падумаць, што яго пяшчотныя хвалі могуць быць такімі бязлітаснымі і смяротнымі?

Сёння на фоне тэлерэпартажаў аб разбурэннях, якія зруйнавалі значную частку краіны, успамінаюцца розныя ўражанні аб яе цікавай, стракатай і каларытнай сталіцы. Жудасны ўдар стыхіі неверагоднай сілы прыйшоўся на японскія астравы менавіта ноччу ў пятніцу. А пятніца — асаблівы дзень для значнай часткі такійцаў, якія працуюць. Па пятніцах яны разнявольваюцца, як нам здалося, па максімуме. Пяць дзён тыдня яны ўпарта працуюць на сябе ці фірму (часцей за ўсё гэта тое ж самае), а вось у пятніцу недзе пасля шасці гадзін вечара вуліцы Токіа ў цэнтры горада запаўняюць натоўпы вясёлых кампаній мужчын пераважна сярэдняга ўзросту. Пінжакі на руцэ, вузлы гальштукаў развязаныя — адным словам, поўны расслабон. Займаюцца яны тым, што вандруюць па рэстаранах, кавярнях і барах. Пасядзяць у адным, кульнуць па чарцы сакэ, пагамоняць і ў наступны бар. І так амаль да глыбокай ночы. Раз'язджаюцца гулякі, у асноўным, на таксі. Мы ніколі ў Токіа не бачылі чэргаў, а вось позна вечарам у пятніцу з-за начных гуляк злавіць таксі было няпроста — чэргі. Думаецца, у гэтую пятніцу вуліцы Токіа не ўбачаць вясёлыя і бесклапотныя кампаніі, бо не той час, каб расслабляцца, — краіна ў небяспецы ў поўным сэнсе гэтага слова.

Сённяшнія ўспаміны аб тагачаснай Японіі стракатыя, як мазаіка. Нас, змучаных тады дэфіцытам спажывецкіх тавараў, які ўсё нарастаў, здзіўляла неверагоднае багацце паліц шматлікіх гандлёвых цэнтраў, магазінаў, дробных крам. Асабліва тых, дзе прадавалася бытавая электроніка. Уражвала гатоўнасць прадаўцоў пракансультаваць, параіць, якую рэч лепш набыць. Нашы інтарэсы тады вагаліся ў вельмі вузкім спажывецкім дыяпазоне: магнітафон, відэамагнітафон ці відэаплэер. Мець тады такога натуральнага "японца" лічылася прэстыжным. Мы, напрыклад, куплялі кожны свайго "японца" невялікай групай — чатыры чалавекі. І якое было наша здзіўленне, калі гаспадар крамы за чатыры набытыя магнітафоны падарыў жанчынам па пары калготак, мужчынам — шкарпэтак, і ўсім яшчэ па невялікай каробачцы цукерак. Мы ўпершыню адчулі на сабе рыначныя падыходы да работы з пакупнікамі ва ўмовах затаварвання складаў. І яшчэ нас здзівіла вялікая колькасць юнакоў і дзяўчат за прылаўкам. Аказваецца, гэта студэнты зарабляюць сабе на адукацыю і жыццё, а не сядзяць на шыі ў бацькоў.

Токіа здаўся нам бяспечнай сталіцай, і мы дазволілі сабе невялікую прыгоду. Пагадзіцеся, ёсць пэўная асалода ў тым, каб даць магчымасць самому сабе трохі заблукаць у шматмільённым незнаёмым горадзе: некалькі гадзін брысці па лабірынтах яго вуліц, збочваць у экзатычныя завулкі, адпачываць на лаве ў скверы ці парку — і зноў наперад. І ўжо потым пасля канчатковай страты арыентацыі ў прасторы пачаць самастойна з дапамогай карты і не вельмі, мякка кажучы, моцнай англійскай мовы шукаць шлях у свой атэль. Вось так і я з таварышам па дэлегацыі надвячоркам, калі завяршыліся ўсе сустрэчы і нам быў прадастаўлены так званы вольны час, рушылі самастойна пешшу даследаваць Токіа. І трэба сказаць — не пашкадавалі. Мы ўбачылі розны Токіа, дакладней, яго кантрасты. І чым далей мы аддаляліся ад цэнтра, тым больш выразнымі яны былі. Так што не хлусілі мэтры савецкай маскоўскай журналістыкі, калі з іх лёгкай рукі пайшоў гуляць штамп: "Нью-Ёрк — горад кантрастаў" і г. д. Уразіла тое, што людзі нават у зусім небагатых кварталах былі ветлівыя з намі, як супрацоўнікі японскага банка з кліентамі.

Нас таксама кранала незвычайная ветлівасць жыхароў Сендая і Токіа. На вуліцах, калі ты зазяваўся, не будуць адчайна сігналіць, крычаць нешта абразлівае, а спакойна чакаць, пакуль ты сыдзеш убок. У атэлі пры кожнай сустрэчы з табой персанал абавязкова, быццам не спяшаючыся, спыняўся і з прыемнай усмешкай рабіў неглыбокі паклон. У час размоў з прадстаўнікамі грамадскасці адчувалася, што іх спачуванні з нагоды чарнобыльскай катастрофы шчырыя, не пратакольныя. Хто-хто, а японцы, якія перажылі атамныя бамбардзіроўкі Хірасімы і Нагасакі, ведаюць, што такое радыяцыйная навала.

Цяпер гэтая пагроза зноў паўстала перад імі пасля таго, як яны зведалі наступствы моцнага дзевяцібальнага землятрусу і выкліканага ім дзесяціметровай хвалі цунамі. Я ўпэўнены ў тым, што ўсім у Беларусі вельмі шкада гэтую працалюбівую, моцную духам і розумам мэтанакіраваную нацыю, якая пасля Другой сусветнай вайны на энтузіязме і інтэлекце здолела на камяністай роднай глебе сваіх астравоў стварыць японскі эканамічны цуд, заняць пазіцыі лідара ў сусветнай эканоміцы. Гаспадарцы краіны нанесены страшэнныя страты — рахунак ідзе на дзясяткі мільярдаў долараў. Але чамусьці верыцца, што Японія з дапамогай сусветнай супольнасці справіцца з новым цяжкім выпрабаваннем.

Леанід Лахманенка

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Нататкі відавочцы мірнага і адносна бестурботнага існавання Японіі да землятрусу 11 сакавіка 2011 года — самага жорсткага і разбуральнага па наступствах у гісторыі...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика