Акіра Фурусава: "Заўсёды былі чуткі пра будучы моцны землятрус у Японіі. Але такога ніхто не чакаў"
16.03.2011 11:22
—
Новости Общества
|
Акіра Фурусава: "Заўсёды былі чуткі пра будучы моцны землятрус у Японіі. Але такога ніхто не чакаў" Пра сітуацыю ў Японіі "Звяздзе" распавёў Акіра Фурусава, старшы выкладчык кафедры ўсходніх моў факультэта міжнародных адносін БДУ.
Акіра Фурусава працуе і жыве ў Беларусі са сваёй сям'ёй. У Японіі ў яго засталіся бацькі, брат і родныя, за якіх ён вельмі перажывае. У кавярні, дзе мы сустрэліся, ён першапачаткова дастаў ноўтбук і падключыўся да скайпа. — Спадар Фурусава, скажыце, як цяпер адчуваюць сябе вашы родныя? — Пра тое, што ў Японіі землятрус, я даведаўся ад сваёй студэнткі пятага курса. Яна даслала мне СМС пра землятрус. Я не здзівіўся, бо для нас гэта звычайная справа. Але яна паведаміла, што ў гэты раз усё вельмі сур'ёзна. Я патэлефанаваў сваёй жонцы, яна ўключыла Еўраньюс і пацвердзіла інфармацыю. Пасля заняткаў я прыбег дахаты і цэлы дзень глядзеў тэлевізар. Жудасныя кадры... Прэфектура, дзе я нарадзіўся, — суседняя з прэфектурай, дзе знаходзіцца горад Сендай. Звычайна ў нас патрэсвае, але асабліва людзі ніколі не пакутавалі. Пры моцных землятрусах маглі валіцца камоды, паліцы і г.д. Людзі атрымліваюць траўмы і нават гінуць з-за гэтага. Часта пры землятрусах бываюць пажары. І ўся небяспека больш ад гэтага. У гэты раз я таксама вельмі турбаваўся наконт гэтага. Не мог датэлефанавацца да бацькоў. І толькі праз дзве гадзіны патэлефанаваў на мабільны мой брат (гарадскія не працавалі). Ён патэлефанаваў, сказаў, што ўсё ў парадку з імі. Усё добра аказалася і з маімі бацькамі. Але мае сваякі і лепшы сябар заставаліся ў Сендаі. Таму пра іх я даведаўся толькі праз суткі. Мая стрыечная сястра адразу пасля землятрусу нарадзіла дзіця. Яна знаходзілася ў самым цэнтры Сендая, калі пачаўся землятрус, а пасля — і цунамі. Цяпер па тэлевізары глядзець немагчыма, што там адбываецца ў горадзе. Гэта быў найбліжэйшы вялікі горад да нас. Я яго памятаў з дзяцінства. Калі мы з бацькамі туды ездзілі, гэта было заўсёды свята. Прыгожы горад. Там вельмі шмат зеляніны, як і ў Мінску, пабрацімам якога ён з'яўляецца. У Мінска і Сендая шмат падабенства... Зараз, праўда, яго не пазнаць... Пацярпелі больш за ўсё раёны, блізкія да мора. Але мае сваякі і сябар жылі на гары, таму, дзякуй Богу, усё абышлося. Першыя дні не было электрычнасці і тэлефоннай сувязі. У Токіа і бліжэйшых прэфектурах на 3-4 гадзіны штодзённа адключаецца электрычнасць, каб эканоміць, транспарт ходзіць вельмі рэдка, няма бензіну... Перыядычна не працуюць прадпрыемствы... — Я чытала ў інтэрнэце, што гэты землятрус прагназаваўся яшчэ ў 1970-х? — Заўсёды былі такія гутаркі. Заўсёды нават жартам казалі, што калі-небудзь будзе такі моцны землятрус, што нам будзе канец. Меркавалі, гэта будзе каля Токіа. Але што настолькі моцны — 9 балаў, ніхто не чакаў... Проста мы вельмі прызвычаіліся да землятрусаў, таму што яны ў нас увесь час. Ніхто не дзівіцца. У мяне жонка беларуска. І калі мы былі ў Японіі і разам з сям'ёй сядзелі ў рэстаране, трохі ўздрыгнуў ліхтар. Яна спалохалася, а мой брат махнуў рукой. Маўляў, падумаеш, два балы. Вось і ўсё. Жудасным быў не сам землятрус, а цунамі. Ніхто не мог і падумаць пра такое. Усё змыла. Па японскіх каналах паказвалі кадры, і яны жудасныя. караблі і хаты выносіліся, як быццам лісце. Па словах жыхароў, гэта была хваля 10-15 метраў вышыні. Хтосьці паспеў забегчы на другі паверх ці на дах, але гэта не дапамагала. Усё адно змыла хваляй. — Што распавядаюць вашы сваякі і знаёмыя? Была паніка, выпадкі марадзёрства? — Вы ведаеце, па тэлевізары я глядзеў, як людзі сябе паводзяць, слухаў расповеды маіх знаёмых. І шмат хто адзначаў, што панікі няма ніякай. Насамрэч у нас проста такі характар. Можа быць, вонкава ўсё спакойна, але што адбываецца ў душы, уявіць складана. Цяпер японцы не тое каб панікуюць — яны не ведаюць, што рабіць. Вось уявіце: нічога няма, хаты няма, ежы няма, грошай таксама. Не проста газы ці электрычнасці, а абсалютна нічога няма. І, вядома, яны не ведаюць, што рабіць... Я сабраў інфармацыю і заўважыў: не толькі замежнікі, але і ўсе японцы дзівяцца таму, што японцы паводзяць сябе вельмі прыстойна. Напрыклад, нават у метро ўсе становяцца ў чаргу і чакаюць. Спакойна стаяць і чакаюць цягнікі. У іншых краінах у такой сітуацыі ўжо пачалася б паніка. Людзі проста кідаліся б, была б цісканіна. Тое ж самае ў супермаркетах. Зараз дзейнічае абмежаванне на колькасць прадуктаў у адны рукі. Напрыклад, толькі два кілаграмы і г.д. У іншых краінах ужо былі б скандалы, чаму нельга больш і да таго падобнае. У нас у каментарыях журналістам і па тэлебачанні людзі кажуць, што так правільна — трэба пакінуць і іншым. Яны імкнуцца менш купляць. Не ўсе такія ідэальныя, вядома, але вельмі шмат. Я таксама дзіўлюся, што ў нас засталася гэтая рыса. Шмат хто думае, што традыцыйная Японія ўжо згублена, згублены традыцыі, дабрыня, падтрымка, ветлівасць і г.д. Але ў такой стрэсавай сітуацыі ярка выяўляецца сапраўдны японскі характар. Я дзіўлюся, і мне прыемна ў нейкім сэнсе бачыць, што сапраўдныя японцы яшчэ засталіся. Японская душа не памерла... — Якая сітуацыя зараз на атамных электрастанцыях? — Ёсць ужо радыеактыўнае рэчыва ў паветры... Як я разумею, цяпер некаторыя стрыжні не ў вадзе зусім, яны не астуджаюцца і плавяцца. Гэта вельмі небяспечная сітуацыя. Такая сітуацыя за гісторыю чалавецтва была ўсяго тры разы. Адзін з іх — Чарнобыль. Вы ведаеце, была такая сцэна па тэлевізары. Адзін чалавек, які атрымаў апраменьванне, даваў інтэрв'ю. І ён плакаў, даволі сталы мужчына, ён плакаў. У нас мужчына наогул не павінен плакаць, як і ўсюды, напэўна. Але ён плакаў, не перажываючы за сябе. Ён плакаў ад таго, што пакутуюць іншыя людзі. Што засталіся ў той небяспечнай зоне людзі ў шпіталі. Іх не магчымма адтуль эвакуіраваць. Сапраўдны японец так і павінен сябе паводзіць. Я думаю, гэта сапраўдная японская душа — думаць пра іншых людзей. Ці яшчэ прыклад. У адным з гарадоў дзяўчына працавала ў аддзеле па надзвычайных сітуацыях мэрыі. Яна ведала, што будзе цунамі. Яна аб'яўляла пра гэта па гучнагаварыцелі. Казала: "Узбірайцеся вышэй, ратуйцеся". Але сама засталася да канца, калі будынак змыла хваляй... Дзякуючы ёй выратавалася вельмі шмат людзей. — Родныя не плануюць прыехаць сюды? — Мне б вельмі хацелася, але ў іх няма пашпартоў. Гэта ў Беларусі пашпарт як пасведчанне. А ў нас не прынята так. Пасведчаннем у нас з'яўляецца вадзіцельскія правы і іншыя дакументы. А пашпарт толькі для паездак за мяжу. І без пашпартоў, вядома, іх нікуды не выпусцяць. Хоць бы так на поўдзень ім пераехаць. Далей ад атамнай станцыі. Але цяпер трэба глядзець, як будзе дзьмуць вецер. Паводле прагнозаў там павінен быць дождж, а як вам вядома, дождж будзе ўтрымліваць радыеактыўныя элементы. Такое было ўжо ў Хірасіме. Пасля выбуху ішоў чорны дождж, але людзі не ведалі, што гэта такое, траплялі пад яго і захворвалі. Цяпер у прэфектуры Фукусіма, дзе знаходзіцца АЭС, забаронена выходзіць з дому наогул. Мае бацькі жывуць, я паглядзеў, ад станцыі за 130 км. Таму мне, па шчырасці, цяпер страшна. Я думаў, 130 км — гэта далёка, гэта суседняя прэфектура, таму не так страшна. Але, аказваецца, не так і далёка. Вельмі складаны цяпер душэўны стан... Напрыклад, будзе вецер у іншы бок дзьмуць, тады мае бацькі не будуць пакутаваць, аднак пацерпяць іншыя людзі. У гэтым нічога добрага няма. Самы добры варыянт, калі вецер падзьме ў бок Ціхага акіяна. Вядома, гэта ўсё роўна будзе небяспечна для акіяну, але з мінімальнай рызыкай для людзей. — Чым цяпер можна дапамагчы Японіі? — Да мяне шмат людзей звяртаюцца з пытаннямі, як адправіць туды матэрыяльную дапамогу. Але пакуль няма магчымасці нават проста прыняць дапамогу, лепш нічога не рабіць. Калі будзе афіцыйны разліковы рахунак, то лепш праз яго перавесці грошы. Таму што ўжо з’явіліся падманкі, на жаль нават у Японіі адкрыліся сайты з падманнымі нумарамі рахункаў. Я думаю, любая дапамога патрэбна, але лепш, каб было ўсё арганізавана. Думаю, які-небудзь шанц будзе ў самы бліжэйшы час. Проста ў Японію на які-небудзь адрас высылаць дапамогу не варта. . Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пра сітуацыю ў Японіі "Звяздзе" распавёў Акіра Фурусава, старшы выкладчык кафедры ўсходніх моў факультэта міжнародных адносін БДУ. Акіра Фурусава працуе і жыве ў... |
|