Па падазрэнні ў здзяйсненні тэракта затрымана пяць чалавек, у тым ліку і выканаўца
15.04.2011
—
Новости Общества
|
Пра гэта на вялікай прэс-канферэнцыі заявіў учора намеснік генеральнага пракурора Беларусі, начальнік следчага ўпраўлення Андрэй ШВЕД: — Па падазрэнні ў здзяйсненні выбуху намі затрымана пяць чалавек, двое з іх — непасрэдны выканаўца і асоба, якая яму садзейнічала, — узятыя пад варту. Характар злачынства і яго маштаб патрабуюць яшчэ вялікіх следча-працэсуальных дзеянняў. Паводле слоў Андрэя Шведа, падчас агляду было сабрана больш за тысячу рэчавых доказаў, праца з якімі вядзецца і сёння. З кожным пацярпелым будзе праведзеная следчая работа, каб зафіксаваць усе паказанні сведак. Пэўная частка людзей ужо апытаная. Як паведаміў намеснік генпракурора, ужо выяўлена месца, дзе вырабляліся выбуховыя рэчывы і бомба, якую тэрарыст прывёз на станцыю метро "Кастрычніцкая". На месцы вырабу бомбы выяўленыя доказы — фрагменты і дэталі, якія ў сукупнасці ўказваюць на тое, калі, з якіх матэрыялаў і якім чынам было выраблена выбуховае прыстасаванне. Дакладна вядома, што спосаб выбуху быў радыёкіруемым. Як знайшлі выканаўцу тэракта? — З першых хвілін была праведзеная вялізная аналітычная праца з усімі відэавыявамі ўсіх камер мінскага метрапалітэна, а таксама камер вонкавага назірання на вуліцах горада, — гаворыць Андрэй Швед. — Былі задзейнічаны сілы КДБ і МУС. У хуткім часе, у ноч з 11 на 12 красавіка, з вялікай доляй верагоднасці (сёння следства ўжо пераканалася ў гэтым) была атрымана відэавыява злачынцы. Яе мы атрымалі дзякуючы камеры, якая зафіксавала момант, калі мужчына пакідаў месца злачынства. Аналіз гэтага і іншых відэаматэрыялаў дазволіў следству вызначыць станцыю, на якой злачынца зайшоў у метро. У ходзе аператыўна-вышукавых мерапрыемстваў былі вызначаны яго асоба і месцажыхарства. Злачынцу і яшчэ некалькіх чалавек затрымалі. Усе яны — грамадзяне Рэспублікі Беларусь, не судзімыя раней, узрост — да 30-ці гадоў. Намеснік генпракурора адзначыў, што праца па раскрыцці злачынства вялася і вядзецца кругласутачна і каардынуецца адпаведным штабам, створаным у КДБ. Падчас прэс-канферэнцыі журналістам былі прадэманстраваныя здымкі з камер відэаназірання, на якіх зафіксаваны сам злачынца і яго перамяшчэнне на станцыях метро. У вядзенні следства беларусам дапамаглі калегі з Расіі Паводле слоў Андрэя Шведа, з першых гадзін пасля трагедыі ў Генеральную пракуратуру паступіла некалькі тысяч паведамленняў: — Кожную інфармацыю і кожны званок мы правяраем. З гэтай мэтай у нас сканцэнтраваныя пэўныя сілы і сродкі. Пэўны аб'ём атрыманай такім чынам інфармацыі аказаў садзейнічанне ў раскрыцці злачынства. Акрамя таго, як дадаў Андрэй Іванавіч, літаральна адразу на дапамогу беларускім спецыялістам прыбылі супрацоўнікі Следчага камітэта Расіі, а таксама спецыялісты-выбухатэхнікі ФСБ Расіі, якія працавалі на месцы здарэння з пацярпелым электрацягніком і якія працуюць над аналізам рэчавых доказаў сумесна з беларусамі і сёння. З чаго была вырабленая бомба? Падчас працы на месцы трагедыі асаблівая ўвага надавалася агляду пацярпелага электрацягніка. Ажыццяўляўся збор доказаў. Як гавораць эксперты, усё было зроблена для таго, каб мець яскравае ўяўленне пра характарыстыкі выбуховага ўстройства. — Папярэдняе следства характарызуецца яскравасцю і зразумеласцю, — адзначае намеснік начальніка следчага ўпраўлення Генеральнай пракуратуры Максім Варонін. — Неабходныя ўзоры ўзяты і прызначаны адпаведныя экспертызы. Дастаткова і аргументаваных меркаванняў, аднак у інтарэсах следства я не буду іх агучваць. Як дадаў Андрэй Швед, сёння дакладна вядома, што бомба была вырабленая не ў Мінску. Адносна яе начынкі ён сказаў наступнае: — Бясспрэчна, паражаючыя элементы ў бомбе былі. Вельмі шмат іх выяўлена на месцы злачынства, таксама яны былі адабраныя з целаў загінулых і пацярпелых. Паражаючыя элементы былі некалькіх відаў, якіх — у інтарэсах следства не агучваецца. Што датычыць ролі затрыманых (хто выступіў заказчыкам, а хто выканаўцам), то ў інтарэсах следства гэтую інфармацыю не каментуюць. Аднак, як падкрэсліў Андрэй Швед, у следства дастаткова доказаў таго, што выканаўца тэракта 11 красавіка — гэта адзін з пяці затрыманых асоб, і менавіта гэтая асоба вырабіла выбуховае прыстасаванне, выяўленае трэцяга ліпеня 2008 года. Паводле слоў Шведа, матывы злачынцаў яшчэ будуць высветленыя. Як толькі матыў будзе замацаваны доказамі, інфармацыю пракаментуюць. Ілья ЛАПАТО. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пра гэта на вялікай прэс-канферэнцыі заявіў учора намеснік генеральнага пракурора Беларусі, начальнік следчага ўпраўлення Андрэй ШВЕД: — Па падазрэнні ў... |
|