Перадвелікодны тыдзень. 21.by

Перадвелікодны тыдзень

19.04.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Апошнія шэсць дзён перад Вялікаднем былі пазначаны статусам асаблівай павагі да космасу свайго жытла і працы. Кожны з іх набліжаў чалавека да канчатковай перамогі Дня над Ноччу, а ў хрысціянскай традыцыі — Жыцця над Смерцю. Таму сустрэчы такой незвычайнай падзеі папярэднічала карпатлівае абнаўленне ўсяго наваколля. Першыя дні тыдня былі прысвечаны навядзенню парадку — спачатку на двары (у садзе, агародзе, хляве), а затым ужо ў хаце — у цэнтры сялянскага сусвету. Таму гэтыя дні называлі "чыстыя": Чысты панядзелак, Чысты аўторак.

   У Чысты панядзелак пачыналі наводзіць парадак у двары, каля гумна, хлява, адусюль выграбалі мінулагодняе смецце. Абавязкова прыбіраліся ў садзе, спальвалі або закопвалі старое лісце і сухое галлё. Менавіта ў гэты дзень бялілі хату і ўсе дваравыя пабудовы. Наводзілі парадак і ў хляве: чысцілі хатнюю жывёлу, выкідвалі гной. А яшчэ таму, хто хацеў мець поспех улетку ў адшукванні птушыных гнёздаў, раілі: "У Чысты панядзелак — не есці і не піць увесь дзень".

   У аўторак пачыналі наводзіць парадак у хаце. Усё хатняе начынне выносілі з хаты, перасушвалі, выбівалі пыл, вымывалі вокны, вымяталі з усіх закуткоў смецце, бялілі печ, абавязкова пралі.

   Серада на перадвелікодным тыдні атрымала назву <І>Дравяная страсць, таму што ў гэты дзень трэба было вымыць усе драўлянае: выскрабалі сталы, лавы. Абавязкова чысцілі або выскрабалі нажом дзяжу і хлебную лапату.

   Праз два-тры дні ў хлебнай дзяжы будуць ставіць цеста для "святога" хлеба — пасхі.

   Хрысціянскія кніжнікі сцвярджаюць, што традыцыя сустракаць Вялікдзень-Пасху спецыяльна прыгатаваным для гэтага хлебам мае больш раннія, яшчэ старазапаветныя вытокі, якія сягаюць у часы іўдзейскага рабства ў Егіпце. Штогод іўдзеі адзначалі свята пачатку вясны, якое называлася "песах", або "свята апраснакоў", г. зн. "прэснага хлеба мацот" Паданне часоў Старога Запавету сведчыць пра тое, што, зыходзячы з егіпецкага палону, іўдзеі не паспелі як след заквасіць хлеб, таму прыхапілі з сабой прэснае (без дражджэй) цеста. У паходных умовах яны змаглі прыгатаваць толькі самыя простыя ляпёшкі. З таго часу, сустракаючы Пасху, іўдзеі моляцца Богу ў знак прызнання і ўдзячнасці і абавязкова прычашчаюцца рытуальным хлебам. Ісус Хрыстос, як сын іўдзейскага народа, не парушыў гэтую традыцыю ў час апошняй Тайнай Вячэры, а толькі напоўніў яе новым зместам. Ён пераламаў хлеб-апраснак (славяне ламалі хлеб толькі на могілках) і сказаў, што гэта яго цела, якое ён прыносіць у ахвяру за чалавечыя грахі. Пасля гэтага ў хрысціянскай царкве быў уведзены хрысціянскі абрад еўхарыстыі — прычашчэння, аднак замест "мацы" сталі выкарыстоўваць "пасху", артос (грэч. — хлеб) і прасфору ("просвірку"). У каталіцкай традыцыі апраснакі захаваліся да нашага часу, іх называюць "аплаткі". А вось ў асяроддзі праваслаўных вернікаў адбыўся сінтэз дзвюх традыцый.

   У адрозненні ад старажытнай іўдзейскай (падарожнай) традыцыі — выпякаць не квасны хлеб, беларусы не адышлі ад сваёй спрадвечнай традыцыі гатаваць святочны хлеб, бачачы ў ім перш за ўсё не толькі любімы пачастунак, але і самы выразны сімвал будучага дабрабыту. Таму цеста вымешвалі асабліва старанна, дабаўляючы ў яго даволі багата яек і масла. Каб дрожджы добра "выхадзіліся", а хлеб быў не ацеслівы, а пышны, лёгкі, цеста некалькі раз асаджвалі. Пры гэтым усе дзеянні з цестам трэба было рабіць у поўнай цішыні. Калі цеста "паспела", яго раскладвалі па спецыяльна прыгатаваных формах, а зверху ўпрыгожвалі хрысціянскай і дахрысціянскай сімволікай: апаясвалі касой, рабілі крыжык, з абодвух бакоў якога мацавалі дзве літары з таго ж цеста ? "Х" і "В".

   А яшчэ ў гэтую сераду трэба было абліваць хатніх жывёл снегавой вадой, каб яны былі здаровымі і не "баяліся" дрэннага вока.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Апошнія шэсць дзён перад Вялікаднем былі пазначаны статусам асаблівай павагі да космасу свайго жытла і працы. Кожны з іх набліжаў чалавека да канчатковай перамогі...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика