Альтэрнатыва ў мініяцюры. 21.by

Альтэрнатыва ў мініяцюры

21.04.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Праз чвэрць стагоддзя пасля Чарнобыля дыскусія пра ўзнаўляльныя крыніцы энергіі набывае асаблівую актуальнасць

Сонечная ўстаноўка — на даху, ветрачок — на палетку, мікраГЭС — на сажалцы. Сапраўдны эколага-энергетычны рай. У мініяцюры. Па прамысловых мерках тутэйшыя магутнасці цацачныя. Аднак місія ў іх сур'ёзная. Наглядны ўзор таго, што альтэрнатыўная энергетыка можа працаваць і ў Беларусі, прычым працаваць эфектыўна. Уласныя патрэбы тэхнапарк "Волма" цалкам забяспечвае за кошт узнаўляльных крыніц. Адной кацельні на драўніне, скажам, хапае, каб ацяпліць усе тутэйшыя будынкі. Першапачаткова месца ў Дзяржынскім раёне задумвалася выключна як дэманстрацыйная пляцоўка для студэнтаў МДЭУ імя Сахарава. Цяпер гэта прастора для інавацый, правядзення эксперыментаў і адпрацоўкі новых тэхналогій. Тут удзельнікі Міжнароднай партнёрскай канферэнцыі "25 гадоў пасля Чарнобыля" абмяркоўваюць альтэрнатыву традыцыйнай энергетыцы.

Дыскусію вядуць не толькі беларускія і ўкраінскія спецыялісты, ураджэнцы краін, якія пацярпелі ад жудаснай ядзернай аварыі. Сваім досведам дзеляцца госці з Германіі — прадстаўнікі няўрадавых арганізацый, удзельнікі ініцыятыў экалагічнага, энергетычнага кірунку, якія пачалі ажыццяўляць у Беларусі менавіта пасля аварыі на ЧАЭС. І калі для Беларусі шырокае выкарыстанне ўзнаўляльных крыніц энергіі — пакуль толькі будучыня (запланавана павялічыць удзельную вагу мясцовых рэсурсаў: каб не менш за 28 адсоткаў да 2015 года), то ў Германіі гэта ўжо сучаснасць. І найлепшае таму пацвярджэнне — нябачаная дасюль падтрымка партыі "Зялёных" на зямельных выбарах.

Юрген Шэнк — адзін з васьмі нямецкіх спецыялістаў, якія аказваюць кансультацыйную падтрымку беларускім калегам у галіне УКЭ, — вітае прыняцце ў краіне базавага закона для галіны.

— Тое, што закон аб узнаўляльных крыніцах энергіі існуе — ужо вялікі поспех, — зазначае кансультант Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Беларусі.

Улетку дакумент пачне дзейнічаць: з'явіцца прававая аснова для альтэрнатыўнай энергетыкі ў Беларусі. Аднак апроч юрыдычнага афармлення, важны і чыста прагматычны аспект — тарыфы. "Наконт гэтага яшчэ ідуць дыскусіі", — заўважае спадар Шэнк. Пытанне ж прынцыповае. Возьмем, напрыклад, энергію паветраных мас. Самай ветранай у свеце Беларусь не назавеш. "Тут хуткасць ветру знаходзіцца на гранічна нізкім парогу, калі яшчэ можна выкарыстоўваць такія ўстаноўкі", — заўважае нямецкі эксперт. — "Таму такія важныя тарыфы: колькі будзе каштаваць кВт/гадзіна і ці будзе ў гэтым эканамічная выгада".

Нашы суседзі ўкраінцы, напрыклад, абяцаюць вытворцам чыстай энергіі 11 еўрацэнтаў за кВт. Такія лічбы прывёў старшыня праўлення альянсу "Новая энергія Украіны" Валерый БАРАВІК. Ён падзяліўся з удзельнікамі сустрэчы досведам функцыянавання закона аб "зялёным тарыфе" ў яго краіне і перспектывамі тамтэйшай ветраэнергетыкі. Для параўнання, наяўная практыка ў Беларусі, паводле слоў спадара Шэнка, прапануе 15 еўрацэнтаў за кВт. Нямецкі эксперт бачыць хібы ў прапанаванай сістэме тарыфікацыі:

— Там тарыфы на атрыманую з узнаўляльных крыніц энергію звязаныя з тарыфамі на тую, што вырабляюць іншыя крыніцы. Прадугледжаны каэфіцыент 1,3 — на 10 гадоў, а пасля яшчэ на 10 — 0,85. Цяпер міністэрства атрымала ўказанне яшчэ раз пералічыць, каб можна было паасобку ацаніць гэтыя крыніцы...

Першы ветрапарк неўзабаве з'явіцца ў Беларусі. Дарэчы, непадалёк ад Волмы, таксама ў Дзяржынскім раёне (дзе знаходзіцца, між іншым, самы высокі пункт краіны). З'яўленне тут ветраўстановак агульнай магутнасцю 160 мВт абыдзецца інвестару — нямецкай кампаніі Еnеrtrаg — у 360 млн еўра. Да канца наступнага года плануюць увядзенне 80 мВт. Другая ж частка праекта разлічаная да 2014 года. А вось прыстасаванне для маніторынгу хуткасці ветру на вышыні мае быць усталяванае ў самы блізкі час. Ранейшыя замеры не надта актуальныя. Яны рабіліся гадоў 20—30 таму і літаральна на вышыні слупоў.

— Сучасныя ўстаноўкі робяцца на вышыні больш за 100 м, — расказвае Сяргей ПАЗНЯК, прарэктар па навуковай рабоце МДЭУ імя Сахарава, — там большая хуткасць ветру і ён адносна пастаянны. Таму патрэбны вымярэнні на гэтай вышыні.

На які паказчык разлічваюць? "Інвестары спадзяюцца на 6,5 м/с", — кажа Юрген Шэнк. У той час як "аптымальным было б 7—8, нават 9 м/с". Таму, зноў жа, на першы план выходзяць тарыфы. Ад іх, па сутнасці, залежыць будучыня альтэрнатыўнай энергетыкі ў Беларусі. З узгадненнямі праблем быць не павінна.

У Германіі ж маніторынг напярэдадні ўзвядзення ветрапаркаў, паводле слоў нямецкага эксперта, нашмат больш складаны. І там існуюць больш жорсткія патрабаванні. Павінен быць складзены тэрытарыяльны план выкарыстання энергіі ветру. Напрыклад, вятрак не можа быць усталяваны бліжэй за кіламетр ад зялёнай зоны. Неабходна таксама правесці дасканалы экалагічны маніторынг, нават улічыць міграцыю птушак, не забыцца на кажаноў, якія, паводле выразу нямецкага спецыяліста, "з'яўляюцца самымі вялікімі праціўнікамі ветраўстановак". А ў Германіі ёсць нават спецыяльныя законы, якія абараняюць кажаноў.

Апроч ветраэнергетыкі, абмяркоўваліся таксама магчымасці выкарыстання біямасы і біягазу як самых перспектыўных для Беларусі крыніц. Чаму не? Лясы займаюць больш за траціну тэрыторыі краіны. Калгасаў, фермаў ды іншых гаспадарак у нас таксама шмат. І некаторыя сельгаскомплексы ўжо з поспехам ператвараюць памёт у энергію.

А яшчэ ў нас, памятаеце, спрэс асушалі балоты. Так што цяпер галаву ламаюць, што з імі рабіць. Яшчэ адзін цікавы праект напагатове. Яго ўвасобяць сумесна з нямецкім фондам Міхаэля Зукава і Акадэміяй навук Беларусі. Скіраваны ён на захаванне балот і выкарыстанне раслін для атрымання энергіі. Алег СІВАГРАКАЎ, дырэктар НДІ экалагічных праблем МДЭУ імя Сахарава, акрэсліў ключавыя арыенціры: знізіць вылучэнне парніковых газаў, аднавіць біялагічную разнастайнасць, эфектыўна выкарыстоўваць біямасу для атрымання энергіі. А за адным махам — і сельскім тэрыторыям дапамога. Патэнцыйная плошча затаплення выпрацаваных тарфянікаў — каля 125 тыс. га. Гэта абяцае штогадовую вытворчасць каля мільёна тон сухой біямасы, што, паводле слоў спадара Сівагракава, эквівалентна 15—18 млн еўра. Дзе будзе рэалізаваны праект? Пакуль абраныя тры пілотныя пляцоўкі на Гродзеншчыне і Брэстчыне.

— Перспектывы ўзнаўляльных крыніц энергіі — велізарныя, — рэзюмуе Сяргей Пазняк.

І іх развіццё ў Беларусі, на яго думку, немагчымае без шчыльнага супрацоўніцтва з замежнымі партнёрамі. Бо Еўропа ў гэтым кірунку зрабіла крок далёка наперад. Ён перакананы, што неабходна развіваць комплексныя энергетычныя сістэмы. У свеце на ўсю моц будуюць гібрыдныя электрастанцыі, якія спалучаюць адразу некалькі ўзнаўляльных крыніц. Асаблівую ж увагу варта звярнуць на біягаз. З нашай развітай сельскай гаспадаркай гэта вельмі да месца. А шляхоў развіцця шмат. Самы цікавы, відаць, той, пры якім выкарыстоўваецца высокая ступень ачысткі біягазу і магчымае яго дабаўленне да прыроднага газу. Вось дзе была б сапраўдная эканомія!

Не, узнаўляльныя крыніцы пакуль не сталі паўнавартаснай заменай традыцыйнай энергетыцы. Але ж гэта альтэрнатыва. Няхай і ў мініяцюры.

Ала МАЧАЛАВА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Праз чвэрць стагоддзя пасля Чарнобыля дыскусія пра ўзнаўляльныя крыніцы энергіі набывае асаблівую актуальнасць Сонечная ўстаноўка — на даху, ветрачок — на...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика