Пошук пачынаецца з надзеі
22.04.2011
—
Новости Общества
|
Амаль два гады на агульнанацыянальным тэлебачанні выходзіць перадача “Чакай мяне”. Цяпер тым, хто шукае па свеце родных ці сяброў, не трэба ехаць у Маскву — звязацца з Астанкінскай тэлестудыяй дапамагае тэлемост. Такія сувязі, дарэчы, наладжаны таксама з тэлестудыямі ва Украіне, Малдове і Казахстане. Час ад часу ў прамым эфіры ў вядучых праграмы пры дапамозе спадарожнікавай сувязі ёсць кантакт з калегамі з Кітая, Бразіліі, Аргенціны… І ўсё дзеля таго, каб дапамагчы знайсці адзін аднаго людзям, якіх калісьці разлучыў лёс.
Мінчанка Наталля Салаўёва была ў студыі пад час першага тэлемаста з Парыжам. Тады яна расказвала пра родных у Францыі — бабуліну сястру Валянціну Крапіўніцкую, з якой у яе былі вельмі блізкія адносіны ў дзяцінстве, і яе мужа Оскара Рабіна. Абодва яны — вядомыя мастакі. А нядаўна з навінаў Наталля Генадзьеўна даведалася пра выставу Оскара Рабіна ў Маскве. Вельмі захацелася сустрэцца з роднымі. Жанчына звярнулася па дапамогу ў перадачу “Чакай мяне”. На званок з праграмы Оскар адрэагаваў цёпла. Казаў, будзе рады сустрэчы з сям'ёй жонкі, якой, на жаль, не так даўно не стала… А колькі такіх сустрэч было ў студыі! Кожны тыдзень пра гісторыі растанняў расказваюць гледачам вядучыя Дзмітрый Пусцільнік і Юлія Кадушкевіч. Часцей за ўсё шукаюць родных, сяброў. Сёння, праз паўстагоддзя пасля Вялікай Айчыннай вайны, яшчэ шмат хто хоча даведацца, што стала з бацькам ці братам, які значыцца як “згінуўшы без вестак”. І вось у адной з апошніх перадач паказвалі кранальную гісторыю сустрэчы. Пад час вайны пад Сталінградам знік без вестак лейтэнант Васіль Тарасенка. Аказалася, ён трапіў у нямецкі палон. Пасля вайны вызвалілі яго саюзнікі, і ён апынуўся ў Англіі. Там савецкі афіцэр ажаніўся, стварыў сям’ю, але ўсё жыццё сумаваў па сваіх родных, не ведаў, дзе яны і што з імі здарылася. Знайшла яго сястра. Васілю Тарасенку ўжо 87 гадоў, і адзначыць Дзень Перамогі сёлета ён збіраецца ў Мінску. “Лік знойдзеных шмат большы за лік тых сустрэч, якія мы паказваем у эфіры, — расказвае шэф-рэдактар перадачы “Чакай мяне. Беларусь” Вікторыя Байбурына. — Пошук жа вядзецца па ўсіх заяўках, што паступаюць да нас на сайт, па пошце ці па тэлефоне. Прычым, працуем з усімі лістамі, наколькі б мінімальная інфармацыя ў іх ні значылася”. Часам людзі пытаюцца, як доўга будзе весціся пошук. Вікторыя Байбурына адказвае, што некаму шанцуе: ужо праз тыдзень ці месяц пасля падачы заяўкі прыходзяць звесткі. Некаторыя ж чакаюць па некалькі год. Галоўнае тут — не губляць надзеі: нават калі на працягу года ці двух няма ніякіх паведамленняў, гэта не азначае, што пошук спыніўся. “Якраз адноснасць часу пацвярджае адна гісторыя, — працягвае Вікторыя Байбурына. — У 1941-м годзе ва Украіне немцы ўзарвалі эшалон з пісьмамі. Лісты адправілі ў Германію, і ў выніку яны надоўга засталіся ў запасніках музея ў Аўстрыі. І толькі сёлета нарэшце вярнуліся ў музей Вялікай Айчыннай вайны ва Украіне. Супрацоўнікі музея вырашылі знайсці адрасатаў. Дзевятнаццаць лістоў трапілі ў Беларусь. Уяўляеце, як успрынялі іх людзі праз семдзесят гадоў! Некаторыя трымалі ў руках лісты і не разумелі, што гэта менавіта іх дзядзька, прадзед або брат пісалі з поля бою”. Кацярына Мядзведская Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Амаль два гады на агульнанацыянальным тэлебачанні выходзіць перадача “Чакай мяне”. Цяпер тым, хто шукае па свеце родных ці сяброў, не трэба ехаць у Маскву —...
|
|