Ніхто не ведае праўды
23.04.2011
—
Новости Общества
|
Кіраўніцтва адміністрацыі Маскоўскага раёна Брэста правяло шырокую нараду, прысвечаную пытанням барацьбы з п'янствам і алкагалізмам. У выніку грунтоўнай дыскусіі было прынята рашэнне зрабіць названы раён пляцоўкай для ўсіх магчымых эксперыментаў у барацьбе з гэтым злым ворагам роду чалавечага. Аб'яўлена яшчэ адна вайна без канца і перамогі? Але ж і без вайны не выпадае. У адным толькі раёне абласнога цэнтра зарэгістравана 3000 алкаголікаў і 335 наркаманаў. Гэта ўзятыя на ўлік адпаведнымі медустановамі асобы. А колькі яшчэ алкаголікаў і наркаманаў, так бы мовіць, у вольным плаванні, дакладна не ведае ніхто. І з гэтым трэба нешта рабіць. Бо праблема п'янства праступае не толькі прачытанай у справаздачах статыстыкай, пачутымі на нарадах лічбамі. Яна маячыць перад вачыма кожны дзень — алкаголікі, якіх міжволі сустракаеш шторанак каля пад'ездаў. І такі кантынгент, на жаль, ёсць ледзь не ў кожным пад'ездзе шматпавярховага дома. Мужчыны працаздольнага ўзросту з самай раніцы заклапочаны толькі адным — дзе і як выпіць. Гэтым ужо наўрад ці дапаможаш. Больш хвалюе іншае. Сын нядаўна выпісаўся з бальніцы. Расказваў, што ўсе яго таварышы па палаце — хлопчыкі 14-15 гадоў — хваліліся тым, што яны кураць і ўжываюць спіртное. І няхай гэта толькі падлеткава-юначая бравада, але зразумела, адкуль яна ідзе: у свядомасці іх трывала закладзена, што прыкмета даросласці — уменне выпіць. Так яны часта і робяць, каб сцвердзіць сваю даросласць. Аб гэтым сведчыць статыстыка нарколагаў. А вось як выхаваць моладзь правільна, дакладных рэцэптаў няма. Бо адпаведныя кампаніі па барацьбе аб'яўляюцца рэгулярна, вынікамі пахваліцца не выпадае. Перажылі мы розныя "сухія" законы, таварыствы цвярозасці з "безалкагольнымі" камсамольскімі вяселлямі. Не дапамагло. На забарону адказвалі ўжываннем сурагатаў, увішныя камсамольцы часцей на так званых "безалкагольных вяселлях" гарэлку маскіравалі пад морс і падавалі ў збанках. Несумненна, мае права на існаванне тэорыя, што ўсе алкагольныя беды маюць эканамічны пачатак. Дайце людзям добрую працу з прыстойнай зарплатай — і жаданне піць пройдзе само па сабе. Але і тут не ўсё гладка. Не скажаш, што ў вялікіх гарадах ды і аграгарадках зусім нельга знайсці працу. Але кругом ёсць п'яніцы, якія з раніцы пачынаюць завіхацца каля гарадскіх і вясковых гандлёвых кропак. А ў тых самых кропках удосталь таннага "чарніла", якім і радуюць душу нашы суайчыннікі, што "ахвяравалі" сябе на алкагольную дэградацыю. На ўсіх узроўнях гаварылася, што пара спыніць вытворчасць гэтага напою, але ніхто не адважваецца на тое. Бо са сваёй галоўнай задачай пладова-ягаднае віно спраўляецца — спраўна папаўняе бюджэт. Колькі грошай яно забірае з бюджэту ў выглядзе разнастайных формаў ліквідацыі наступстваў п'янства і алкагалізму, ніхто дакладна не ведае. Маецца на ўвазе і лячэнне ахвяр п'яных злачынстваў, лячэнне і ўтрыманне дзяцей, што засталіся без бацькоўскай апекі, падтрымка маламаёмных сем’яў, якімі яны сталі ў выніку п'янства аднаго з бацькоў, і многае іншае. Гэта наогул вельмі складана палічыць. Паступленні ж у бюджэт ад продажу рэальныя, іх палічыць проста. Тым больш што традыцыя мае больш за 500-гадовую гісторыю. Нядаўна давялося чытаць, што на Русі дзяржаўная алкагольная манаполія ўведзена пры Іване Грозным. Цікава, што тады замежнымі пасланнікамі ўпершыню зафіксавана такая з'ява, як рускі мат. Тады ж Расія ўпершыню ў сваёй гісторыі распачала захопніцкую Лівонскую вайну (1558-1583 гады). З дапамогай чаркі і "нейкай мацеры" рабілі царовы ваяры найгоршыя справы. І да гэтай пары нашы міліцыянеры канстатуюць, што большасць злачынстваў, асабліва бессэнсоўных і бязлітасных, здзяйсняецца ў стане алкагольнага ап'янення. Навукоўцы працягваюць пужаць лічбамі. Бо калі не задумваешся, не супастаўляеш, то і не здаецца так страшна, што мы ўжо даўно перасягнулі запаветныя восем літраў у год на душу насельніцтва — мяжу, пасля якой навісае рэальная пагроза здароўю нацыі. Лічбы з кожным годам паступова растуць, а як зрабіць іх меншымі, пакуль што няма адказу. З самых лепшых памкненняў праводзілі ў розных раёнах і абласцях апошнім часам дні цвярозасці, уводзілі абмежаванне на продаж па часе, накладвалі табу на распіванне піва на вуліцы. Але ж... Нельга назваць новай і такую меру, якую прапанаваў на нарадзе ў Маскоўскім раёне адзін з яе ўдзельнікаў: не звальняць выпівоху з працы, а браць на перавыхаванне брыгадай, іншым вытворчым падраздзяленнем з матэрыяльнай адказнасцю — напрыклад, пазбаўляць прэміі ўсю брыгаду ў выпадку паўторнага п'янства парушальніка дысцыпліны. У цяперашніх умовах наўрад ці гэта магчыма. Каму захочацца рызыкаваць сваім матэрыяльным дастаткам з-за некага іншага, няхай і твайго калегі? Часы ўжо не савецкія, і мы — не савецкія людзі. А што ж рабіць? Вось тут і ўзгадваюцца словы Антона Чэхава: "Ніхто не ведае сапраўднай праўды". Але праўду ўсё ж патрэбна шукаць. Некаторыя краіны стварылі дзяржаўныя агенцтвы па вырашэнні алкагольных праблем, спецыялісты і актывісты якіх рэгулярна выступаюць з новымі ідэямі па азначанай тэме. Вось і наш Маскоўскі раён Брэста аб'явіў сябе эксперыментальнай пляцоўкай такіх ідэй. А раптам што атрымаецца? Святлана ЯСКЕВІЧ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Кіраўніцтва адміністрацыі Маскоўскага раёна Брэста правяло шырокую нараду, прысвечаную пытанням барацьбы з п'янствам і алкагалізмам. У выніку грунтоўнай...
|
|